Частка другая. Карабельны повар Частка трэцяя. Мае прыгоды на сушы
Раман
Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан
1938 год
Арыгінальная назва: Treasure Island (1883)
Частка чацвертая. Частакол

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

МАЕ ПРЫГОДЫ НА СУШЫ

Раздзел XIII

ЯК ПАЧАЛІСЯ МАЕ ПРЫГОДЫ НА СУШЫ

Калі раніцай я вышаў на палубу, востраў паказаўся зусім іншым, чым учора. Хоць вецер сціх, мы ўсё-такі значна пасунуліся за ноч наперад і цяпер стаялі за поўмілі ад нізкага ўсходняга берага. Большую частку вострава пакрывалі цёмныя лясы. Аднастайны шэры каларыт перарываўся сям-там у лагчынах жоўтымі палосамі пясчанага берага і зялёнымі верхавінамі нейкіх высокіх дрэў, якія больш падобны да соснаў. Гэтыя дрэвы раслі то паасобку, то купінамі і ўзнімаліся над узроўнем лесу, але агульны выгляд вострава быў усё-ж вельмі аднастайны і хмуры. На вяршыне кожнага ўзгорка тырчэлі вострыя голыя скалы. Гэтыя ўзгоркі здзіўлялі мяне дзіўнымі формамі сваіх абрысаў. Падзорная Труба была на трыста або чатырыста футаў вышэй астатніх і таксама нейкая дзіўная: стромкія спады і зрэзаная плоская вяршына, як п'едэстал для статуі.

Акіян так моцна калыхаў „Іспан'ёлу“, што вада дасягала самой палубы. Руль хлопаўся аб карму, то справа, то злева, і ўвесь карабль скакаў, стагнаў і трашчаў, як цацачны. Я ўхапіўся рукою за багштаг і адчуў, што мне робіцца млосна. Усё закружылася ў мяне перад вачыма. Я ўжо паспеў прызвычаіцца да мора, калі карабль бег па хвалях, але цяпер ён стаяў на якары і ў той-жа час круціўся ў вадзе, як бутэлька; ад гэтага мне рабілася млосна, асабліва раніцамі, на пусты страўнік.

Не ведаю, што на мяне зрабіла ўплыў — ці качка, ці гэтыя шэрыя, сумныя лясы, гэтыя дзікія, голыя каменні, гэты грукат прыбоя, які біў ў стромкія берагі, але — хоць сонца ззяла горача і ярка, хоць марскія птушкі кішэлі навокал і з крыкамі лавілі ў моры рыбу, хоць усякі, натуральна, быў-бы рады, убачыўшы зямлю пасля такога доўгага плавання ў адкрытым моры, — туга ахапіла маё сэрца. І з першага поглялу я зненавідзеў Востраў скарбаў.

У гэтую раніцу нас чакала цяжкая работа. Паколькі не было ветру, нам давялося спусціць шлюпкі, працягнуць шкуну на вёслах тры ці чатыры мілі, абагнуць мыс і ўвесці яе ў вузкую пратоку за Востравам шкілета.

Я ўсеўся ў адну са шлюпак, хоць у ёй мне не было што рабіць. Сонца паліла нясцерпна, і матросы ўвесь час бурчэлі, праклінаючы сваю цяжкую работу. Нашай шлюпкай камандаваў Эндэрсон. Замест таго, каб стрымліваць астатніх, ён сам бурчэў і лаяўся гучней за ўсіх.

— Ну, дык добра, — сказаў ён і вылаяўся. — Хутка ўсяму гэтаму будзе канец.

„Кепская адзнака“, рашыў я. Да гэтай пары людзі працавалі старанна і ахвотна. Але аднаго выгляду вострава аказалася досыць, каб паслабіць дысцыпліну.

Доўгі Джон стаяў, не адыходзячы, каля рулявога і дапамагаў яму весці карабль. Ён ведаў пратоку, як сваю ўласную далонь, і ніколі не дзівіўся тым, што пры памерах усюды аказвалася глыбей, чым гэта было адзначана на карце.

— Гэты вузкі праход прарыты акіянскім адлівам, — сказаў ён. — Адліў паглыбляе яго ўсякі раз, як рыдлёўка.

Мы спыніліся ў тым самым месцы, дзе на карце быў нарысаваны якар. Трэць мілі аддзяляла нас ад галоўнага вострава і трэць мілі ад Вострава шкілета. Дно было чыстае, пясчанае. Загрукатаў, падаючы, наш якар, і цэлыя хмары птушак узняліся з крыкам і кружыліся над лесам. Але праз хвіліну яны зноў схаваліся ў галінах, і ўсё змоўкла. Пратока была дасканала закрыта з усіх бакоў. Яна гублялася сярод густых лясоў. Лясы пачыналіся ад самай вады. Берагі былі плоскія. А ўводдалі амфітэатрам узнімаліся ўзгоркі. Дзве балоцістыя рачушкі ўпадалі ў пратоку, якая здавалася сажалкай. Расліннасць каля гэтых рачушак здзіўляла нейкай ядавітай яскравасцю. З карабля не было відаць ні пабудовы, ні частаколу — дрэвы засланялі іх зусім, і, каб не карта, мы маглі-б падумаць, што мы — першыя людзі, якія наведалі гэты востраў ад той пары, як ён узняўся з глыбінь акіяна.

Паветра не варушылася. Толькі адзін гук парушыў цішыню — воддальны шум прыбоя, што разбіваўся аб скалы ў другім канцы вострава. Дзіўны, затхлы пах узнімаўся вакол карабля — пах прэлага лісця і гнілых ствалоў. Я заўважыў, што доктар усё нюхае і моршчыцца, быццам яму дасталося тухлае яйка.

— Не ведаю, ці ёсць тут скарб, — сказаў ён, — але клянуся сваім парыком, што ліхарадка тут ёсць.

Паводзіны каманды, трывожыўшыя мяне на шлюпцы зрабіліся пагражаючымі, калі мы вярнуліся на карабль. Матросы расхаджвалі па палубе і аб чымсьці перагаварваліся. Загады, нават самыя нязначныя, яны выслухоўвалі панура і выконвалі вельмі неахвотна. Нават мірных матросаў ахапіла зараза нездавальнення, і не было каму заклікаць іх да парадку. Бунт збіраўся над нашымі галовамі, як навальніца.

Не толькі мы, насельнікі каюты, заўважылі небяспеку. Доўгі Джон як мага стараўся падтрымаць парадак, пераходзячы ад групкі да групкі, то ўгаварваючы, то паказваючы прыклад. Ён як мага стараўся дагадзіць і выказаць прыязнасць. Ён усміхаўся кожнаму. Калі даваўся які-небудзь загад, ён першы кідаўся на сваёй дзеравяжцы выконваць яго з вясёлым крыкам:

— Ёсць, ёсць, сэр!

А калі не было чаго рабіць, ён спяваў песні, адну за другой, каб не так была прыкметна панурасць астатніх.

З усяго, што адбывалася ў гэты злавесны дзень, самым злавесным здаваліся нам паводзіны Доўгага Джона.

Мы сабраліся ў каюце на нараду.

— Сэр, — сказаў капітан, — калі я аддам хоць адзін загад, увесь карабль кінецца на нас. Вы бачыце, сэр, што робіцца. Мне грубіяняць на кожным кроку. Калі я адкажу на грубасць, нас разарвуць на шматкі. Калі я не адкажу на грубасць, Сільвер можа заўважыць, што тут нешта нядобрае, і гульня будзе прайграна. Але-ж цяпер мы можам пакладацца толькі на аднаго чалавека.

— На каго? — спытаў сквайр.

— На Сільвера, сэр, — адказаў капітан. — Ён не менш нас з вамі хоча ўладзіць справу. Ён выбіваецца з сіл, каб угаварыць іх не бунтаваць раней часу. Я прапаную даць яму магчымасць угаварыць іх, як належыць. Адпусцім матросаў на бераг пагуляць. Калі яны паедуць усе разам, што-ж, мы захопім карабль. Калі ніхто з іх не паедзе, мы зачынімся ў каюце і будзем абараняцца, калі-ж паедуць толькі некаторыя то, верце мне, Сільвер прывядзе іх на карабль паслухмянымі, як авечкі.

Так і вырашылі. Надзейным людзям мы раздалі набітыя пісталеты. Гэнтару, Джойсу і Рэдрэту мы паведамілі аб нашых планах. Даведаўшыся аб усім, яны не вельмі здзівіліся і сустрэлі наша паведамленне больш спакойна, чым мы чакалі. Затым капітан вышаў на палубу і звярнуўся да каманды:

— Хлопцы, — сказаў ён, — сёння шмат давялося папрацаваць, і ўсе мы страшэнна стаміліся. Прагулка на бераг нікому не пашкодзіць. Шлюпкі спушчаны. Хто хоча, можа адпраўляцца на бераг. Можаце прыхапіць з сабой гічкі. За поўгадзіны да захаду сонца я выстралю з пушкі.

Відаць, гэтыя дурні ўявілі сабе, што знойдуць скарбы, ледзь толькі высадзяцца на бераг. Уся іх панурасць адразу знікла. Яны так гучна закрычалі „ура“, што водгулле прачнулася ў далёкіх узгорках і спалоханыя птушкі зноў закружыліся з крыкам над стаянкай.

Капітан абышоўся з імі вельмі разумна: ён адразу адышоў, дазволіўшы Сільверу распараджацца ад'ездам. Ды і як-жа інакш было яму зрабіць. Калі-б ён астаўся на палубе, ён не мог-бы прыкінуцца быццам ён не разумее, што адбываецца. Усё было ясна як дзень. У разбойнікаў быў цяпер другі капітан — Сільвер, і яны слухаліся толькі яго загадаў. А мірныя матросы — хутка выявілася, што былі на караблі і такія, — аказаліся істотнымі дурнямі. Магчыма, аднак, што матросы ўсе да аднаго былі настроены супроць нас важакамі, але занадта далёка ім заходзіць не хацелася. Адна рэч — непаслухмянасць, бурчэнне і гультайства, а другая — захоп карабля і забойства ні ў чым не вінаватых людзей. Пасля доўгіх спрэчак каманда падзялілася так: шасцёра асталіся на караблі, а астатнія трынаццаць, у тым ліку і Сільвер, пачалі рассаджвацца ў шлюпках.

Вось тут і рашыўся я раптам на адважны ўчынак, які ў паследку выратаваў нас ад смерці. Я разважаў так: мы не можам захапіць карабль, паколькі Сільвер пакінуў на борце шасцярых сваіх разбойнікаў. З другога боку, паколькі іх асталося толькі шасцёра, значыцца, яны не рыхтуюцца нападаць на нас зараз-жа. Выходзіць, на караблі я непатрэбен. І я рашыў адправіцца на бераг. У адну хвіліну я пралез праз борт і спусціўся ў шлюпку, якая ў тую-ж хвіліну адплывала.

Ніхто не звярнуў на мяне ўвагі, і толькі пярэдні грабец сказаў:

— Гэта ты, Джым? Трымай галаву ніжэй.

Але Сільвер, які сядзеў у другой шлюпцы, уважліва ўгледзеўся ў нашую і аклікнуў мяне, каб пераканацца, што гэта сапраўды я. І тады я пашкадаваў, што паехаў.

Шлюпкі паімчаліся да берага навыперадкі. Але тая шлюпка, у якой сядзеў я, адплыла першай, аказалася больш лёгкай, і грабцы ў ёй падабраліся найлепшыя. Мы адразу выперадзілі другую шлюпку. Ледзь наш нос крануўся берага, я ўхапіўся за галінку, выскачыў і кінуўся ў гушчар. А Сільвер і яго таварышы асталіся ярдаў на сто ззаду.

— Джым, Джым? — крычаў ён.

Але, зразумела, я не звярнуў на яго крык ніякай увагі. Без аглядкі, падскокваючы, ламаючы кусты, ныраючы ў траву, я бег усё наперад, і наперад, пакуль не знясіліўся.

Раздзел ХIV

ПЕРШЫ ЎДАР

Здаволены, што ўцёк ад Доўгага Джона, я развесяліўся і пачаў з цікавасцю разглядаць незнаёмую мясцовасць.

Спачатку я трапіў у балота, заросшае ніцай лазой, чаротамі і нейкімі дрэвамі невядомай мне пароды. Затым вышаў на адкрытую пясчаную роўнядзь, каля мілі ў даўжыню, дзе раслі рэдкія сосны і нейкія скручаныя, крывыя дрэвы, падобныя на дубы, але са светлымі лісцямі, як у ніцай лазы. У воддалі відаць была двухгаловая гара — абедзве дзіўныя скалістыя вяршыны ярка ззялі на сонцы.

Упершыню я адчуў радасць даследчыка невядомых краін. Востраў быў незаселены. Людзі, прыехаўшыя разам са мной, асталіся далёка ззаду і я нікога не мог сустрэць, апрача дзікіх звяроў і птушак. Я асцярожна праціскаўся сярод дрэў. То тут, то там трапляліся мне нейкія невядомыя расліны і краскі.

То тут, то там я натрапляў на гадзюк. Адна з іх сядзела ў шчыліне каменя. Яна падняла галаву і засіпела на мяне дзіўным гукам, падобным да сіпення ваўчка, калі ён круціцца. А я і не ўяўляў, што гэта славутая грымучая гадзюка, укус якой смяротны.

Нарэшце я ўвайшоў у гушчар дрэў, падобных да дубоў. Упаследку я даведаўся, што іх называюць вечназялёнымі дубамі. Яны раслі на пяску, вельмі нізкія, быццам цярновыя кусты. Вузлаватыя галінкі іх былі дзівосна выгнуты, лісццё густое, як саламяная страха. Зараснікі іх рабіліся ўсё вышэй і гусцей, спушчаліся з пясчанага адкоса да шырокага заросшага кустамі балота, праз якое працякала адна з рэчак, што ўпадалі ў пратоку. Пара ўзнімалася над балотам, і абрысы Падзорнай Трубы дрыжэлі ў спякотным тумане.

Раптам зашорхаў сітнік. З крэканнем узнялася дзікая качка, за ёй другая, і хутка над балотам павісла вялізная хмара птушак, якія з крыкам кружыліся ў паветры. Я адразу здагадаўся, што хто-небудзь з нашых маракоў ідзе праз балота, і не памыліўся. Хутка я пачуў воддальны голас, які набліжаўся і рабіўся ўсё больш гучным.

Я вельмі спалохаўся, шмыгнуў у бліжэйшы гушчар вечназялёных дубоў і прытаіўся, як мыш.

Другі голас адказаў. Затым зноў загаварыў першы голас, і я пазнаў яго — гэта быў голас Сільвера. Ён гаварыў аб чымсьці, не змаўкаючы. Яго спадарожнік адказаў яму рэзка. Калі меркаваць па галасах, яны размаўлялі палка, бадай што злосна, але слоў разабраць я не мог.

Нарэшце яны замоўклі і, відаць, прыселі, таму што птушкі паступова супакоіліся і спусціліся на балота.

І я адчуў, што ўхіляюся ад сваіх абавязкаў. Калі ўжо я такі дурны, што паехаў на бераг з піратамі, я павінен, хоць-бы, падслухаць аб чым яны раюцца. Мой абавязак падказвае мне падкрасціся да іх як мага бліжэй і схавацца ў густое лісцё крывых, вузлаватых хмызнякоў.

Я мог дакладва вызначыць тое месца, дзе сядзелі абодва маракі, — і па галасах і па неспакою некалькіх птушак, якія ўсё яшчэ кружыліся над іх галовамі.

Павольна, але ўпарта поўз я ракам усё наперад. Нарэшце, падняўшы галаву і глянуўшы ў прасвет паміж лісцем, я ўбачыў на зялёнай палянцы каля балота, пад дрэвамі, Джона Сільвера і яшчэ аднаго марака. Яны стаялі адзін насупраць другога і размаўлялі.

Іх абодвух паліла сонца. Сільвер кінуў свой капялюш на зямлю, і яго вялікі, пухлы, бялясы, пакрыты бліскучым потам твар быў звернуты да субяседніка ледзь не з мальбой.

— Прыяцель, — казаў ён, — ты для мяне чыстае золата. Няўжо, ты думаеш, я клапаціўся-б аб табе, калі-б не любіў-бы цябе ад усяго майго сэрца? Усё ўжо зроблена, ты нічога не зменіш. Я хачу выратаваць цябе ад смерці, вось толькі чаму я з табой. Калі-б нашы матросы даведаліся, аб чым я з табой гавару, Том, падумай, што-б яны са мной зрабілі!

— Сільвер, — адказаў марак, і я заўважыў, што яго твар пачырванеў, а яго ахрыплы кракаючы голас дрыжыць, як нацягнены канат, — Сільвер, ты ўжо не малады чалавек

і як быццам маеш сумленне. Прынамсі, цябе ніхто не лічыць за машэнніка. У цябе ёсць грошы… многа грошай… больш, чым у іншых маракоў. І прытым-жа ты не трус. Дык вытлумач мне, калі ласка, чаму ты звязваешся з гэтымі агіднымі швабрамі. Не, ты не можаш быць з імі разам. Я лепш дам адсячы сабе руку… але доўгу свайму не здраджу.

Раптоўны шум прарваў яго. Нарэшце я знайшоў такі аднаго сумленнага марака — і ў той-жа час да мяне даляцела вестка аб другім сумленным мараку. Далёка за балотам раздаўся гнеўны, прарэзлівы крык, пасля другі і затым жахлівы лямант. Водгулле ў скалах Падзорнай Трубы паўтарыла яго некалькі разоў. Уся армія балотных птушак зноў узляцела ў вышыню і засланіла ўсё неба. Доўга яшчэ гэты прадсмяротяы лямант гучэў у маіх вушах, хоць навокал зноў запанавала цішыня, якая парушалася толькі хлопаннем крылляў асядаючай зграі птушак і воддальным грукатам прыбоя.

Том здрыгануўся, як прышпораны конь. Але для Сільвера быццам нічога не здарылася. Ён стаяў, апіраючыся на кастыль, і глядзеў на свайго субяседніка, як гадзюка, гатовая ўкусіць.

— Джон! — сказаў марак, працягваючы да яго руку.

— Рукі прэч! — закрычаў Сільвер, адскочыўшы на крок з хуткасцю і зручнасцю акрабата.

— Добра, Джон Сільвер, я вазьму рукі прэч, — сказаў марак. — Але, сапраўды, толькі нячыстае сумленне прымушае цябе баяцца мяне. Упрашваю цябе, вытлумачы мне што там здарылася?

— Што здарылася? — перапытаў яго Сільвер. Ён усміхнуўся, але не так шырока, як заўсёды, і яго вочы на вялізным твары зрабіліся маленькімі, як канцы іголак, і заблішчэлі, як шкелкі. — Што здарылася? Па-мойму гэта Алан.

Няшчасны Том звярнуўся да яго са шчырай адвагай.

— Алан! — усклікнуў ён. — Вечны спакой яму, ён памёр, як сапраўдны марак! А ты, Джон Сільвер… Мы доўга былі з табой таварышамі, але зараз ужо гэтаму не быць, Няхай я памру, як сабака, але я свайго абавязка не парушу. Гэта-ж ты забіў Алана, а? Дык забі і мяне, калі можаш. Але ведай, што я цябе не баюся.

З гэтымі словамі адважны марак павярнуўся да повара спіной і пайшоў да берага. Але яму не ўдалося адыйсці далёка. Джон усклікнуў, схапіўся за галінку дрэва, выхапіў свой кастыль з падпахі і кінуў яму наўздагон, як кап'ё. Кастыль, пушчаны з надзвычайнай сілай, са свістам праляцеў у паветры і ўдарыў Тома вострым наканечнікам у спіну паміж лапаткамі. Бедны Том узмахнуў рукамі і ўпаў.

Не ведаю, ці моцна ён быў ранены. Мяркуючы па гуку, у яго быў разбіты пазваночнік. Сільвер не даў яму апамятацца. Без кастыля, на адной назе, ён ускочыў на яго са зручнасцю малпы і двойчы ўсадзіў свой нож да самай рукаяткі ў яго безобароннае цела. Седзячы ў кустах, я чуў, як цяжка дыхаў забойца, робячы ўдары.

Ніколі раней я не траціў прытомнасці і не ведаў, што гэта такое. Але тут увесь свет паплыў вакол мяне, як у тумане. І Сільвер, і птушкі, і вяршына Падзорнай Трубы — усё круцілася, хісталася. Вушы мае напоўніліся звонам рознастайных званоў і нейкімі воддальнымі галасамі.

Калі я ачуняў, кастыль быў ужо ў нягодніка падпахай, а капялюш на галаве. Перад ім нерухома ляжаў Том. Але забойца нават не глядзеў на яго. Ён чысціў свой акрываўлены нож пучком травы.

Вакол усё было паранейшаму. Сонца бязлітасна паліла балота, над якім клубіўся туман, і высокую вяршыну гары. І не верылася, што хвіліну таму назад перад маімі вачыма быў забіты чалавек.

Джон засунуў руку ў кішэнь, дастаў з кішэні свісток і некалькі разоў свіснуў. Свіст разнёсся далёка ў спякотным паветры. Я, зразумела, не ведаў значэння гэтага сігнала, але ўсе мае жахі адразу абудзіліся. Сюды прыдуць людзі. Мяне заўважаць. Яны ўжо забілі двух сумленных маракоў. Чаму-бы пасля Тома і Алана не зрабіцца ахвяраю і мне?

Стараючыся не шумець, я выпаўз з хмызняка і паімчаўся ў лес. Уцякаючы, я чуў, як стары пірат пераклікаўся са сваімі таварышамі. І гэтыя гукі быццам прыдалі мне крыллі. Гушчар астаўся ззаду, я пабег хутчэй, як не бегаў яшчэ ніколі. Я бег не разбіраючы дарогі, абы толькі далей уцячы ад забойцаў. З кожным крокам страх мой усё узмацняўся, і ператварыўся, нарэшце, у вар'яцкі жах.

Становішча маё было страшэннае. Хіба я адважуся, калі выстраліць пушка, сесці ў шлюпку разам з гэтымі разбойнікамі, запырсканымі чалавечай крывёю? Хіба кожны з іх не скруціць мне галаву, як толькі ўбачыць мяне? Ужо сама мая адсутнасць, хіба яна не давяла ім, што я іх баюся і, значыцца, аб усім дагадваюся? „Усё скончана, — думаў я. — Бывай, „Іспан'ёла“! Бывайце, сквайр, доктар, капітан! Я загіну або ад голаду, або ад бандыцкага нажа.

Я імчаўся, не ведаючы куды, і апынуўся ў падножжа невысокай гары з двухгаловай вяршынай. У гэтай частцы вострава вечназялёныя дубы раслі не так густа і былі падобны сваімі памерамі не да кустоў, а да звычайных лясных дрэў. Зрэдка над імі ўзвышаліся адзінокія сосны. Паветра тут было свежае і чыстае, зусім не такое, як унізе, каля балота.

Але тут мяне пільнавала другая небяспека, і сэрца маё зноў замерла ад жаху.

Раздзел ХV

АСТРАВІЦЯНІН

З абрывістага камяністага спада пасыпаўся жвір і пакаціўся ўніз, шастаючы і падскакваючы паміж дрэвамі. Я мімаволі глянуў уверх і ўбачыў дзіўную істоту, якая імкліва скочыла за ствол сасны. Што гэта? Мядзведзь? Чалавек? Малпа? Я паспеў разгледзець толькі штосьці цёмнае і касматае і ад жаху спыніўся.

Такім чынам абодва шляхі адрэзаны. Ззаду мяне чакаюць забойцы. Наперадзе — гэтае невядомае страшыдла. І я адразу-ж палічыў за лепшае вядомую небяспеку, чым невядомую. Нават Сільвер не здаваўся мне такім страшным, як гэты лясны вырадак. Я павярнуўся і, што хвіліну азіраючыся, пабег у напрамку да шлюпак.

Страшыдла, зрабіўшы вялікі круг, абагнала мяне і апынулася наперадзе. Я быў вельмі стомлены. Але нават калі-б я не адчуваў стомленасці, я ўсёроўна не здолеў-бы ісці навыперадкі з такім спрытным ворагам. Дзівосная істота перабягала ад ствала да ствала з хуткасцю аленя. Яна рушылася на двух нагах, па-чалавечаму, хоць вельмі нізка прыгіналася да зямлі. Так, гэта быў чалавек, у мяне не было больш у гэтым сумнення.

Я ўспомніў усё, што чуў аб людаедах, хацеў ужо паклікаць на дапамогу. Аднак, думка аб тым, што перада мной знаходзіцца чалавек, хоць-бы і дзікі, крыху падбадзёрыла мяне. І страх мой перад Сільверам зараз-жа аджыў. Я спыніўся, раздумваючы, як-бы выслізнуцца ад ворага. Пасля ўспомніў, што ў мяне ёсць пісталет. Як толькі я ўбачыў, што я не безабаронны, да мяне вярнулася мужнасць і я рашуча накіраваўся насустрач астравіцяніну.

Ён зноў схаваўся, на гэты раз за дрэвам. Заўважыўшы, што я накіроўваюся да яго, ён вышаў з засады і ступіў крок мне насустрач. Потым у нерашучасці патупаў на месцы, адступіўся і раптам, што мяне вельмі здзівіла і збянтэжыла, упаў на калені і з маленнем выцягнуў да мяне рукі.

Я зноў спыніўся.

— Хто вы такія? — спытаў я.

— Бен Ган, — адказаў ён: голас у яго быў сіплы і дзікі, як скрып заіржаўленага замка. — Я няшчасны Бен Ган. Тры гады я не размаўляў ні з адным чалавекам.

Гэта быў такі-ж белы чалавек, як і я, і рысы яго твара былі нават прыемныя. Толькі скура так моцна загарэла ў яго на сонцы, што нават губы ў яго былі чорныя. Светлыя вочы са здзіўляючай рэзкасцю вызначаліся на цёмным твары. З усіх жабракоў, якіх я толькі бачыў у сваім жыцці, гэты быў больш за іншых абадраны. Яго вопратка складалася з лахманоў старога паруса і матроскай кашулі. Адзін шматок прымацоўваўся да другога або медзяным гузікам, або прутком, або прасмоленым пакуллем. Адзіная непадраная рэч ва ўсім яго касцюме была — скураны пояс з медзянай спражкай.

— Тры гады! — усклікнуў я. — У вас было крушэнне?

— Не, прыяцель — сказаў ён, — мяне пакінулі тут, на востраве.

Я чуў аб гэтым жахлівым пірацкім пакаранні: вінаватага высаджвалі на які-небудзь аддалены і пустынны востраў і пакідалі там аднаго, з невялікай колькасцю пораху і куль.

— Пакінуты на гэтым востраве тры гады назад, — працягваў ён, — ад таго часу кармлюся казляцінай, ягадамі, устрыцамі. Чалавек можа жыць усюды, куды-б яго не закінула, але каб ты ведаў, мой мілейшы, як засумавала маё сэрца аб сапраўднай чалавечай ежы! Ці няма ў цябе з сабой кавалачка сыру? Няма? Ну вось, а я шмат доўгіх начэй сплю і бачу сыр, падсмажаны на кавалачку хлеба… Прачынаюся, а сыру няма.

— Калі мне пашанцуе вярнуцца да сябе на карабль, — сказаў я, — вы атрымаеце вось гэтакую галаву сыру.

Ён абмацваў маю світку, гладзіў мае рукі, разглядваў мае чаравікі і, змоўкнуўшы, па-дзіцячаму радаваўся, што бачыць перад сабой чалавека.

Пачуўшы мой адказ, ён глянуў на мяне з нейкай хітрасцю.

— Калі табе пашанцуе вярнуцца да сябе на карабль? — паўтарыў ён мае словы. — А хто-ж можа табе перашкодзіць?

— Ужо, вядома, не вы, — адказаў я.

— Вядома не я! — усклікнуў ён. — А як цябе завуць, прыяцель?

— Джым, — сказаў я.

— Джым, Джым, — паўтараў ён з асалодай. — Так, Джым, я так жыў, што мне сорамна нават расказваць. Ці паверыў-бы ты, гледзячы на мяне, што мая маці была вельмі добрая шляхетная жанчына?

— Паверыць цяжкавата, — згадзіўся я.

— Яна была надзвычай добрая жанчына, — сказаў ён. — Я рос ветлівым, добравыхаваным хлопчыкам і ўмеў так хутка паўтараць на памяць катэхізіс, што нельга было адрозніць адно слова ад другога. І вось што з мяне вышла,

Джым. А ўсё таму, што я з маладых гадоў хадзіў на могілкі гуляць у арлянку. Далібог, пачаў з арлянкі і пакаціўся. Маці казала, што я дрэнна скончу, і яе прадраканні спраўдзіліся. Мабыць, сталася лепш, што я трапіў на гэты востраў. Я шмат раздумліваў тут у адзіноце і раскаяўся. Цяпер ужо не спакусіш мяне выпіўкай. Канечна, ад выпіўкі я не буду адмаўляцца і зараз, але толькі крышачку, не больш напарстка, на шчасце… Я даў сабе слова паправіцца і цяпер ужо не заблытаюся, вось убачыш. А галоўнае, Джым, — ён азірнуўся і панізіў голас да шопату, — дык-жа я зрабіўся зараз багачом.

— Тут я канчаткова пераканаўся, што няшчасны звар'яцеў на адзіноце. Відаць, мая думка адлюстравалася ў мяне на твары, таму што ён палка паўтарыў:

— Багачом! Багачом! Слухай, Джым, я зраблю з цябе чалавека! Ах, Джым, ты будзеш благаслаўляць лёс, што першы знайшоў мяне!

Раптам яго твар пацямнеў, ён сціснуў маю руку і пагражаюча ўзняў палец.

— Скажы мне праўду, Джым: ці не Флінтавы гэта карабль?

Мне прышла ў галаву шчаслівая думка. Гэты чалавек можа зрабіцца нашым саюзнікам. І я зараз-жа адказаў яму:

— Не, не Флінтавы, Флінт памёр, але паколькі вы хочаце ведаць праўду, вось вам праўда: на караблі ёсць некалькі старых таварышоў Флінта, і для нас гэта вялікае няшчасце.

— Ці няма ў вас… аднаногага? — выкрыкнуў ён, задыхаючыся.

— Сільвера? — спытаў я.

— Сільвера! Сільвера! Так, яго называлі Сільверам.

— Ён у нас повар. І верхаводзіць усёй шайкай.

Ён усё яшчэ трымаў мяне за руку і пры гэтых словах ледзь не зламаў яе.

— Калі ты падасланы Доўгім Джонам, — сказаў ён, — я прапаў. Але ці ведаеш ты, дзе ты знаходзішся?

Я расказаў яму ўсё, і аб нашым падарожжы і аб пакутлівым становішчы, у якім мы апынуліся. Ён слухаў мяне з глыбокай увагай, і, калі я скончыў, пагладзіў мяне па галаве.

— Ты слаўны хлопец, Джым, — сказаў ён. — Але цяпер мы ўсе завязаны мёртвым узлом. Пакладайцеся на Бена Гана, і ён выратуе вас, вось убачыш. Скажы, як будзе адносіцца ваш сквайр да чалавека, які выручыць яго з бяды?

Я сказаў яму, што сквайр — самы шчодры чалавек ва ўсім свеце.

— Добра, добра, але, бачыш, — казаў далей Бен Ган, — я не рыхтуюся прасіць у яго лакейскую ліўрэю ці пасаду вартаўніка. Не, гэтым мяне не прывабіш! Я хачу ведаць, ці згодзіцца ён даць мне хоць-бы адну тысячу фунтаў з тых грошай, якія і так мае.

— Упэўнены, што дасць, — адказаў я. — Усе матросы павінны былі атрымаць ад яго сваю долю скарба.

— І завязе мяне дадому? — спытаў ён, гледзячы на мяне выпрабоўваючым поглядам.

— Вядома! — усклікнуў я. — Сквайр — сапраўды джэнтльмен. Акрамя таго, калі мы вызвалімся ад разбойнікаў, дапамога такога спрактыкаванага марахода, як вы, будзе вельмі патрэбна на караблі.

— Так, — сказаў ён, — здаецца вы і сапраўды адвязеце мяне?

І ўздыхнуў з палёгкай.

— А зараз паслухай, што я табе раскажу, — працягваў ён. — Я быў на караблі Флінта, калі ён закапаў скарб. З ім было яшчэ шэсць маракоў — здаравенныя, дужыя людзі. Яны прабылі на востраве каля тыдня, а мы сядзелі на старым „Маржы“. У адзін прыгожы дзень мы ўбачылі шлюпку, а ў шлюпцы сядзеў Флінт, яго галава была падвязана сіняй хустачкай. Узыходзіла сонца. Ён быў бледны, як смерць, і плыў да нас адзін, а астатнія шасцёра былі забіты… забіты і пахаваны, так. Як ён расправіўся з імі, аб гэтым ніхто з нас ніколі не даведаўся. У іх была бойка, разня, і ён усіх перамог — адзін шасцярых!.. Білі Бонс быў штурманам, а Доўгі Джон — кватэрмейстар. Яны спыталі ў яго, дзе скарб. „Ідзіце на бераг і пашукайце, — сказаў ён у адказ. — Але, клянуся громам, карабль не будзе вас чакаць“. Вось як ён сказаў ім, Флінт. А тры гады назад я плыў на другім караблі, і мы ўбачылі гэты востраў. „Хлопцы, — сказаў я, — тут Флінт закапаў скарб. Сыйдзем на бераг і пашукаем“. Капітан вельмі раззлаваўся… Але ўсе матросы былі са мной за адно, і мы прысталі да гэтага берага. Дванаццаць дзён мы шукалі скарб і нічога не знайшлі. З кожным днём таварышы лаялі мяне ўсё мацней і мацней. Нарэшце, яны рашылі вярнуцца на карабль. „А ты, Бенжамін Ган, аставайся! — сказалі яны. — Вось табе мушкет, рыдлёўка і лом, Бенжамін Ган… Аставайся тут і адшукай Флінтавы грошыкі“. Ад той пары, Джым, вось ужо тры гады жыву я тут і ні разу не бачыў далікатнай чалавечай ежы. Глянь на мяне: хіба падобны я да звычайнага матроса? Не, скажаш, не падобны? Так і не быў падобным ніколі.

Ён неяк дзіўна падміргнуў мне адным вокам і моцна ўшчыпнуў мяне за руку.

— Так і скажы свайму сквайру, Джым: ён ніколі не быў падобны да звычайнага матроса, — працягваў ён. — Скажы яму, што Бен тры гады сядзеў тут, на востраве, адзін-адзінёханькі, і ўдзень і ўночы, і ў добрае надвор'е і ў дажджлівае. Часам, магчыма, ён успамінаў сваю састарэлую маці, хоць яна даўно памерла (так і скажы яму). Але больш часу (ужо гэта ты абавязкова яму скажы), больш часу Ган займаўся іншымі справамі. І пры гэтых словах ушчыпні яго вось так.

І ён зноў ушчыпнуў мяне зусім па-прыяцельску.

— Ты яму, — сказаў ён, — вось яшчэ што скажы: Ган — дасканалы чалавек (так яму і скажы), Ган разумее розніцу паміж сапраўдным джэнтльменам і джэнтльменам удачы, таму што ён сам быў калісьці джэнтльменам удачы.

— З таго, што вы мне тут кажаце, я не зразумеў бадай што нічога, — сказаў я: — Аднак, гэта зараз і няважна, таму што я ўсёроўна не ведаю, як трапіць на карабль.

— А, — сказаў ён, — кепская твая справа. Ну, дык добра, у мяне ёсць лодка, якую я змайстраваў сабе сам, уласнымі сваімі рукамі. Яна схавана пад белай скалой. На выпадак якой-небудзь бяды мы можам паехаць на ёй, калі сцямнее… Але чакай! — закрычаў ён раптам. — Што гэта там такое? — Якраз у тую хвіліну з карабля грымнуў пушачны стрэл. Гучнае рэха падхапіла яго і разнесла па ўсяму востраву, а між тым да захаду сонца аставалася яшчэ дзве гадзіны.

— Там ідзе бойка! — крыкнуў я. — За мною-жа! Ідзіце хутчэй.

Я кінуўся бегчы да карабельнай стаянкі, забыўшы свае нядаўнія страхі. Побач са мной лёгка і спрытна бег злошчасны палоннік.

— Лявей, лявей, — падказваў ён. — Лявей, мілейшы Джым! Бліжэй да дрэў! Вось у гэтым месцы ўпершыню падстрэліў я казу. Цяпер козы сюды не спускаюцца, яны бегаюць толькі там, наверсе, па горах таму, што баяцца Бенжаміна Гана…

Ён балбатаў на бягу несціхана, не чакаючы адказу, ды я і не мог адказваць.

Пасля пушачнага стрэлу доўгі час была цішыня, а потым раздаўся залп са стрэльбаў.

І потым зноў цішыня. І потым наперадзе над лесам, за чвэрць мілі ад нас, узняўся брытанскі сцяг.