Вянок (1914)/Мадонны/У вёсцы

Астры У вёсцы
Паэма
Аўтар: Максім Багдановіч
1914 год
Вэроніка
Іншыя публікацыі гэтага твора: У вёсцы (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ВЕСЦЫ.

Lumen coeli, sarcta rosa!
А. Пушкинъ.[1]

Хвалююць сэрцэ нам дзявочые пастаці
І душы мацярэй наc могуць чараваці;
Вышэйшая краса—ў іх зьлітнаcьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьця мацеры у обліку дзяўчыны,
Красы тэй сымвалам, Маць—Дзева, стала Ты—
І глянулі Твае с-пад пензэляў чэрты.
С таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрцэ ўсё імкне да бацькоўскаго краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Пік цёмных абразкоў прайшоўшаго жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душою
І здарэньне адно ўстае перада мною.

* * *

Калісьці летняю рабочаю парой
Праз вёску я ішоў. Панураю чаргой
З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі—шэрые, струхлеўшые; як латы
Віднеліся ў сьценах сьляпые вокны іх
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Усё руйнавалося, старэло, адмірало
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркіе цьвяткі
Рожнакалёрные, як тые матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
І да таго ж з людзей ня відна нікаго,—
Яны на полі ўсё; не мелканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жэрэбка
І песьня сумная не паліецца звонка…
Што ж дзіўнаго, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ен, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі
Да нянькі траплячы—так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся, ў падолак разам з ей
С трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй
І як схіляецца ад ветра верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач—зусім, як бытцым маць.
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацяры ды з аблікам дзяўчыны—
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалося, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою,—
І, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можэ не краса была ў дзяўчынцы той,—
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой,—
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

* * *

Страніца лепшая ў штодзённіку жыцьця!
Зноў с ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго с тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай
Ўжо облік губіцца ў цёмнай глыбіне, —
Я веру, ў цяжкі чае ён гляне на мяне



  1. Па-беларуску (Вікікрыніцы ):
    Сьветач мысьлі, сьвятая ружа!
    А. Пушкін.