Географія Беларусі (1919)/Дарогі
← Заняткі насяленьня Беларусі | Дарогі Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
Дзяленьня Беларусі на краіны → |
Дарогі.
Беларусь мае густую сетку прыродных дарог. Яна ўся зрэзана рэкамі, якіх вытокі ляжаць недалёка адзін ад аднаго, а да таго-ж яшчэ і не разьдзелены высокімі гарамі. Дзеля гэтага няма вялікіх перашкод, каб правесьці злучаючыя каналы. Гэтыя каналы і праведзены — імі злучаюцца рэкі, што цякуць у Чорнае мора з тымі, што цякуць у Балтыцкае мора.
Апроч водных дарог у Беларусі, асабліва Заходняй, разьвіта досіць густая сетка чыгунак і шосаў. Хаця гэтыя дарогі будаваліся найбольш дзеля ваенных мэтаў, аднак яны маюць і вялізазнае эканаміцкае значэньне.
Дарогі Беларусі маюць і вялікае паміжнароднае значэньне. Беларусь ляжыць як раз на вузьле усіх галоўных дарог, якія йдуць з Украіны і Маскоўшчыны ў Заходнюю Эўропу. Ведама, што і для Украіны і для Маскоўшчычы надзвычайна важна, ці гэтая іхная брама ў Эўропу будзе адчынена, ці не.
Чыгункі.
Найважнейшае значэньне маюць тыя чыгункі, якія йдуць да марскіх партоў. Важнейшая з іх гэта — Лібава-Роменская, па якой ідзець украінскае збожжа ў Лібаву і Рыга-Арлоўская, якой злучаюцца чарназёмныя краі Маскоўшчыны з Рыжскім портам, а так сама Маскоўска-Віндаўская — гэта карацейшая дарога ад Масквы да мора. Лібава-Роменская дарога ідзець цераз важнейшая беларускія месты Вільню, Менск, Гомель. Рыга-Арлоўская йдзець па паўночнай Беларусі цераз Смаленск, Віцебск, Полацак і Дзьвінск. Урэшце Маскоўска-Віндаўская йдзець па паўночнай мяжы Беларусі.
Некалькі дарог ідуць у кірунку на Варшаву. Яны створаны па большай часьці для стратэгічных мэтаў, але так сама і для падвозаў грузаў ла граніцы з Нямеччынай і абслужаваньня прамысловасьці польскага краю. Гэта лінія Паўночна-Заходняя, лінія з Полацку на Седлец, Маскоўска-Берасьцейская і Палеская (лінія Бярэсьце-Бранск).
Паўночна-Заходняя ідзець каля заходняе мяжы Беларусі і злучаець месты Вільню, Горадзен, Беласток, Дзьвінск. Гэта найстарэйшая з усіх чыгунак Беларусі.
Лінія Полацак-Седлец адкрыта нядаўна; яна праходзіць па Заходняй Беларусі, палягчаючы комунікацыю найбольш разьвітае з эканаміцкага боку часткаю краю. Яна ідзець праз месты: Ваўкавыск, Ліду, Маладэчына, Вялейку, Полацак і Невель.
Маскоўска-Берасьцейская мае найбольш палітычнае і ваеннае значэньне. Яна злучае цэнтр Маскоўшчыны з цэнтрам Польшчы — Варшавай і праходзіць цераз самую сярэдзіну Беларусі. На ёй стаяць месты: Смаленск, Ворша, Барысаў, Менск, Берасьце.
Лінія Берасьце-Бранск праложана праз самую глухую сярэдзіну Палесься, праз непраходныя лясы і балоты; лінія гэтая апрача стратэгічнага, мае аграмаднае эканаміцкае значэньне, злучаючы са сьветам бязьмежныя прасторы Палесься і Беларускага Лесастэпу.
Яна йдзе праз Пінск, Мозыр, Рэчыцу, Гомель і Навазыбкаў.
З Кіева і Заходняй Украіны йдуць праз Беларусь тры лініі: 1) Карасьцень-Жлобін-Петроград, 2) Вільня-Роўна і 3) Ковель-Граева. Першая лінія праходзіць цераз Віцебск, Воршу, Магілеў і Рагачоў. Нядаўна яна прадоўжана далей (на Мозыр і Карасьцень) і цяпер праразае глухую краіну Цэнтральнага Палесься. Перасекшы сярэдзіну Магілеўшчыны, яна адрадзіла ў гэтым краю эканаміцкае жыцьцё: гарады сталі хутка расьці, разьвіўся гандаль і прамысловасьць.
Лінія Вільня-Роўна і Ковель-Граева маюць аграмаднае эканамічнае значэньне — гэта найбольшыя і найвыгаднейшыя шляхі з хлебароднае Украіны — ў Нямеччыну і да Балтыцкіх партоў. Першая лінія ідзець праз Лунінец, Баранавічы, Ліду і Вільню, а другая — праз Берасьце, Бельск і Беласток — каля нашае мяжы з Польшчаю.
Апроч гэтых галаўнейшых шляхоў, ёсьць яшчэ некалькі меншых, маючых больш мяйсцовае значэньне. Так для Горадзеншчыны важная — лінія Беласток-Баранавічы і так сама лінія Горадзен-Сувалкі-Марграбова, якая йдзець проста да нямецкага рубяжу; для паўночнай Віленшчыны лінія Сьвянцяны-Беразьвеч (вузкакалейная), для Случчыны — лінія Асіпавічы-Слуцак і г. д.
З правядзеньнем чыгункі жыцьцё мяйсцовасьці рэзка зьмяняецца. Моцна ажыўляецца гандаль, людзкі рух, зьяўляюцца ў глушы новыя людзі, будуюцца пры станцыях новыя гарады і мястэчкі і патроху гінуць усе акалічныя лясы на некалькі дзесяткаў вёрст ад лініі. Горад цераз які прайшла чыгунка адразу пачынае моцна расьці і багацець. Найбольшыя гарады Беларусі як раз ляжаць на крыжаваньню некалькіх дарогаў.
Цікава гісторыя некаторых новых гарадоў, павырастаўшых пры станцыях. 50 гадоў назад Баранавічы былі маленькаю вёскаю. Цераз іх прайшла тады Маскоўска-Берасьцейская дарога і была пабудавана станцыя. Праз гадоў дваццаць цераз Баранавічы перайшла другая дарога, а пасьля і трэйцяя. Баранавічы пачалі моцна расьці. Цяпер яны маюць каля 30 тысяч жыхараў. Такіх зялезнадарожных местаў ёсьць яшчэ некалькі — Лунінец, Маладэчна, Жлобін, Асіпавічы, Новая-Вялейка і інш.
Шосы.
Важнейшыя шосы — Маскоўска-Варшаўская і Петраграда-Кіеўская. Першая перасякае Беларусь з усходу на захад і йдзе цераз Рослаў-Чэрыкаў-Бабруйск-Слуцак і Бе́расьце. Яна праходзіць цераз шмат глухіх закуткаў Беларусі і зьяўляецца там, —
Карчма пры гасьцінцы.
Гасьцінец.
Петраграда—Кіеўская шоса йдзець найбольш каля зялезных і водных шляхоў і дзеля таго мае меншае значэньне для Беларусі. Яна йдзе праз Невель, Віцебск, Воршу, Магілеў і Гомель.
Палявая дарога.
Найбольш шосаў у Горадзеншчыне, дзе яны пабудованы дзеля ваенных мэтаў. Тым часам ад іх вялікая карысьць і для гаспадарскага жыцьця краю.
Па заходняй Горадзеншчыне і Сувальшчыне ідзе ў розных кірунках больш дзесятка шосаў. Ад аднаго Беластоку шосы разыходзяцца ў 7-х кірунках. Найменш шосаў у Віленшчыне.
Гасьцінцы.
Вадзяныя дарогі.
Аб прыродных вадзяных дарогах мы ўжо казалі. Беларусь мае густую сетку судаходных рэкаў. Праўда, частка іх закінута, неагледжана і дзеля гэтага гэтымі воднымі дарогамі карыстацца няма як. Але пры пэўным клопаце і затратах, чысло судаходных рэкаў шмат павялічалася-б.
Штучныя вадзяныя дарогі.
Галаўнейшых судаходных каналаў у Беларусі — чатыры — Бярэзінскі, Агінскі, Аўгустоўскі і Каралеўскі.
Бярэзінскі канал злучае Бярэзіну з Дзьвіною. Ен ідзе праз рэчкі Сергуч (прыток Бярэзіны), возера Манец, якое злучана каналом з воз. Бярэшта. З возера-ж Бярэшта выплывае рэчка Бярэшта, прыток Ессы. Есса ўпадае ў Лепельскае возера, а з гэтага возера выплывае Улла — прыток Дзьвіны.
Бярэзінскі канал выкапаны быў у 1805 г. Упярод ён быў судаходны. Пасьля рэкі і возеры абмялелі і цяпер па ім толькі сплаўляюць лес.
Агінскі канал злучае Ясельду (прыток Прыпяці) з Шчараю. Даўжыня яго каля 50 вёрст. Канал ідзе па балоцістых прасторах і праходзіць цераз два возеры — Выганаўскае воз. і воз. Вульку. Выкапаны ён яшчэ ў XVIII веку. Найбалей служыць канал для сплаву, але перацягуюць па ім і баркі на лінах.
Аўгустоўскі канал злучае Віслу з Нёмнам цераз р. Бабёр (прыток Нарві), Нэтту (прыток Бабра) і Чорную Ганжу (прыток Нёмна). Большая часьць каналу ідзець недалёка ад мяжы Беларусі. Рух на канале малы, бо ў ім мала вады.
Каралеўскі канал злучае Піну (прыток Ясельды) з Мухаўцом (прыток Бугу). Гэта найбольшы з каналаў Беларусі. Ен мае ўдаўжкі 75 в. Пракапаны ён яшчэ ў XVIII веку. У 1840 гаду ён быў паглыблены. Канал гэты мае вялікае значэньне, злучаючы Дняпро з Віслаю. Па ім ідзе лясны тавар, а так сама і хлеб з Украіны ў порт Гданск, што ляжыць на Балтыцкім моры пры ўтоку Віслы.
Усе гэтыя чатыры каналы злучаюць Чорнае мора з Балтыцкім. Ня гледзячы на такое сваё важнае значэньне, даглядаюцца яны вельмі блага і цяпер у поўным упадку.
Даўно ўжо зьявілася думка аб тым, каб каторы з гэтых каналаў, а так сама і рэкі ім злучаныя, моцна паглыбіць і разчысьціць.
Калі-б гэтак сталася, на нашай зямлі йзноў, як у даўнейшыя часы, прайшла-бы вялікая гандлёвая дарога, злучаючая Усход Эўропы з яе Захадам. Пэўне што на гэтым вельмі многа выйгралі-б узьбярэжныя месты і ўся Беларусь.Мора.
Марскія дарогі, як ведама, найвыгаднейшыя і найтанейшыя. Беларусь ляжыць паміж двох мораў — Балтыцкага і Чорнага, пры гэтым да першага значна бліжэй, чымся да другога. Але нідзе беларуская зямля да самага берагу мора не даходзіць. Дзеля гэтага мусіць наш гандаль карыстацца марскімі партамі, якія ляжаць на чужой зямлі.
З партоў Балтыцкага мора найбольшае значэньне для Беларусі маюць: Рыга, Лібава, Клайпеда і Кёнігсбэрг (Каралевец).
Рыга ляжыць ля Рыжскае затокі пры ўтоку ракі Дзьвіны, якая ў сваім верхнім і сярэднім цячэньні абвадняе паўночную Беларусь. Бярэзінскім-жа каналам злучана Дзьвіна з Дняпром. Такім парадкам уся пауночна-ўсходняя Беларусь — прымерна на ўсход ад р. Бярэзіны цягне да Рыжскага порту. Чыгункі так сама злучаюць Рыгу найпрасьцей з поўначай і ўсходам Беларусі. Тым часам, з Заходняй Беларусяй зьвязь не такая моцная. Цераз Рыжскі порт вывозіцца шмат лесу, лёну і пянькі з Беларусі, а так сама збожжа з паўднёвае Маскоўшчыны.
На жаль Рыжскі порт вельмі доўга (кала 4 месяцаў) узімку бывае замерзшы.
Значэньне Рыжскага порту, як мы бачым, для Беларусі надта вялікае. Яно яшчэ пабольшала-б, калі-б нашыя вадзяныя дарогі былі расчышчанымі і каб судаходзтва па іх ня мела толькі перашкодаў. Асабліва паднялося-б значэньне Рыгі пры правядзеньні вялікага Чорнаморска-Балтыцкага каналу, аб якім казана вышэй.
Лібава зьвязана з цэнтрам Беларусі старой чыгункавай лініяй (Лібава-Роменская). Лібава мае блізка што незамярзаючы і вельмі выгодны і добра ўстроены порт. Дзеля гэтага мела яна дагэтуль вельмі важнае значэньне для беларускага гандлю. Асабліва гэтае значэньне павялічылася тым, што порты ляжачыя далей на паўдня былі адрэзаны ад Беларусі Нямецка-Расейскай мяжой. Шмат ідзе цераз Лібаву і украінскага збожжа.
Рыга і Лібава ляжаць на латышскай зямлі.
Кёнігсбэргскі порт (Піллау) — найбліжэйшы з узіх марскіх партоў да Беларускае зямлі ляжыць у Нямеччыне, пры ўтоку р. Прэгалы. Некалькі лініяў чыгункі зьвязуе яго з беларускімі местамі (Беластокам, Горадном) безпасярэдна, а лінія Коўна-Кёнігсбэрг, якая йдзе цераз Літоўскую зямлю, зьвязуе яго з Вільняю. Апроч таго р. Прэгалу лёгка можна было-б злучыць каналам з Нёмнам.
Кёнігсбэрг з даўных часоў вёў шырокі гандаль з Беларусяй. I дагэтуль праз яго вывозіцца шмат беларускае пянькі, лёну і г. д.
Урэшце для паўднёвае і заходняе Беларусі можа мець нейкае значэньне і Гданскі порт, што ляжыць пры ўтоку Віслы. Рэкі сыстэмы Віслы — Буг, Нарэў і Бобр абвадняюць заходнюю Беларусь, а Каралеўскі канал зьвязуе з Віслаю паўднёвае Палесьсе.
З партоў Чорнага мора пэўнае значэньне могуць для нас мець Херсон, што ляжыць пры ўтоку Дняпра (цераз яго йдзе шмат лесу з Беларусі) і суседнія парты — Адэса, Мікалаяў і г. д. Аднак усе яны ляжаць занадта далёка ад Беларусі. Належаць яны да Украіны.
Нямаючы сваіх марскіх партоў, Беларусь мусіць неяк умовіцца з сваімі заходнімі суседзямі, каб карыстацца іхнімі партамі і каб забяспечыць беларускаму гандлю дарогу на шырокі сьвет.