Люблю жніво!..
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
Шэпчуць каласы…
Дзе сьпевы коцяцца далёка
На ўзмор‘і гордае красы!..
Дзе сьпевы коцяцца і тонуць,
Няйначай хвалі ў цішыні,
Пад гул калёс,
Пад гул і тоны
Калышуць сон далячыні.
Люблю прастор!..
Дзе ў цьвеце зоры
На кроплях буйнае расы
Снуюць чароўныя узоры
І вышываюць паясы.
А там ў зацішку на майдане,
Дзе вербы ў квецені маўчаць,
Да долу хіляцца ў тумане
Нямыя постаці дзяўчат.
Да долу гнуцца…
І пад гаем,
Ў красе вячэрняй цішыні,
Акорды песень заміраюць
І струны сэрца закранаюць
На дне душэўнай глыбіні.
На дне, дзе жыцьцем захаваны
Людзкое мудрасьці ключы,
Каб сэрца ўвосень,
Рана, рана,
Будзіла-б песьняй далячынь.
Дзе на чаўнох
Асеньніх кросен,
Як тонуць ў золаце сады,
Каб сэрца ў радасьць завілося
Ў грудзёх задорна-маладых!..
Люблю жжніво!..
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
Звоняць каласы,
Дзе сьпевы коцяцца далёка
На ўзмор‘і гордае красы!.
1925 г.
|