Водгульле (1922)/На раздарожжы

Пятрусь-касец На раздарожжы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
У дарогу
Іншыя публікацыі гэтага твора: На раздарожжы (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА РАЗДАРОЖЖЫ.

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на сьвет радзіўся
Пад глухі шум бору,
Познаю парою,
Восеньню гнілою.

Па шляху тым бітым
І удзень і ўночы
Пешкі і з вазамі
Валіць люд рабочы,
Як яго хто гоніць,
Ажна шлях гамоніць.

У розныя старонкі
Каля тэй каморы
Распаўзьлісь дарожак
Шэрыя узоры,—
Вузкія, глухія
Сьцежачкі крывыя.

І мая, бы восень,
Доля невясёла,
І куды ні гляну—
Глуха навакола,
Смутна аддаленьне,
Хмызьнякі, каменьні…

І мяне людзкая
Хваля падхапіла
І ў глыбокім віры
Моцна закруціла
І нясе з сабою
Цяжкаю ступою.

Толькі-ж не па шляху
Носяць мяне ногі,—
Вузкі мае сьцежкі,
Зарасьлі дарогі,
Я іду-дыбаю,
А куды? ня знаю!

2/I 1911 г.