Ветры буйныя (1927)/V/Не засьпі, — пабудзі мяне рана

Я пакахаў цябе да сьлёз Не засьпі, — пабудзі мяне рана
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарагой матулі прысьвячаю

СНЕ ЗАСЬПІ, — ПАБУДЗІ МЯНЕ
РАНА…

Не засьпі, —
пабудзі мяне рана,
о!.. мая
дарагая матуля!..
Дзе дарогі
бягуць за курганам,
пойдзем зельле
зьбіраць мы на Яна…
Толькі ты
пабудзі мяне рана,
о!.. мая
дарагая матуля!..

Пабудзі,
як будзіла ў маленстве,
калі крылася
поле туманам…
Над абліччам маім
ды заспаным
ты снавала
да сонца,
ой, рана —
пражу сноў
залатога маленства.

І схілялася
ўвечары нішкам,
як у лузе
вярба над крыніцай…
Вочы ў сьне
пачыналі журыцца,
ціха капалі
сьлёзы-брусьніцы…
Ты стаяла
і плакала нішкам.

І пазнаў я
жыцьцёвую тайну, —
дзьве сьлязы
як упалі на грудзі…
........
Гэта з маткаю
плакалі людзі;
сьлёзы камень
крышылі у брудзе,
калыхалі
жыцьцёвую тайну.
Дзьве сьлязінкі
мне ўпалі на грудзі,
завіліся, як сон, у каралі.
Завіліся вятрыньню на хвалях
і адбіліся ў сэрцы
крышталем
дзьве сьлязінкі,
што ўпалі на грудзі.
І хацелася.
плакаць да болю,
плакаць горка
з табой ля парогу!..
Але я…
Не прамовіў нічога…
Дзе разыдуцца
нашы дарогі?
Толькі мне,
пад хацінкаю ўбогай,
так хацелася
плакаць да болю!..

Мо‘ таму,
што сады адцьвіталі?
Ды крыніцы
журыліся ў полі?..
Сэрца ціхім
сьціскалася болем,
журавінамі
плакала ў волю…
Мо‘ таму,
што сады адцьвіталі?..

Ўсё прайшло…
адзьвінела на струнах…
адцьвіло
пазалотаю ўвосень…
Вось чаму
ў звонкай просіні сосен
сэрца ў радасьць
маё завілося!..
.........
Ўсё прайшло…
адзьвінела
на струнах!..
Дык будзі-ж мяне
заўтра рана,
о!.. мая
дарагая матуля!..
Там, дзе сьцежкі
бягуць за курганам,
пойдзем кветкі
зьбіраць мы на Яна, —
толькі ты
пабудзі мяне рана,
дарагая
мая матуля!..
Пабудзі
пакуль сонца узыдзе,
і зажурацца
зоры ў міганьні…
Я пайду
падзіўлюся,
як ў раньні
зоры ўзор
вышываюць ў тумане, —
пад гарой
пакуль сонца
узыдзе.

Прасьпявай мне
маленства песьню,
што сьпявала
ня раз над калыскай…
Дарагую
і сэрцу блізкую
прасьпявай мне
такую песьню:

Ой, над яварам,
над крыніцаю
пахіліліся
дзьве вярбы…
Пахіліліся,
зажурыліся
ў песьнях
радасьці
і журбы!..

А пад вербамі,
пад зялёнымі
цякла рэчанька
ды адна…
Над тэй
рэчанькай
задумёнаю
я журылася
ад відна.

Колькі звонкаю
сваёй музыкай
мне навеялі
хвалі дум!..
Як туманіцца
поле раніцай,
бягу з вёдрамі
па ваду…

Як туманіцца
поле раніцай —
дрэмле ў цьвецені
далячынь…
Сонцу ў квецені
я ўсьміхаюся,
лугам з вёдрамі
ідучы!..

Вочы ў радасьці
сьветла-ніцыя,
што ня вернуцца
дні журбы.
Толькі ўвечары
над крыніцаю
ціха журацца
дзьве вярбы…

І цяпер,
ў гэты вечар асеньні,
чым падзякую
маці табе?..
.......
Будзе лепш,
калі песьня
ў завеях
ціхі сон
на кургане разьвее —
каб заплакалі
ў полі каменьні!..
Толькі ты
гэтых сьлёз
не адчуеш…
Не адчуеш і сэрцам
каменьняў!..
Яны сьвецяць
у жвірыстых сьценях, —
яны плачуць,
як вецер асеньні…
Толькі ты
гэтых сьлёз
не адчуеш…
Мо‘ таму, што жыцьцё —
толькі момант!..
Шумна-вольныя
хвалі прымор‘я?
Ў цішыні
адшумяць яны скора,
і ты скажаш,
было гэта ўчора!..
Мо‘ таму, што жыцьцё —
адзін момант?

Шмат чаго
ты ў жыцьці не спазнала…
І ці думала
нават калісьці,
чаму жоўкне
і сыплецца лісьце?..
Замятае
дарогі у сьвісьце?..
Шмат чаго
ты ў жыцьці
не спазнала!
Дык будзі-ж мяне
заўтра рана,
о… мая
дарагая матуля!..
Там, дзе сьцежкі
бягуць за курганам,
пойдзем краскі
зьбіраць мы на Яна, —
не засьпі,
разбудзі мяне рана,
дарагая
мая матуля!..

Паглядзім,
як купаецца сонца,
як расой умываецца поле…
Панясём
сваю радасьць
раздольлю, —
яе ветры разьвеюць на волі,
дзе купаецца
ў квецені сонца.
Дзе расходзяцца
сьцежкі-дарогі, —
разьвітаемся
маці з табою…
Толькі ўвечар
асеньняй парою
ня журыся
адна за гарою,
дзе разыдуцца
нашы дарогі!..

Твае дні…
адцьвілі і завялі…
Але вобразы
роднага сына
будуць доўга
цьвісьці ва ўспамінах,
хоць гады
маладосьці завялі…

Глянь на сьвет,
хай усьцешыцца сэрца!..
Колькі сьветлае
радасьці сёньня!..
У бары сосны
стромкія звоняць,
на гары гай
зялёны гамоніць…
Глянь на сьвет, —
хай усьцешыцца сэрца!..

Хай нальлецца
душа сонцавеем…
закрасуюць
асмуглыя вочы!..
Толькі ты
ня сумуй апаўночы!..
Дзе вятры
над мінуўшчынай веюць, —
хай нальлецца
душа сонцавеем!..
Дык бывай,
дарагая матуля,
і ня плач
пад хацінкаю ўбогай!..
Я пайду
сваёй сьцежкай-
дарогай:
яшчэ стрэнеш
мяне ля парогу…
А цяпер
ты вярніся, матуля!..
........

Чэрвень 1926 г.
Дараўка.