Вось чым лясныя нетры бралі... (Пастарнак/Дудар)

Вось чым лясныя нетры бралі...
Аўтар: Барыс Пастарнак
1931
Арыгінальная назва: Вот чем лесные дебри брали...
Пераклад: Алесь Дудар
Крыніца: https://knihi.com/Barys_Pastarnak/Vos_cym_lasnyja_nietry_brali.html
урывак з вершу "Волны"

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вось чым лясныя нетры бралі...


Вось чым лясныя нетры бралі,
Калі на межах іх дзяржаў
Перасцярогай аб Дар’яле
Са дна лагчыны Ларс устаў.
 
Ўсё змоўкла, трапіўшы ў няласку,
Ўсё загуло — мгла, хвоі, пні...
І ціша гулкая ўзнялася,
Нібы трызвон ва ўсе званы.
 
Кругом сышліся гор адрогі,
І новыя адрогі гор
Ступалі моўчкі на дарогу,
Сыходзілі у карыдор.
 
А ў гурме іх ля парапета,
З-за рогу быццам пешаход,
Прайшоўшы у світанне Млеты,
Паказваўся небазвод.
 
Далей ішоў. Адусюль ішоў ён,
Як кожны йшоў. Ішоў з імглы
Вушэй цяснін, задухі поўных —
Вярблюдам скрозь прасвет імглы.
 
Ішоў ён з кайстрай нізам балкі,
Дзе мгла, дзе косці круч тырчаць,
Нібы падпоркі катафалка,
І ў клетку рудніка глядзяць.
 
На дне там Терэк, едкім натрам
Наскрозь пратручаны, кіпіць,
Руда там прад амфітэатрам
Ад страху, ад тугі крычыць.
 
Ішоў пародай буйнай, частай
З падземных нетраў на прастор;
А рэха, як шасейны майстар,
Мяло, як смецце, яго з гор.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.