Ветры буйныя (1927)/II/З поэмы «Цыганка»

Сасна З поэмы „Цыганка“
Паэма
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цыганка (Трус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПОЭМЫ „ЦЫГАНКА“

I

Маўчала ноч па-над палянай,
Зялёны гай не гаманіў…
Няйначай ў сінім акіяне
Над рэчкай месяц плыў і плыў.

Ў ружова-мутным футарале
Яго сузорысты вянок
Буйныя пацеркі-каралі
Каціў на жвірыстае дно…
.............
Маўчала дно… Пад багавіньнем
Адвечнай цемені глыбінь
Яшчэ зары пунсова-сіняй
Ня ўсьпела чырваньню адбіць!..

І толькі ў золкасьці даліны,
Над чаркай соннае вады
Снаваў прыгожую тканіну
З прадоньня месяц залаты.

Маўчала возера ў тумане,
Ды вербы плакалі ў цішы,
На дне сінеючае твані
Лілеі вецер варушыў:

Яны гайдаліся паволі,
Гайдалі цёмную глыбінь.
Бы ў полі, стромкія таполі,
Гайдаюць стан пад ветравінь.

А там, над морам аксаміту,
Каціўся песень пераліў.
Журбою ночы апавіты
Драмалі ў шэрані палі.

І ў тоне песень жыватворчых
Я чуў разгульнае жыцьцё,
Аб ім у лузе, апаўночы
Шумела ў беразе трысьцё!
..........

Ой, песьні!.. Песьні-веснаплыні…
Маёй душы зялёнацьвет!..
Па ўлоньні цьмянае даліны
Крыніцай сочыцеся ў сьвет!..

Вы з кветак-ружаў сонцавею
Ўяце вянок жывых былін
Пад ветра-буйныя павевы,
Пад гоман сонечных калін!..

Бурлівым подыхам прадвесьня
Вы сны калышаце нізін.
Даўно я вас акорды-песьні
У зрэбнай радасьці насіў.

Яшчэ з маленства, як ніколі,
Мне матка зычыла сьпяваць, —
Калі трымала на прыполе
У сьпелай постаці жніва!..

А ў полі, полі красавалі
Красою-цьветам васількі.
Ды ў лузе гусьлі заміралі
Пад кволым шэпатам ракіт.

Я доўга слухаў, як далёка
Танула водгульле ў бары.
Душа ў бяскрайнасьці глыбокай
Ўспрымала матчыны дары.

Таму ў сузор‘і сенажаці,
Як тухне прозалаць зары, —
Люблю касынкі завіваці
Каліне сочнай на гары.

Люблю я ноч на сенакосе,
У срэбрацьвецені кусты,
Як радасьць звонкую ўвосень,
Хоць долу сьцелюцца лісты.

Люблю на водарных пракосах
Журбу душы закалыхаць, —
Калі заўецца ў сініх росах
Травы мурожнай павіха,

Калі зара цьвіце над гаем,
А буйны вецер ля ракі
Ў зацішку вербы нагінае,
Гайдае мора асакі.

Лугі! Лугі!.. Вас не забыцца!..
Дзе так разгуліваў з касой:
Дзе я цыганку-чараўніцу
Спаткаў пад нізкаю вярбой!..

II

Маўчала ноч у цьвеце долу,
Зялёны гай не гаманіў…
Успомніў сёньня мімаволі
Цябе ў разгульнасьці вясёлай, —
Цыганскі табар пры агні!..

Гарыць агонь… На сьвежым сене
Сядзяць маўкліва цыганы…
Ў вачох адбітак задуменьня,
Аб нечым думаюць яны.

Глядзіш… На тварах загарэлых
Сьляды глыбокія маршчын
Уздымаюць погляд горда-сьмелы…
..............
А там, за табарам, у змроку
Мігае постаць цыгана;
Ў тумане сінім недалёка
Зьвініць мінорная струна.

Зьвініць… І ў гаі замірае,
Калыша водгульле ў душы…
— Чаму цыганка маладая,
Ня прыдзе мне паваражыць?..

Чаму у лузе, апаўночы,
Як зоры ў цемені, на дне,
Яе прадоністыя вочы
Журбы ня высяюць ва мне?

Няўжо надзей маіх півоні
Завялі ў інеі густым,
І буду заўтра, як сягоньня,
Зьбіраць пажоўклыя лісты?!.

І буду ў полі, пры даліне,
Красу цыганкі ўспамінаць,
Чаму пад месяц смугла-сіні
Ня выйдзе з табару яна?!

Чаму за табарам вясёлым
Ня бачу постаці ў імгле?
І толькі там, пад сіньню кволай,
З расою стыне яе сьлед…

Была цыганка Марыула,
Мяне пакінула яна…
І сэрца, поўнае разгулу,
Крыніцай сочыцца да дна.

Ў грудзёх хвалюецца адвага,
Хвалюе буйну галаву…
І ён, упоены развагай,
Схіліўся ў думках на траву.

Шумелі вербы над вадою,
З-за хмараў месяц выплываў.
Сядзеў цыган… І між сабою
Пад подых ветру разважаў.

І доўга, доўга ў сэрцы чулым,
Пад чорнай сьвіткаю, на дне,
Прыгожы вобраз Марыулы
Сьмяяўся ціха, як у сьне.

Маўчала ноч… Драмалі нівы…
І толькі ў зелені кустоў
Танула ў хвалях-пералівах
Стальное бразганьне падкоў,

Ды коняй звонкае іржаньне,
Пад небам вольнай шырыні,
Парою дзе-ні-дзе ў тумане
Ў туманных далях празьвініць.

І ціха зноў… Трымцяць даліны…
Ракіты водар напаіў.
І плачуць сінім верхавіньнем
Ў зялёнацьвецені гаі.

Ужо даўно ў тумане волкім
Над ярам месяц патануў.
Ў прасторах сон… Ня сьпіцца толькі
Старому дзеду-цыгану.

Выходзіць з табару уночы,
Шукае некага, заве,
Глядзяць асмугленыя вочы,
І кануць думкі ў галаве.

Агонь паволі патухае,
Гамоніць ў беразе лаза…
Сядзіць цыган… І ўспамінае.
Што ўжо ня вернецца назад!..

Была ў мяне дачка Зарайя;
На ўлоньні вольнасьці яна
Расла, як кветка маладая,
Ў цыганскім табары адна.

Сям‘я па сьвету вандравала…
Зарайя — роднае дзіця —
З гадоў маленства пакахала
Разгул цыганскага жыцьця!.

Яна любіла апаўночы
Сьпяваць у табары адна.
Глядзеў у чорныя я вочы
І слухаў песьні да відна.

Глядзеў… І ў сэрцы стылі чары,
Ўсплывалі вобразы на дне,
А струны звонкае гітары
Складалі казкі яны мне.

І ў гэтых казках-успамінах
Майго жыцьця — разгулу дні,
Насілі ветры пры даліне,
А гай над рэчкай гаманіў.

1925 г.