Водгульле (1922)/Першы гром

Хмаркі Першы гром
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Эх, як я-б хацеў!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы гром.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ ГРОМ.

Голасам Бога, ціха і важна
Гром пракаціўся ўгары.
Луг адазваўся грому працяжна,
Лес адгукнуўся стары;

Гай страсянуўся, дрыгнула поле,
Ўзгоркі той гук панясьлі.
Ў гэтым раскаце чуецца воля,
Чуецца радасьць зямлі.

Ў грукаце гэтым многа ёсьць сілы,
Чуецца моц ў ім, прастор.
Першыя громы! сэрцу вы мілы,
Любы мне сьмех ваш між гор!

Міл майму сэрцу гоман далёкі,
Водгук вясёлы і шум.
Гром ты магутны, гром адзінокі!
Колькі ўскатурхаў ты дум!

Моцна мяне ты клічаш на волю,
Цяжка бяз волі мне тут!
Кланяйся, громе, роднаму полю,
Родны вітай ты мой кут!

26/V 1910 г.