Веюць ветры, ветравіньне,
З поля на даліну…
Выйду ў вечар, вечар сіні
Вее багавіньнем!..
Выйду ў вечар за дуброву,
Стану пад калінай.
Ці ня ўмые мае бровы
Поглядам дзяўчына.
Ці ня ўмые мае скроні
Кволы цьвет таполяў,
Што лісьцём услалі гоні,
Дываном — у полі.
А над лесам ды над борам
Плывуць шляхам гусі…
Песьня коціцца ў прасторы,
Замірае ў лузе.
Ой, ды коціцца на ўзвышшы
Водгук разьвітаньня.
Вербы журацца ў зацішку,
Крыюцца туманам.
Застануцца успаміны,
Як у сонным лузе.
Вы кружылі над далінай,
Гусі, мае гусі!..
Дык бывайце!
А з прадвесьня
Там, ля тэй каліны,
Вас сустрэну сваёй песьняй,
Песьняй-веснаплыньню!..
Веюць ветры, ветравіньне,
З поля на даліну…
Выйду ўвечар, вечар сіні
Вее багавіньнем!..
1924 г.
|