Упарта кавала марозна зіма
Свае ледзяністыя путы.
І зьяла надзея: ня вечна-ж нам цьма,
Ня вечна наш край будзе скуты.
На крыльлях сьвятла прыляцела Вясна
З сваім прамяністым вітаньнем.
Ад сну узьняла ўсю прыроду яна
Магутным ажыўчым сьвітаньнем.
Блакітны зазьяў над зямлёй небасхіл,
І мара ізноў акрылілась…
Набраўшысь магутных нязьведаных сіл,
Вясной Беларусь абудзілась.
І хутка дало абуджэньне свой плён:
Над краем загінулі хмары;
Прыспаны народ цяжкі скінуў свой сон;
Збыліся сьвятлістыя мары…
Апрані-ж, Беларусь, свой сьвяточны убор:
Больш няма над табою апекі.
Сабяры сваю моц ды і гэй на прастор!
Ты ня ўбачыш ярма ўжо навекі.
Узьніміся адважным арлом ў вышыну, —
Сьвеціць доля й табе залатая, —
І з уцехай спаткай сваю радасьць-вясну,
Бо й к табе прышла воля сьвятая!
|