Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Над борам песьні

Вясновы пульс зямлі Над борам песьні
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
У абрыве ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД БОРАМ ПЕСЬНІ

Галінкай правяла па твары
Вясна марудлівых далін.
Іду я ў поле пець і марыць
Аб ураджайнасьці зямлі.

Прастор і сонца. Волі многа…
Людзкія песьні. Гоман дрэў.
На той гары крутой,
За логам,
Дом панскі некалі гарэў.

Ад сковаў паднявольнай працы
Тут людзі узрушаны былі
І выйшлі з ворагам змагацца
І ў бойцы той перамаглі.

Падзей тут многа адбылося,
Крывёй паліты кожны сьлед…
Вялікую я слаўлю Восень,
Што запаліла ўвесь сусьвет.

Адбітак дзей душу хвалюе.
Гляджу я ў даль…
Даль гарыць.
Пра радасьць нашу веснавую
Іду усім я гаварыць.

Іду мяцежны і нястрымны…
Ў жывых мэлодыях жыцьця
Зьвіняць ружовыя кілімы
Краіны сонечнай прасьцяг.

Навек паводка зьбіла морак,
Вада размыла берагі…
І ноч, як выкінуты корак,
Сплыла абломкамі тугі.

Людзкія думы… Бор гамоніць…
Над борам песьні і вясна.
А ў сэрцы — рыпае гармонік,
А ў сэрцы — радасьць дзён адна.

1928 г.