Водгульле (1922)/Пятрусь-касец

Араты Пятрусь-касец
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
На раздарожжы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пятрусь-касец.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЯТРУСЬ-КАСЕЦ.

Шоў да дому Пётра з лугу,
Дзе ўвесь дзень касой вярнуў;
Па дарозе даў ён кругу,
Манапольку абагнуў.

Ўзяў кручок ён і рухава
Выбіў корак, губы ўцёр,
На кручок зірнуў ласкава,
Галаву падняў, замёр…

Палілась гарэлка ў жылах,
Як бы спраўнік там прайшоў,
І Пятрусь пачуўся ў сілах,
Закіпела яго кроў.

Сэрца ў грудзях так і б‘ецца,
Лёгка—долу ня чуваць!
Так і рынуўся-б, здаецца,
Ён лявоніху скакаць.

Вось Пятрусь прыйшоў да дому,
Хмель яго забунтаваў:
Лёгка, весела старому—
Як бы зноў хлапцом ён стаў.

Глянуў ён—няма нікога:
Пад палок, на печ зірнуў,—
Як бы чорт залез ў старога:
Ступу к грудзям прыгарнуў

І пайшоў па хаце з ёю!
Тупнуў раз ён і другі,
Адбівае тахт нагою
І выпісвае кругі:

„Бадай таго каваля
Мяцеліца замяла,
Як ён мяне маладу
Замарозіў на ляду!„

1911 г.