Географія Эўропы (1924)/Прадмова
Прадмова Публіцыстыка Аўтар: Мікалай Азбукін 1924 год |
Агульны агляд Эўропы → |
ПРАДМОВА.
Гэтая кніга складалася паводле загаду Акадэмічнага Цэнтру Наркамасьветы Беларусі ў 1921 годзе, калі было яшчэ вельмі цяжка акуратна даведацца аб тым, як адбілася сусьветная вайна 1914—18 г на політычнай карце Эўропы.
З гэтай прычыны было амаль-што немагчымым разьмеркаваць географічны матар’ял па сучасных політычных адзінках у іх дзяржаўных межах. У зьвязку з гэтым Эўропа ў гэтай кнізе разглядаецца па прыродных географічных краінах. Абставіны не дазволілі сваечасова выдаць кнігу, а ў цяперашнія часы, калі яна, нарэшце, выдаецца, ужо зьявілася мажлівасьць перарабіць кнігу, прымаючы пад увагу апошнія даныя аб прасторы й межах сучасных эўропэйскіх дзяржаў. Аднак, політычныя межы застаюцца заўсёды больш-менш штучнымі. Агульна-эўропэйская вайна лепей за ўсё паказала, што часам політычныя адзінкі ствараюцца пад уплывам у значнай меры выпадковых здарэньняў. Дзеля гэтага наўрад ці варта было-б зьмяняць характар кнігі.
У кнізе разглядаецца як Заходняя, гэтак і Ўсходняя Эўропа. Прыняты падзел Эўропы на абшары, староны й краіны ня зусім сходзіцца з звычайным падзелам. Да Ўсходняй Эўропы далучаны Дунайскія нізіны, якія звычайна лічацца часткай Заходняй Эўропы. Сухі стэпавы клімат, чорназемная глеба на грубым пласьце лёэсу, рашучая перавага сельскай гаспадаркі над апрацоўчай прамысловасьцю, нарэшце нізкі ровень асьветы сярод насельнікаў гэтых нізін дазваляюць разглядаць іх побач з старонкамі паўднёвай стэпавай паласы Ўсходняй Эўропы. Наадварот, Фінляндыя, Лапаршчына й Карэлія, якія часьцей лічацца часткамі Ўсходняй Эўропы, далучаны побач з Норвэгіяй і Швэдзіяй, як часткі Фінска-Скандынаўскага масыву, да Заходняй Эўропы. Наагул, пры далучэньні тэй ці іншай краіны да таго або другога абшару, да тэй ці другой стараны прымаліся пад увагу па магчымасьці і будова паверхні, і кліматычныя адзнакі, і склад расьліннасьці, і асаблівасьці грунтоў, люднасьці і яе гаспадарчай дзейнасьці.
Як падручнік, кніга не адпавядае програмам сямёхгадовай школы. Аднак, прымаючы пад увагу, што школьныя програмы ў беларускіх школах яшчэ ня могуць лічыцца аканчальна апрацованымі, што географія Эўропы выкладалася ня толькі ў сямёхгадовых школах, але таксама і ў тэхнікумах, Акадэмічны Цэнтр лічыў пажаданым выдаць такую кнігу па географіі Эўропы, якой можна было-б карыстацца й на другой ступені навучаньня.
Пералічэньне географічных назоваў у некаторых месцах заменена пытаньнямі. Зразумела, што кожны настаўнік, паколькі будзе лічыць патрэбным, павялічыць лік такіх пытаньняў і, можа, прапануе вучням адказы на гэтыя пытаньні запісваць у васобны сшытак.
З тэй прычыны, што значная частка беларускіх настаўнікаў прызвычаілася да расійскіх географічных тэрмінаў, дадаецца пераклад на расійскую мову некаторых беларускіх тэрмінаў.
Даныя аб работніцкім руху ў дзяржавах Эўропы запазычаны з кнігі «Ежегодник Коминтерна. Петроград—Москва 1923. Изд. Ком. Инт».