Вянок (1927)/Мадоны/Вэроніка

У вёсцы Вэроніка (вершавае апавяданьне)
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вэраніка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вэроніка.
(Вершаванае апавяданьне)

«E un pensier del mio capo»
(Яна — выдумка маей галавы).

(Джіованьні)

Я на душы васковай маю
Жыцьця мінулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць, —
І ўраз праз прошлае згадаю,
Удаль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
З цяністым, адзічэлым садам:
Над ім шпакоўніца ўгары,
А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
З дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў „садом“
І крыкам поўніў цэлы дом.

Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Ўраз „браў на вынас“ гарадкі,
Быў чутны сьмех пры відзе „кашы“
І кожны стрымліваў свой плач
Калі ўразаўся ў плечы мяч

А вечарком мы выпускалі
Ў паветра белых галубоў,
Зрабіўшы некалькі кругоў,
Увышыню яны шыбалі,
Як чысты сьнег, кружылі там
І падалі на дахі к нам.

Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл
І уплятаўся вулак пыл, —
Мы ўсе пяялі каля хаты
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сціхшы двор

Так у гулянках пралятала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё,
Дачка Забелаў узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна

Жылося цяжка Вэроніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць
І ня было зусім сястрыцы,
А бацька, сэрца хоць і меў,
Ды прытуліць яе ня ўмеў.

І змалку шчыра палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веела дыханьне сна
І цішыня ў паветры плыла,
І нярухомы быў спакой,
Маўляў у глыбіні марской.

Ня калыхнуцца лісьцяў хвалі,
Ўспляснуўшы пенаю цьвятоў
Паверх чарэшневых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далей,
А тут і глуха і цямно, —
Не зварухне марское дно.

І забывала Вероніка
Між зёлак з кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне, — сад кіпіць жыцьцём,
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны шмель
І горка пахне тонкі хмель.

Ізноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шалясьціць,
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Вэронікі,
Усё расьце душа яе
І ў паўнаце красы ўстае

Калі-ж васенныя навіны
Зьмянялі сад, калі з бяроз
Рваў лісьці вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;

Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечара пажар
Палаў між бура-шызых хмар;

Калі васенны вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, —
Тады да лета Вэроніка
Ад нас зьнікала ў інстытут
І ня будзіла згадак тут.

А час усё каціўся далей
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў,
Мы панямногу падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.

І толькі ўжо тады я ўгледзеў
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваей вясны
Дачка самотная суседзяў
І, — помню я, — тады-жа ўперш
З маей душы паліўся верш.

Ён там кіпеў струёй жывою
Праз холад мысьлі працякаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.

Я-ж сам скажу йшчэ тое толькі,
Што к Вэроніцы твор паслаў
І млеў, і ўсё адказ чакаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё няма
Ні Вэронікі, ні пісьма.

Калі-ж я неяк з ёй спаткаўся,
Загаварыўшы, як у сьне, —
Яна зірнула на мяне
І раптам з вуст яе сарваўся
Такі безвіны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца — грэх.

Сьмех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі з яснаю душой;
І ён, як жаваранак той,
Зьвінеў і ўжо каханьня сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.

Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная імгла,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадліва зірнулі вочы
І даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: „Мо’ прыкра Вам?“

Не, зорка, мне было ня прыкра,
Бо бачыла адно душа, —
Як ты сьвяжа і хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна
Уся пад срэбнаю расой
Са ўстужкай скромнай між касой.

І мела дзеўча выгляд маці
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася, як да дзіцяці,
Зіяючы перада мной
У новай пекнасьці жывой:

У той, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлівала мацеры чарты.
О, як прыгожы — дзіўны ты,
Двайной красы аблік адзіны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!

І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй
Натхнённай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было, —
Там запалілася цяпло.

Дасюль яшчэ яно палае;
Здаецца — ўмёрла, але ўраз
Праб’ецца зноў і прошлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агню ці цеплаце.

І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасьля.
Ды як знайсьці сьляды Пегаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь-жа трохі, верны верш!