Апошні лісток Раздумье
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Вярба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раздум’е.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДУМЬЕ.

Зірну я на неба. Па сіняй раўніне
За хмеркаю хмарка плыве;
Тыя сальюцца, другая загіне,
Расплыўшысь, як дым, ў сіняве.

А тыя па небе, бясплодныя, ходзяць,
Глухія на плач збажыны.
І мысьлі тож часта бяз сьледу праходзяць,
Так сама зьнікаюць яны;

Зірну я на жыта, як ў полі красуе,
Як пыл жыватворчы над ім
Так ціха снуецца, калосьсі цалуе
Любоўным дыханьнем сваім.

Ды ўздымецца вецер і злосна павее,
Пагоніць той пыл на лясы.
І Ў жыцьцю часьцютка ня мала гібее
Такой жыватворчай красы,

Стого днее дрэва. Раскошна галіны
Ў зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
І радасьць ў тэй мове чутна.

А восень надыдзе, і лісьцік жалобна
На землю, пажоўклы, спадзе.
І моладасьць наша тым лісьцям падобна:
Як лісьце, яна адцьвіце,

Вось ціха сьняжынкі ў адлігу лятаюць,
Як бы матылёчкі ў маі,
Падуць і растануць, навек прападаюць,
Як роска вясною ў гаі.

І ты, чалавеча, як сьнег той ў адлігу:
Упаў, і сканаў, і няма.
З трывогай глядзіш ты ў адвечную кнігу,
І душу агортвае цьма.

29/XII 1910 г.