Водгульле (1922)/Песьні вясны

Водгульле Песьні вясны
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
На лузе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні вясны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНІ ВЯСНЫ.

Ў полі песьні, шум і гоман.
Ну-ж, і выдаўся дзянёк!
Сьнег на дзірках, лёд надломан,
І сьпявае ручаёк:
— Гэй, сябры! гэй, ручаёчкі!
Дружна разам пабягом!
Вёскам, людзям ўсім, браточкі,
Песьню волі запяём!

Ой, вы, людзі! паглядзеце,
Колькі мы нясём вады!
Бо яднаньне—сіла ў сьвеце,
А хто дужшы грамады?

Мы дарогі ў полі знаем,
Не заблудзіцца вада.
Знаньне—сіла! мы гукаем:
Гэй, за намі, грамада!

Мы імчым ўсё далей воды,
Затапілі мы брады.
Дружнасьць—першы крок свабоды,
Згоднасьць—сіла грамады.

19/I 1909 г.