Маёй вясьне Хмаркі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Першы гром
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмаркі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХМАРКІ.

Сьветлыя хмаркі—дзеткі прастору,
Ціха па небе плывуць.
Ім незнаёмы сьлёзы і гора,
Смутак і жаль іх ня рвуць.

Ціха і згодна ідуць, небажаткі,—
Ўсюды ім сьцежкі ляжаць!
Божыя зоркі, быццам дзяўчаткі,
Скрозь іх валокны глядзяць.

Золатам сонца іх аблівае,
Срэбны у ноч іх калёр
З хмарак кароны неба сплятае—
Летняга ранку убёр.

Сьветлыя хмаркі, рунь залатая,
Дум небясоў чарада!
Вам незнаёма нядоля людзкая.
Беднага жыцьця нуда!

Стэп неаглядны, шыр нялюдзіма,
Вольнае царства вятроў,—
Там вашы сьцежкі, там і радзіма,
Дзеткі блакітных стапоў!

Станьце-ж, хмурынкі, над рубяжамі
Родных палеткаў, шнуроў!
Ў сэрца людзкое кіньце з дажджамі
Думкі іх верных сыноў!