Возера Князь
← У Дзяніса | Возера Князь Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 16, 24 жніўня 1924 году, б. 3, № 17, 28 жніўня 1924 году, б. 2-3 |
Паляўнічы Караба → |
Ужо сонца стаяла высока, калі нас прыйшла будзіць Ганка.
— Уставай! — гаманіла яна, турзаючы Міхася, але ён мусіць знарок ня кратаўся, а наадварот пачаў храпсьці яшчэ мацней. Я расплюшчыў вочы.
— Ці ўстанеш ты, ці не? — турзала сястра брата.
— Хай сьпіць! — адказаў я.
— А вы ўжо ня сьпіцё, а толькі зьбіраліся і вас будзіць, ось як і брата, — казала яна.
Раптам Міхал падняўся і злавіў сястру за ногі.
— Ай! — крыкнула тая ад неспадзеўкі, і звалілася на брата.
— Ось я табе дам! Будзеш ведаць, як будзіць брата! — казаў Міхась і ўзяў яе казытаць.
Але Ганка хутка вырвалася з рук брата, і ўцякла.
— Прыходзьце піць гарбату! — крыкнула яна, выбягаючы з альтанкі.
Добра пад’еўшы, я з Міхасём пабралі стрэльбы і пайшлі на возера…
Ішлі мы гушчаром лесу па сьцежчы, якую добра ведаў Міхась.
— Гэтак, — казаў ён, — будзе бліжэй.
Па дарозе мы бачылі шмат цёцярукоў, але не стралялі, бо меркавалі, што калі будзем вяртацца, дык спарней будзе прынясьці птушкі да хаты, чым цяпер цягацца з імі. Некалькі разоў сядалі мы адпачываць, але ня было яшчэ ніякай прыметы аб блізкасьці вады.
Але, ось, праз вярсты дзьве пацягнула з пераду халадком, і хутка мы апыніліся сярод густое травы, а праз шагоў 300 праз дрэвы заблішчэлі хвалі возера.
— Вось і возера! — сказаў Міхась, першы выходзячы з лёсу.
Колькі хапала вока была вада, і другі бераг віднеўся, як-бы пакрыты туманам.
— Дых вось яно возера Князь, пра якое я чуў шмат легэндаў. Ось яно! Ува ўсім сваім харастве перада мнай!
Шыат корміць яно нашых братоў, шмат карысьці мае з яго селянін…
На берагох яго то там, то сям стаяць вёскі.
Бягуць хвалі адна за адною. Стройна стаіць сітняг, далёка займаючы ваду. Па ім таксама ходзяць хвалі, але не жалезнага колеру, а зялёныя, да якіх цягне, і, здаецца, сярод іх знайшоў-бы адпачынак ад усіх трудоў чалавек…
Доўга глядзеў я на халодныя хвалі, і ня мог наглядзецца…
— А каб ты ведаў, якое хараство глядзець на яго, калі ў небе гараць зоркі, сьвеце месяц, якое тады хараство, — казаў Міхась. — Ось, пабачыш сам…
А, пакуль што, мары ў бок, — дадаў ён, — давай лавіць рыбу будзем, цяпер павінна добра брацца.
— Лавіць рыбу? — зьдзівўся я. — А чым?
— Чым? — перапытаў сьмяючыся Міхась,
— Вудою, браток, будзем лавіць…
І, не чакаючы мяне, ён схаваўся ў кустох і праз мінюту прынёс зьнекуль дзьве, добра наладжаныя, вуды.
— Ну, ось, маеш, — сказаў ён, даючы мне адну вуду. — Будзем лавіць на хлеб…
Я выбраў сабе добрае месца сярод кустоў, што расьлі над самай вадой, і пачаў прабаваць шчасьце. Але ці я ня ўмеў лавіць, ці проста глядзеў на плывук, ня думаючы аб рыбе, а толькі ўжо сонца зайшло, калі мяне паклікаў Міхась:
— Дзяргач, хадзі!
Я выйшаў з свайго куста і ўгледзеў Міхася з нейкаю дзяўчынаю.
Падайшоўшы бліжэй, я пазнаў ў дзеўчыне Ганку.
— Вы прыйшлі адны? — зьдзівіўся я, — і не баяліся?
Чаго-ж баяцца? — спакойна адказала яна.
— Я дарогу ведаю добра… Ну, дзе-ж ваша рыба? — запытала яна.
— Ось, усяго тры плоткі, — паказаў я тры рыбкі — па фунту вагай…
— Э, дрэнны з цябе лоўчы, — памахаў галавою Міхась, — ось, на, паглядзі, колькі іх нацягаў, — і ён паказаў цэлую нізаўку рыбы.
— Ну, добра, — сьмяючыся казаў ён далей, — калі шанцуе, дык і Халімон танцуе, а цяпер давайце іх чысьціць, дый зварым іх…
Мы ўсе дружна прыняліся за працу. Праз мінют 15 рыба была абчышчана і ляжала ў саганчыку, а пад ім весела гарэў агонь.
— Добрая будзе ночка, — казаў Міхась пазіраючы на неба…
— Ось маеце, рыба гатова, — сказала Ганка, здымаючы з кійка саганчык.
Усе дружна прыняліся за яду.
— Ну, ось і добра пад’елі, цяпер будзем пазіраць на дзела Божае, як кажа мой бацька,
Мы падайшлі бліжэй да вады і пачалі глядзець на возера.
Борзда цямнела неба. Ужо ня было відаць другога берагу. Адна за адною загараліся зоркі на небе, і з правага боку адсьвечваліся ў вадзе, то гінулі ад набягаўшай хвалі, то зноў зьяўляліся.
Усе ўтрох сядзелі моўчкі. Кожны меў свае мары, свае думкі…
Ось, ось, бачу я, як устаюць са дна возера сівыя дзяды з мечамі ў руках, выходзяць з хваляў адзін за адным на бераг… Зьяе штандар над імі, і голас я чую… «Сябры! Пэўна трэба нам зноў самым брацца за дзела, ня хочуць нашы праўнукі бараніць сваю волю, сваю старонку, пэўна трэба нам зноў сваею рукою падняць меч за волю старонкі роднай! Трэба нам пайсьці па вёсках, разбудзіць праўнукаў сваіх! Дакуль яны будуць жыць пад зьдзекам маскоўскім, пад чужацкай навалай!…
То ветрык шапапіць сітнягом, хвалі туману бягуць над вадой, то месячык прыгожы ўзыйшоў на неба пагуляць, а мне здаецца, што чую я голас загінуўшых дзядоў за нашу старонку, за волю і лепшую долю…
Пад хваляй халоднай ляжаць байцы, пад цяжарам курганоў, паўсюль на старонцы роднай ёсьць сьлед змаганьня народу майго за долю і шчасьце Бацькаўшчыны мілай.
Дык гуляйце хвалі, гуляйце па абшары сваім, хай мацней сітняг шуміць, каб ніколі не забыўся брат мой бедны. што на гэтых берагох жыў, жыве і будзе жыць беларус…
Шапоча цёмны лес казку сваю. Таёмныя кажа легэнды лесу вада… Ночка пануе… Але хутка прайдзе яна, хутка згінуць зоркі адна за адною, і зноў сонца праменьні зайграюць па хвалях возера, па хвалях сітнягу…
Дзяргач.