Ветры буйныя (1927)/I/Прайду шляхі

Прайду шляхі
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Веюць ветры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЙДУ ШЛЯХІ…

Прайду шляхі, шляхі ў завеях
І сьцежкі кветкамі спаўю!..
Хай ветры буйныя разьвеюць
У песьнях моладасьць маю!..

Як ветры буйныя з-за гаю
Ў прасторах думы разьнясуць —
Тады я ўсё, што ў сэрцы маю,
Аддам за жыцьце і красу!..

Аддам усё, чым сэрца плача,
Дастану сэрца й падару,
Бо я людзей яшчэ ня бачыў,
Каб так любілі Беларусь!

Хай пэрлы дум маіх суцешыць
Яе валос чарнявы шоўк!..
Я выйду, выйду на паўмежак,
Я выйду з тымі — з кім прышоў!..

Прайду шляхі, шляхі ў завеях
І сьцежкі краскамі спаўю…
Хай ветры буйныя разьвеюць
У песьнях моладасьць маю!