Водгульле (1922)/Глухая дарога

Дубы Глухая дарога
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Дуб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Глухая дарога.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЛУХАЯ ДАРОГА.

Плачуць ціха і смуткуюць
Дзьве сястрыцы, дзьве пуцінкі,
Што ў палёх адны пустуюць
І што глухнуць каляінкі:

«Чаму конь тут воз ня цягне?
Чаму людзі тут ня ходзяць?
Ці прале́глі мы на багне?
Ці тут злыя калабродзяць?

А мы глухнем, зарастаем,
Ветры з долам нас зраўнялі,
Разлучылі з мілым гаем…
Ой, чаго-ж мы дачакалі?

Каб мы зналі, то ніколі
Тут ня ле́глі-б, не снавалісь“…
— Эх, сьлед цьмяны чужой волі!
Вас пра тое ня пыталісь,

Як ідзе праедзе кола,
Дзе нага людзкая стане!—
Дунуў вецер по́ўзьверх долу
На іх жалабу-пытаньні.
Плачуць ў полі і гаруюць
Дзьве сястрыцы-каляінкі,
Толькі-ж плачу, іх ня чуюць—
Ні узгоркі, ні лагчынкі.

25/VII 1913 г.