Над борам змрокі для маніст
Рабіну ніжуць на аборкі.
Сялом вясковы гарманіст
Ідзе к дзяўчатам на вячоркі.
Бадзёрасьць звонкае хады
У кроках дробленых гамоніць,
І рэжуць „барыню“ лады,
Вясёлы рыпае гармонік.
Прыбег няведама адкуль
На скокі вецер зухаваты.
Глядзяць, зяхаючы ў руку,
Гульнёй разбуджаныя хаты.
Цікавы кожнаму двару
Ігрышч сьвяточныя забаўкі.
Сьвятліцу дзеўкі прыбяруць,
Пасядуць з хлопцамі на лаўкі.
Танцоры зьявяцца сюды,
І песьні скончацца ня скора…
Мы ўсе жылі ў свае гады
Агнямі любымі вячорак.
Мы ўсё к суседзям і радні
Зьбірацца сьвятамі любілі…
Цяпер запаленыя дні
Дыхтуюць новыя нам былі.
На шлях наш сьлед прызначны лёг…
І ўсё-ж, ў хвіліну шчырых згадак,
Мы помнім родны свой парог
І сноў бярозавую радасьць.
Зямля, як волат, дзень і ноч
Заўсёды круціць сваё кола.
Палос сялянскае радно
Ператвараецца наўкола.
Палае змрок. Асеньні сьвіст
Налёг на хілкія задворкі…
Ідзе вясковы гарманіст,
Ідзе з сябрамі на вячоркі.
Свавольных жартаў сьціхне гром —
І, ў кучу зьбітая, дружына
Навесіць думна над сталом,
Навесіць буйныя чупрыны.
Вось скажа хтось: „Давай, братва,
Гуртом праслухаем газэту…“
І будуць доўга вандраваць
Ступой маруднаю па сьвету.
Часы малюнкамі ўсплывуць.
Хай пан зьбіраецца на дзею:
— Даем адсекчы галаву,
Калі пашэньціць ліхадзею.
Калі на тое пойдзе, зброд —
Мы гадованы ня ў лесе:
— Як япрука, на азярод
За вус Пілсудзкага падвесім.
Бяседзе кожнай ёсьць мяжа…
Натоўп ў разяўленыя сені
Усьмешкай будзе праважаць
З кляновых рам Ўльлянаў-Ленін.
Пад ногі рыне жоўты ліст
І цені сонныя палезуць…
Тады пад песьню гарманіст
Сябрам сыграе марсэльезу.
1928 г.
|