Адважная паненка Стыхія
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Ці варта сёньня быць поэтай

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Буду слухаць песьні Асінстрою,
Захаплюся музыкай турбін.
П. Трус.


III

СТЫХІЯ

Крышыла лёд,
Крышыла скалы
Аб нос бэтоннага быка…
Выбацкіх будак прычандалы
Сярдзіта зносіла рака.

Эй, хто там,
Хто там несьвядома
Надынаміціў дзікі стогн?!
Не зараджай стыхію громам, —
Стыхія мае свой закон!

Ярчэй ад сонечнае гуты,
І халадней ад чорных пліт
Яе закон усемагутны, —
Яна і гром,
І дынаміт.

На шчэпкі скрышыць у хвіліну
Стыхія моцныя масты,
Як грудзі тысячы ардынаў
Крышталік шкла між пустаты.

Яе хада — палёт комэты
Па сінім мошасьце зарніц, —
Як сэрца гордае поэты
Яе няможна падкупіць…
...........
А я стаю на чорнай купе
З пагардай стомленых павек…
— Хоць ты, як шчырасьць, не падкупна,
А ўсё-ж я цар, —
Я чалавек.

Ні я, —
Дык нашчадкі згадаюць
Як пакарыць ліхі уздым.
Цябе, як мошку, закілзаюць
Магутным розумам сваім.

Цябе,
Вялікая стыхія,
Прымусім розуму служыць…
Ты
Будзеш „мускул індустрыі“, —
А я твой гром
І дынаміт…

Для нас не замкнуты прасторы, —
Мы выдзем з Марсам гаварыць…
У песьню праўды ператворым
Твой недасяжна-горды рытм.

Пад мерны стук,
Пад мерны грохат
Мы пойдзем з песьняй на чале…
Ты — сіла нашае эпохі, —
А я твой цар, —
Я чалавек.

1929 г.