Вясна!.. Вясна!..
У цьвеце нівы…
Цьвітуць асмуглыя сады;
Кіпучай радасьці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
Ў грудзёх вяснова-маладых!..
І п‘ю я ў моладасьці мілай
Кілішкі поўныя да дна, —
Што мне ў маленстве падарыла
Чароўна-сьветлая вясна,
Яна сустрэла мяне рана
З дарамі ласкавай зары,
Як сонца плавала ў тумане,
Ды сосны плакалі ў бары.
Яна сустрэла мяне ў полі
З вянкамі чараў і надзей,
Дзе песьні буйныя на волі
Свабодна веялі з грудзей…
...........
Вясна ў цьвяту!..
Цьвітуць парэчкі,
Цьвіце язьмін на дне душы!..
Гаі альховыя над рэчкай
Сьмяюцца й журацца ў цішы.
А там у ярах пры даліне
У вішнях тонуць хутары, —
Дзе сьпевы кволаю вятрыньню
Калышуць змрок — вячэрні іней —
Плывуць спакойна з-пад гары.
І ловіць сэрца ў заміраньні
Акорды жыцьця цераз край:
„Гара высокая ў тумане,
А пад гарой зялёны гай“…
Узыдзе месяц над курганам
Ў вянкох прыгожасьці і чар,
І ўзорам тонкім, даматканым
Засьцеле ў просіні абшар.
Рассыпле пацеркі з прыполу,
Заўе карункі на расе, —
Дзе вербы хіляцца да долу
Ў сваёй чаруючай красе.
А песьня коціцца далінай
Ў акордах поўных пачуцьця!..
І ў сэрцы родзіць успаміны
Былых аповесьцяй жыцьця!..
Бы ў казках сьветлага дзяцінства,
Жывыя вобразы ўстаюць…..
.............
У вішнях вёска… На гасьцінцы
Чуваць начлежнікі пяюць…
А там ў тумане за гарою
Званок далёка празьвініць,
І ціха зноў… Па-над ракою, Як вольны табар пры агні,
Сядзяць у сьвітках саматканых
Малыя хлопцы. Ў тыя дні
Цьвіла фантазія півоняй,
Было так весела ўсягды, —
Таму вы й мілы мне сягоньня,
Мае дзіцячыя гады!..
Так мілы,
Сэрцу дарагія
Дзіцячых сноў
Былыя дні.
Як сьведкі,
Вобразы жывыя
Ў красе
Паўночнай цішыні,
Вы ўстаіцё перада мною
На сьцежках
Сьветлае вясны…
Шумяць дзе ў полі
Тры сасны; Каб адпачыць
Я мог душою.
І там, дзе плакаў я ці мала
І выпіў боль душы да дна, —
Хачу, каб вечна красавала
Прыгожа-сьветлая вясна.
Вясна!.. Вясна!..
У цьвеце нівы,
Цьвітуць над возерам сады.
Шырокай радасьці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
Ў грудзёх вяснова-маладых!..
|