Географія Беларусі (1919)/Дзяленьня Беларусі на краіны

Дарогі Дзяленьня Беларусі на краіны
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
Паветы Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзяленьня Беларусі на краіны.

Мы ўжо шмат чаго даведаліся аб розных бакох жыцьця і становішча Беларусі, аб яе адзнаках: аб паверхні Беларусі, яе расьціннасьці, яе гаспадарцы. Але ўсё гэтае, узятае паасобку — і горы, і рэкі, і гаспадарка і г. д. ёсць толькі як бы асобнымі штрыхамі вялікага вобраза, якім ёсць край і яго жыцьцё. Нам-жа трэба сабе гэты абраз так пазнаць, як ён ёсьць па-праўдзе, — адразу з усімі яго хварбамі і адзнакамі. Для гэтага разгледзім усе бакі жыцьця краю, ўсе яго адзнакі адразу.

Зрабіць гэта ня так лёгка. Занадта многа будзе гэтых штрыхоў і няма яшчэ ў іх акуратнага парадку. Калі трудна пазнаць увесь край у суцэльнасьці адразу, дык ці ня можам мы ўперад у суцэльнасьці-ж пазнаць асобыя паветы, краіны і г. д.?

Чым дэталічней хочам мы пазнаць край, тым на меншыя абшары павінны мы яго разьдзяліць, каб пасьля кожан такі абшар разглядаць асобна.

У гэтай кнізе далей мы будзем разглядаць асобна паветы, ня дзелючы ўжо іх на меншыя районы.

Паветаў у Беларусі ёсьць каля 65. Калі мы іх будзем разглядаць уважней, пабачым, што часта суседнія паветы вельмі адзін да аднаго падобны. Паўстае пытаньне, ці не маглі б мы разглядаць па некалькі сумежных паветаў разам, злучыўшы іх у адну краіну? Гэтак нам і трэба зрабіць.

Разгледзіўшы кожны павет з усіх бакоў, пазнаўшы яго ў суцэльнасьці, мы захочам так сама ў суцэльнасьці пазнаць усю Беларусь, як мы знаем яе асобныя паветы.

Шмат лягчэй будзе нам сабе прадставіць усю Беларусь, калі мы гэтыя 65 паветаў паскладаем у групы — краіны. Паветы, злучаныя ў краіну маюць шмат у сабе падобнага. Але ў чым, у якой адзнацы для нас ёсьць найважнейшая гэтая падобнасць? Па якіх адзнаках будзем мы злучаць, альбо ня злучаць паміж сабою паветы ў краіны?

Беларусь — край гаспадарскі, а мы ўжо ведаем, што гаспадарка вельмі зьвязана са шчыльнасьцю або гушчынёю насяленьня. Адзнака гэтая — гушчыня насяленьня — ўсюдых добра вымерана, людзі палічаны і так сама прастор зямлі. Вось-жа гэтую адзнаку — гушчыню насяленьня мы прымем за адну з важнейшых. Гушчыню насяленьня павету мы будзем лічыць як бы выкінуўшы паветавае места, дзеля таго, што ў месьце народ, ведама, жыве надта густа, а на гаспадарку гэта не заўсёды моцна ўплывае. Дзеля гэтага мы будзем разглядаць гушчыню сельскага насяленьня.

На гаспадарку апроч жыхараў, іх гушчыні ўплывае прырода — грунты, клімат і г. д. Але наймацней прырода залежыць ад паверхні краіны і яе падняцьця над роўняй мора. Адну прыроду маюць узгор‘і, другую нізіны. Дзеля таго ўстройства паверхні мы прымем за другую важнейшую адзнаку.

Абраз краіны стварыла прырода яе і яе насяленьне. Дзейнасць насяленьня цягнецца вось ужо праз тысячы гадоў і ёсьць вельмі рознароднаю. Не заўсёды зможам мы паводлуг аднае толькі гушчыні насяленьня злучыць разам тыя паветы, якія прыродна паміж сабою злучаны ў жыцьці. Дзеля таго павінны мы зьвярнуць увагу на эканаміцкія звязкі (напрыклад гандлёвыя) асобных паветаў, на іхныя зьвязкі ў мінуўшчыне, на звычаі іхнае гаспадаркі і г. д.

Урэшце і палітычная зьвязь накладае часамі моцныя свае знакі на край. Ня шкодзіць, бывае другі раз, прыняць пад увагу, прыкладам, палітычныя межы краю — у мінуўшчыне.


Возьмем-жа мы карту Беларусі і панадпісуем на кожным павеце, якая там ёсьць гушчыня насяленьня. А каб лягчэй было нам разгледзіцца ў гэтых цыфрах замалюем паветы хварбамі такім спосабам, прыкладам, каб там, дзе найгусьцей насяленьня жыве, была і хварба найгусьцей паложана.

Гляньма цяпер на карту. У некалькі яе мяйсцох хварба ляжыць найгусьцей. Возьмем такі найгусьцейшы павет, прыкладам Навагрудзкі і палядзём, якія паветы да яго падобны, якія не.

Возьмем з другога боку павет з найбольш рэдкім насяленьнем — Мозырскі. Калі Навагрудзкі будзе асяродкам аднае краіны, — найгусьцейшае, Мозырскі будзе асяродкам найрадзейшае. Паміж гэтых двох паветаў ляжыць пав. Слуцкі. Куды яго аднесьці?

Па гушчыні ён займае як раз блізу сярэдзіну пяміж Навагрудзкім і Мозырскім. I мы ведаем, што, і папраўдзе, яго заходняя і паўночная часткі зусім падобны да Навагрудзкага пав. гэта край земляробскі, ляжыць на узгор‘і; а паўднёвая частка — ёсьць такім самым Палесьсем, як і Мозырскі павет.

Але паветаў мы пастанавілі не дзяліць. Значыцца трэба яго туды ці сюды аднесьці. Прыймаючы пад увагу, што большая частка павету і па паверхні, і па грунтох, і па сваіх зьвязках эканаміцкіх цягне да Навагрудчыны, мы Слуцкі павет злучаем з Навагрудзкім.

Такім самым спосабам ідучы, зьвяжам з Мозырскім паветам рад падобных да яго паветаў Палесься, а з Навагрудзкім — паветы ляжачыя на узгор‘ях.

Калі мы ўважней прыгледзімся да некаторых такіх групаў паветаў, мы пабачым, што такую напр. Палескую, рэдка залюднёную групу варта разьдзяліць, бо Барысаўскі павет па сваёй прыродзе досіць мала падобны да Мозырскага, хаця заселены так сама рэдка. Мы зьвяжам Барысаўскі павет з Ігуменскім і назавём гэтую краіну Верхне-Бярэзінскім Палесьсем (бо ляжыць ля верхняе р. Бярэзіны), а краіну зложаную з Мозырскаго, Рэчыцкага і Бабруйскага пав. дзеля вялізазнаго прастору можам назваць напр. Вялікай Палескай нізінаю.

Прыняўшы пад увагу ўсё толькі — што сказанае, мы дзелім Беларусь на 14 краінаў. Вось іхныя назовы:

1. Полацкае Наддзьвіньне,

2. Віленскі край,

3. Краіна Менскага Узгор‘я,

4. Наднёманскі край (Горадзеншчына),

5. Надбужанскі край (Падлясьсе).

6. Піншчына.

7. Вялікая Палеская Нізіна,

8. Беларускі Лесастэп (Чарнігаўшчына).

9. Радань (Паўднёвая Магілеўшчына).

10. Верхне-Бярэзінская краіна.

11. Мсьціслаўшчына,

12. Аршанская Краіна (Паўночная Магілеўшчына).

13. Краіна Задзьвінскіх Узгор‘яў (Віцебшчына) і

14. Смаленшчына.

Разглядаючы ўважна карту Беларусі, падзелянае на гэтыя раіоны, мы можам зрабіць такі вывад.

Паўднёвы край Беларусі і яе Цэнтр займаюць краіны нізінныя, у большай часьці рэдка залюдненыя і лясістыя — 6) Піншчына, 7) Вялікая Палеская Нізіна, 8) Лесастэп, 9) Радань і 10) Верхне-Бярэзінская Краіна. Гэта паяс нізінаў. Ен дзеліць паяс узгор‘яў, што аблягае яго з трох бакоў — з усходу, захаду і паўночы, на Паяс Заходніх Узгор‘яў, у якім ляжаць першыя пяць краінаў і Паяс Усходніх Узгор‘яў, у якім ляжаць чатыры апошнія краіны.