У поўначы астры ў саду расцьвілі,
Убраліся ў росы, вянкі заплялі,
І сталі ружоваго ранку чэкаць,
Ў вясёлку колёраў жыцьцё убіраць.
І марылі астры ў цудоўнаму сьне
Аб зёлках шаўкоўных, аб соўнечным дне,
І казачны край падыймаўся з іх сна
Дзе кветы не вянуць, дзе вечна весна…
Так марылі ў шэрую восень яны,
Так марылі астры і ждалі вясны.
А ранак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І ўбачылі астры, што ўкруг іх—турма,
Убачылі астры, што жыць ім—дарма.
І ўмерлі яны. Але тут як на сьмех
Паднялося сонца, цалуючы ўсех.
|