„Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчаю я у манастырскіх мурах
І пільна летапісь другі ўжо год пішу:
Старанна літары малыя вываджу
І сьпісваю усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
І добрыя яго, і кепскія дзяла
Апавядаю тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.
І бачанаму мной — я годны веры сьведак.
Хай тыя ведаюць, што зьявяцца па нас,
Ўсю праўду пра жыцьцё у наш і прошлы час,
Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў і паспольства,
Пра розных каралёў, і бітвы і пасольства.
Што тут чынілася у даўныя гады,
Што думалі, чаго бажалі мы тады, За што змагаліся, як баранілі веру, —
Хай зьведаюць усё патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —
І вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць маё няхітрае пісаньне
Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаваньне.
Так мора — ў Гданску я чуваў — прымчыць вадой
Бутэльку к берагу, аблітую смалой,
Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала
Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.
Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць
І, як трапляецца, быць мо‘ у ёй знайдуць
Ліста. Па звычаю марскому гэтак весьці
Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры гдзесьці
Загінулі яны, і, можа, соткі год
З тых часаў працяклі, і згінуў іх народ,
І ўсё зьмянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі“.
|