Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць
І гараць аганьком вочы змучаных твараў!
А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасьвецкіх будынкаў;
Між каменьнямі мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыфэрблят — пільны сьведка мінулых учынкаў.
Ціша тут. Маўчаліва усталі — і сьняць
Ў небе копулы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёка чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.
Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны, згасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І ня сьпім мы адны —
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.
|