… Дзе лозы ніцыя ў тумане
Журбу выплаквалі да дна,
Там адзінока на кургане
Стаяла стромкая сасна.
І ў тонкай шэрані галінаў,
Пад лёгкі повей-ветравінь,
Я песьні казкі і быліны
Вякоў няспыненых лавіў.
Аб гэтых песьнях і былінах
Шумела кволае гальлё…
Калі жыцьцё танула ў ціне
Ды сьцені слаліся ў палёх.
Бывала ў вечар смугла-сіні
Расою ўпоіцца сасна,
Павеюць ветры па даліне
І закалышыцца яна.
Тады пасыплюцца брусьніцы, —
Сьлязінкі ў сонную крышталь.
Ў дасэнях-тасьмах лазы ніцай
Застыне ў возеры вада. .
І там… На дне… Цьвілі лілеі…
У багне вечнасьці, яны
Цьвілі і вянулі на глеі,
Як вянуць кветкі да вясны…
...........
Стаяў курган па-над ракою,
На ім высокая сасна
Хістала буйнай галавою,
Аб нечым думала яна.
Калі-ж над водамі пярсьцёнкам
Ўзыходзіў месяц малады, —
Тады глядзелася сасонка
Ў люстэрка сіняе вады.
Глядзела ў смутным задуменьні,
Аб шчасьці марыла на дне…
А вочы плакалі ў адценьні,
Блукалі вобразам у сьне.
Ды хвалі ў рогаце гульлівым,
Ў гульлівым посьвісьце яны
Кацілі вольна ў пералівах
Журбу адвечную сасны.
А ўвосень — сінь… Калі над гаем
Ў апошняй песьні верхалін
Краса вяргіняй адцьвітае
Ды смутак сочыцца ў далі:
Калі лісьцё пасьцеле долу
Узор марознага вакна, —
Тады ў раздум‘і невясёлым
Гайдала гольлямі сасна.
І ў гэтай песьні адцьвітаньня
Ўсё-ж водгук радасьці зьвінеў,
Хоць ўсё жывое у тумане,
Ў тумане вечным патане.
Усё цьвіце… І адцьвітае…
Тане на дно… Плыве са дна!..
Таму й галінамі хістае
У смутку й радасьці сасна…
...........
— Дзе лозы ніцыя ў тумане
Журбу выплаквалі да дна,
Там адзінока на кургане
Расла зялёная сасна.
Расла і гнулася ў тумане
Забытай кветкаю адна!..
Ніхто ў асеньнім адцьвітаньні
Яе сьпеў-водгульля ня знаў!..
І толькі помню вось адно я…
Як тухлі зоры над гарой, —
Сьпявалі ўвечар пад сасною
Сьляпы жабрак з павадыром.
Стаяў жабрак… І пад крысою
Жывыя струны закранаў,
Яны зьвінелі пад рукою,
А ў лузе вецер з асакою,
Да долу вербы нагінаў. Глядзелі ў даль сьляпыя вочы,
Шукалі вобмацкам далін,
Шукалі шчасьця апаўночы
У песьнях-повеях калін.
І ўспомніў дзед…
— Хоць гора многа,
Чаго-ж так рана за сялом
Майго жыцьця шляхі-дарогі
Пяском у ветрах замяло?
Чаго так рана ў сэрцы чулым
Зьвініць апошняя струна?
Яшчэ яна не ўскалыхнула
Маёй душы, глыбіні—дна!..
Яшчэ ня пройдзены дарогі,
А ўжо на дне маёй душы
Краса пунсовая разлогаў :
Туманам-золкасьцю імжыць!..
Так думаў дзед… І ў срэбра—росы
Пажоўклых кветак і травы
З вачэй цяклі брусьніцы-сьлёзы,
І там на ростанях бярозы
Хісталі вецьцем, як жывым…
Табе дару сваю я ліру,
Ідзі дарогаю у сьвет!..
На дне жыцьця, ў прадоньні жвіру
Ты ўбачыш сьлёзы на траве.
Ты ўбачыш сьцені!.. Гэта людзі
Зьбіраюць сьлёзы у прыпол,
Пакуль іх песьня не разбудзіць,
Не раскалыша цемень—дол!..
Ідзі!.. І ў сэрцы тваім вечна,
Хай водгук радасьці зьвініць!..
Сказаў апошняе увечар,
Сказаў… і вочы зачыніў…
Адцень паслалася на скроні,
Замоўклі струны…
І ў цішы на ўлоньні вольнага аблоньня
З сасною вецер варажыў.
Ішлі гады… Танулі ў вечнасьць…
Плыло аджыўшае на дно…
І толькі ў радасьці аб нечым
Зьвінела песьня пад сасной.
А ў полі кветкі адцьвіталі…
Адны ўзыходзілі гусьцей.
Ой, песьня, песьня дарагая,
Ў душы ты век не адцьвіцеш!..
Не адцьвіцеш і не завянеш!
І толькі ўвечары адна,
Журыцца будзе на кургане
У жоўтацьвецені сасна
Ды адцьвіце ў красе асеньняй…
Пажоўкне ў шэрані-імгле.
А песьня — ў сэрцы пакаленьняў,
У красе пунсовай яе сьлед!..
Люты 1925 г.
|