Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Вясновы пульс зямлі

У бярэмах мар Вясновы пульс зямлі
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Над борам песьні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНОВЫ ПУЛЬС ЗЯМЛІ

Паўзуць на захад
Дробленыя хмары.
Я слухаю
Зямлі трывожны шум…
Дарэмна у жыцьці
Пра тое марыць,
Пра што і верша
Я не напішу.

Паўстане змрок
На сьпеўным раздарожжы,
У цёмны колер
Выфарбуе дол —
І хочацца
Вянком прыбраць прыгожым
Галоўкі юныя бярозак
Навакол.

Сьпявае гай
Аб радасьці і шчасьці,
Па леташнім лісьці
Няма тугі.
І прагну я (палонены)
Прыпасьці
Агнём душы
На талыя сьнягі.

Нясу я ў сьвет
І шчырасьць і імкненьне,
Палаю ўвесь
Жаданьнем прагным — жыць.
Хто сэрцам маладым
Вясну ня стрэне,
Ня ўмеў дагэтуль той
Вясною даражыць.


Дуга дарог.
Над борам сіні дым.
І хатак боб
Рассыпаны ў нізіне.
Аб зорах думаць мне,
Ці мо‘ аб тым,
Хто мне і каму я
У жыцьці што вінен?

За сьнегам хай ідзе
Былая быль…
Ў сучаснасьці
Мінулае пагасла.
На сіні лоб
Насунуў жоўты брыль
І ля гумён
Вартуе месяц прасла.

Над борам ноч.
Зьвініць дуга дарог.
Імклівы бег
Прыжмураным ня стане…
з дзікім сполахам
З-пад конскіх ног
Зіма зьбянтэжаная
Скача ў сані.

Бадзёры,
Я цалую крыльлі гліц,
Кажу ў літань,
Што толькі ўспомніць можна…
Які настрой!
Як б‘ецца пульс зямлі!
Пяюць палі…
Ў далінах шум трывожны.