Вянок (1927)/Мадоны/У вёсцы

Астры У вёсцы
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Вэроніка (вершавае апавяданьне)
Іншыя публікацыі гэтага твора: У вёсцы (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАДОНЫ

У ВЕСЦЫ.

Lumen coeli, sancta rosa!
А. Пушкинъ.

Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса — ў іх зьлітнасьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй,
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны,
Красы тэй сымвалам, Маць-Дзева, стала Ты —
І глянулі твае з-пад пенздаляў чарты.
З таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Між цёмных абразкой прайшоўшага жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душой
І здараньне адно ўстае перада мною.

∗        ∗

Калісьці летняю рабочаю парой
Праз вёску я ішоў. Панураю чаргой
З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі — шэрыя, струхлеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі
Рожнакалёрныя, як тыя матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
І да таго-ж з людзей ня відна нікаго, —
Яны на полі ўсё; не мільканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жарабка
І песьня сумная не паліецца звонка…
Што-ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі,
Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся ў падолак, разам з ей
З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй
І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць.
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацяры ды з воблікам дзяўчыны —
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою, —
І, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

∗        ∗

Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!
Зноў з ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго з тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай
Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, —
Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне!