Востраў скарбаў (1938)/4
← Частка трэцяя. Мае прыгоды на сушы | Частка чацвертая. Частакол Раман Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан 1938 год Арыгінальная назва: Treasure Island (1883) |
Частка пятая. Мае прыгоды на моры → |
ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ
ЧАСТАКОЛ
Раздзел XVI
ДАЛЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ РАСКАЗАНЫ ДОКТАРАМ.
ЯК БЫЎ ПАКІНУТЫ КАРАБЛЬ
Абедзве шлюпкі адплылі ад „Іспан'ёлы“ каля паловы другой, або, кажучы па-марскому, калі прабіла тры склянкі. Капітан, сквайр і я сядзелі ў каюце і раіліся аб тым, што рабіць. Калі-б дзьмуў хоць самы лёгкі вецер, мы напалі-б знянацку на шасцярых мяцежнікаў, што асталіся на караблі, зняліся-б з якара і вышлі ў мора. Але ветру не было.
Да таго-ж з'явіўся Гэнтэр і паведаміў, што Джым Гоўкінс праслізнуў у шлюпку і паехаў разам з піратамі на бераг.
Мы, вядома, ні хвіліны не думалі, што Джым Гоўкінс — здраднік, але вельмі за яго непакоіліся. Матросы, з якімі ён паехаў, былі так раздражнены, што, прызнацца, мы не спадзяваліся ўбачыць Джыма зноў. Мы спехам вышлі на палубу. Смала пузырамі выступіла ў шчылінах. Навокал у паветры стаяў такі смурод ад балотных выпарэнняў, што мне зрабілася моташна. У гэтай агіднай пратоцы пахла ліхарадкай і дызентэрыяй. Шасцёра нягоднікаў панура сядзелі на карабельным баку. На беразе каля ўтокі нейкай рачулкі стаялі дзве шлюпкі, і ў кожнай сядзеў матрос. Адзін з іх насвістваў „Лілібулеро“.
Чакаць рабілася нязносна, і мы вырашылі, што я з Гэнтэрам паеду на разведку ў чоўне.
Шлюпкі знаходзіліся справа ад карабля. А мы з Гэнтэрам накіраваліся проста, якраз да таго месца, дзе на карце адзначаны быў частакол. Заўважыўшы нас, матросы, вартаваўшыя шлюпкі, замітусіліся. „Лілібулеро“ сціхла. Мы бачылі, як яны спрачаюцца, што рабіць. Калі-б яны паведамілі Сільвера, усё, відаць, пайшло-бы па-іншаму. Але, відаць, ім было загадана не пакідаць шлюпак ні пры якіх абставінах. Яны спакойна ўселіся, і адзін з іх зноў засвістаў „Лілібулеро“.
Бераг у гэтым месцы крыху ўгінаўся, ствараючы нешта накшталт невялікага мыса, і я знарок кіраваў такім чынам, каб мыс засланіў-бы нас ад нашых ворагаў раней, чым мы прычалім. Выскачыўшы на бераг, я пабег як мага хутчэй, падклаўшы пад капялюш шоўкавую хустачку, каб абараніць галаву ад спякотнага сонца. У кожнай руцэ ў мяне быў набіты пісталет.
Не прабег я і сотні ярдаў, як натрапіў на частакол.
Празрыстая крыніца біла з зямлі амаль на самай вяршыні невялікага ўзгорка. Тут-жа каля крыніцы, быў пабудаваны высокі зруб з бярвенняў. У ім магло змясціцца чалавек сорак. У сценах гэтай пабудовы былі байніцы для стрэльбаў. Вакол зруба знаходзілася шырокая расчышчаная прастора, абгароджаная частаколам шэсць футаў у вышыню, без усякіх варотцаў, без адзінай адтуліны. Зламаць яго было нялёгка, а ўкрыцца за ім ад сядзеўшых у зрубе немагчыма. Людзі, якія заселі-б у зрубе, маглі расстрэльваць нападаючых, як курапатак. Даць ім добрых вартавых ды больш харчоў, і яны вытрымаюць напад цэлага палка.
Асабліва абрадаваў мяне ручай. Да рэчы, у каюце „Іспан'ёлы“ таксама някепска: многа зброі, многа баявых прыпасаў, многа харчоў, многа дасканалых вінаў. Але ў каюце не было вады. Я раздумліваў аб гэтым, як раптам разнёсся жахлівы прадсмяротны лямант. Не ўпершыню я сутыкаюся са смерцю — я служыў у войсках герцага Кехберлендскага і сам атрымаў рану пад Фонтэнуа, — але ад гэтага крыку сціснулася маё сэрца. „Загінуў Джым Гоўкінс“, рашыў я.
Шмат азначае быць старым салдатам, але быць доктарам азначае больш, у нашай справе нельга траціць ні хвіліны. Я адразу-ж абдумаў усё, спяшаючыся вярнуўся на бераг і скочыў у човен.
На шчасце, Гэнтэр аказаўся вельмі добрым грабцом. Мы імкліва панесліся па пратоцы. Лодка прычаліла да барта, і я ўзабраўся на карабль. Прыяцелі мае былі ўстрывожаны. Сквайр сядзеў белы, як папера, і — добры чалавек, раздумліваў пра тое, у якую небяспеку мы пападзем дзеля яго. Адзін з матросаў, сядзеўшых на карабельным баку, быў таксама бледны і расстроены.
— Гэты чалавек, — сказаў капітан Смолет, кіўнуўшы ў яго бок, — яшчэ не прызвычаіўся да разбою. Калі ён пачуў крык, доктар, ён ледзь не страціў прытомнасці. Яшчэ крыху, і ён будзе наш.
Я расказаў капітану свой план, і мы разам абмеркавалі яго.
Старога Рэдрэта мы паставілі ў калідоры паміж бакам і каютай, даўшы яму ці то тры, ці то чатыры набітыя мушкеты і матрац для абароны. Гэнтэр падвёў лодку да кармы, і мы з Джойсам узялі нагружаць яе порахам, мушкетамі, сухарамі, свінінай. Затым спусцілі ў яе бачонак з кан'яком і маю каштоўную скрыначку з лякарствамі.
У той час сквайр і капітан вышлі на палубу. Капітан выклікаў другога боцмана — начальніка матросаў, што засталіся на караблі.
— Містэр Гэндс, — сказаў ён, — нас тут двое, і ў кожнага пара пісталетаў. Той з вас, хто падасць сігнал на востраў, будзе забіты.
Разбойнікі збянтэжыліся. Затым пашаптаўшыся, кінуліся ўніз, рыхтуючыся напасці на нас з тылу, але натыкнуўшыся ў вузкім праходзе на Рэдрэта з мушкетамі, адразу-ж кінуліся назад. Чыясьці галава высунулася з люка на палубу.
— Уніз, сабака! — крыкнуў капітан.
Галава знікла. Усе шасцёра, напалоханыя да смерці, кудысьці забіліся і сціхлі.
Мы з Джойсам нагрузілі лодку даверху. Пасля спусціліся ў яе самі і, вяслуючы, што ёсць сілы, панесліся да берага.
Другая наша паездка моцна занепакоіла абодвух вартавых на беразе. „Лілібулеро“ сціхла зноў. І, яшчэ да таго, як мы ўжо не маглі іх бачыць, абагнуўшы мысок, адзін з іх пакінуў сваю шлюпку і пабег у глыбіню вострава. Я спачатку хацеў скарыстаць гэта і знішчыць іх шлюпкі, але пабаяўся, што Сільвер з усёй шайкай знаходзіцца недалёка і што мы страцім усё, калі захочам вельмі многа.
Мы прычалілі да ранейшага месца і пачалі перацягваць груз ва ўмацаванне. Цяжка нагружаныя, мы данеслі нашы прыпасы да форта і перакінулі іх праз частакол. Ахоўваць іх паставілі Джойса. Ён аставаўся адзін, але затое стрэльбаў у яго было не менш поўтузіны. А мы з Гэнтэрам вярнуліся да лодкі і зноў узвалілі груз на спіны. Такім чынам, працуючы без перапынку, мы паступова перанеслі ўвесь груз. Джойс і Гэнтэр засталіся ва ўмацаванні, а я, вяслуючы што было сілы, паімчаўся назад да „Іспан'ёлы“.
Мы рашылі яшчэ раз нагрузіць лодку. Гэта было рызыкоўна, але не так ужо неразважна, як можа здацца. Іх, вядома, было больш, чым нас, але затое мы былі лепш узброены. Ні ў каго з паехаўшых на бераг не было мушкета, і, раней чым яны падышлі-б да нас на адлегласць пісталетнага стрэлу, мы паспелі-б застрэліць ня менш шасцярых.
Сквайр чакаў мяне каля кармавога акна. Ён значна падбадзёрыўся і павесялеў. Схапіўшы кінуты мною канец, ён падцягнуў шлюпку і мы зноў пачалі яе нагружаць свінінай, порахам, сухарамі. Пасля захапілі па аднаму мушкету і па аднаму корціку для мяне, сквайра, Рэдрэта і капітана. Астатнюю зброю і ўвесь астатні порах мы выкінулі за борт. У пратоцы было дзве з паловай сажні глыбіні, і мы бачылі, як блішчыць асветленая сонцам сталь на чыстым пясчаным дне.
Пачаўся адліў, і шкуна павярнулася вакол якара. Пачулася, што каля шлюпак на беразе пераклікаліся галасы. Хоць гэта і даводзіла, што Джойс і Гэнтэр, якія знаходзіліся больш на ўсход, яшчэ не заўважаны, мы ўсё-ж рашылі паспяшацца.
Рэдрэт пакінуў свой пост у калідоры і скочыў у лодку. Мы падвялі яе да другога борта, каб узяць капітана Смолета.
— Хлопцы, — гучна крыкнуў ён, — вы чуеце мяне?
З кубрыка ніхто не адказаў.
— Я звяртаюся да цябе, Абрагэм Грэй.
Маўчанне.
— Грэй, — працягваў містэр Смолет, узняўшы голас, — я пакідаю карабль і загадваю табе ісці за тваім капітанам. Я ведаю, што, па сутнасці, ты чалавек добры, ды і астатнія ўжо не такія дрэнныя, як стараюцца здавацца такімі. У мяне ў руцэ гадзіннік. Даю табе трыццаць секунд на тое, каб далучыцца да мяне.
Стварылася збянтэжанасць.
— Ідзі-ж, мой друг, — працягваў капітан. — Не прымушай нас траціць час дарма. Кожная-ж хвіліна маруджання пагражае смерцю і мне і гэтым джэнтльменам.
Пачалася глухая барацьба, пачуліся гукі ўдараў, і на палубу выскачыў Абрагэм Грэй. Шчака яго была парэзана нажом. Ён падбег да капітана, як сабака, якой свіснуў гаспадар.
— Я з вамі, сэр, — сказаў ён.
Яны абодва саскочылі ў шлюпку, і мы адчалілі.
Карабль быў пакінуты. Але да частакола мы яшчэ не дабраліся.
Раздзел ХVII
ДОКТАР ПРАЦЯГВАЕ СВОЙ РАСКАЗ. АПОШНІ ПЕРАЕЗД У ЧОЎНЕ
Гэты апошні — пяты — пераезд скончыўся не так добра як ранейшыя. Па-першае, наша маленькая лодачка была вельмі перагружана. Пяцёра дарослых мужчын ды прытым трое з іх — Трэлоўні, Рэдрэт і капітан ростам вышэй шасці футаў — гэта ўжо не так мала. Дадайце да гэтага порах, свініну, мяшкі з сухарамі. Нядзіўна, што карма ледзь узнімалася над узроўнем вады. Нас час ад часу крыху залівала. Не паспелі мы ад'ехаць на сотню ярдаў, як мае штаны і полы камзола прамоклі наскрозь.
Капітан прымусіў нас размясціць груз па-іншаму, і лодка выраўнялася.
І ўсё-ж мы баяліся нават дыхаць, каб не перакінуць яе.
Па-другое, дзякуючы адліву стварылася моцнае цячэнне, якое накіроўвалася на захад, а пасля заварочвала на поўдзень, у адкрытае мора, праз той праход, па якому раніцой зайшла ў пратоку наша шкуна. Перагружаную нашу лодачку маглі перакуліць нават драбнейшыя хвалі. Але горш за ўсё было тое, што цячэнне адносіла нас убок і не дазваляла нам прыстаць да берага за мысам, там, дзе я прыставаў раней. Калі-б мы не здужалі цячэння, мы дасягнулі-б берага якраз каля двух шлюпак, дзе кожную хвіліну маглі з'явіцца піраты.
— Я не маю сіл накіраваць да частакола, сэр, — сказаў я капітану. Я кіраваў рулём, а капітан і Рэдрэт, якія не паспелі яшчэ стаміцца, граблі. — Цячэнне адносіць нас. Ці нельга прыналегчы на вёслы?
— Калі мы прыналяжам, нас залье, — сказаў капітан. — Пастарайцеся, калі ласка, і трымайце проста супроць цячэння. Пастарайцеся, сэр, прашу вас.
Нас адносіла на захад да таго часу, пакуль я не накіраваў нос проста на ўсход, пад прамым кутом да таго шляху, па якому мы павінны былі рушыцца.
— Гэтак мы ніколі не дабярэмся да берага, — сказаў я.
— Калі пры ўсякім іншым курсе нас зносіць, сэр, мы павінны трымацца гэтага курса, — адказаў капітан. — Кіруйце супроць цячэння. Калі нас аднясе, сэр, — працягваў ён, — нам ніколі ўжо не ўдасца прычаліць каля частакола, і разбойніцкія шлюпкі могуць напасці на нас. А калі мы пратрымаемся, цячэнне хутка аслабне, і мы спакойна дабярэмся да берага.
— Цячэнне ўжо слабее, сэр, — сказаў матрос Грэй, які сядзеў на носе. — Можна ледзь павярнуць да берага.
— Дзякую, мой ласкавы, — падзякаваў яго я, як быццам ніколі між намі не было ніякіх непаразуменняў.
Мы ўсе моўчкі ўмовіліся абыходзіцца з ім так, як быццам ён ад самага пачатку быў за адно з намі.
І раптам капітан сказаў змяніўшымся голасам.
— Пушка!
— Я ўжо думаў аб гэтым, — сказаў я, мяркуючы, што ён гаворыць аб магчымасці бамбардыраваць наш форт з пушкі. — Ім ніколі не ўдасца вывезці пушку на бераг. А калі і вывезуць, яна захрасне ў лесе.
— Не, вы паглядзіце на карму, — сказаў капітан.
Спяшаючыся, мы зусім забылі пра пушку. Пяцёра нягоднікаў вазіліся каля пушкі, сцягваючы з яе „світку“, так называлі яны прасмолены парусінавы чахол, якім яна была накрыта. Я ўспомніў, што мы пакінулі на караблі порах і ядры і што разбойнікам вельмі лёгка будзе дастаць іх са складу.
— Ізраэль быў у Флінта кананірам, — сіпла сказаў Грэй.
Я накіраваў лодку проста да берага. Цячэнне аслабла, і мы лёгка ўправіліся з ім. Лодка дасканала слухалася руля. Але, як на злосць, цяпер яна была павернена да „Іспан'ёлы“ бортам і з'яўлялася вельмі ўдалай мішэнню.
Я мог не толькі бачыць, але і чуць як чырвонаморды нягоднік Ізраэль Гэндс з грукатам каціў па палубе ядро.
— Хто ў нас лепшы стралок? — спытаў капітан.
— Містэр Трэлоўні, без сумнення, — адказаў я.
— Містэр Трэлоўні, застрэльце аднаго з разбойнікаў, сэр. Калі можна, Гэндса, — сказаў капітан.
Трэўлоні быў халодны, як сталь. Ён агледзеў курок сваёй стрэльбы.
— Асцярожней, сэр! — крыкнуў капітан, — не перакуліце лодку! А вы ўсе будзьце напагатове і ў часе стрэлу пастарайцеся захаваць роўнавагу.
Сквайр узняў стрэльбу, грабцы перасталі веславаць, мы перасунуліся да борта, каб утрымаць роўнавагу, і ўсё абышлося так добра, што лодка не зачэрпнула ні каплі.
Піраты тым часам павярнулі пушку ў наш бок, і Гэндс, які стаяў з прабойнікам каля жорла, быў дасканалай цэллю. Аднак, нам не пашанцавала. У той час як Трэлоўні страляў, Гэндс нагнуўся, і куля, прасвістаўшы над ім, трапіла ў аднаго з матросаў.
Ранены закрычаў, і яго крык падхапілі не толькі тыя, хто быў разам з імі на караблі. Мноства галасоў адказала яму з берага. Глянуўшы туды, я ўбачыў, што піраты беглі з лесу да шлюпак.
— Яны зараз адплывуць, сэр, — сказаў я.
— Паскорце ход! — закрычаў капітан. — Цяпер ужо няважна, затопім мы лодку ці не. Калі нам не ўдасца дабрацца да берага, усё загінула.
— Адчальвае толькі адна шлюпка, сэр, — заўважыў я. — Каманда другой шлюпкі, відаць, пабегла ўздоўж берага, каб перарэзаць нам шлях.
— Ім давядзецца здорава пабегаць, — запярэчыў капітан. — А маракі на сушы не вельмі праворныя. Не іх баюся я, а пушкі. Чэрці! Мая пушка б'е без промаху. Папярэдзьце нас, сквайр, калі ўбачыце запалены кнот, і мы дадзім лодцы другі кірунак.
Не гледзячы на цяжкі груз, наша лодка пасоўвалася цяпер даволі хутка і бадай што не чэрпала вады. Нам трэба было якіх-небудзь трыццаць-сорак разоў узмахнуць вёсламі, і мы дабраліся-б да пясчанай мелі каля дрэў, якую агаліў адліў. Шлюпка ўжо не магла нас дагнаць: мысок схаваў яе з віду.
Адліў, які нядаўна перашкаджаў нам уцякаць, цяпер перашкаджаў нашым ворагам даганяць нас. Нам пагражала толькі пушка.
— Добра было-б спыніцца і падстрэліць яшчэ аднаго з іх, — сказаў капітан.
Але было ясна, што пушка абавязкова выстраліць. Разбойнікі нават не глядзелі на свайго раненага таварыша, хоць ён быў жывы і мы бачылі, як ён спрабаваў адпаўзці ўбок.
— Гатова! — крыкнуў сквайр.
— Назад! — як рэха, адклікнуўся капітан.
Ён і Рэдрэт так моцна затармазілі вёсламі, што карма пагрузілася ў ваду. Сквайр папярэдзіў нас своечасова. Грымнуў пушачны стрэл — той самы, які пачуў Джым, стрэл сквайра да яго не данёсся. Мы не заўважылі, куды ўдарыла ядро. Я мяркую, што яно прасвісцела над нашымі галовамі і што вецер, узняты ім, быў прычынай нашага няшчасця.
Як-бы там ні было, але зараз-жа пасля стрэлу наша лодка зачэрпнула кармой ваду і пачала павольна пагружацца. Глыбіня была невялікая, усяго футы са тры. Нам з капітанам удалося стаць на дно, адзін супроць другога. Астатнія трое акунуліся з галавой і вынырнулі, пырскаючы і адсопваючыся.
Па сутнасці, нічога кепскага не здарылася — усе былі жывыя і шчасліва дабраліся да берага. Але нашы запасы асталіся на дне, і, што горш за ўсё, з пяці стрэльбаў не падмоклі толькі дзве. Маю стрэльбу я, апускаючыся ў ваду, інстынктыўна падняў над галавой. А капітанава стрэльба вісела ў яго за плячыма замком уверх і таксама асталася сухой. Тры астатнія стрэльбы нырнулі разам з лодкай.
У лесе, ужо зусім недалёка, чутны былі галасы. Нас маглі адрэзаць ад частакола. Апрача таго, мы сумняваліся, ці ўтрымаюцца Гэнтэр і Джойс, калі на іх нападзе поўтузіны піратаў. Гэнтэр — чалавек цвёрды. А за Джойса мы непакоіліся — ён услужны і ветлівы слуга, ён дасканала чысціць шчоткай вопратку, але для вайны ніколькі не здатны.
Устрывожаныя, мы дабраліся да берага ўброд, пакінуўшы на волю лёсу нашу бедную лодачку, у якой знаходзілася бадай што палова ўсяго нашага пораху і ўсіх нашых харчоў.
Раздзел XVIII
ДОКТАР ПРАЦЯГВАЕ СВОЙ РАСКАЗ. КАНЕЦ БОЙКІ Ў ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
Мы як мага хутчэй беглі праз лес, што аддзяляў нас ад частакола, і з кожнай хвілінай усё бліжэй і бліжэй чуліся галасы піратаў. Хутка мы пачулі тупат іх ног і трэск сучча. Яны прабіраліся скрозь гушчар.
Я зразумеў, што нам давядзецца мець сутычку не на жарты, і агледзеў сваю стрэльбу.
— Капітан, — сказаў я, — Трэлоўні страляе без промаху, але яго стрэльба хлябнула вады. Уступіце яму сваю.
Яны памяняліся стрэльбамі, і Трэлоўні, паранейшаму маўклівы і стрымны, на хвіліну спыніўся, каб праверыць набой. Тут толькі я заўважыў, што Грэй бяззбройны, і аддаў яму свой корцік. Узрадаваны, ён папляваў на рукі, насупіў бровы і замахаў корцікам з такой сілай, што лязо са свістам рассякала паветра. І кожны ўзмах корціка быў доказам, што наш новы саюзнік будзе біцца да апошняй кроплі крыві.
Прабегшы яшчэ крокаў сорак, мы выбраліся на ўскрайку лесу і апынуліся перад частаколам. Мы падышлі якраз да сярэдзіны яго паўднёвага боку. А ў той-жа час сямёра разбойнікаў з боцманам Джобам Эндэрсонам на чале, з гучным крыкам выскачылі з лесу каля паўднёва-заходняга кута частакола.
Яны спыніліся збянтэжаныя. Мы са сквайрам стрэлілі, не даўшы ім апамятацца. Гэнтэр і Джойс, сядзеўшыя ва ўмацаванні, стрэлілі таксама. Чатыры стрэлы грымнулі разам і не прапалі дарма: адзін з ворагаў паваліўся, астатнія спехам схаваліся за дрэвамі.
Зноў набіўшы стрэльбы, мы асцярожна прабраліся ўдоўж частакола паглядзець упаўшага ворага.
Ён быў забіты на месцы. — Куля трапіла проста ў сэрца.
Поспех узрадаваў нас. Але раптам у кустах ляснуў пісталет, у мяне над вухам прасвісцела куля, і небарака Том Рэдрэт пахіснуўся і ва ўвесь рост грымнуўся на зямлю. Мы са сквайрам стрэлілі ў кусты. Але страляць давялося наўдачу, і, відаць, нашы стрэлы прапалі дарма. Зноў набіўшы стрэльбы, мы кінуліся да беднага Тома.
Капітан і Грэй ужо аглядалі яго. Я глянуў толькі мігам і адразу ўбачыў, што справа безнадзейная.
Відаць, нашы стрэлы прымусілі піратаў адступіць, таму што нам удалося без усякай перашкоды перанесці няшчаснага старога егера праз частакол і ўцягнуць пад страху блокгауза, у зруб.
Бедны стары таварыш! Яго нішто не здзіўляла, ён ні на што не скардзіўся, нічога не баяўся і нават ні на што не бурчэў ад самага пачатку нашых прыгод да таго дня, калі мы паклалі яго ў зруб паміраць. Ён, як траянец, па-геройску ахоўваў калідор на караблі, прыкрыты адным матрацам. Усе загады ён выконваў маўкліва, пакорна і добра — сумленна. Ён быў старэйшы за ўсіх нас год на дваццаць. І вось гэты пануры, стары, верны слуга паміраў перад нашымі вачыма.
Сквайр стаў перад ім на калені, цалаваў яму рукі і плакаў, як малое дзіцянё.
— Я паміраю, доктар? — спытаў той.
— Так, мой друг, — сказаў я.
— Хацелася-б мне перад смерцю паслаць ім яшчэ адну кулю.
— Том, — сказаў сквайр, — скажы мне, што ты даруеш мне.
— Мне непрыстойна, сэр, дараваць ці не дараваць свайму пану, — адказаў стары слуга. — Няхай будзе, што будзе. Амінь.
Ён змоўк, пасля папрасіў, каб хто-небудзь прачытаў над ім малітву.
— Такі ўжо звычай, сэр, — дадаў ён, быццам прасіў прабачэння, і хутка пасля гэтага памёр.
У гэты час капітан, за якім я назіраў са здзіўленнем, выцягнуў са скрынкі і са сваіх туга набітых, адтапыраных кішэняў самыя рознастайныя рэчы: брытанскі сцяг, пучок вяровак, пяро, чарніла, карабельны журнал і некалькі фунтаў табакі. Ён адшукаў доўгую сасновую жэрдку і пры дапамозе Гэнтэра замацаваў яе над зрубам. Затым, узлезшы на страху, ён прычапіў да яе брытанскі сцяг. Гэта відаць зрабіла яму вялікую прыемнасць. Пасля ён спусціўся і пачаў перабіраць і пералічваць запасы, часам толькі пазіраючы на Тома. І, калі Том памёр, ён дастаў другі сцяг і накрыў ім нябожчыка.
— Не засмучайцеся так моцна, сэр, — сказаў ён паціскаючы сквайру руку. — Ён памёр, выконваючы свой абавязак.
Затым адвёў мяне ўбок.
— Доктар Лівсі, — спытаў ён, — праз колькі тыдняў вы са сквайрам чакаеце прыбыцця карабля, які пашлюць вам у дапамогу?
Я адказаў, што гэта справа зацяжная. Спатрэбяцца не тыдні, а месяцы. Калі мы не вернемся да канца жніўня, Блэндлі вышле нам на дапамогу карабль, не пазней і не раней.
— Вось і вылічце, калі гэты карабль будзе тут, — скончыў я.
— Ну, сэр, — сказаў капітан, чухаючы патыліцу, — у такім разе нам, нават калі вельмі пашанцуе, давядзецца цяжкавата.
— Чаму? — спытаў я.
— Вельмі шкада, сэр, што ўвесь груз, які быў у лодцы, загінуў. Вось чаму, — адказаў капітан. — Пораху і куль у нас дастаткова. Але харчоў мала. Вельмі мала. Бадай што не прыдзецца шкадаваць, што мы пазбавіліся ад лішняга едака.
Ён указаў на пакрытага сцягам нябожчыка.
У гэтую хвіліну высока над страхой зруба з ровам і свістам праляцела ядро. Яно ўпала дзесьці далёка за намі ў лесе.
— Ага! — сказаў капітан. — Бамбардыроўка! Але-ж пораху ў іх не так ужо многа.
Другі прыцэл быў узяты больш удала. Ядро праляцела праз частакол і ўпала перад зрубам, узняўшы цэлую хмару пяску.
— Капітан, — сказаў сквайр, — зруба з карабля не відаць. Яны, напэўна, цэляцца ў наш сцяг. Можа лепш спусціць яго?
— Спусціць сцяг? — абурыўся капітан. — Не, сэр. Няхай яго спушчае хто хоча, але я спушчаць не буду.
І мы адразу-ж з ім згадзіліся.
Горды марскі звычай не дазваляе спушчаць сцяг у часе бойкі. І акрамя таго, мы хацелі давесці ворагам, што нам зусім не страшна іх пальба.
Яны абстрэльвалі нас з пушкі ўвесь вечар. Адно ядро праносілася ў нас над галовамі, другое падала перад частаколам, трэцяе ўзнімала пясок каля самага зруба. Піратам даводзілася браць высокі прыцэл, ядры трацілі сілу і зарываліся ў пясок. Асколкаў мы таксама не баяліся. І, хаця адно ядро прабіла ў нас страху і падлогу, мы хутка прызвычаіліся да абстрэлу і адносіліся да яго безуважна, як да траскатні цвыркуна.
— Ёсць у гэтым і добрая з'ява — заўважыў капітан. — Усе піраты, відаць, цяпер на караблі. Адліў узмоцніўся, і нашы прыпасы, напэўна, вышлі з пад вады. Эй, ці не знойдуцца ахвотнікі збегаць па свініну, якая патанула?
Грэй і Гэнтэр выклікаліся раней за ўсіх. Добра ўзброеныя яны пералезлі праз частакол. Але свініна дасталася не ім. Піраты былі больш храбрыя, чым мы спадзяваліся. Апрача таго, яны цалкам пакладаліся на пушку Ізраэля Гэндса. Пяцёра разбойнікаў старанна вылаўлівалі прыпасы з нашай патануўшай лодкі і перацягвалі іх у шлюпку, што стаяла недалёка. Сядзеўшым у шлюпцы даводзілася ўвесь час веславаць, таму што цячэнне адносіла іх убок. Сільвер стаяў на карме і распараджаўся. Яны ўсе да аднаго былі ўзброены мушкетамі, здабытымі, відаць, з нейкага патаемнага склада.
Капітан сеў на бервяно і пачаў запісваць у карабельны журнал: „Александр Смолет — капітан, Дэвід Лівсі — карабельны доктар, Абрагэм Грэй — памочнік плотніка, Джон Трэлоўні — уласнік шкуны, Джон Гэнтэр і Рычард Джойс — слугі і землякі ўласніка шкуны, — вось і ўсе, хто асталіся вернымі свайму абавязку. Узяўшы з сабой прыпасаў, якіх хопіць не больш чым на дзесяць дзён, яны сёння высадзіліся на бераг і ўзнялі брытанскі сцяг над блокгаузам на Востраве скарбаў. Том Рэдрэт, слуга і зямляк уласніка шкуны, забіты разбойнікамі. Джым Гоўкінс, юнга…“
Я задумаўся над лёсам беднага Джыма Гоўкінса.
І раптам у лесе раздаўся чыйсьці крык.
— Нас нехта кліча, — сказаў Гэнтэр, які стаяў на варце.
— Доктар! Сквайр! Капітан! Эй, Гэнтэр, гэта ты? — пачулі мы нечый голас.
Я кінуўся да дзвярэй і ўбачыў Джыма Гоўкінса. Жывы і здаровы, ён пералязаў праз наш частакол.
Раздзел ХІХ
АБ ДАЛЕЙШЫХ ПАДЗЕЯХ ЗНОЎ РАСКАЗВАЕ ДЖЫМ ГОЎКІНС.
ГАРНІЗОН У БЛОКГАЎЗЕ
Як толькі Бен Ган убачыў брытанскі сцяг, ён спыніўся, схапіў мяне за руку і сеў.
— Ну, — сказаў ён, — там твае прыяцелі. Несумненна.
— Больш пэўна, што бунтаўшчыкі, — сказаў я.
— Ніколі! — усклікнуў ён. — На гэтым востраве, у гэтай пустыні, дзе нікога не бывае, апрача джэнтльменаў удачы, Сільвер узняў-бы чорны, пірацкі сцяг. Ужо-ж пакладайся на мяне. Я гэтыя справы разумею. Там твае сябры, гэта верна. Магчыма была сутычка і яны перамаглі. І цяпер яны на беразе за частаколам. Гэта Флінт паставіў частакол. Шмат гадоў назад. Што за галава быў гэты Флінт! Толькі ром мог яго зламаць. Нікога ён не баяўся, апрача Сільвера. А Сільвера ён пабайваўся, трэба праўду сказаць.
— Ну што-ж, — сказаў я, — паколькі за частаколам свае, трэба ісці туды.
— Пастой, — запярэчыў Бен. — Пачакай. Ты, здаецца, слаўны хлопчык. Але ўсё-ж ты толькі хлопчык. А Бен Ган хітры. Бен Ган не схібіць. Ніякай выпіўкай мяне туды не забавіш. Я павінен сам убачыць твайго джэнтльмена, і няхай ён дасць мне сваё слова гонару. А ты не забудзь маіх слоў. Толькі, так і скажы яму, толькі пры асабістым знаёмстве магчыма давер'е, і ўшчыпні яго за руку.
І ён у трэці раз ушчыпнуў мяне з самым многазначным відам.
— А калі Бен Ган вам спатрэбіцца, ты ведаеш, дзе знайсці яго, Джым. Там, дзе ты знайшоў яго сёння. І той, хто прыдзе па яго, павінен трымаць белую хустачку ў руцэ і няхай прыходзіць адзін. Ты ім так скажы: „У Бена Гана, скажы, ёсць на гэта свае прычыны“.
— Добра, — сказаў я. — Здаецца, я вас зразумеў. Вы хочаце нешта запрапанаваць, і вам трэба пабачыцца са сквайрам або з доктарам. А ўбачыць вас можна там, дзе я вас знайшоў сёння? Гэта ўсё?
А чаму ты не пытаеш, у якія гадзіны мяне можна застаць? Я прыймаю з поўдня да шасці склянак.
— Добра, добра, — сказаў я. — А цяпер я магу ісці?
— А ты не забудзеш? — спытаў ён трывожна. — Скажы яму, што „толькі пры асабістым знаёмстве“ і што „ёсць свае прычыны“. Я пагавару з ім, як чалавек з чалавекам. А цяпер можаш ісці. Джым, — сказаў ён, паранейшаму моцна трымаючы мяне за руку. — Паслухай, Джым, а калі ты ўбачыш Сільвера, ты не прадасі яму Бена Гана? Нават калі цябе прывяжуць да хваста дзікага каня? Не здрадзіш? Нават калі цябе будуць катаваць не скажаш?
Грукат пушачнага стрэлу прарваў яго словы. Ядро праляцела паміж дрэў і ўпала на пясок за сто ярдаў ад таго месца, дзе мы стаялі і размаўлялі. І мы абодва кінуліся ў розныя бакі.
На працягу гадзіны востраў уздрыгаўся ад пальбы, і ядры насіліся ў лесе, крышачы ўсё на сваім шляху. Я хаваўся то тут, то там, і ўсюды мне здавалася, што ядры ляцяць проста на мяне. Мала-па-малу да мяне вярнулася страчаная мужнасць. Аднак, я ўсё яшчэ не адважваўся падыйсці да частакола, каля якога ядры падалі часцей за ўсё. Пасоўваючыся да ўсходу, я дабраўся, нарэшце, да дрэў, што раслі каля самага берага.
Сонца толькі што зайшло, марскі брыз свісцеў у лесе і пакрываў дробнымі хвалямі шэраватую паверхню бухты. Адліў агаліў шырокую пясчаную мель. Паветра пасля дзённай спякоты зрабілася такім халодным, што я моцна змёрз у сваім лёгкім камзоле.
„Іспан'ёла“ паранейшаму стаяла на якары. Але над ёю развяваўся „Вясёлы Роджэр“ — чорны пірацкі сцяг з намаляваным чэрапам. На борце бліснула чырвоная ўспышка, і гучнае рэха разнесла па ўсяму востраву апошні пушачны стрэл. Кананада скончылася.
Я ляжаў у кустах і сачыў за піратамі. На беразе, якраз супроць частакола, некалькі чалавек секлі нешта сякерамі. Пасля я даведаўся, што яны знішчалі няшчасную нашу лодачку. Воддалі, каля ўтокі рэчкі, паміж дрэў палала вялікае вогнішча. Між вогнішчам і караблём няспынна сноўдалася шлюпка. Матросы, такія панурыя раніцой, цяпер, вяслуючы, крычалі і смяяліся, як дзеці. Але па гуку іх галасоў я дагадаўся, што вяселле гэга выклікана ромам.
Нарэшце я адважыўся накіравацца да частакола. Я быў даволі далёка ад яго, на нізкай пясчанай касе, якая замыкала нашу бухту з усходу і даходзіла бадай што да самага Вострава шкілета. Узняўшыся, я ўбачыў далей на касе сярод нізкіх хмызнякоў адзінокую, даволі вялікую скалу дзіўнага, бялесага колеру. Мне прышло на думку, што гэта тая самая белая скала, пра якую гаварыў Бен Ган, і што, калі мне спатрэбіцца лодка, я буду ведаць, дзе яе знайсці. Я ішоў праз лес, пакуль не ўбачыў перад сабой задні, самы далёкі ад мора, край частакола. Свае мяне сустрэлі са шчырай гасціннасцю.
Я расказаў ім аб маіх прыгодах і азірнуўся вакол. Дом быў увесь пабудаваны з неабчасаных соснавых ствалоў і сцены, і страха, і падлога. Падлога ў некаторых месцах узнімалася на фут або на паўтара над зямлёй. Каля ўваходу быў прыладжаны ганачак, пад ганачкам цурчэў ручаёк. Струмень цёк у штучны басейн вельмі арыгінальнага віду: вялізны карабельны чыгунны кацёл з выбітым дном, закапаны ў пясок „да самай ватэрлініі“, як казаў капітан.
У доме было бадай што пуста. Толькі ў адным куце стаяла груба складзенае з каменняў нешта падобнае да ачага з жалезнай краткай для вугалля.
Усе дрэвы на схілах узгорка, акружанага частаколам, былі ссечаны на пабудову. Мяркуючы па карчах, тут загінуў незвычайны гай. Верхні пласт глебы пасля знішчэння дрэў быў змыты і знесены дажджамі, агаліўшымі чысты пясок. Толькі там, дзе ручаёк выцякаў з катла, віднеліся і мох, і папараць, і нізкарослы хмызняк. Адразу за частаколам пачынаўся густы і высокі лес. Гэта, як казалі, перашкаджала абароне. Ззаду, з боку сушы, лес складаўся з соснаў, а спераду, з боку пратокі, — з тых-жа соснаў і вечназялёных дубоў.
Халодны вячэрні брыз, аб якім я ўжо казаў, дзьмуў ва ўсе шчыліны зруба збітай будыніны, пасыпаючы падлогу няспынным дажджом пяску. Пясок запарушваў нам вочы, пясок хрусцеў у нас на зубах, пясок пападаў нам у ежу, пясок скакаў у крыніцы на дне катла, як крупы ў кіпячым супе. Коміну ў нас не было — дым выходзіў праз квадратную адтуліну ў страсе. Раней чым знайсці выйсце, ён рассцілаўся па ўсяму дому, прымушаючы нас кашляць і плакаць.
Грэй, наш новы таварыш, сядзеў з перавязаным тварам — разбойнікі парэзалі яму шчаку. А стары Том Рэдрэт, усё яшчэ непахаваны, адубелы, ляжаў каля сцяны, накрыты брытанскім сцягам.
Калі-б нам дазволілі сядзець паклаўшы рукі, у нас хутка заняпаў-бы настрой. Але капітан Смолет умеў знайсці работу для ўсіх. Ён выклікаў нас да сябе і падзяліў на дзве вахты. У адну ўвайшлі доктар, Грэй і я, у другую — сквайр, Гэнтэр і Джойс. За дзень мы вельмі стаміліся, але тым не менш капітан двух паслаў у лес па дровы, а двум загадаў капаць магілу для Рэдрэта. Доктар зрабіўся поварам, мяне паставілі вартавым каля дзвярэй, а сам капітан пахаджваў ад аднаго да другога, усіх падбадзёрваючы і ўсім дапамагаючы.
Час ад часу доктар падыходзіў да дзвярэй падыхаць чыстым паветрам і даць адпачыць пачырванеўшым ад дыму вачам і перакідваўся са мной двума-трыма словамі.
— Гэты Смолет, — сказаў ён мне неяк, — значна лепшы чым я. Калі ўжо гэта я сам прызнаў, значыць, так яно і ёсць, Джым.
У другі раз ён спачатку памаўчаў, потым павярнуў галаву і ўважліва паглядзеў мне ў твар.
— На гэтага Бена Гана можна пакладацца? — спытаў ён.
— Не ведаю, сэр, — адказаў я. — Я не зусім упэўнены, што яго галава ў парадку.
— Значыць, не ў парадку, — сказаў доктар. — Калі чалавек тры гады грыз пазногці на незаселеным востраве, Джым, галава ў яго не можа быць у такім-жа парадку, як у цябе ці ў мяне. Так ужо пабудаваны людзі. Ты, кажаш, ён марыць аб сыру?
— Так, сзр, — адказаў я.
— Добра, Джым, — сказаў ён. — Паглядзі, як карысна быць ласуном. Ты, напэўна, бачыў маю табакерку, але ні разу не бачыў, каб я нюхаў з яе табаку. У мяне ў табакерцы ляжыць не табака, а кавалачак пармязану — італьянскага сыру, вельмі спажыўнага. Гэты сыр мы аддадзім Бену Гану!
Перад вячэрай мы закапалі старога Тома ў пясок. Пасля пастаялі крыху над магілай з непрыкрытымі галовамі. Дроў з лесу нацягалі цэлую кучу, але капітан быў усё-ж нездаволены.
— Заўтра я прымушу вас працаваць як след, — сказаў ён.
Павячэраўшы капчонай свінінай і выпіўшы па шклянцы гарачага грогу, капітан, сквайр і доктар адышлі для нарады.
Але, відаць, нічога добрага не ўспадала ім на думку. Харчоў у нас было так мала, што мы павінны былі няўхільна памерці з голаду яшчэ загадзя да прыбыцця дапамогі. Аставалася адно: забіць як мага больш піратаў, забіваць іх датуль, пакуль яны не спусцяць свой чорны сцяг або пакуль не выйдуць на „Іспан'ёле“ ў адкрытае мора. З дзевятнаццаці іх ужо асталося пятнаццаць, прычым двое ранены; а адзін падстрэлены каля пушкі, калі не памёр, дык ва ўсякім разе цяжка ранены. Мы павінны старанна берагчы нашых людзей і памятаць, што ў нас ёсць два надзейныя саюзнікі — ром і клімат.
Ром ужо ўзяўся за справу: ад нас да піратаў было толькі поўмілі, і тым не менш да апошняй ночы чулі мы песні і крыкі. А доктар кляўся сваім парыком, што хутка за справу прымецца і клімат: лагер піратаў каля балота, лякарстваў у іх няма ніякіх, і праз тыдзень палова з іх будзе качацца ў ліхарадцы.
Дык вось, — казаў доктар, — калі ім не ўдасца забіць нас адразу, яны будуць рады пакінуць востраў і вярнуцца на шкуну. У іх ёсць карабль і яны заўсёды могуць заняцца сваім старым рамяством — марскім разбоем.
— Гэта першы карабль, які мне давялося страціць, — сказаў капітан Смолет.
Я страшэнна стаміўся. Доўга качаўся я да таго, як заснуць, але пасля спаў, як забіты.
Усе ўжо даўно ўсталі, паснедалі і нацягалі дроў, калі я раптам прачнуўся, абуджаны неспадзяванымі крыкамі.
— Белы сцяг! — сказаў нехта.
І зараз-жа раздаўся здзіўлены выгук:
— Сам Сільвер!
Я ўскочыў, працёр вочы і кінуўся да байніцы ў сцяне.
Раздзел ХХ
СІЛЬВЕР ПАРЛАМЯНЦЁРАМ
Сапраўды да частакола падышлі два чалавекі. Адзін з іх размахваў кавалачкам белага рыззя, а другі, не хто іншы, як сам Сільвер, бестурботна стаяў побач.
Было яшчэ вельмі рана. Даўно я не бачыў такой халоднай раніцы. Дрыжыкі пранізвалі мяне да касцей. Неба было яснае, ззяючае, верхавінкі дрэў ружавелі ў праменнях узыходзячага сонца, але ўнізе, дзе стаяў Сільвер са сваім спадарожнікам, усё яшчэ была густая цень. Каля іх ног клубіўся белы туман — начныя выпарэнні балота. Дрыжыкі і туман — вось у чым была сумная таямніца вострава. Гэты востраў — сырое, малярыйнае, нездаровае месца.
— Усе па мясцах! — сказаў капітан. — Б'юся аб заклад, што яны задумваюць нейкую хітрасць. — Затым ён крыкнуў разбойнікам: — Хто ідзе? Стой, а то будзем страляць!
— Белы сцяг! — крыкнуў Сільвер.
Капітан вышаў на ганак, стаўшы пад такім прыкрыццем, дзе здрадніцкая куля бадай што не пагражала яму. Павярнуўшыся да нас, ён загадаў:
— Атрад доктара — на вахту да байніц. Доктар Лівсі, прашу вас, займіце паўночную сценку. Джым — усходнюю. Грэй — заходнюю. Другой варце — набіваць мушкеты. Больш жвава! Ды будзьце ўважлівы!
Потым зноў звярнуўся да разбойнікаў:
— Чаго вы хочаце ад нас з вашым белым сцягам? — крыкнуў ён.
На гэты раз адказаў не Сільвер, а другі пірат.
— Капітан Сільвер, сэр, запрашае вас да сябе на карабль і хоча заключыць з вамі ўмову! — пракрычаў ён.
— Капітан Сільвер? Я такога не ведаю. Хто ён? — спытаў капітан.
Мы чулі, як ён дадаў упоўголаса:
— Вось як! Ужо капітан! Хуткае павышэнне ў чынах!
Доўгі Джон адказаў сам:
— Гэта я, сэр. Нашы няшчасныя хлопцы выбралі мяне капітанам пасля вашага дэзертырства, сэр. — Слова „дэзертырства“ ён вымавіў з асаблівым націскам. — Мы гатовы вам падначаліцца зноў, але, канечна, на пэўных умовах, калі вы згодзіцеся падпісаць з намі ўмову. А пакуль што дайце мне слова гонару, капітан Смолет, што вы адпусціце мяне адсюль жывым і не пачнеце стральбы, перш чым я не адыйду ад частакола.
— У мяне няма ніякай ахвоты размаўляць з вамі, — сказаў капітан Смолет. — Але калі вы хочаце гаварыць са мной, ідзіце сюды. Аднак, калі вы задумваеце здрадніцтва, то пасля наракайце на сябе.
— Гэтага досыць, капітан! — весела ўсклікнуў Доўгі Джон. — Аднаго вашага слова досыць. Я ведаю, што вы джэнтльмен капітан, і што вашаму слову можна цалкам паверыць.
Мы бачылі, як чалавек з белым сцягам стараўся ўтрымаць Сільвера. У гэтым не было нічога дзіўнага, таму што капітан размаўляў не надта прыязна. Але Сільвер толькі засмяяўся ў адказ і хлопнуў яго па плячы, быццам нават сама думка аб небяспецы ўяўлялася яму недарэчнасцю. Ён падышоў да частакола, спачатку перакінуў праз яго свой кастыль, а пасля пералез і сам з незвычайнай хуткасцю і лоўкасцю.
Павінен прызнацца; я так быў захоплены ўсім адбываўшымся, што забыў абавязкі вартавога. Я пакінуў сваю варту каля ўсходняй байніцы і стаяў ззаду капітана, які сядзеў на парозе, паклаўшы локці на калені, падтрымліваючы галаву рукамі, і глядзеў у стары жалезны кацёл, дзе бурліла вада і скакалі пясчынкі. Спакойна насвістваў ён сабе пад нос: „За мной, юнакі і дзяўчаты“.
Сільверу было пакутна цяжка ўзыходзіць па схілу ўзгорка. На спадзе, сярод сыпучага пяску і шырокіх карчоў, ён са сваім кастылём быў бездапаможны, як карабль на мелі. Але ён мужна і маўкліва перамог увесь шлях, спыніўся перад капітанам і аддаў яму чэсць з незвычайнай элегантнасцю. На ім была яго лепшая вопратка: доўгі, да калена, сіні кафтан з мноствам медных гузікаў і ссунуты на патыліцу капялюш, абшыты тонкім кружавам.
— Вось і вы, любезны, — сказаў капітан, узняўшы галаву. — Сядайце.
— Пусціце мяне ў дом, капітан, — жаласна папрасіў Доўгі Джон. — У такую халодную раніцу, сэр, не хочацца сядзець на пяску.
— Калі-б вы, Сільвер, — сказаў капітан, — палічылі за лепшае астацца сумленным чалавекам, вы сядзелі-б цяпер у сваёй кухні. Самі вінаваты. Або вы мой карабельны повар, і тады я з вамі абыходжуся па-добраму, або вы капітан Сільвер, бунтаўшчык і пірат, і тады не чакайце ад мяне нічога, акрамя шыбеніцы.
— Добра, добра, капітан, — сказаў повар, сядаючы на пясок. — Толькі потым вам давядзецца падаць мне руку, каб я мог падняцца. Нядрэнна вы тут устроіліся. А, гэта Джым. Добрай раніцы, Джым. Доктар, маё шанаванне. Дык вы тут усе ў зборы, быццам шчаслівая сям'я, калі дазволіце так сказаць.
— Да справы, любезны, — перабіў капітан. — Кажыце. Навошта вы прышлі?
— Правільна, капітан Смолет, — адказаў Сільвер. — Справа перш за ўсё. Павінен прызнацца, вы зручную штуку зрабілі сёння ўначы. Нехта з вас умее карыстацца дубінай. Сёй-той з маіх людзей быў проста ўзрушаны гэтай справай, ды не толькі сёй-той, але ўсе, я і сам, прызнацца, узрушаны. Магчыма, толькі праз гэтае я і прышоў сюды заключыць умову. Але, клянуся громам, капітан, другі раз гэтая гісторыя вам не ўдасца! Мы ўсюды выставім вартавых і зменшым выдачу рому. Вы, напэўна думаеце, што мы ўсе былі п'яныя ўдрызг? Паверце мне я быў зусім не п'яны, я толькі змарыўся, як сабака. Калі-б я прачнуўся на секунду раней, вы-б ад мяне не ўцяклі. Ён яшчэ быў жывы, калі я дабег да яго.
— Далей, — спакойна вымавіў капітан Смолет.
Усё, што гаварыў Сільвер, было для капітана загадкай, але капітан і брывёй не паварушыў. А я, прызнацца, сцяміў сёе-тое. Мне ўспомніліся апошнія словы Бена Гана. Я зразумеў, што ўначы ён прабраўся ў лагер разбойнікаў, калі яны п'яныя валяліся вакол вогнішча. Мне было весела думаць, што цяпер асталіся жывымі толькі чатырнаццаць нашых ворагаў.
— Справа вось у чым, — сказаў Сільвер. — Мы хочам здабыць скарб і мы яго здабудзем. А вы, вядома, хочаце выратаваць сваё жыццё і маеце на гэта поўнае права. Але-ж у вас ёсць карта, ці не праўда?
— Вельмі магчыма, — адказаў капітан.
— Я напэўна ведаю, што яна ў вас ёсць, — працягваў Доўгі Джон. — І чаму вы гаворыце са мной так хіліста, гэта не дасць вам карысці. Нам патрэбна ваша карта, вось і ўсё, а вам асабіста я не жадаю і найменшага зла.
— Пакіньце, любезны, — перабіў яго капітан. — Не з такім сустрэліся. Нам дакладна вядома, якія былі ў вас намеры. Але гэта нас ніколькі не турбуе, таму што рукі ў вас аказаліся кароткія.
Капітан спакойна глянуў на яго і пачаў набіваць сваю люльку.
— Калі Эб Грэй… — пачаў Сільвер.
— Стоп! — закрычаў містэр Смолет. — Грэй нічога мне не казаў, і я ні аб чым яго не запытваў. Скажу больш: я з прыемнасцю пусціў-бы ў паветра і вас, і яго, і ўвесь гэты чартоўскі востраў! Вось што я думаю аб усёй вашай шайцы, любезны.
Гэта гнеўная ўспышка, відаць, укалола Сільвера. Ён пачаў ужо траціць роўнавагу, але стрымаўся.
— Як вам падабаецца, — сказаў ён. — Думайце, што хочаце, я забараняць вам не буду. Вы, здаецца, хочаце закурыць люльку, капітан. І я, калі дазволіце, зраблю тое-ж.
Ён набіў табакай сваю люльку і закурыў. Двое мужчын доўга моўчкі сядзелі, то пазіраючы адзін другому ў твар, то зацягваючыся дымам, то нагінаючыся наперад, каб сплюнуць. Глядзець на іх было смешна, як на тэатральны паказ.
— Вось нашы ўмовы, — сказаў, нарэшце, Сільвер. — Вы нам даеце карту, каб мы маглі знайсці скарб; вы не будзеце падстрэльваць няшчасных маракоў і разбіваць ім галовы, калі яны спяць. Калі вы згодны на гэта, мы прапануем вам два выбары. Першае: пагрузіўшы скарбы, мы дазваляем вам вярнуцца на карабль, і я даю вам слова гонару, што высаджу вас дзе-небудзь на бераг цэлымі. Калі першае вам не падабаецца, таму што шмат хто з маіх матросаў здаўна точаць на вас зубы, вось вам другое: мы пакінем вас тут, на востраве. Харчы мы падзелім з вамі пароўнаму, і я абяцаю выслаць да вас першы-ж сустрэчны карабль. Раю вам прыняць гэтыя ўмовы. Лепшых умоў вам не дабіцца. Спадзяюся, — тут ён узняў голас, — усе вашы людзі тут у доме чулі мае словы, бо сказанае аднаму адносіцца да ўсіх.
Капітан Смолет узняўся і вытрусіў попел з сваёй люлькі на далонь левай рукі.
— І гэта ўсё? — спытаў ён.
— Гэта маё апошняе слова, клянуся громам! — адказаў Джон. — Калі вы адмовіцеся, замест мяне будуць гаварыць нашы стрэльбы.
— Вельмі добра, — сказаў капітан. — А цяпер паслухайце мяне. Калі вы ўсе прыдзеце да мяне сюды бяззбройныя па-аднаму, я закую вас у кайданы, адвязу ў Англію і аддам пад суд. Але калі вы не з'явіцеся, дык памятайце, што завуць мяне Аляксандр Смолет, што я стаю пад гэтым сцягам і што я не памілую нікога. Скарбаў вам не знайсці. Адплыць на караблі вам не ўдасца: ніхто з вас не ўмее кіраваць караблём. Біцца вы таксама не мастакі: супроць аднаго Грэя было пяцёра вашых, і ён справіўся з імі з усімі. Вы моцна селі на мель, капітан Сільвер, і не хутка зыйдзеце з яе. Гэта апошняе добрае слова, якое вы чуеце ад мяне. А пры наступнай сустрэчы я ўсаджу кулю вам у спіну. Ідзеце-ж прэч, любезны. Спяшайцеся.
Сільверавы вочы ўспыхнулі ад ярасці. Ён вытрусіў агонь з сваёй люлькі.
— Дайце мне руку, каб я мог падняцца! — крыкнуў ён.
— Не дам, — сказаў капітан.
— Хто падасць мне руку? — закрычаў Сільвер.
Ніхто з нас нават не крануўся. Брыдка лаючыся, Сільвер прапоўз па пяску да ганка, ухапіўся за яго, і толькі тут яму ўдалося падняцца. Ён плюнуў у ручай.
— Вы для мяне, вось як гэты плявок! — крыкнуў ён. — Праз гадзіну я буду піць ром у вашым доме. Смейцеся, каб вас пярун забіў, смейцеся! Праз гадзіну вы будзеце смяяцца на тым свеце. А тыя з вас, якія астануцца жывымі, пазайздросцяць мерцвякам.
І, зноў вылаяўшыся, ён закульгаў па пяску. Разы чатыры спрабаваў ён пералезці праз плот і падаў. Нарэшце, яго перацягнуў чалавек з белым сцягам, і ў адну хвіліну яны зніклі сярод дрэў.
Раздзел ХХІ
АТАКА
Як толькі Сільвер знік, капітан, які ўвесь час пільна сачыў за ім, абярнуўся і заўважыў, што на варце стаіць толькі адзін Грэй. Упершыню ўбачылі мы, як капітан злуецца.
— Па месцах! — закрычаў ён.
Мы кінуліся да байніц.
— Грэй, — сказаў ён, — я запішу тваё імя ў карабельны журнал. Ты выканаў свой абавязак, як гэта і павінен марак. Містэр Трэлоўні, вы мяне здзівілі, сэр! Доктар, дык-жа вы насілі вайсковы мундзір. Калі вы так выконвалі свой абавязак пад Фонтэнуа, вы-б лепш не зыходзілі з ложка.
Вахта доктара стаяла каля байніц, а астатнія набівалі мушкеты. Мы ўсе пачырванелі. Нам было сорамна.
Капітан моўчкі сачыў за намі. Потым загаварыў зноў:
— Сябры, — сказаў ён, — я Сільвера сустрэў, так сказаць, пушачным залпам. Я знарок давёў яго да шаленства. Паводле яго слоў не пройдзе і гадзіны, як яны нападуць на нас. Вы ведаеце, што іх больш, чым нас, але затое мы знаходзімся ў крэпасці. Хвіліну назад я мог-бы нават сказаць, што ў нас ёсць дысцыпліна. Я не сумняваюся, што мы пераможам іх, калі вы захочаце перамагчы.
Затым ён абышоў нас усіх і прызнаў, што на гэты раз усё ў парадку.
У двух кароткіх сценках зруба — ва ўсходняй і заходняй — было толькі па дзве байніцы. У паўднёвай, дзе знаходзіліся дзверы, таксама дзве. А ў паўночнай — пяць. У нас было дваццаць мушкетаў на семярых. Дровы мы склалі ў чатыры пагоны. Гэтыя пагоны мы называлі сталамі. На кожным стале ляжала па чатыры набітыя мушкеты, каб абаронцы крэпасці заўсёды мелі іх пад рукой. А паміж мушкетамі складзены былі корцікі.
— Гасіце агонь, — сказаў капітан. — Пацяплела ўжо, а дым толькі есць вочы.
Містэр Трэлоўні вынес вон жалезную кратку ачага і раскідаў вугалле па пяску.
— Гоўкінс яшчэ не снедаў. Гоўкінс, бяры сваё снеданне і еш на варце, — працягваў капітан Смолет. — Варушыся, дружок, а то астанешся без снедання. Гэнтэр, раздай усім па чарцы брэндзі[1].
Пакуль мы вазіліся, капітан абдумаў да канца план абароны.
— Доктар, вам даручаюцца дзверы, — сказаў ён. — Глядзіце пільна, але не надта высоўвайцеся наперад. Стойце ўнутры і страляйце смялей. Гэнтэр, ты возьмеш усходнюю сценку. Джойс, друг мой, бяры заходнюю. Містэр Трэлоўні, вы лепшы стралок, бярыце разам з Грэем паўночную сценку, самую доўгую, з пяцю байніцамі. Гэта самы небяспечны бок. Калі ім удасца дабегчы сюды і страляць у нас праз байніцы, справа наша будзе вельмі кепская. А мы з табой, Гоўкінс, нікуды не здатныя стралкі. Мы будзем набіваць мушкеты і дапамагаць усім.
Капітан быў правы: холад прайшоў. Ледзь сонца ўзнялося над верхавінамі дрэў, зрабілася горача, і туман знік. Хутка пясок пачаў абпальваць нам пяткі, і на бярвеннях зруба выступіла растопленая смала. Мы скінулі камзолы, расшпілілі каўняры кашуль, закасалі да плеч рукавы. Кожны стаяў на сваёй варце, распалены спякотай і трывогай.
Так прайшла гадзіна.
— Чорт! — сказаў капітан. — Робіцца сумна. Грэй, засвішчы якую-небудзь песню.
Якраз у гэтую хвіліну ўпершыню зрабілася ясна, што на нас рыхтуецца атака.
— Дазвольце спытаць, сэр, — сказаў Джойс: — калі я ўбачу каго-небудзь, я павінен страляць.
— Зразумела! — крыкнуў капітан.
— Дзякую, сэр, — сказаў Джойс усё так-жа спакойна і ветліва.
Нічога не здарылася, але Джойсава запытанне прымусіла нас усіх настаражыць вочы і вушы. Стралкі трымалі мушкеты напагатове, а капітан стаяў пасярод зруба, сцяўшы губы і нахмурыўшы лоб. Так прайшло некалькі хвілін. Раптам Джойс прасунуў у байніцу свой мушкет і стрэліў. Гук яго стрэлу яшчэ не заціхнуў, як нас пачалі абстрэльваць з усіх бакоў, залп за залпам. Некалькі куль ударылася аб бярвенні блокгауза. Але ў сярэдзіну не заляцела ні адна, і, калі дым рассеяўся, вакол частакола і ў лесе было ціха і спакойна, як раней. Ні адна галінка не варушылася. Ні адно дула не блішчэла ў кустах. Нашы ворагі быццам скрозь зямлю праваліліся.
— Ці папаў ты ў каго-небудзь? — спытаў капітан.
— Не, сэр, — адказаў Джойс. — Здаецца, не папаў, сэр.
— Праўду кажа, і то добра, — прабурчэў капітан Смолет. — Набі яго стрэльбу, Гоўкінс. Як вам здаецца, доктар, колькі на вашым баку было стрэлаў?
— Я магу адказаць дакладна, — сказаў доктар Лівсі: — тры стрэлы. Я бачыў тры ўспышкі — дзве побач і адну далей, да захаду.
— Тры! — паўтарыў капітан. — А колькі на вашым, містэр Трэлоўні?
Але тут адказаць было нялёгка. З поўначы стралялі многа. Сквайр запэўняў, што ён заўважыў усяго сем стрэлаў, а Грэй — што іх было восем або дзевяць. З усходу і з захаду стрэлілі толькі па аднаму разу. Відавочна, атаку трэба было чакаць з поўначы. З другіх бакоў стралялі, каб толькі адцягнуць нашу ўвагу. Аднак, капітан Смолет не змяніў сваіх распараджэнняў.
— Калі разбойнікам удасца пералезці праз частакол, — казаў ён, — яны могуць захапіць любую неабароненую байніцу і перастраляць нас усіх, як пацукоў, у нашай уласнай крэпасці.
Аднак, часу для раздумвання ў нас было няшмат. На поўначы раптоўна раздаўся гучны крык, і невялікі атрад піратаў, выскачыўшы з лесу, кінуўся да частакола. У тую-ж хвіліну нас зноў пачалі абстрэльваць з усіх бакоў. У адчыненыя дзверы ўляцела куля і разбіла мушкет доктара ў трэскі. Нападаючыя лезлі праз частакол, як малпы. Сквайр і Грэй стралялі зноў і зноў. Трое зваліліся — адзін унутр, двое звонку. Аднак, адзін з іх быў, відаць, не столькі ранены, колькі напалоханы, таму што зараз-жа ўскочыў на ногі і знік у лесе.
Двое ляжалі на зямлі, адзін уцёк, чацвёра шчасліва пералезлі праз частакол. Сямёра, ці васьмёра астатніх піратаў, якія мелі, відавочна, па некалькі мушкетаў кожны, няспынна абстрэльвалі, седзячы ў гушчары, наш дом. Аднак, абстрэл гэты не зрабіў нам ніякай шкоды.
Чацвёра нападаючых, з крыкам беглі да будынка. Засеўшыя ў лесе таксама крычалі, каб падбадзёрыць таварышоў. Нашы стралкі стралялі няспынна, але так спяшаліся, што, здаецца, не папалі ні разу. У адну хвіліну чацвёра піратаў узабраліся на ўзгорак і напалі на нас. Галава Джоба Эндэрсона, боцмана, з'явілася ў сярэдняй байніцы.
— Бі іх! Бі Іх! — крычаў ён грамавым голасам.
У тую-ж хвіліну другі пірат, выхапіўшы з рук Гэнтэра стрэльбу, схапіў яе за дула і ўдарыў Гэнтэра прыкладам з такой сілай, што няшчасны паваліўся непрытомным на падлогу. Тым часам трэці, абегшы вакол дома, нечакана з'явіўся ў дзвярах і кінуўся на доктара.
Мы апынуліся ў такім становішчы, у якім дагэтуль былі нашы ворагі. Толькі што мы стралялі з-пад прыкрыцця ў неабароненых піратаў, а цяпер самі, нічым не абароненыя, павінвы былі ўступіць урукапашную з добра прыкрытым ворагам. Зруб зацягнула парахавым дымам, але гэта якраз паспрыяла нам. Дзякуючы дымавой заслоне мы і асталіся жывымі. У мяне ў вушах гудзела ад крыкаў, стогнаў ды пісталетных стрэлаў.
— На вылазку, наперад, урукапашную! Корцікі! — закрычаў капітан.
Я схапіў з пагону корцік. Нехта другі, таксама хапаючы корцік, рэзануў ім мяне па суставах пальцаў, але я нават не адчуў болі. Я рынуўся ў дзверы, на сонечнае святло. Нехта выскачыў за мной услед, не ведаю хто. Проста перада мной доктар гнаў уніз па схілу ўзгорка нападаўшага на яго пірата. Я ўбачыў, як адным ударам ён выбіў у яго з рук зброю, потым рэзануў корцікам па твару.
— Вакол дома! Вакол дома! — закрычаў капітан.
І, не гледзячы на агульнае замяшанне і шум, я прыкмеціў перамену ў яго голасе.
Машынальна падначальваючыся камандзе, я павярнуў на ўсход і з узнятым корцікам абагнуў кут дома і адразу сустрэўся твар у твар з Эндэрсонам. Ён закрычаў дзікім голасам, і яго паляўнічы нож узняўся над маёй галавой, бліснуўшы на сонцы. Я не паспеў нават струсіць. Ухіляючыся ад удару, я спатыкнуўся ў мяккім пяску і пакаціўся ўніз галавой па адкосу.
Калі я ў часе атакі выскачыў за дзверы, другія піраты ўжо лезлі праз частакол, каб пакончыць з намі. Адзін з іх, у чырвоным начным каўпачку, трымаючы корцік у зубах, ужо закінуў нагу, рыхтуючыся саскочыць. Я зваліўся з узгорка так хутка, што, калі я ўзняўся на ногі, усё аставалася ў такім-жа становішчы: пірат у чырвоным каўпачку сядзеў у той-жа позе, а галава другога толькі высунулася з-за частакола. І ўсё-ж за гэтыя некалькі хвілін бойка скончылася, і перамога асталася за намі.
Грэй, выскачыўшы з-за дзвярэй услед за мной, забіў на месцы рослага боцмана, раней чым той паспеў другі раз замахнуцца нажом. Другі пірат быў застрэлены каля байніцы ў тую хвіліну, калі ён намерыўся выстраліць унутр дома. Ён корчыўся на пяску ў прадсмяротнай агоніі, не выпускаючы з рук пісталета, які яшчэ дыміўся. Трэцяга, як я ўжо сказаў, закалоў доктар. З чатырох піратаў, што пералезлі праз частакол, астаўся жывым толькі адзін. Кінуўшы свой корцік на полі бойкі, ён, ахоплены смяротным жахам, карабкаўся на частакол, каб уцячы, і ўвесь час зрываўся.
— Страляйце! Страляйце з дому! — крычаў доктар. — А вы, малайцы, пад прыкрыцце.
Але словы яго прапалі дарма. Ніхто не стрэліў. Апошні з чатырох шчасліва пералез частакол і знік разам з усімі ў лесе. Праз хвіліну з нападаючых нікога не асталося, за выключэннем пяці чалавек: чацвёра ляжалі ўнутры частакола і адзін звонку. Доктар, Грэй і я кінуліся ў дзверы, пад абарону тоўстых сцен зруба. Тыя, што асталіся жывымі, маглі кожную хвіліну вярнуцца і зноў пачаць стральбу з мушкетаў. Парахавы дым рассеяўся, і мы адразу ўбачылі, якой цаной здабылі мы перамогу. Гэнтэр ляжаў непрытомным каля сваёй байніцы. Джойс, з прастрэленай галавой, заціх навекі. Якраз пасярэдзіне дому сквайр падтрымліваў капітана, і твары ў абодвух былі бледныя.
— Капітан ранены! — сказаў містэр Трэлоўні.
— Усе ўцяклі? — спытаў містэр Смолет.
— Усе, хто мог, — адказаў доктар. — Але пецярым ужо не ўцякаць ніколі!
— Пецярым! — крыкнуў капітан. — Не так дрэнна. У іх выбыла са строю пяцёра, у нас толькі трое, значыць, нас цяпер чацвёра супроць дзевяці, Гэта лепш, чым было спачатку: сямёра супроць дзевятнаццаці[2].