Водгульле (1922)/Захад сонца

Перад восеньню Захад сонца
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Да вясны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заход сонца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАХАД СОНЦА.

Дагараў дзень, і зьнікалі
Ціха яго блескі,
Ў шэрым змроку прападалі
Гай і пералескі.

Над раўнінай сьнегавою
Чырваньню пажара,
Як бы стужкай залатою
Зьяла ў блеску хмара.

І ўзьняліся і загралі
Два слупы ад сонца,
Чуць прыметна ў іх дрыжалі
Хмарак валаконцы.

Блеск па небу разьліваўся
Хваляй залатою.
Я стаяў і любаваўся
Дзіўнаю гульнёю.

І далёка скрозь па полі
Гладзь сьнягоў бялела.
Я глядзеў—душа па волі
Плакала і млела.

І ўзьнімаўся дым клубкамі,
Зьлёгка пазлачоны.
І з апошнімі касамі
Зьнік і слуп чырвоны.

І я думаў, што ў ваконцы
Ты, як я, стаяла,
На апошні погляд сонца
Ў смутку пазірала.

27/I 1911 г.