Гэй, чулыя сэрцам! Гэй, душы жывыя!
Ідзеце вы долю шукаць!
Ёсьць у вас сілы, яшчэ маладыя,
Ёсьць яшчэ крыльлі лятаць!
Але ўважайце: балотная бросьня
Іх кожную хвілю сачыць,
А гнільлю зацягне, душа не ўваскросьне
Ў гару над зямлёй не ўзьляціць.
Вы чуеце хваляў жывых набяганьне?
Прыгледзьцеся: новыя дні
На вас пазіраюць у іскрах сьвітаньня,
І сьвецяць другія агні.
Сьпяшайцеся, брацьці, расою халоднай
Ваш твар выразьлівы абмыць.
І воздух гаючы палёў, нівы роднай
У грудзі чым больш захапіць,
Але памятайце: на вашым суменьні
Ня сплачаны доўг векавы:
То доўг прад народам, то доўг разуменьня,
Якое зачэрпалі вы
З народнага скарбу душы самабытнай
І з скарбу яго мазалёў.
То ён, працавік наш, то ён, старажытны,
На гору нас моўчкі узьвёў.
Гадуе вас поле, што золатам зьяе…
Пяскоў, нераджайных пяскоў:
Вас корміць сярмяга, што долі на знае,
Ня ведае ласкі братоў.
Ідзеце-ж к народу, як добрыя дзеці,
Ідзеце. Злучайце яго,
І горкую праўду у вочы скажэце,
Чаго ён гаруе, чаго?
|