На пацеху, на зьдзіўленьне
Тут дубы стаялі,
І глыбока іх карэньні
Цьвёрды грунт аралі.
Комлі, велічы грамады,
З бурамі спрачалісь
І вакол старой пасады
Горда красавалісь;
І гулі іх верхавіны
Гутаркаю сталай
Пра даўнейшыя часіны
Долі заняпалай;
Пра мінулыя прыгоды
Гіблых часаў, слаўных.
Тут стаялі з году ў годы
Сьведкі дзеяў даўных.
Гожым летам ці вясною,
Раніцой на ўсходзе
Штось шапталі між сабою
Ў добрым ладзе, згодзе.
Можа казкі жыцьця, долі
Ціха утваралі,
Або песьню вольнай волі
Там, ў лістох, складалі;
А мо’ сонейка віталі,
Дзень хвалілі новы,—
Не, ня ўніклі, ня ўчыталі
Іх таемнай мовы.
Наляцелі-ж буры злыя,
Толькі ўжо ня з неба:
Дзеі, засевы ліхія
Узгадавала глеба,
Глеба цёмная, сьляпая,
Глеба злосьці, гневу—
Абудзілась цьма людзкая,
Плод ліхога севу…
Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы зьбіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы
Ашальмованы вам чолы,
Сьсечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.
|