Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч — адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры
Артыкул
Аўтар: Міхась Клімковіч
1945 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Амаль сто год таму назад упершыню ў гісторыі Беларусі пачалі з'яўляцца у свет літаратурныя творы беларускага пісьменніка Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцынкевіча. Першым выданнем была «Сялянка» (опера ў двух актах), якая выйшла ў 1846 годзе ў Вільні. Потым выходзілі кніга за кнігай. А ў 1859 годзе гэты трынаццацігадовы перыяд актыўнай творчай і выдавецкай дзейнасці пісьменніка скончыўся канфіскацыяй перакладзенага на беларускую мову «Пана Тадэуша». Пераклад канфіскаваўся ў Вільні па загаду міністра асветы Кавалеўскага. Акрамя названых твораў за гэты час паспелі выйсці такія кнігі Дуніна-Марцынкевіча: «Гапон» - беларуская аповесць з праўдзівага здарэння, Мінск, 1855 г.; «Вечарніцы» і «Заварожаны» - меладрама ў 5 абразках; «Цікавішся?-прачытай» - тры апавяданні і верш, Мінск, 1856 г.; «Дудар беларускі» , Мінск, 1857 г. (у яго ўвайшлі «Шчароўскія дажынкі», «Верш Навума Прыгаворкі», яшчэ некалькі вершаў і апавяданняў). Пасля гэтага неяк праскочыла праз цэнзурную забарону толькі адна кніжачка Дуніна-Марцынкевіча «Люцынка, або шведы ў Літве» - гістарычнае апавяданне на польскай мове ў 1861 г.

Як бачыце, сюды трапіла далёка не ўсё, што склала славу нашага пісьменніка. Не трапілі нават такія творы, як «Пінская шляхта» - класіка беларускай літаратуры (напісана у 1866 годзе), «Залёты» (камедыя, напісаная годам пазней), некалькі вершаў, у тым ліку «Заўтра Спаса, кажуць людзі...», - напісаны у 1868 годзе. Не трапілі яны у друк таму, што паэт і яго творчасць трапілі ў няміласць царскай цэнзуры. Цэнзар - паміж іншым, прозвішча яго было - Мухін, - убачыў у іх небяспеку «стварэння, апроч украінскай яшчэ і беларускай літаратуры» і «распальванне мясцовага патрыятызма» і не пашкадаваў 176 руб. 60 кап. з царскай казны на пакрыццё страт выдаўца Сыркіна і аўтара, каб толькі не пусціць у свет на беларускай мове «Пана Тадэуша». З гэтых грошай на долю Дуніна-Марцынкевіча прыпала, здаецца, 49 руб. 40 кап. і наўрад ці сам ён мог імі разлічыцца з сялянамі і сваімі знаёмымі, якія стварылі папярэднюю падпіску-складчыну на выданне «Пана Тадэуша». Той-жа цэнзар, які дазваляў папярэднія выданні Дуніна-Марцынкевіча, і даў папярэдні дазвол на набор «Пана Тадэуша» прозвішча яго было Кукальнік, - атрымаў добрую нагонку ад упраўлення па справах друку, вымушаны быў пісаць тлумачэнні і шукаць высокага заступніцтва, каб пазбегчы яшчэ большай кары. Сам пісьменнік папаў пад нягласны нагляд паліцыі і калі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага, быў арыштаваны і прасядзеў 9 месяцаў пад следствам, абвінавачаны ў тым, што ён нібыта быў аўтарам і выдаўцом газеты Каліноўскага «Мужыцкая праўда».

Царская паліцыя і жандармерыя «перасалілі» сітуацыю надта груба і просталінейна: беларуская падпольная газета ў іх уяўленні зразу звязвалася з творамі першага беларускага пісьменніка і яны паспяшаліся пасадзіць яго за краты. Аднак газета выходзіла самастойна, нават калі пісьменнік сядзеў у клапоўніку. Прышлося выпусціць Дуніна-Марцынкевіча і сарваць сваю злосць на тым, што ўсе астатнія творы яго не ўбачылі свету, аж да рэволюцыі 1905 года, якая крыху расхістала путы цэнзурнага ўціску. Тады быў перадрукованы «Гапон» (у Пецербургу у 1907 годзе), «Вечарніцы» (там-жа, у 1910 годзе), «Шчароўскія дажынкі» (там-жа, у 1910 годзе), а найлепшыя драматычныя творы пабачылі свет у друку толькі пасля Кастрычніцкай рэволюцыі («Залëты» у 1918 г., а «Пінская шляхта» у 1923 г. у Мінску). Падрыхтаваная ім самім да друку кніга «Быліцы і расказы Навума Прыгаворкі» - наогул дзесьці знікла. Цэнзура аказалася разумней жандармерыі, хаця і такой-жа упартай. Калі Дунін-Марцынкевіч паспрабаваў надрукаваць «Пінскую шляхту» у «Календары» - Віленскі генерал-губернатар пісаў начальніку ўпраўлення па справах друку ў Пецербург: «На маю думку, падобны твор, у якім у непрыглядным выглядзе выстаўляецца асоба станавога прыстава, які ў дадатак да гэтага ўсюды называецца «найяснейшая карона», наўрад ці зручна змяшчаць у якім-небудзь выданні, а ў асаблівасці ў такім, як календар, які прызначаецца для распаўсюджвання сярод мясцовага насельніцтва».

Калі ўзяць творчую і жыццёвую біяграфію Дуніна-Марцынкевіча, дык мы адразу ўбачым тую-ж рысу, што і у біяграфіі любога дэмакратычнага пісьменніка тагочаснай Расіі; яна ўся складаецца з сутычак з царскай уладай і існуючым у той час грамадскім укладам. Нашы сучаснікі не заўсёды разумеюць усю складанасць ўмоў, у якіх даводзілася працаваць іх папярэднікам-літаратарам, а тым больш беларускім літаратарам на зары сучаснай літаратуры. Таму некаторыя нашы крытыкі яшчэ нядаўна здольны былі глядзець на Дуніна-Марцынкевіча выключна з пункту погляду яго прадмоў і прысвячэнняў да яго твораў. Замест таго, каб знайсці асноўную ідэю, дамінанту яго жыцця і творчасці і ад яе разблытваць ніці, якія ідуць да кожнага паасобнага твора, яны хапалі першую папаўшую ім у рукі нітку, якая найбольш кідалася у вочы (к прыкладу тое, што ён быў дваранінам і нават шляхецкім дэпутатам, або тое, што ён пісаў і на беларускай і на польскай мове, або, нарэшце тое, што ў радзе твораў яго відавочны ўплыў сантыменталізма) і так заблытвалі клубок сваіх доследаў, што вымушаны былі кідаць сваю працу з гвалтуючымі супярэчнасцямі. Дунін-Марцынкевіч у іх абмалёўцы з'яўляўся прадстаўніком беларускага дваранскага сантыменталізма, у якога - невядома як - пад канец жыцця вырываліся такія спелыя рэалістычныя творы, як «Пінская шляхта» і «Залëты», па рэалізму вобразаў не саступаючыя гогалеўскім персанажам («Пінская шляхта») і Калупаевым і Разуваевым Остроўскага («Залёты»). Альбо даказвалі яшчэ, нібыта Дунін-Марцынкевіч з'яўляўся абаронцам прыгонніцтва, «у перыяд распаду прыгоннай гаспадаркі стаяў за захаванне прыгоннага ладу», хаця гэтая фармуліроўка распаўзалася па ўсіх швах ад аднаго вобраза Гапона і ад усіх іншых вобразаў, сімпатыі аўтара да якіх нельга было не заўважыць. Трэцяя група крытыкаў схільна была залічыць яго ў польска-беларускія пісьменнікі безумоўна з мэтай зусім адарваць ад беларускай літаратуры, якая, відавочна, развівалася пад уплывам рускай літаратуры (такі прыём «крадзежа з узломам» - быў улюбёным метадам беларускіх нацыяналістаў), хаця пушкінскі сюжэт «Сялянкі» - першага твора Дуніна-Марцынкевіча і пераклічка «Пінскай шляхты» і «Залётаў» з рускай драматургіяй ясна казалі супроць падобнай фальсіфікацыі. Такая шчодрая машэнніцкая раздача літаратурнай спадчыны - толькі зваротны бок мядалю нацыяналістаў - адмаўляць усякі ўплыў суседніх брацкіх літаратур на развіццё беларускай літаратуры і «аддаваць» суседнім народам усё тое, што створана пад іх уплывам. Былі і такія, якія наадварот казалі, што творчасць Дуніна-Марцынкевіча складаецца з адных запазычанняў і цытат з фальклора, адначасова спрабуючы зняславіць усё тое, што ім напісана.

Усе гэтыя метады падыходу да творчасці пісьменніка разбіваюцца ў пыл і прах пры бліжэйшым знаёмстве з той асноўнай мэтай, у імя якой ён тварыў, з-за якой уваходзіў у супярэчнасці з тагочасным грамадскім ладам. Пісьменнік хацеў не толькі адлюстраваць сваю рэчаіснасць. Ён быў пісьменнікам-грамадзянінам, які ведаў патрэбы і задачы свайго часу. Ён мог памыляцца ў пытанні вызначэння сродкаў, якімі можна перарабіць існуючы лад, але яго сэрца не памылялася ў той высокай мэце, якой павінна было служыць яго слова.

Мэта-ж у Дуніна-Марцынкевіча была адна: садзейнічаць перабудове існуючага ладу ў карысць селяніна. Ён, спяшаючыся, але натхнённа, ад сэрца, маляваў вобраз пакутуючай сялянскай дзяўчыны ў «Гапоне». у «Шчароўскіх дажынках», імкнучыся выклікаць пашану і павагу да яе чыстай душы, да яе глыбокіх пачуццяў, да яе пакут і слёз. Ён спалучаў светлы мальераўскі смех і вастрыню гогалеўскай сатыры ў «Пінскай шляхце», каб не толькі пасвяціць у цёмнае царства забабонаў пінскага засценка, але і знайсці ў ім і паказаць крывяжэрнага павука - прадстаўніка «найяснейшай кароны», які так спрытна грабе рублі нават з тых, якія лічылі сябе вярхушкай сялянства. А якое-ж тады раздолле панам Кручковым было у звычайнай вёсцы. Ён асвятліў пражэктарам свайго паэтычнага прадбачання дарогу, па якой пойдзе Сабковіч - гэты гібрыд мальераўскага «Мяшчаніна у шляхецтве» з Разуваевым, хаця ён зарадзіўся і на беларускай глебе. Чытач бачыць у вобразе Сабковіча, як яго намаляваў Дунін-Марцынкевіч, такога ідучага ў будучыню капіталіста-абіралу, які ўмее здзіраць не толькі кажухі з сялян, але і скуру разам з кажухамі.

Дунін-Марцынкевіч зусім не двухсэнсова грозіць панам вобразам Гапона, які нібы мядзведзь адбіваецца ад насядаючых сабак прыгонніцтва.

А ён са злосці мармоча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне, той брэша.
Так Гапон наш колам чэша.

І зусім не так ужо спакойна і ў светлых, здавалася-б, празрыстых радках вершаваных апавяданняў Дуніна-Марцынкевіча. Само сабой разумеецца, што ён далёкі ад палітычных лозунгаў нават сялянскага бунта, што у дачыненні да памешчыкаў ён памылкова лічыць яшчэ магчымым дзейнічаць на іх шляхам пераканання, шляхам абуджэння ў іх пачуцця гуманізма, але-ж не трэба забывацца на час, у якім жыў і тварыў Дунін-Марцынкевіч.

Нашага чытача больш за ўсё цікавіць Дунін-Марцынкевіч, як драматург і заснавальнік беларускага тэатра ў яго вышэйшых формах, хаця заслуга яго ў стварэнні сучаснай беларускай літаратуры не меншая. Можа гэта таму, што беларуская літаратура пасля Дуніна-Марцынкевіча мела такіх выдатных прадстаўнікоў, як Фр. Багушэвіч, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Якуб Колас і яны ўзнялі беларускую літаратуру на вялікую вышыню яшчэ да падыходу маладога і энергічнага, узброенага самымі перадавымі ідэямі, атрада беларускіх совецкіх пісьменнікаў. У такіх варунках - гіганцкая работа зачынальніка, яго подзвіг зусім натуральна некалькі змяншаецца ў маштабе сучаснасці. У тэатральнай справе і ў справе драматургіі Дунін-Марцынкевіч стаіць амаль адзінока аж да Кастрычніцкай рэволюцыі, але яго творы вызначылі сабой шлях далейшага развіцця беларускай драматургіі, стварылі ўплыў на вобразы нашых драматургічных твораў аж да нашага часу. А гіганцкая задача, якую паставіў сабе гэты дробны служачы без уласных сродкаў, гаспадар маленькага маёнтка Люцынкі, купленага на пасаг жонкі, і не толькі паставіў, але і развязаў яе - выклікае наша справядлівае здзіўленне.

У 1946-м годзе споўніцца сто год з дня напісання першай беларускай оперы, а праз шэсць год - сто год з дня яе пастаноўкі. Гэта вялікая дата у культурным жыцці народа і мы павінны быць удзячны не толькі Дуніну-Марцынкевічу, але і яго сям'і, якая разам з ім аддала ўсе сродкі і сілы, каб вырваць у гісторыі гэту дату. І тут, мне здаецца, варта спыніцца на некаторых біяграфічных звестках пра Дуніна-Марцынкевіча, каб паўней зразумець, як здолеў ён вырашыць гэтую задачу. Нарадзіўся Марцынкевіч у 1807 годзе ў фальварку Панюшкевічы, каля Бабруйска, над Бярозай. Бацька яго арандаваў гэты фальварак, значыцца, ён не належаў ні да дробнай, «шарачковай», засцянковай шляхты, ні да шляхетнага магнацтва. Такое няпэўнае становішча, паміж іншым, часта стварала энергічныя характары людзей, развівала іх здольнасці, прымушала задумвацца над соцыяльнымі з'явамі, адчуваць іх несправядлівасць і штурхала шукаць выйсця. І зусім відавочна, што яно-ж раскрывала перад удумлівым чалавекам - сялянства, як сілу, якая можа дапамагчы ў гэтых пошуках. Паэтычнай натуры Дуніна-Марцынкевіча імпанавала прырода над Бярозай-ракой, а таксама глыбокая, лірычная народная творчасць. Абедзве гэтыя акалічнасці і заклалі асноўныя дзве рысы яго характара-паэта і грамадзяніна, сына свайго народа.

Маці яго - Марыя з фаміліі Вольчацкіх сама навучыла Вінцэся чытаць і пісаць, а пасля ён быў аддадзены у павятовае вучылішча ў Бабруйску, гімназіі тады ў Бабруйску не было. Вучоба ў вучылішчы не адрывала Вінцэся ад Панюшкевіч, ад вёскі, ад яго дзіцячага сялянскага акружэння, ад прыгажосці сенажаці, жніва, вясковых песень і вечарынак. Усё гэта глыбока западала ў яго душу, ствараючы грунт для будучай творчасці. Па сканчэнні вучылішча, Вінцэся, па парадзе сваяка бацькоў (ксяндза мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестрэнцэвіча) і, напэўна, з яго дапамогай адпраўляюць у Вільню, заканчваць сярэднюю асвету ў школе пры базыліянскім кляштары. Віленскае студэнцтва жыло тады ідэямі філаматаў і філарэтаў, жыло імем Міцкевіча, які, да рэчы некаторы час знаходзіўся «ў затачэнні» у гэтым-жа базіліянскім кляштары. Гэта падштурхнула першую творчую думку Марцынкевіча.

Далей біографы Дуніна-Марцынкевіча разыходзяцца: частка, у тым ліку Ромуальд Земкевіч, якому блізкі друг Дуніна-Марцынкевіча - Аляксандр Ельскі, даў свой рукапіс «Успаміны аб Вінцэнту Дуніну-Марцынкевічу, беларускім пісьменніку і аўтару», кажа, што Дунін-Марцынкевіч паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта; другія кажуць, што ён для гэтай мэты ездзіў у Пецербург. Як-бы там не было, але Дунін-Марцынкевіч не скончыў універсітэта, яго не захапіла перспектыва стаць доктарам і ён спачатку вярнуўся да бацькі, а пасля паехаў у Вільню на ўласны хлеб. Тут ён паступіў служачым у бюро нейкага Бараноўскага. Дачка апошняга - Юзэфа - спадабала маладога, прыгожага і вясёлага клерка свайго бацькі. Маладыя людзі пакахаліся, але бацькі Юзэфы і слухаць не хацелі, каб аддаць сваю дачку за няроўню. Тады Дунін-Марцынкевіч выкрадае сваю нявесту, таемна ад яе бацькоў вянчаецца з ёй у 1831 годзе і выязджае ў Мінск. Тут ён служыць перакладчыкам касцельных актаў на рускую мову, пасля ў гранічным і крымінальным судзе. Відавочна, тут ён назірае тыпы, якія пасля дапамаглі стварыць Кручкова і Пісулькіна у «Пінскай шляхце».

У 1834 годзе ён зноў вяртаецца на пасаду перакладчыка у каталіцкую кансісторыю, а пасля становіцца яе архіварыусам.

Прымірэнне з бацькамі жонкі дае яму магчымасць купіць невялічкі фальварак пад Мінскам - Люцынку ў 1840 годзе і ён селіцца там. Аднак, годнасць шляхецкага дэпутата прымушае яго часта бываць у Мінску і нават раз'язджаць па губерні. За гэтай работай ён знаёміцца яшчэ бліжэй з засцянковай шляхтай, са становішчам сялян і памешчыкаў.

У Мінску і ў Люцынцы ў яго ствараецца сваё асяроддзе. Біографы называюць сярод яго сяброў - Адама Шэмеша - мастака, Адама Пенькевіча - паэта, Ігната Легатовіча - педагога, бібліографа і паэта-аўтара беларускага верша, які дайшоў да нас (надрукаваны ў альманаху «Баян», Вільня, 1838 г.).

Скажы, вяльможны пане,
Што ў нашым будзе стане?
Бо мне нешта-ж казалі,
Што вы няслушна давалі
У марцу «падымнэга»...
- А табе, хлопе, цо до тэго?
- Праўда, што вы панамі
Пакуль жывеце над намі,
Але што з таго будзе,
Калі станем на судзе?
Не скажаш, пане, тэго:
- Цо табе, хлопе, до тэго?

Мы прыводзім гэты верш для таго, каб ясней былі настроі гэтага імправізаванага культурнага гуртка. Сваімі ў гэтым гуртку былі і Кандратовіч-Сыракомля і Станіслаў Манюшка і вядомы музыкант Антон Контскі. Гурток быў у курсе спраў той этнаграфічнай і творчай работы, якую праводзілі ў гэты час Баршчэўскі і Ян Чачот. Гурток Дуніна-Марцынкевіча быў знаёмы з перыядычнымі і неперыядычнымі выданнямі Пецербурга і Вільні, у якіх закраналіся пытанні гісторыі, мовы, творчасці беларускага народа. Біографы запэўняюць, што Дунін-Марцынкевіч меў рукапіc «Тараса на Парнасе». Усё гэта спрыяла таму, што ён сам пачаў пісаць і па-польску і па-беларуску.

Мінск у той час быў досыць ажыўленым культурным цэнтрам. Тут стала працавала руская трупа, прыязджалі вядомыя рускія артысты, у тым ліку Каратынскі. Працавала і польская трупа, якую падтрымлівалі мецэнаты з мясцовай польскай знаці, укладаўшыя ў тэатр значныя ўласныя сродкі. Мясцовая газета рэцэнзавала спектаклі. Мяркуючы па гэтых рэцэнзіях, у Мінску былі досыць здольныя артысты і артысткі. Для адной з іх была нават напісана мясцовым аўтарам цэлая п'еса. Ставіліся навінкі рускай і польскай сцэны, руская і сусветная класіка, нават оперы (прычым, першая опера ішла з «працягам», два ці тры вечары). Быў досыць сыграны аркестр з 30 музыкантаў. Дунін-Марцынкевіч аказаўся здольным аматарам-артыстам. З сваім сынам і маленькімі дачкамі - Камілай, Цэзарынай Элядыяй - ён нярэдка выступаў у канцэртах са спевамі, танцамі, з вершаванымі гутаркамі на беларускай мове, прычым і сам, і дзеці, звычайна, былі апрануты ў беларускія сялянскія касцюмы.

Асабліва карысным для Дуніна-Марцынкевіча было знаёмства і дружба з Сыракомлем і Станіславам Манюшкам. Вялікі кампазітар, для якога Беларусь была не толькі месцам нараджэння, але і выхавання яго густаў, матчынай глебай для яго таленту, захапіўся лібрэта оперы «Сялянка», якое напісаў Дунін-Марцынкевіч, і напісаў на яго музыку. Гэта творчае супрацоўніцтва прадаўжалася і далей. А. Валіцкі ў кнізе «Станіслаў Манюшка» (Варшава, 1873 г.) піша пра тое, што Манюшка напісаў быў музыку яшчэ да двух лібрэтак Дуніна-Марцынкевіча «Набор рэкрутаў» і «Валька мужыкоў». На жаль, гісторыя захавала нам толькі сведчанне пра ўсе гэтыя тры творы: яны недзе загінулі пры вандроўках Манюшкі.

Дунін-Марцынкевіч захапіўся ідэяй паставіць беларускую оперу. Ён не мог мець падтрымання ні ў рускіх, ні у польскіх колах, якія задавалі тон культурнаму жыццю Мінска. Выхад на шырокую арэну беларускай літаратуры і беларускага мастацтва ўразаўся ў іх спрэчкі аб тым, што такое Беларусь, і даваў свой, зусім не пажаданы, ім адказ. Дунін-Марцынкевіч зрабіў усё, каб правесці сваё дзецішча паміж Сцылай і Харыбдай: пушкінскі сюжет «Сялянкі» - традыцыйная форма так-званых дваровых спектакляў, дзе паны гавораць па-польску, а сяляне па-беларуску - гарантавалі яго ад папярэдняй забароны твора. Сялянскія хоры ён арганізаваў з сялян сваёй Люцынкі, сам прыняў непасрэдны удзел не толькі ў якасці рэжысэра, але і артыста - ён іграў роль войта-Навума Прыгаворкі. Опера пайшла з вялікім поспехам: яна ставілася тры разы - у 1852, 1853 і 1855 годах. Аднак, яна не знайшла водгуку ў тагочасным друку, бо беларускаму мастацтву трэба было яшчэ заваёўваць свае прызнанне. І сваімі творамі Дунін-Марцынкевіч амаль у адзіноце павёў бой за гэтае прызнанне: у 1855-1857 г. выходзяць 4 з 7-мі выдадзеных ім кніжак. Пяцігоддзе 1852-1857, такім чынам, стала фундаментам, на якім пабудавалася сучасная беларуская літаратура, драматургія і тэатр. Можна ўявіць сабе, якую кіпучую дзейнасць развіў Дунін-Марцынкевіч у гэтае пяцігоддзе і колькі трэба было любві да свайго народа, да сваёй справы, каб у тагочасных умовах вытрымаць маўклівае асуджэнне: малады з боку навакольнага «культурнага грамадства. Ствараць з самага пачатку літаратурную мову, яе граматыку, усталёўваць узаемаадносіны ўласнай творчасці і фальклора, вынаходзіць формы літаратурных твораў, не паддавацца спакусе скарыстоўваць гатовыя штампы, а ствараць сапраўдныя нацыянальныя творы, дзе кожнае слова, кожны выраз, кожны вобраз і сітуацыя «пахне Беларуссю». З гэтай задачай Дунін-Марцынкевіч справіўся, пры гарачай падтрымцы сваіх суседзяў-сялян і той часткі беларускай інтэлігенцыі, якая дала народу Кастуся Каліноўскага.

Пасля пачаліся няўдачы. У 1857 годзе памерла яго жонка. Сябры параілі яму развеяцца і ён на некаторы час выязджае з Мінска і з Люцынкі. У часе прабывання у двары сваіх добрых знаёмых у Шчаўрах - ён пазнаёміўся з удавой Алесяй Грушэўскай і шчыра закахаўся ў яе. У 1858 годзе яна стала яго жонкай і ён зусім кідае службу і свае дэпутацтва і асядае на сталае жыццё ў Люцынцы. Тут, пэўна ён стварае тыя свае творы, якія або згублены, або не пабачылі свету. Забарона пераклада «Пана Тадэуша», арышт і пасля нагляд паліцыі - прымусілі яго замкнуцца ў сабе, але не скласці зброі. Ён пераглядае свой творчы шлях, больш працуе над новымі творамі. Скарыстаўшы свае ўражанні ад паездак у Піншчыну (сведкамі гэтага вершы: «Прыпяць» 1849 г. і «Вандровец», Мазыр 1854 г.) ён піша і ставіць сіламі свай сям'і і сялян «Залёты» і «Пінскую шляхту». Са сваімі дачкамі ён арганізуе школу для сялянскіх дзяцей у Люцынцы, і для мясцовай беднаты ў Мінску. Час ад часу спрабуе надрукаваць свае творы, але спатыкае сцяну з боку цэнзуры. Тым часам па загаду Мураўёва разганяюцца і руская і польская трупа ў Мінску, забараняецца любая літаратурная дзейнасць і тэатральныя відовішчы, апроч манархічных. Тэатральная справа заняпадае. І ўсё-ж да канца дзён сваіх працуе ў Люцынцы стары першы беларускі класік дабіваецца таго, што ужо ні час, ні людзі не могуць закрэсліць праробленай ім работы.

Памёр ён 17 студзеня 1884 года і пахаваны у Тупальшчыне.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.