Водгульле (1922)/Водгульле

Водгульле
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Песьні вясны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Водгульле (Колас, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОДГУЛЬЛЕ.

Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою,
Ці песьню дзяўча запяе,
Ці конік ў дарозе праскочыць трусцою,
Ці вецер ў палёх зазлуе,

Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун,—
Ўсё водгук знаходзіць ў бязьмежных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.

А ты, калі гора каго напаткае,
Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая,—
На ўсё адгукніся, адзнач!

А радасьць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,
Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тагды струны твае засьмяюцца
І песьняю шчасьця гучаць!

20/XI 1921 г.