На павароце Коляды
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: З боку ад жыцьця (Колас, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОЛЯДЫ.

Там, на волі, за сьцяною
Людзі чуюць, што жывуць,
І з вясёлай суятою
Вечароў калядных ждуць.

Ў цесны круг сямья зьбярэцца
За сталом каля гаршка,
І прыветней мігатнецца
Блеск ў ваконцы мужыка.

Ад каляд па вадахрышчы
Будуць весела гуляць,
Вечарамі на ігрышчы
Бубен, скрыпкі зазьвіняць.

І сягоньня, як і ўчора,
Пойдуць сьцены хадуном,
Хоць на момант сьціхне гора
Перад чаркаю з віном.

Крык і гоман, шум і песьні…
Як разыдуцца ў мароз,
Не адно рабро там трэсьне,
Не адзін стаўчэцца нос.

П‘юць, гуляюць ўсе багата,
Шум, ігрышчы, куцярма,
Адным словам, ўсім там сьвята,
Толькі нам яго няма.

Тыя-ж краты, тыя-ж дзьверы
Дзень і ночку пад замком,
Той-жа звон, ліхі бяз меры,
Рэжа сэрца, як нажом.

Што-ж? гуляйце! Безгалоўе
Бутлям, скваркам, куляшу!
Я-ж за ваша ўсіх здароўе
Пайку хлеба упішу.

21/XII-1910 г.