Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Пад клёнамі

⁂ Вецер добры хвалюе раку Пад клёнамі
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Пароша
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад клёнамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД КЛЁНАМІ

Я стомлены, любая, стомлены,
Мне нельга табе дагадзіць.
Ты-ж можаш пад сьпеўнымі клёнамі
Па нудных сьлядох не хадзіць.

Ты-ж можаш вясёлай дзяўчынаю
Ня ведаць з другімі мяжы…
Так шчыра ўпобач з айчынаю
Я хочу змагацца і жыць.

Адвеку яе, нашу родную,
Калечыў раз‘юшаны пан.
Ў балоце жабрачкай галоднаю
Яна памірала ад ран.

Вураднікі лёталі п‘яныя,
І польскі тут лётаў жандар…
На варце аддана ёй стану я,
Як сын і сумленны пясьняр.

У сэрцы мэлёдыі гордыя,
Кастрычнік у сэрцы гарыць!
На шпалы пакладзена цьвёрдыя
Чыгунак сталёвая ніць.

Прасторы зарою асмужаны.
Пярэданьня ў далях узор.
Рукамі будуецца дужымі
Ў нязломнае сонечны тор.

Айчына раскована бойкамі,
Айчына ня плача ўжо…
Мы пройдзем змаганьнямі стойкім
Між хмар, навальніц і крыжоў.

У землях з старымі парогамі
Рязбойніцкі голас ня сьціх.
Там долы гародзяць вастрогамі.
Там песьня пакуты ў трысьці.

Такімі падкупнымі хітрымі
Там гнезьдзяцца людзі зьвяры…
А ты забаўляешся цытрамі
Ў кустох знакамітай гары.

Альтанак густымі шатрамі ты
Мяркуеш наладзіць цішу…
І плачаш, як сінім атрамантам
Поэм аб табе ня пішу.

Дзе-ж выбраць мне гутарку пэўную?
Між намі бяссэнсіцы лік…
Ты меціш зрабіцца князеўнаю,
А я — беларускі мужык.

З табой я спаткаўся на цьвінтары.
Калі патухала сяло.
Імчаліся кулямі літары
Ў радкі упрыгожаных слоў.

Я марыў аб зорах з ахвотаю,
Я слухаць хадзіў чараты.
Такой далікатненькай цнотаю
Раней мне здавалася ты.

Ды, мусіць, квяцістае полымя
Ня доўга на сьвеце жыве…
І нэрвы становяцца кволымі
І сьмецьце адно ў галаве.

Я стомлены, вельмі я стомлены,
Мне трэба інакшых дарог…
… Як ласка, ты можаш пад клёнамі
Ня тупаць па нудных сьлядох.

1929 г.