Ветразі (1929)/III/Ці варта сёньня быць поэтай

Стыхія Ці варта сёньня быць поэтай
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Пад заходняй зарой

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІ ВАРТА СЁНЬНЯ БЫЦЬ ПОЭТАЙ?

Я усхвалёваны чагосьці,
Чамусьці сэрца гэтак ные?
Ці па далёкай маладосьці?
Ці над памылкамі сваімі?
Жыцьцё вакол цячэ з імпэтам, —
Жыцьцё ня можа плыць іначай,
Ці варта сёньня быць поэтай?
Ці варта лірыкай займацца?
Я штодзень думаю аб гэтым.
Ці не страшэнная памылка,
У час вялікі будаўніцтва,
На леры лерніку пілікаць,
І з леры гэнае карміцца?
Чым апяваць пад плотам мяту,
Чым апяваць платы гнілыя, —
Ці не карысьней ля варштату
Аддаць душу сваю краіне?
Часамі сьмеласьці бракуе
Прысьці да нейкіх пэўных рэчаў —
Душа за песьню галасуе, —
Развага гэтаму пярэчыць,
А дзе тут праўда, дзе памылка?
Ну, памажэце-ж разабрацца!
Ці варта лірніку пілікаць?
Ці варта лірыкай займацца?
Я доўга думаю над гэтым
І сам да вынікаў прыходжу,
Што сьвет ня створан без поэтаў
Як і ня створан бяз прыгоды.
А песьні трэба нам другія,
Ад нас інакшых песень просяць…
Мае гітары ледзяныя
Вартуе бусел у балоце.
Да іх я болей не вярнуся, —
Ня можа сын сваёй эпохі
Пад небам вольнай Беларусі
Ісьці у далі сьцежкай вохкай,
Калі ад кожнага упарта
Эпоха сёньня патрабуе:
Не пакідаць грамадзкай варты,
Не пакідаць сваёй трыбуны.
Дык ад поэты наша эра
У сто раз болей вымагае, —
Ён мусіць сонечнаю лерай
Узварухнуць ляжачы камень.
Ён мусіць песьню даць такую,
Каб лес і горы захадзілі, —
Узварушыць зямную кулю
Ад нашых ніў да Аргентыны.
Жыцьцё — ня цені на экране…
Ну, як прысьці да пэўных рэчаў?
Мне зноўку новае пытаньне
Страшэннай згадкаю пярэчыць:
Старой культуры творчы гені.
Ці можа вабіць і палохаць?
Ці творца творчаму гарэньню
Павінен даць і стыль эпохі?
Ці можа з творчым перайманьнем
З музэйных скарбаў Афрадыты,
Як цень далёкага выгнаньня
І даўні творца адрадзіцца?
Я доўга думаю над гэтым.
Каб даўнім думку не палохаць,
Кажу: — Сягонешні поэта
Павінен даць і стыль эпохі.
Тады ёй песьню дасьць такую,
Каб лес і горы захадзілі…
Узварухне зямную кулю
Ад нашых ніў да Аргентыны.

9 красавіка 1929 г.
Менск.