Што задумалась,
Зажурылася,
Даль шырокая,
Неаглядная?
Думкай горкаю,
Невясёлаю
Зьвіс туман сівы
Над курганамі.
А ў палёх даўно
Жыта зьвезена;
Коска, серп крывы
Працу скончылі.
Агаліўся луг,
Даўно скошаны,
Толькі вежамі
Стогі высяцца.
А зірнеш на лес,
Сэрца сьцісьнецца:
І маркотна ў ім
І нявесела!
Пажаўцеў убор,
Пышны ліст яго
І ціхусенька
Асыпаецца.
Сьціхлі песенькі
Вольных пташачак…
Глуха лес маўчыць,
Думку думае.
Знаць, ён думае
І маркоціцца
Па вясьне-красе,
Залатой пары…
Эх, пануры лес!
Ня журыся, брат.
Для вясны тваёй
Біта сьцежачка.
Жыцьцё новае
К табе вернецца,
Зашуміш ты зноў
Гучна лісьцямі;
Засьпяваеш ты
Разам з пташкамі
І хвалу сьпяеш
Жыцьцю новаму.
А мая вясна,
Мая мілая,
Ўжо ня вернецца,
Не, ня вернецца!
Што ж задумалась,
Зажурылася,
Даль шырокая,
Даль маўклівая?
|