Раздумье Вярба
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Журба па вясьне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вярба (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯРБА.

Пытаў ручаёчак
Маладой вярбіны,
Што на дол спусьціла
Гібкія галіны,

Што к вадзе галоўку
Смутна пахіліла
І з паўднёвым ветрам
Ціха гаманіла:

Адкажы, галубка,
Адкажы, любая:
Чаго зажурылась,
Мая маладая?

Без пары, бяз часу
З галавы-кароны
Ты раняеш лісьці—
Свой убор зялёны?

Чаго так жалобна,
Як бы з нейкім жалем,
Ты аб чымся шэпчаш
Маім дробным хвалям?
І чаму галінка
Сохне умірае?
Дык які-ж, вярбінка,
Смутак ў сэрцы мае?—

Зашумела ціха,
Жаласна вярбіна:
— Горка мне, мой мілы,
Горка сіраціне!

Цяжка маім ножкам—
Ціснуць іх каменьні,
А твая вадзіца
Змыла мне карэньні;

Грунт мой пад нагамі
Зрыла-раскапала,
Сокі майго сэрца
Ўсе яна забрала.

Моладасьць сваю я
Марне загубіла…
Ох, на што так шчыра
Я цябе любіла?—

2/IV 1910 г.