Ой, пайду ў далячынь за сяло, —
Там, дзе жыта шуміць на паўмежку,
Там, дзе ў вішнях сяло расьцьвіло,
Завіваюцца кветкамі сьцежкі.
Падзіўлюся, як жнеі пяюць,
Засьпяваю і сам пра раздольле.
Ветры буйныя песьню маю
Разьнясуць па шырокаму полю!..
Ветры буйныя песьню вясны
Разьнясуць па зялёнай даліне.
Будзе гай на гары гаманіць,
Будзе плакаць у лузе каліна.
Пазьбіраю я сьлёзы-расу
І рассыплю у песьні крышталі, —
Тады ўбачыш ты радасьць і сум,
Як жыцьцё у няспыненых хвалях.
Ой, пайду ў далячынь за сяло, —
Там, дзе жыта шуміць на паўмежку,
Там, дзе ў вішнях сяло расьцьвіло,
Завіваюцца кветкамі сьцежкі…
1925 г.
|