Вечар блізка, жар спадае.
З цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, няўчытана.
Сьмех вясёлы зьбег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і з кургану,
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць панадворку.
Пуцявінкай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку,
На мяжы каля аторку
І зьнікае дзесь маўкліва.
Я іду, гляджу і—дзіва,
Ці раней таго ня бачыў?
Ўсюды стала нейк пужліва
І трывожна-баязьліва!
Зьмену гэту я зазначыў.
Хто-ж выраз той перайначыў?
Я ня сьцямлю і пытаю,
Ды пытаньнем азадачыў
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні спатыкаю.
— Чапля! чапля! стой!—гукаю:
Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?
— Ня пытайся: я на знаю! —
Тры вароны ляцяць з гаю.
Цяжка крыльлі іх мігаюць, — Гэй, спынецесь! справу маю:
Штось у вас я запытаю… —
— Мы ня знаем!./ Не, ня знаю! —
Закрычалі і зьнікаюць.
Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы людзі? хто такія? —
Воч старцы не падымаюць,
Усе маўклівы, разважаюць:
— Мы—сьляпыя! мы—глухія! —
Цені сталі, больш густыя,
Многалучны, нясчысьлёны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.
Лес, папары і загоны
Твар выразны свой хаваюць.
Дзесь далёка стогнeць звоны,
Дзесь у лесе плач шалёны—
Совы дзень свой зачынаюць,
Цені-страхі выпаўзаюць,
Іх ня бачыш, прачуваеш,
Штось чаруюць, заклінаюць
І таемна пагражаюць,—
Чым? Ў тым сіла, што ня знаеш.
|