Вянок (1927)/Старая Беларусь/Перапішчык

Летапісец Перапішчык
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Кніга
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перапісчык (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАПІШЧЫК.

На чыстым аркушу, прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі.
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,
І загалоўкі ўсе, — няма куды сьпящыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць
Пяро гусінае, і гляне: сьветла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца
І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар, гарашчымі; а тут, каля вакна,
Маліноўка пяе і стукае жаўна.

І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Неяркім серабром; нячутна дзень праходзіць,
Ўжо хутка будзе ноч і першая гвязда
Багаславіць канец прыгожага труда.