Ветры буйныя (1927)/II/А ў палёх, палёх

Над возерам А ў палёх, палёх
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Вясна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А Ў ПАЛЁХ, ПАЛЁХ…

А ў палёх, палёх
Ды быльнёг палёг,
Зацьвілі сады
Цьветам-шэраньню…
........
І ў далёкі край,
За Дунай, Дунай,
Над сялом плывуць
Гусі шэрыя!

„Ой, куды, куды вы,
Ды шэрыя гусі…
Ці-ж няма вады вам
Тут на Беларусі?

Ці-ж няма крыніц вам
Ў любай Беларусі!..
Ой куды, куды вы,
Ды шэрыя гусі?..“

Ой, лугі, лугі!..
На лугах стагі
Пад дажджом стаяць
Ў цьвеце восені…
........
І шуміць майдан,
Па гары туман
Ды плыве на яр,
Стыне ў просіні.

Ой, чаму ў туманах
Горка плача восень…
Мо‘ каб сэрца рана
Ў радасьць завілося?

Мо‘ каб сэрца—радасьць,
Сэрца ў журавінах
Акрапіла раны
У лісты ў нізінах?..

Ой, лясы... лясы!..
Сосны — звон красы —
На вазёрны шум
Сыплюць інеем…
........
За вакном, вакном
Ў залаты вянок
Завіваюць сум
Росы сінія!

Ды лісты павянуць
На вазёрах сініх…
І заплача сэрца
Ў кволай ветрасіні.
........
Ой, заплачуць рана
Скроні ў ветравіньні,
Як лісты завянуць
На вазёрах сініх…

Ці-ж ня ты, ня ты,
Як цьвілі лісты,
Спавіла мой шлях
Цьвет-усьмешкаю?..

Повен сьветлых дум
Я ў жыцьцё іду,
Я іду з жыцьцём
Сваёй сьцежкаю!..

Па-над сьцежкай зоры
(Зоры над крыніцай),
І ў вачох дакоры,
А ў душы суніцы!..

А ў душы мажоры…
І цьвітуць брусьніцы,
І сьмяюцца зоры,
Зоры над крыніцай.

А ў палёх, палёх
Жоўты ліст палёг.
Зацьвілі сады
Цьветам-шэраньню…
........

На чужыну-край,
За Дунай, Дунай,
Ды плывуць ключом
Гусі шэрыя!..

„Ой, куды, куды вы,
Ды шэрыя гусі…
Ці-ж няма вады вам
Тут на Беларусі?..

Ці-ж няма крыніц вам
Ў любай Беларусі!
Ой, куды, куды вы,
Гускі, мае гусі?“
........
1926 г.