Географія Эўропы (1924)/Прадмова/Агульны агляд Эўропы

Прадмова Агульны агляд Эўропы
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Паўднёвая Эўропа

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Агульны агляд Эўропы.


Асаблівасьці географічнага палажэньня. Зямля й вада ня роўна зьмяшчаюцца па паверхні земнай кулі. У паўночнай паўкулі сухаземных прастораў значна болей, чымся ў паўднёвай. Можна падзяліць земную кулю на дзьве паловы так, што на паверхні аднэй паловы зьмясьцяцца, бязмаль-што ўсе контынэнты, а другая будзе пакрыта амаль-што выключна вадой. Першую з гэтых палоў завуць контынэнтавай паўкуляй, другую акіянічнай. Пасярэдзіне контынэнтавай паўкулі, абкружаная з усіх бакоў іншымі часткамі сьвету ляжыць Эўропа. Такое палажэньне вельмі карысна для Эўропы; ад яе блізка да ўсіх іншых залюдненых частак сухазем’я, апроч Аўстраліі; у Эўропе крыжуюцца ўсе галоўныя сусьветныя гандлёвыя дарогі, яна нібы пануе над зносінамі паміж іншымі часткамі земнай кулі.

Прыглядаючыся далей да географічнага палажэньня Эўропы, убачым, што большая яе частка ляжыць у мерным кліматычным пасе. (Паводле карты азнач, між якімі градусамі географічнай шырыні і даўжыні ляжыць Эўропа[1]). Гэта таксама вельмі выгодна для нашае часткі сьвету.

У гарачым пасе, напрыклад, дзе-небудзь каля роўніку, чалавек без вялікай працы знаходзіць усё патрэбнае для сваяго жыцьця: вопратка там не патрэбна, бо цёпла; каб пад’есьці — досыць зьняць з дрэва пару бананаў або плод какосавай пальмы. Чалавек там ня мае прычын клапаціцца аб паляпшэньні свайго дабрабыту і аб разьвіцьці сваёй культуры. У халодным пасе, наадварот, чалавек знаходзіцца пад уціскам прыроды. Недахват стравы прымушае яго бязупынна клапаціцца аб здабываньні штодзеннай яды, але ніякія клопаты не дазваляюць яму выйсьці з галоднага й паўдзікага стану. Перамагчы прыроду там занадта цяжка; шукаючы стравы, чалавек ня мае часу вымысьляць лепшыя спосабы жыцьця. У мерным пасе, каб здабыць сабе страву, вопратку й мяшканьне, чалавек мусіць напрагчы ўсе свае сілы, але за цяжкую творчую працу мае багатую нагароду. Прырода тут прымушае чалавека працаваць, вабіць яго творчасьці й дапамагае разьвіцьцю ўсіх яго сіл. Вось чаму культура эўропэйцаў шпарка пашыралася й паглыблялася, пакуль не заняла першага месца сярод усіх культур сьвету.

Дужа выгодным зьяўляецца й палажэньне Эўропы ля берагоў Атлянтычнага акіяну. Гэты акіян лягчэй мог набыць значэньне галоўнай гандлёвай дарогі сьвету, чымся Вялікі або Індыйскі. Абодва галоўныя контынэнты (Эўропа, Азія й Афрыка з аднаго боку й Амэрыка з другога), што ляжаць між Атлянтычным і Вялікім акіянамі, аддзяляюцца ад апошняга магутнымі недаступнымі горнымі ланцугамі і павернуты ў бок першага шырокімі раўніннымі прасторамі. Большасьць насельнікаў абодвух галоўных контынэнтаў лягчэй можа дабрацца да Атлянтыкі, чымся да берагоў Вялікага акіяну. Яшчэ важней тое, што Атлянтычны акіян уразаецца ў Эўропу тысячамі мораў, затокаў і буктаў. Няма другой такой часткі сьвету, у якой морскія затокі гэтак пашматалі, пакраілі-б берагі сухазем’я, як у Эўропе. Унутраныя моры й затокі заходзяць у самую сярэдзіну нашае часткі сьвету, так што няма ў ёй такога куточка, насельнікі якога так ці гэтак не залежалі-б ад мора.

Насельнікі ўзьбярэжжаў (а да іх у Эўропе належыць многа мільёнаў людзей, бо берагі вельмі даўгія) з даўных часоў прызвычаіліся плаваць на сваіх лодках, а потым і на караблёх, спачатку каля берагоў контынэнту, а пасьля ад гэтых берагоў да суседніх астравоў і нават далей. Такім чынам у Эўропе стварылася цэлая грамада людзей, прызвычаеных да мораходзтва й морскага гандлю, а самая Эўропа лягчэй магла скарыстаць выгады свайго палажэньня й захапіць панаваньне над сусьветным гандлем.

(Паводле карты пераглядзі і вывучы назовы галоўных мораў, заток, праток, астравоў і паўвастравоў Эўропы).

Эўропа ўваходзіць у склад самага вялікага Старога, або Ўсходняга контынэнту (які абымае, апроч таго, Азію й Афрыку), а асобнай часткай сьвету лічыцца толькі з прычыны сваёй вялікай вагі ў гісторыі чалавека. Фактычна, гэта вялікі паўвостраў Азіі, аддзелены ад яе горнымі ланцугамі Ўралу й Каўказу. Самы Ўрал звычайна далучаюць да Эўропы, а Каўказ, цесна злучаны з заходня-азійскімі горнымі старонамі, часьцей лічаць за частку Азіі. Аднак гэтыя межы між Эўропай і Азіяй умоўныя, і абедзьве гэтыя часткі сьвету злучаюцца пераходнымі абшарамі, пераходзяць адна ў другую няпрыметна, паволі[2].

Паверхня Эўропы. Красаваньню нашае часткі сьвету дапамагала й будова яе паверхні. Нізіны (наогул кажучы, выгаднейшыя для гаспадаркі, чымся ўзвышшы) складаюць у Эўропе ⅔ усёй паверхні, значна болей, як у іншых частках сьвету. Аднак ёсьць тут ня мала й горных ланцугоў, якія ў розных кірунках пераразаюць Эўропу й дзеляць яе на многа асобных краін.

Вялікая рознастайнасьць формаў паверхні робіць Эўропу краем асабліва дастасованым да разьвіцьця культуры. Кожная з асобных краін Эўропы мае свае прыродныя асаблівасьці, у кожнай з іх дзеяльнасьць чалавека йдзе сваім асобным шляхам, у кожнай чалавек мусіць выдумляць свае асаблівыя спосабы барацьбы з прыродай. Горныя ланцугі Эўропы маюць багата выгодных праходаў і не перашкаджаюць насельнікам краін, якія ляжаць абапал гэтых ланцугоў, мяняцца сваймі таварамі, а адначасна і ўсімі набытымі ведамі, усімі палепшанымі ў сваіх абставінах жыцьця спосабамі барацьбы за існаваньне. Рознастайнасьць гэтых спосабаў у зьвязку з лёгкасьцю зносін паміж асобнымі краінамі, абмен ведаў паміж народамі Эўропы пашыралі сьветапогляды эўропэйцаў і такім спосабам дапамагалі разьвіцьцю іх культуры. Паводле асаблівасьцяй будовы паверхні Эўропу можна падзяліць на 3 абшары:

1) Усходняя Эўропа зьяўляецца вялікай раўнінай, на якой пласты земнай кары ляжаць роўна, паземна, або зусім няпрыметна нахілены да кругавіду. Толькі на ўскрайках гэтую раўніну атачаюць горныя ланцугі.

(Адшукай іх на карце і вывучы іх назовы).

2) Паўночна-Заходняя Эўропа здаўна была горным абшарам; здаўна пласты земнай кары тутака склаліся ў зморшчы. Але гэтыя горныя зморшчы існавалі міліёны вякоў, размываліся вадой, руйнаваліся пад уплывам зьменаў тэмпэратуры, амаль-што зусім зраўняліся з роўнем мора, часамі апускаліся нават ніжэй гэтага роўня, заліваліся хвалямі мора й пакрываліся пластамі паземных морскіх адкладаў. Цяпер, як і ўва Ўсходняй Эўропе, тут на паверхні пераважваюць паземныя пласты, але шмат у якіх месцах Паўночна-Заходняй Эўропы земная кара патрэскалася, кавалкі зямлі між утворанымі шчылінамі павыпіраліся ўгару, падняліся над акружаючай мясцовасьцю і зноў зрабіліся гарамі — так званымі горстамі. Месцам, наадварот, кавалкі між шчылінамі апусьціліся й перавярнуліся ў катліны — так званыя грабэны.

Горставыя горы Паўночна-Заходняй Эўропы адзначаюцца звычайна адхоннымі схіламі; вярхі іх або плоскія, або акругленыя.

(Пераглядзі па карце назовы гор і нізін Пн.-З. Эўропы).

3) Паўднёва-Заходняя Эўропа таксама багата на горы, але тамака горы маюць зусім іншы выгляд. Схілы іх зрывістыя, вярхі вострыя, высокія, зубкаватыя. Горы гэтыя й да сяго часу маюць выразную зморшчавую будову, пласты земнай кары выгінаюцца ў іх, як аркушы паперы ў выгнутым сшытку. Горы ў Паўднёвай Эўропе ўтварыліся многа пазьней, як у Паўночна-Заходняй. З гэтай прычыны яны не пасьпелі яшчэ гэтак зруйнавацца, як там, дасягаюць звычайна большай вышыні, часта сягаюць пад воблакі вышэй мяжы вечнага сьнегу.

Рознастайнасьць іх форм залежыць ад рознастайнасьці тых пластоў, з якіх складаюцца зморшчы. Мяккія гліны і маргалі лёгка змываюцца цякучай вадой, а цьвёрдыя, моцныя вапнякі, пескавікі, асабліва-ж граніты й гнэйсы застаюцца ў стане хрыбтоў і вострых вярхоў.

Нізінных прастораў у Паўднёвай Эўропе значна меней, чымся ў Паўночна-Заходняй. Калі і ёсьць нізіны, дык звычайна яны маюць рэчнае пахаджэньне, гэта значыць, зьяўляюцца даўнейшымі морамі або вазёрамі, якія патроху засыпаліся гляістымі й пескавамі адкладамі рэк, Месцам, як і ў Паўночна-Заходняй Эўропе, тут трапляюцца плоскаўзвышшы, абкружаныя горстамі, але значна радзей, як там.


Рыс. 1. — Карта гор, нізін і плоскаўзвышшаў Эўропы.


Рыс. 1. — Карта гор, нізін і плоскаўзвышшаў Эўропы.


(Паводле карты № 1 пералічы горныя зморшчавыя ланцугі Паўднёвай Эўропы, назаві нізіны паміж імі і плоскаўзвышшы. Зьвярні ўвагу на кірункі горных ланцугоў. Ці не здаюцца адны зморшчавыя ланцугі працягам другіх?).

Гораўтварэньне яшчэ й цяпер ня скончылася ў Паўднёвай Эўропе. Частыя моцныя землятрасеньні сьведчаць аб нясупыннай падземнай дзейнасьці. Аб гэтым-жа гаворыць існаваньне там дзейных вульканаў каля самага берагу Міжземнага мора (якіх?).

Згаслых вульканаў там яшчэ болей, але згаслыя вульканы ёсьць і ў Паўночна-Заходняй Эўропе, дзе некаторыя з іх захавалі нават сваю правільную форму стажкоў. Апроч вульканічных зьяў і землятрасеньняў у некаторых мясцовасьцях, Эўропы заўважаюцца павольныя апусканьні і ўздыманьні земнай кары, гэтак званыя векавыя ваганьні. Так, напрыклад, берагі Ледаватага й Нарвэскага мораў што-год уздымаюцца на 1 сантымэтр; паўднёвыя берагі Нямецкага мора, наадварот, марудна, зусім няпрыметна апускаюцца.

Павярхоўныя адклады. Краявід асобных частак Эўропы ў значнай меры залежыць ад якасьці тых адкладаў, што ляжаць на самай паверхні і складаюць так зв. падгрунце. Гэтыя адклады, самы верхні пласт зямлі, утварыліся ў апошнюю эпоху жыцьця нашае плянэты, прыблізна ў працягу апошняга мільёна гадоў, калі Эўропа атрымала нарэшце свой сучасны выгляд. Прыблізна з мільён гадоў назад клімат Эўропы, да таго вельмі цёплы і роўны, пачаў рабіцца халаднейшым. Пачалася непагода, пачаліся маразы. Зіма патроху рабілася даўжэйшай, лета пачало карацець. Пакрысе паўночныя часткі Эўропы зрабіліся такімі-ж халоднымі, як цяпер вярхі найвышэйшых гор. Тамака пачало выпадаць столькі сьнегу, што за лета ён не пасьпяваў раставаць. Што-год павялічвалася тоўшча сьнегавога насьцілу, сьнег зьлежваўся, ператвараўся ў лёд. Як і цяпер, з вялікіх гор у нізіны спаўзаюць утвораныя з вечнага сьнегу ледавікі, гэтак і тады з узвышшаў Паўночнай Эўропы лёд пачаў ссоўвацца на поўдзень і паўднёвы ўсход, пакуль не апрануў усю паўночную палову нашае часткі сьвету. Спаўзаючы на поўдзень, гэты вялізны ледавік па дарозе абдзіраў скалы, руйнаваў іх, адломкі іх пераціраў у каменьне, жвір, пясок і глей. Усе гэтыя адломкі скал, або гэтак званы морэнавы матар’ял, умярзалі ў лёд і разм з ім перасоўваліся туды, куды спаўзаў і дзе растапляўся ледавік. Потым, калі клімат Эўропы зноў пацяплеў і ледавікі зусім растапіліся, гэтыя адломкі засталіся па ўсёй Паўночнай Эўропе ў стане гэтак званых морэнавых грудоў і ўзгоркаў.

Дзейнасьць лёду была, такім чынам, двойчая. З аднаго боку ледавік абдзіраў скалы, выкапваў у іх глыбокія яміны, з другога боку ён адкладаў морэны.

На поўначы Эўропы (напрыклад, у Фінляндыі, Скандынавіі, Шотляндыі) грунт ляжыць тонкім пластом, часта з-пад яго выглядаюць голыя скалы. Тут пераважвала так званае ледавіковае выворваньне; тутэйшыя скалы абшарпаны й абдрапаны лёдам.

З паўдня й паўднёвага ўсходу гэтую частку Эўропы ахапляе пас мясцовасьцяй з так званым морэнавым краявідам. Там на паверхні ляжыць грубы пласт пяскоў і глін, перамешаных з каменьнем. Там ледавік пераважна адкладаў морэны. Да гэтага пасу належыць, між іншым, Беларусь і ўсе краі, якія ляжаць навокала Беларусі.


Рыс. 2. — Карта разьмяшчэньня даўных ледавікоў у Эўропе. Стрэлкамі паказаны кірункі, па якіх соваўся ледавік.


Рыс. 2. — Карта разьмяшчэньня даўных ледавікоў у Эўропе. Стрэлкамі паказаны кірункі, па якіх соваўся ледавік.


(На карце прасачы мяжу, да якой дасягалі даўныя ледавікі, што спаўзалі з паўночна-эўропэйскіх узвышшаў).

На поўдзень ад стараны даўнейшага зьледзяненьня, асабліва ў Паўднёва-Усходняй Эўропе замест морэн, а месцам паверх іх ляжаць пласты лёэсу, складзеныя з дробных гляістых частачак. Лёэс утварыўся ўжо па сканчэньні ледавіковага часу. Можна думаць, што ўтварыўся ён з найдрабнейшых частак глею, выдзьмуханых ветрам з морэнавых адкладаў і перанесеных у стане пылу на поўдзень і паўднёвы-ўсход. У Паўднёвай Эўропе мала нанесеных грунтоў. Няма там ні морэн, ані лёэсу. Грунты тамака стварыліся з мясцовых скал праз шматвяковае іх вывятрэньне.

Клімат. Сучасны клімат Эўропы мерны і вільгатны. Нават тыя часткі Эўропы, што ляжаць на поўнач ад падканцавоснага кола, адзначаюцца мерным кліматам, а мора каля іх берагоў месцамі нават ніколі не замярзае. Параўнаўча з іншымі часткамі зямлі, якія ляжаць на аднэй і тэй самай географічнай шырыні, Эўропа зьяўляецца занадта цёплай, нібы перагрэтай.

На шырыні падканцавоснага кола ў Грэнляндыі ляжаць тоўстыя пласты вечнага лёду, а ў Скандынавіі растуць харошыя лясы. На шырыні 60° пн. у Эўропе ў Бэргене сярэдняя тэмпэратура году +7°, а ў Азіі у м. Алекмінску −7,6°. У Азіі і ў Амэрыцы на шырыні 50° пн. пануюць тундры, ральніцтва немагчыма, і сярэдняя тэмпэратура году на Сахаліне й на Лябрадоры ніжэй за 0°, а ў Эўропе на тэй самай шырыні на Рэне сярэдняя тэмпэратура году каля +10°, добра растуць пшаніца, пладовыя дрэвы, а месцамі і вінаграднік[3]).

Галоўнай прычынай гэтай перагрэтасьці Эўропы зьяўляецца магутны морскі вадаток Гольфштром, што цячэ па Атлянтычным акіяне ад берагоў раўніковай Амэрыкі ў кірунку да берагоў Заходняй Эўропы і прыносіць у эўропэйскія моры цёплую раўніковую ваду.

Дзякуючы Гольфштрому, Барэнцава мора каля самых паўночных берагоў Эўропы ніколі не замярзае, таго часу як на Белым моры, да якога не дасягае Гольфштром, лёд паўгода перашкаджае параходнаму руху. Асабліва лёгка прасачыць уплывы Гольфштрому ўзімку, бо ўзімку сухазем’е моцна ахалоджваецца, а мора, дзякуючы Гольфштрому, і ўзімку мае бязмаль такую самую тэмпэратуру вады, як і ўлетку. З гэтай прычыны ўзімку Эўропа зьяўляецца асабліва моцна перагрэтай параўнаўча з Паўночнай Азіяй і Паўночнай Амэрыкай, а розьніца паміж зімой і летам у Эўропе меней, як ува ўсіх іншых частках сьвету, што ляжаць на тэй самай шырыні.

Роўнасьць і вільгатнасьць эўропэйскага клімату ў значнай меры залежыць ад перавагі ў Эўропе заходніх вятроў. Эўропа ляжыць на ўсходнім беразе Атлянтычнага акіяну, значыць заходнія вятры прыносяць у Эўропу надморскае паветра. Улетку, як ведама, вада награваецца ня гэтак моцна, як сухазем’е, дзеля таго ўлетку заходнія вятры прыносяць нам з мора прахалоду, зьмяншаюць сьпякоту. Узімку вада ня так хутка ахалоджваецца, як сухазем’е, робіцца цяплейшай за яго; узімку заходнія вятры прыносяць у Эўропу цяплыню, зьмяншаюць вострасьць маразоў.

Часта з заходу на Эўропу надыходзяць так званыя цыклёны, якія таксама прыносяць узімку сьнег і адлігу, а ўлетку — прахалоду й дождж. Паветра ў цыклёнах імкнецца з усіх бакоў да асяродку, а з асяродку ўздымаецца ўгару і ахалоджваецца, прычым вадзяная пара згушчаецца ў хмары і выпадае ў стане сьнегу або даджду. Цыклёны захапляюць вялізныя кругі ў некалькі тысяч вёрст у папярочніку і на Заходнюю Эўропу насоўваюцца адзін за адным, так што кожны кавалак яе блізка заўсёды знаходзіцца ў межах якой-небудзь часткі цыклёну.

Зразумела, што ўплывы Гольфштрому і заходніх вятроў мацней адчуваюцца ў Заходняй Эўропе, чымся на Ўсходзе. Асабліва перагрэтымі зьяўляюцца тыя часткі Эўропы, што ляжаць каля самага мора; на ўсход сярэдняя тэмпэратура году зьмяншаецца, і па той бок Уралу зьяўляецца ўжо ніжэйшай за сярэднюю тэмпэратуру ўсіх мясцовасьцяй, лежачых на тэй самай шырыні.


Рыс. 3.


Рыс. 3.


Каб выразьней выявіць асаблівасьці клімату розных старонак на картах, мясцовасьці з аднальковай сярэдняй тэмпэратурай (гадавой або месячнай) злучаюцца гэтак званымі роўнацёплымі лініямі (ізотэрмамі). У Эўропе гадавыя роўнацёплыя лініі цягнуцца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Самыя цёплыя часткі Эўропы ляжаць на паўднёвым захадзе, самыя халодныя — на паўночным ўсходзе. Асабліва вялікая розьніца між захадам і ўсходам узімку (чаму?). Роўнацёплыя лініі самага халоднага месяца (студзеня) цягнуцца ў Эўропе яшчэ пад большым кутом да роўналежнікаў з паўночна-паўночнага захаду на паўднёва-паўднёвы ўсход. (Дзе ў Эўропе зіма найцяплейшая й дзе найболей сьцюдзёная?) Улетку наадварот — роўнацёплыя лініі (напрыклад, самага цёплага месяца ліпеня) цягнуцца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, бо ўлетку Ўсходняя Эўропа награваецца мацней за Заходнюю й адзначаецца большай цёпласьцю. (Чаму? У якой частцы Эўропы найцяплейшае лета? У якой самае халоднае?) Розьніца паміж тэмпэратурай лета й зімы павялічваецца з захаду на ўсход[4].

Ападкаў у Эўропе паўсюды выпадае досыць многа, але на захадзе болей, чымся на ўсходзе. Больш за ўсё ападкаў выпадае на заходніх схілах гор, бо там (усё роўна, як у асяродку цыклёнаў) вільгатнае паветра ўздымаецца ўгару, раптам ахалоджваецца і выпускае з сябе вільгаць у стане ападкаў.

З гэтай прычыны і сьнегавая мяжа на заходніх схілах гор ляжыць, звычайна, ніжэй, як на ўсходніх, бо на вярхох гор сьнегу таксама выпадае болей за ўсё на заходніх схілах.


Рыс. 4.


Рыс. 4.


У Паўночнай і ў Сярэдняй Эўропе ападкі выпадаюць ува ўсе поры году — улетку трохі болей, чым узімку. На паўднёвым захадзе наадварот — колькасьць летніх дажджоў зьмяншаецца, колькасьць зімовых ападкаў павялічваецца. Па берагох Міжземнага мора, у гэтак званай падзваротнікавай Эўропе, улетку зусім ня бывае дажджу, а ўзімку дажджы выпадаюць часта, амаль штодзенна, але толькі ў стане ўлеваў. Раптам набягуць хмары, выпадзе вялікі дождж, а праз гадзіну зноў неба робіцца ясным, і сонца хутка асушае зямлю.

Паводле кліматычных асаблівасьцяй Эўропу можна падзяліць на такія самыя 3 абшары, як і паводле будовы яе паверхні: 1) Усходня-Эўропэйская раўніна адзначаецца контынэнтавым, сухім кліматам; узімку тамака сьцюдзёна, скрозь ляжыць сьнег; лета-ж параўнаўча гарачае. 2) Заходня-Эўропэйскі абшар мае морскі, вільгатны клімат; заўсёды там хмарна, лета параўнаўча прахалоднае, зіма мяккая, так што сталага сьнегавога насьцілу няма; замест сьнегу часта і ўзімку льлюцца дажджы, сьнег некалькі разоў сходзіць у працягу зімы або ляжыць толькі белымі плямамі сярод вялікіх прастораў голага грунту. 3) Паўднёва-Эўропэйскі абшар адразьняецца цёплым падзваротнікавым кліматам, вечна ясным небам, дажджыстай цёплай зімой і сухім гарачым летам.

Рэкі й вазёры. У залежнасьці ад будовы паверхні і ад клімату знаходзяцца галоўныя асаблівасьці рэк. Зразумела, што ў Эўропе лёгка адрозьніць тры тыпы рэк: Заходня-Эўропэйскі, Усходня-Эўропэйскі і Паўднёва-Эўропэйскі, бо і паверхня, і клімат у кожным з трох галоўных абшараў нашае часткі сьвету — заходнім, усходнім і паўднёвым — маюць свае асаблівасьці.


Рыс. 5. Карта разьмяшчэньня ападкаў у Эўропе. (Лічбы азначаюць гадовую колькасьць ападкаў у сантымэтрах).


Рыс. 5. Карта разьмяшчэньня ападкаў у Эўропе. (Лічбы азначаюць гадовую колькасьць ападкаў у сантымэтрах).


Рэкі ўсходня-эўропэйскіх раўнін, дзе няма значных узвышшаў, маюць невялікі нахіл дна, цякуць паволі, ціхамірна. Вадападзелы паміж суседнімі вадазборамі тутака ня высокія, так што праз іх у старыя часы лёгка было перацягваць чаўны з аднэй ракі ў другую, а потым лёгка было пракапаць каналы. Дзякуючы сьцюдзёнай зіме, усходня-эўропэйскія рэкі, напр., Волга, Дняпро, надоўга замярзаюць.

Увясну, калі раптам растае насыпаны ўзімку грубы пласт сьнегу, гэтыя рэкі шырока разьліваюцца, часта на некалькі вёрст ушыркі. Затое ўлетку, з прычыны сьпякоты і сухменяў, яны мялеюць, драбнейшыя з іх часамі зусім усыхаюць і нават найвялікшыя рэкі робяцца такімі мелкімі, што па іх ледзьве могуць плаваць параходы.

(Вывучы па карце, якія рэкі працякаюць па Ўсходняй Эўропе).

У Заходняй Эўропе рэкі, напр., Рэн, Рона, звычайна пачынаюцца ў горах, адразьняюцца, з гэтай прычыны, шпарчэйшым бегам, а дзякуючы мяккаму вільгатнаму клімату маюць заўсёды багата вады. Адліжная зіма перашкаджае іх замярзаньню на працяглы тэрмін, некаторыя з іх замярзаюць толькі каля берагоў ды й то ня кожны год. Адсутнасьць сьнегавога насьцілу выклікае адсутнасьць веснавых разводзьдзяў. Калі там і бываюць паводкі, дык пераважна ўлетку ў той час, як растаюць сьнягі на вялізных горах, напр., Альпах, у вышнявінах гэтых рэк. Летнія абмяленьні тамака адбываюцца вельмі рэдка, бо лета прахалоднае, хмарнае. Па шмат якіх рэках параходы могуць плаваць скрозь цэлы год.

(Пераглядзі па карце адзначаныя там рэкі Заходняй Эўропы).

У Паўднёвай Эўропе рэкі бягуць паміж высокіх гор, часамі прарываюцца праз іх, утвараючы парагі і вадаспады. Улетку, калі там бываюць сухмені, гэтыя рэкі, звычайна, перасыхаюць, а ўзімку пасьля дажджоў моцна разьліваюцца. За выняткам некалькіх буйнейшых рэк, якія жывяцца горнымі ледавікамі і бягуць па нізінах, рэкі Паўднёвай Эўропы зусім ня прыгодны для руху судзінаў.

(Пераглядзі па карце галоўныя рэкі паўднёвых паўвостраваў Эўропы).

Асаблівасьці рэк і выгляд рэчных далін залежаць ад грунтоў, па якіх яны працякаюць. Там, дзе на паверхню выходзяць цьвёрдыя скалы, рэкі не пасьпелі прамыць сабе запраўдных далін, часта там яны ўтвараюць парагі і вадасьцёкі; наадварот — там, дзе на паверхні ляжаць мяккія пласты, рэкі пракапалі сабе шырокія выразныя даліны і цякуць павольна.

Выгляд рэчных далін залежыць і ад пахаджэньня рэк. На поўначы Эўропы, дзе калісь існаваў вялікі ледавік, рэкі маюць вазёрнае пахаджэньне. Вышчарбленыя ледавіком яміны, а таксама й катліны між морэнавымі грудамі па сканчэньні ледавіковага часу пакрысе напаўняліся вадой і давалі сток у тыя яміны, якія ляжалі ніжэй. Тыя, з свайго боку, хутка перапаўняліся і давалі сток далей, пакуль сток апошняй яміны не дасягаў да мора. Так усе прасторы даўнага зьледзяненьня пакрыліся сеткай вазёр і стокаў між імі. З часам некаторыя вазёры павысыхалі або перавярнуліся ў балоты, але ад іх засталіся пашырэньні ў рэчных далінах. Такім спосабам рэкі Паўночнай Эўропы маюць даліны то вузкія, дзе даўней былі вазёрныя стокі, то шырокія, дзе даўней існавалі самыя вазёры.

Там, дзе на паверхні ляжыць лёэс рэкі маюць раўчаковае пахаджэньне. Лёэс лёгка размываецца і выносіцца вадой. Кожны вялікі дождж можа размыць маленькую баразёнку на полі ў равок, які з часам ператвараецца ў значны раўчак, па дне якога бяжыць іншы раз невялікі ручай. Што-год шырэе ды паглыбляецца раўчак і нарэшце можа перавярнуцца ў даліну запраўднай ракі. Так з раўчакоў утварыліся, бязмаль усе рэкі Паўднёва-Усходняй Эўропы, дзе лёэс ляжыць асабліва грубым пластом.

Найвялікшыя стокавыя вазёры сустракаюцца ў Паўночнай Эўропе, дзе калісь існаваў даўны ледавік. Асабліва многа іх на Фінска-Скандынаўскім паўвостраве, дзе ледавік трымаўся долей за ўсё. Там вазёры стварыліся з ямінаў, выкапаных лёдам у тых скалах, па якіх ён соваўся. Усе яны выцягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход у тым кірунку, у якім спаўзаў ледавік. Вазёры гэтыя разьліваюцца, маюць сотні вузкіх і даўгіх затокаў і займаюць вялікія прасторы. Голыя або пакрытыя лесам скалы паўсюды там чаргуюцца з вазёрамі і складаюць разам з імі вельмі прыгожы краявід.

Часта трапляюцца вазёры і там, дзе ледавік пераважна адкладаў морэны, а не абдзіраў скалы: у Паўночнай Маскоўшчыне, каля паўднёвых берагоў Балтыцкага мора, на Беларусі і г. д. Але тут вазёры ня маюць правільнай формы, заўсёды выцягнутай у вадным і тым самым кірунку.

Тут вазёрамі зрабіліся катліны, што ўтварыліся паміж морэнавых грудоў і ўзгоркаў, а ня яміны, выдраныя лёдам у скалах. На межах краю згладжаных і абдрапаных скал і краю перавагі морэнавых адкладаў утварыліся самыя вялікія вазёры Эўропы: Ладаскае і Онескае. Паўночныя часткі гэтых вазёр стварыліся праз вышчарбленьне ямін у скалах, а на паўднёвай іх мяжы адкладаліся вялізныя масы морэн.

Вазёры ледавіковага пахаджэньня сустракаюцца і ў горных мясцовасьцях, асабліва ў Альпах, бо ў ледавіковы пэрыод і іх лёд апранаў аж да самай падставы.

Зусім іншае пахаджэньне маюць вазёры крайняга паўднёвага ўсходу Эўропы. Гэта рэшткі вялікага мора, якое аддзялала калісь Эўропу ад Азіі і злучала з Чорным морам Касьпійскае й Аральскае вазёры. Усе тамтэйшыя вазёры маюць салоную ваду, бо ня маюць стоку, а аддаюць ваду толькі раз параваньне. Між тым соль, якую прыносяць прытокі вазёр, кожны год павялічваецца ў колькасьці, што-год асаджваецца на дне вазёр і нарастае грубым пластом.

Расьліннасьць і грунты. Дзякуючы вільгатнаму клімату, Эўропа адзначаецца перавагай мокралюбных расьлінных згуртаваньняў: балот, лясоў, лугоў. Балот асабліва многа на крайняй поўначы, у так званай тундры. Клімат там халодны: лета кароткае, зіма даўгая, сьцюдзёная. Улетку грунты ледзьве пасьпяваюць адтаваць на самай паверхні, а на глыбіні 1-1½ арш. знаходзіцца грунт вечна мёрзлы. Дрэвы ня могуць расьці ў той старане, бо вечна мёрзлы грунт перашкаджае ўзрастаньню дрэўных карэньняў. (Адгэтуль паходзіць і слова тундра — пазыранску «трундра» значыць «бязьлесная зямля»). Хіба дзе-ні-дзе спаткаеш крывую карлу-бярозку або паўзучую падканцавосную вярбіну.

Сваім знадворным выглядам тундра нагадвае нашыя імшары. Неаглядныя прасторы пакрыты там толькі тарфяным мохам, у якім хаваюцца журавіны ды расіца. Па сушэйшых месцах расьце яшчэ брусьнічнік, розныя краскі й травы, а там, дзе на паверхню выступаюсь голыя скалы, трапляюцца галоўным чынам сівыя лішаі, напрыклад, так званы аленяў мох, які дадае тундры ўлетку шэры, нудны, аднастайны колер. Узімку тундра на многа месяцаў апранаецца скрозь грубым насьцілам сьнягоў.

На поўдзень ад тундры цягнецца значна шырэйшы пас ігластых лясоў. На захадзе (на Фінска-Скандынаўскім паўвостраве) гэтыя лясы складаюцца толькі з хвой ды елак, сярод якіх часамі туляцца бярозкі. На ўсход ад Онескага возера да гэтых дрэў патроху далучаюцца сібірскія гатункі ігластых дрэў: сібірская мадрына, сібірская ельніца, сібірская кядровая хвоя. Гэта — так званая тайга, лес, досыць рэдкі, складзены з дрэў, пакрытых лішаямі, ня вельмі высокіх, хаця ўжо і старых. Па вадападзелах сярод ігластых лясоў раскіданы вялізныя прасторы імшараў, нібы тундравыя астравочкі сярод тайговага мора. Каля Фінскае затокі, Нявы й Вышняй Волгі да ігластых дрэў далучаюцца патроху шырокаліставыя дрэвы: дубы, клёны, ліпы, вязы. Тайга пераходзіць у пас мяшаных лясоў, да якога належыць між іншым і Беларусь. Чым далей на поўдзень і захад, тым цяплейшы клімат, а з гэтай прычыны тым часьцей і часьцей сустракаюцца ліставыя дрэвы ў пасе мяшаных лясоў. Ужо на Беларусі можа расьці граб, які ня можа вытрымаць зімовых халадоў Маскоўшчыны, а на захадзе Эўропы, дзе зіма яшчэ цяплейшая, могуць расьці яшчэ далікатнейшыя дрэвы, напрыклад, бук, якога няма ўва Ўсходняй Эўропе, у тым ліку й на Беларусі. На крайнім захадзе да буку далучаюцца ядобны каштан, грэцкі арэх і некаторыя вечназялёныя дрэвы. Сярод мяшаных лясоў часам яшчэ сустракаюцца імшары, але часьцей з лясамі там чаргуюцца травяныя балоты, дзе пануюць ня мох, а асака, чарот, касачы, бабок і іншыя балотныя расьліны. Вельмі многа такіх балот на Палесьсі. Мяшаных лясоў засталося значна меней, як ігластых. У пасе мяшаных лясоў раней асталяваліся людзі, раней пачалі займацца ральніцтвам і павысякалі значна большыя прасторы, як на поўначы. Асабліва зьмяніўся выгляд расьліннасьці ў Заходняй Эўропе. Лясы там замяніліся нівамі, садамі ды паркамі, а калі дзе-колечы і захаваліся лясы, дык пераважна штучныя, насаджаныя чалавекам.

Грунты лясных краёў зьмяшчаюць мала спажыўных для расьлін частак перагною. У лесе заўсёды ў грунтох шмат вады, якая раскладае перагной і выпаласквае яго з грунту. Дзеля гэтага перагной там ёсьць толькі ў малой колькасьці, галоўным чынам, у самым верхнім пласьце, у якім замацоўваюцца карэньчыкі траў. Гэты пласт завецца дзярном і мае цёмны колер. Пад ім звычайна ляжыць чысты шэры пясок, які дастаў назоў падзолу, бо колерам нагадвае попел, залу. Падзольныя глебы звычайна ня вельмі ўрадлівыя й патрабуюць добрага гною.

Ува Ўсходняй Эўропе па паўднёвай мяжы мяшаных лясоў цягнецца няшырокай істужкай паласа, так званага, лесастэпу. Паласа гэтая цягнецца ад Сярэдняга Днястра на паўночны ўсход да Самарскай Лукі на Волзе. Там сустракаюцца толькі гаі пераважна дубовых дрэў, раскіданыя сярод шырокіх прастораў стэпу. Яшчэ далей на паўднёвы ўсход зьнікаюць апошнія гаі, і да самых берагоў Чорнага ды Азоўскага мора застаецца запраўдны кавыльны стэп. Лета там гарачае, а зіма халодная, клімат сухі, контынэнтавы. Расьліны добра адчуваюць сябе там толькі ўвясну, пасьля таго, як растане сьнег і зробіць зямлю больш-менш вільгатнай. Увясну стэп пакрываецца многалічнымі пярэстымі краскамі: туліпанамі, нарцысамі, лялеямі, касачамі. Большасьць гэтых красак мае пад зямлёй цыбуліну, бульбіну або яшчэ якое падземнае сьцябло, і дзякуючы гэтаму расьліна можа перацярпець халодную зіму, хутка зазелянее ўвясну, адкрасуе, прынясе плады і пасьпее да летняй сьпекі скончыць сваё штогодняе жыцьцё. У пачатку лета пярэстыя краскі выціскаюцца кавылём і іншымі шэра-зялёнымі травамі, а ў сярэдзіне лета

Рыс. 6. — Карта расьліннасьці Эўропы.


Рыс. 6. — Карта расьліннасьці Эўропы.

толькі палын яшчэ застаецца дзе-ні-дзе сярод згалелых прастораў. Стэп тады набывае жаўтаваты колер, грунт трэскаецца, кожны парыў ветру ўздымае клубы пылу. Увосень адрываюцца ад карэньня клубкі кусточкаў «перакаці-поля» і коцяцца па зямлі пад парывамі ветру. Аднак часамі пасьля дажджоў і ўвосені стэпавыя травы яшчэ раз зазелянеюць, каб з пачаткам зімовых маразоў схавацца пад сьнегавой коўдрай. Сухі клімат і шкодныя для расьлін солі, якімі багата на невялікай глыбіні стэпавая глеба, перашкаджаюць узрастаньню там лясоў. Хіба па рэчных далінах ды па равох, дзе вада пасьпела выпаласкаць соль з грунтоў, сустрэнеш які гаёк ці зарасьнік.

Рыс. 6. — Карта глебаў Эўропы.


Рыс. 6. — Карта глебаў Эўропы.

Пад стэпавай расьліннасьцю на лёэсе ўтварылася найлепшая чорназемная глеба. Дзякуючы сухому клімату, перагной, які ўтвараецца з стэпавых прухнучых траў, не вымываецца з глебы, і чорназем лесастэпавай і стэпавай паласы зьмяшчае яго вельмі многа. З гэтае прычыны чалавек хутка пасьпеў узараць амаль-што ўвесь той край. Цяпер там амаль-што няма кавалкаў нечапанага стэпу.

Чорназемны кавыльны стэп пакрывае паўднёвы пас Усходняй Эўропы і абедзьве Дунайскія нізіны, а каля Касьпія і месцам на Паўночным Крыме яго замяняе палынавы стэп, у якім ужо ня можа расьці ані кавыль, ані цыбулінныя краскі. Замест іх застаюцца толькі палын, чарнобель ды й гэтак званыя салянкі, што могуць жывіцца салонай вадой. Глебы ў палынавым стэпе ўжо не чорназемныя, а так званыя бурыя, з малым процантам перагною, або насякнутыя сольлю саланчакі.

Паўднёвая Эўропа, дзе маразоў ня бывае, але летнія сухмені яшчэ мацнейшыя, як у стэпе, адзначаецца перавагай вечназялёных дрэў. Лісьце гэтых дрэў мае тоўстую скурачку, якая засланяе мякіш ліста ад параваньня.

Увясну, пасьля зімовых дажджоў, дрэвы й кусты, гэтак званай, Міжземнаморскай Эўропы красуюць кветкамі рознага колеру, зелянеюць прыгожымі бліскучымі лістамі і маюць асабліва прыемны харошы выгляд. Улетку лісты пакрываюцца пылам і маюць няпрыгожае шараватае адценьне.

Калісь расьлі там вялікія вечназялёныя лясы, але з даўных часоў людзі павысякалі іх, і яны замяніліся хмызьнякамі — гэтак званымі макісамі, у склад якіх уваходзяць олеандры, мірты, ляўры, магноліі, сунічныя дрэвы й г. д. Вялікія дрэвы сустракаюцца тутака толькі пад аховай чалавека, як напалову культурныя расьліны. Сюды належаць з ігластых: купрэс, міжземнаморская хвоя, з ліставых — корачны й каменны дубы, а асабліва тыпова для краю краснае алейнае дрэва, з пладоў якога выціскаюць гэтак званы прованскі алей.

Глеба Паўднёвай Эўропы, гэтак званы чырвоназем, зьмяшчае многа вапны і падмешкай жалеза афарбована ў чырвоны колер.

Урадлівасьць гэтае глебы меншая за ўрадлівасьць чорназему, але дзякуючы цёпламу клімату, пры штучным абвадненьні там бываюць ураджаі нават яшчэ лепшыя.

Жывёлы. Жывёлы, асабліва зьвяры й птушкі, якія маюць заўсёды роўную тэмпэратуру крыві, меней залежаць ад клімату, чымся расьліны. Некаторыя з жывёл, што на волі жывуць у напаленых сонцам гарачых пустынях, лёгка могуць вытрымаць вельмі сьцюдзёныя зімы, напрыклад, у зоолёгічных садох Ленінграду або Масквы. З другога боку, зьвяры й птушкі лягчэй могуць перасяляцца з месца на месца, бо маюць здольнасьць самастойна перасоўвацца — бегаць або лётаць. Тымчасам, як расьліны, што растуць абапал вялікіх горных ланцугоў, звычайна належаць да розных відаў і гатункаў, жывёлы меней залежаць ад такіх прыродных перашкод, бо могуць пераходзіць праз самыя высокія горы, праз пустыні, а часамі праз рэкі і нават морскія пратокі. Аднак жывёлы залежаць ад колькасьці спажывы. Болей за ўсё спажывы яны знаходзяць у раўніковых лясох, і з гэтай прычыны там іх асабліва многа. У тундры, наадварот, расьліннасьць скудная, спажывы мала, а дзеля таго і жывёл там меней. Можна сказаць, што разьмяшчэньне жывёл залежыць ад разьмяшчэньня расьлін, бо расьліны зьяўляюцца іх галоўнай спажывай. Некаторыя жывёлы дапасаваліся да жыцьця выключна ў якім-небудзь адным расьлінным згуртаваньні — у лесе, у стэпе, у тундры або ў пустыні. Праўда, часта тундравыя жывёлы сустракаюцца і ў лесе, а часамі ў стэпе і наадварот, але значная частка жывёл можа лічыцца тыповай для адпаведнага пасу расьлінных згуртаваньняў.

Па берагох Ледаватага мора жыве вельмі многа ўсякіх птушак. Там яны жывяцца рыбай, якую ў дастатку знаходзяць у моры, і па скалаватых астравочках гнязьдзяцца вялікімі статкамі, утвараючы гэтак званыя «птушыныя гарады» або «базары». Чайкі, бакланы, гагі, пух якіх лічыцца асабліва каштоўным, рыбаловы і іншыя птушкі, як мурашкі ў мурашніку, перапаўняюць гэтыя «базары», і калі стрэл паляўнічага ўзгоніць іх з вострава ў паветра, яны сваім мноствам, як хмары, засланяюць сонца.

Рыбай Ледаватага мора жывяцца й морскія зьвяры: нэрпы, маржакі, кіты, бялугі і іншыя рыбазьверавыя жывёлы, далей — белыя мядзьведзі і шэраг іншых. Белыя мядзьведзі часам заходзяць і ў тундру, але там пераважваюць свае асаблівыя гатункі жывёл, дастасаваныя да жыцьця ў гэтай, таксама халоднай і сьнежнай, старонцы. Большасьць тундравых жывёл мае прынамсі ўзімку белую шэрсьць або белае пер’е, няпрыметнае на белым тле сьнягоў. Такое адзеньне дапамагае ім хавацца ад ворагаў. Улетку звычайна белая вопратка жывёл замяняецца на шэрую або рудую. Болей за ўсё ўтундры лемінгаў, або падканцавосных мышэй, і пардваў, або белых курапатак. Іх ловяць і імі жывяцца пясцы, або блакітныя лісы, і сьнежныя совы. Улетку над балотамі тундры лётаюць цэлымі хмарамі і слупамі камары, мошкі і іншыя казюлькі, і прынаджваюць у тундру прылятаючых з выраю жураўлёў, гусей, качак і г. д. Дамовых жывёл у тундры яшчэ вельмі мала. Халодны клімат і недахват корму прымушае чалавека здавальняцца гадоўляй самых нягрэблівых жывёл: паўночных аленяў і сабак.

У ігластых лясох, у тайзе дрэўнымі пучкамі жывяцца глушцы, цецярукі і рабкі, хваёвым і яловым насеньнем кормяцца вавёркі, якія асабліва любяць насеньне сібірскай кядровай хвоі (кедру), так званыя «кядровыя арэшкі». Ваўкі, мядзьведзі й лісы, якія жывяцца гэтымі дробнымі жывёламі, зьяўляюцца агульна-эўропэйскімі мясажэрамі, але ў тайзе іх захавалася асабліва многа, бо здабычы там хапае, а ворагаў — людзей — меней, чымся ў старонках, лежачых далёка на поўдзень.

Болей тыповымі тайговымі мясажэрамі лічацца куніцы, гарнастаі, расамахі й рысі, але й з іх толькі расамаха не сустракаецца ў мяшаных лясох, напрыклад, у нас на Беларусі.

З буйных капытнікаў у тайзе жывуць ласі, якія зноў ня вельмі рэдка спатыкаюцца і ў нашым краі.

У мяшаных лясох даўней вадзілася вельмі многа зьвяроў, але цяпер іх тутака засталося мала, бо чалавек тут з даўных часоў пачаў паляваць іх і ўсюды пасьпеў іх зьнішчыць. Даўней, напрыклад, паўсюды ў мяшаных лясох жыў вялікі бык — зубар, але здаўна чалавек паляваў гэтага буйнога зьвера дзеля яго смачнага мяса. Пакрысе зубры зьвяліся амаль-што паўсюды, і толькі ў нас на Беларусі ў Белавескай пушчы, пад аховай закону, ён захаваўся да самых апошніх часоў. Другі капытнік — дзікая каза або алень-казуля — таксама мала дзе захаваўся ў Эўропе, але на беларускіх пушчах дзікіх коз яшчэ многа па густых немярэчах. У парках Заходняй Эўропы ў стане напалову свойскага зьвера трымаюць яшчэ звычайнага аленя, дужа прыгожага зьвера, кроўнага ласём і дзікім козам. Дзік або кабан любіць жыць па дубнякох, сустракаецца, між іншым, і ў нас, напр., у Меншчыне. Бабры, хаця й рэдка, да сяго часу трапляюцца на Беларусі, але ўжо зьніклі ў іншых краёх Эўропы. Да жывёл мяшаных лясоў Эўропы належыць і вожык, які адгэтуль распаўсюджыўся, бязмаль па ўсіх куткох нашае часткі сьвету. З мясажэраў па мяшаных лясох, апроч лічаў, мядзьведзяў і ваўкоў, спатыкаюцца выдры, барсукі й дзікія каты (апошнія жывуць аднак толькі ў Заходняй Эўропе й не заходзяць нават у суседнюю з ёй Беларусь). Асаблівыя жывёлы водзяцца на высокіх горах: у Альпах, Карпатах, Пірэнэях. Маленькімі статкамі тамака па горных лугох пасьвяцца дзікія казлы-туры і антылёпы-серны; з дробных сысуноў грызуны-бабакі жывуць каля самай сьнегавой мяжы, а на вярхох гор гнязьдзяцца арлы-ягнятнікі.

У стэпавых краінах жывуць пераважна такія жывёлы, якія могуць або шпарка бегаць і такім спосабам уцякаць ад сваіх ворагаў, або рыць сабе пячуркі ў зямлі, каб схавацца ад небясьпекі. Сьвістуны або аўражкі (сусьлікі), розныя палявыя мышы, хамякі — асабліва тыповыя зьвярочкі стэпу, у якім іх лічаць за вельмі дакучных шкоднікаў збожжа. З птушак у стэпе жывуць вялікія шпарка бегаючыя дропы-дудакі, стрэпеты, кроншнэпы, далей перапёлкі, курапаты, жаўранкі, якіх палююць драпежнікі: стэпавыя арлы, каршуны, сокалы. Ад таго часу, як чалавек павысякаў лясы й перавярнуў іх на штучны стэп — нівы, шмат якія стэпавыя жывёлы прабраліся далёка на поўнач, так што аж каля вусьцяў Паўночнай Дзьвіны можна пачуць сьпевы жаўранка і голаснае бульканьне перапёлкі. Мусі быць з стэпу паходзяць і шарак і крот, звычайныя жывёліны нашых краёў. Адразу кідаецца ў вочы ў стэпе багацьце сустаўчатаногіх: конікаў, шаранчакоў, шкодных кусьлівых тарантулаў і скорпіонаў.

Паўднёвая Эўропа па сваім зьвярыным сьвеце мае шмат супольнага з Афрыкай. Даўней там трапляліся нават львы і гіэны, ды яшчэ й цяпер над Гібральтарскай пратокай на Пірэнэйскім паўвостраве жывуць бясхвостыя малпы «маго». У паўднёвай частцы Апэнінскага паўвострава сустракаюцца іглакі, крышку падобныя да нашага вожыка (але яны належаць да грызуноў). На Балканскім паўвостраве трапляюцца сабакі-шакалы, на астравох Сардынія й Корсіка — дзікі баран-муфлон, на Пірэнэйскім паўвостраве яшчэ невялічкі мясажэр генэта афрыканскага пахаджэньня. Паўсюды ў Паўднёвай Эўропе жыве шмат розных вужак і яшчарак, у тым ліку хамелеонаў з даўгім чарвяпадобным языком і зьменным колерам скуры.

Люднасьць. У сучаснай Эўропе засталося ўжо мала лясоў, а нечапаны стэп зрабіўся поўнай рэдкасьцю. У некаторых мясцовасьцях дзікая расьліннасьць зусім мала ўплывае на краявід. На месцы лясоў зьявіліся нівы, вёскі й гарады; сенажаці й палі замянілі прасторы нечапанага стэпу. Яшчэ меней, чымся дзікія расьліны, кідаюцца ў вочы дзікія жывёлы. Нават па самых глухіх месцах рэдка калі можна ўбачыць дзікага зьвера. Адны з сучасных зьвяроў хаваюцца па мярлогах, з якіх вылазяць толькі ўночы, калі іх ня можа сустрэць чалавек, другія жывуць у такіх нетрах і немярэчах, што й самы лоўкі паляўнічы рэдка калі можа падсачыць іх. Затое паўсюды на месцы дзікіх зьвяроў пасьвяцца дамовыя жывёлы: коні й быдла, авечкі й козы, сьвіньні й хатнія птушкі. Усе гэтыя зьмены ў расьлінным і зьвярыным сьвеце Эўропы зрабіў чалавек. Ні ў аднэй частцы сьвету дзейнасьць чалавека не выяўляецца ў такой меры, як у Эўропе. Тутака чалавек паўсюды ўплывае на краявід, зьмяняе і, можна казаць, творыць яго. Нельга ўявіць сабе эўропэйскі краявід бяз удзелу ў ім чалавека. У нашай частцы сьвету чалавек і вынікі яго працы кідаюцца ў вочы перш за ўсё й болей за ўсё. Аднак, хаця чалавек сам творыць зьмены ў краявідзе, сам уплывае на прыроду, ён з свайго боку й сам залежыць ад гэтай прыроды, працуе ў тым ці іншым напрамку ў залежнасьці ад асаблівасьцяй яе, будуе тыя ці іншыя хаты, тыя ці іншыя паселішчы, вырабляе тыя ці іншыя продукты, жыве рэдка або густа, дасягае вышэйшай або ніжэйшай ступені культуры.


Рыс. 8. — Карта народаў Эўропы.


Рыс. 8. — Карта народаў Эўропы.

Люднасьць Эўропы складаецца з некалькіх народаў, кожны з якіх мае свае спосабы барацьбы з прыродай, свае звычаі й норавы, сваю асобную мову, а часта й сваё аблічча, якім адразьняецца ад іншых народаў. Паводле аблічча эўропэйцаў дзеляць перш за ўсё на 2 расы або адмены: белую і жоўтую. Да першай належыць значна большая частка насельнікаў Эўропы, да другой — вельмі малая, галоўным чынам рэшткі первястковых насельнікаў Усходняй Эўропы. Грунтуючыся на асаблівасьцях мовы, эўропэйцаў белай расы дзеляць на дзьве групы: арыйцаў або інда-эўропэйцаў і сэмітаў, да якіх належаць у Эўропе толькі жыды. З свайго боку арыйцаў дзеляць на славян, гэрманцаў, романцаў, грэкаў, альбанцаў, баскаў, кельтаў, літоўцаў і цыганоў. Болей за ўсіх у Эўропе славян, гэрманцаў і романцаў. Першыя жывуць пераважна ўва Ўсходняй Эўропе, другія — галоўным чынам у Паўночна-Заходняй, трэція — у Паўднёва-Заходняй. (Подлуг карты народаў Эўропы (Рыс. 8) пералічы, якія народы належаць да славян, гэрманцаў і романцаў і адшукай, дзе жывуць іншыя народы белай расы). Між славянамі, гэрманцамі й романцамі можна знайсьці розьніцу ня толькі ў мове, але і ў абліччы. Славяне звычайна сярэдняга росту, адзначаюцца шырокім і кароткім, амаль-што круглым чэрапам і шырокім тварам. Гэрманцы маюць вузкі даўгі чэрап, даўгі твар, адразьняюцца высокім ростам, сьветлым колерам скуры, валасоў і вачэй.


Рыс. 9. — Карта рэлігій Эўропы.


Рыс. 9. — Карта рэлігій Эўропы.


Романцы таксама маюць пераважна вузкі й даўгі чэрап, але росту яны ніжэйшага, валасы іх звычайна чорныя, скура цямнейшая, вочы карыя. Да жоўтай расы далучаюць 3 групы народаў, жывучых у Эўропе: 1) уральскую або фінскую, 2) алтайскую або татарскую і 3) мангольскую. (Пералічы паводле карты народы Эўропы, якія належаць да кожнай групы жоўтай расы; адзнач, дзе жыве кожны з іх).[5]

Усяго ў Эўропе жыве болей за 450 мільёнаў людзей, а прасторы Эўропа мае каля 10 мільёнаў квадратных кілёмэтраў[6] (=8.700 тысяч квадр. вёрст, або каля 1 мільярду дзесяцін). Такім чынам на кожны кв. клм. прыпадае 45 чалавек — значна болей, чымся ў іншых частках сьвету (у Азіі 21, у Афрыцы толькі 4). Зразумела, што ў розных частках Эўропы гушчыня залюдненьня розная ў залежнасьці ад клімату, паверхні й грунтоў. Там, дзе клімат халаднейшы або занадта сухі і дзе грунты горшыя, там гушчыня меншая, бо тамака кожны квадратны кілёмэтр можа пражывіць меней людзей.

У тундры гушчыня залюдненьня асабліва малая, бо земляробства тамака немагчыма, а каб пражывіцца гадоўляй паўночных аленяў, трэба мець вялікія прасторы, парослыя лішаямі ці мохам і патрэбныя на пашу аленям. На Кольскім паўвостраве на 1 душу насяленьня прыпадае па 7 і болей кв. клм., або прыблізна па 700 дзесяцін. Толькі каля рэк і морскіх узьбярэжжаў, дзе страву чалавеку дае рыба, гушчыня залюдненьня крыху большая. Невялікай гушчынёй залюдненьня адзначаецца й тайга, асабліва тыя яе часткі, дзе ральніцтву перашкаджае недахват цяплыні і дзе галоўным заняткам чалавека зьяўляецца паляўніцтва. Палюючы зьвера, чалавек мусіць абыходзіць там вялікія прасторы лясоў. Перавялічэньне ліку паляўнічых выклікае недахват дзічыны й пагражае голадам і сьмерцю надмеру насельнасьці. У Зыранскай тайзе з гэтай прычыны на кожнага ядуна прыпадае каля 100 дзесяцін. У тых частках тайгі, дзе земляробства пераважвае над паляўніцтвам, людзі жывуць значна шчыльней, але й там зямля родзіць кепска, грунты благія й на ядуна мусіць прыпадаць ня меней за 10 дзесяцін усяе зямлі. У пасе мяшаных лясоў клімат болей спрыяе гаспадарцы, і зямля можа пражывіць гусьцейшае насяленьне. Тутака, напрыклад, на Літве або на Беларусі на кожным квадратным кілёмэтры зьмяшчаецца 30-36 чалавек, і, значыць, на кожнага ядуна прыпадае 3-3,5 дзесяціны (разам — ральлі, сенажацяў, лясоў і няўжыткаў). У чорназемных старонках, дзе зямля дае вельмі багатыя ўраджаі і дзе няўжыткаў мала, напрыклад, у Кіеўшчыне на 1 кв. клм. у сярэднім жыве 67 чалав., а на кожную душу прыпадае, значыць, каля 1,5 дзес. Яшчэ лепшыя варункі ў падзваротнікавай Эўропе, напрыклад, нізінах Італіі, дзе цёплы клімат дазваляе з кожнай дзесяціны мець столькі збожжа, гародніны і паўднёвых пладоў, колькі патрэбна на спажыву 2-3 чалавекам.

Ды й стравы чалавеку там патрэбна меней, чымся ў халаднейшых мясцовасьцях, дзе яе болей ідзе на аграваньне цела і падтрыманьне сталай тэмпэратуры крыві.

Найвялікшай гушчынёй залюдненьня адзначаюцца прамысловыя краіны Заходняй Эўропы (Бэльгія, Паўночна-Заходняя Ангельшчына і інш). Праўда, там зямля ня лішне ўраджайная, свайго збожжа там не хапае для пражыўленьня вельмі густога насяленьня, але затое там залягаюць вялікія паклады каменнага вугалю, жалезнай руды і іншых карысных мінэралаў. Дзякуючы гэтым пакладам, там утварылася шмат гутаў і фабрык. Вырабы гэтых фабрык можна абмяніць на недахватную колькасьць спажыўных продуктаў, якія прывозяцца з іншых старонак. З гэтай прычыны ў Бэльгіі гушчыня залюдненьня дасягае 260 ч. на кв. клм., а ў некаторых прамысловых ваколіцах Пн.-Зах. Ангельшчыны нават 460 ч. і болей.


Рыс. 10. — Карта гушчыні залюдненьня Эўропы.


Рыс. 10. — Карта гушчыні залюдненьня Эўропы.


Гаспадарка. У параўнаньні з іншымі старонкамі Эўропа адзначаецца вельмі добрым становішчам усіх галін народнае гаспадаркі. У сельскай гаспадарцы хіба толькі Кітай перавышае яе па ўменьню ўгнойваць зямлю й даставаць найвялікшыя ўраджаі. У Заходняй Эўропе пануюць палепшаныя шматпольныя спосабы гаспадаркі, пры якіх пад папарам застаецца толькі самая малая частка ральлі. Штучный й зялёныя гнаі, палепшаныя сельска-гаспадарчыя прылады таксама пачалі распаўсюджваюцца раней за ўсё ў Заходняй Эўропе. На ўсходзе да сяго часу пануе трохпалёўка, пры якой пустуе трэць ворнай зямлі, а на паўночным усходзе, у тайзе нават лядавы спосаб ральніцтва, пры якім сеюць збожжа толькі на выпаленых кавалках расьцярэбленага лесу.

Самымі галоўнымі культурнымі расьлінамі Эўропы зьяўляюцца пшаніца на поўдні й захадзе, жыта на поўначы і ўсходзе. У Дунайскіх нізінах побач з пшаніцай вялікую вагу маюць кіяхі, у паўночных краінах сеюць толькі авёс і ячмень, у Лямбардыі й Македоніі наадварот — апроч звычайнага збожжа яшчэ й рыс. Усюды побач з збожжам саджаюць бульбу, а ў Ірляндыі і некаторых мясцовасьцях Нямеччыны бульба нават зусім выціскае збожжа і зьяўляецца галоўнай з культурных расьлін.

Тэхнічныя або гандлёвыя расьліны, якія патрабуюць апрацоўкі на фабрыках, болей за ўсё пашыраны ў краінах, багатых каменным вугалем, бо там лёгка знайсьці апал для іх пераапрацоўкі, і ў чорназемных старонках, дзе яны не пагражаюць аслабленьнем ураджайнасьці грунту. Так, у прамысловай Бэльгіі сеюць шмат лёну, табакі, цукровых буракоў, а Ўкраіна і Вугоршчына слынуць, апроч таго, плянтацыямі сонечніку, каноплі і рапсу (сьвірэпкі, з якой здабываюць асаблівы алей).

Канюшыну, цімафейку, люцэрну, кармавыя буракі і іншыя кармавыя расьліны сеюць бадай-што паўсюды, але пераважна ў Паўночна-Заходняй Эўропе, дзе пануе шматпалёўка.

Вінаграднік патрабуе для сябе гарачага сонечнага лета й досыць цёплай зімы. З гэтай прычыны яго саджаюць перш за ўсё ў Паўднёвай Эўропе, потым у Францыі, Паўднёвай Нямеччыне, Дунайскіх нізінах і ўдоўж берагоў Чорнага мора. Паводле вырабу вінаграду, разынкаў і віна Эўропа займае першае месца сярод усіх частак сьвету. У Паўднёвай Эўропе й садоўніцтва мае найлепшае становішча.

На крайнім поўдні прыносяць добрыя ўраджаі нават помаранцы, цытрыны, фігі, гранаты, а месцам нават фінікавыя пальмы. Цёплы клімат Міжземнаморскай Эўропы дазваляе там саджаць алейнае дрэва, морву (шаўкоўніцу), мігдал і інш. паўднёвыя расьліны. Найлепшыя гатункі яблыкаў, ігруш, пэрсікаў, абрыкосаў, чарэшняў і сьліў сьпеюць ня толькі ўва ўсёй падзваротнікавай Эўропе, але, апроч таго, месцам і ў Стэпавай і ў Заходняй Эўропе. Па ўрадлівых добра абваднёных мясцовасьцях, як напрыклад, у Лямбардзкай нізіне, розныя пладовыя дрэвы растуць проста на палёх, засеяных збожжам, а па гэтых дрэвах уецца вінаграднік, перакідаючы свае галіны з аднаго дрэва на другое. Такім чынам, поле дае адразу і збожжа, і вінаград, і плады. У сярэдняй Эўропе лік гатункаў пладовых дрэў зьмяншаецца, але яблыні растуць усюды па мяшаных лясох аж да паўночнай мяжы разьмяшчэньня дуба (Глядзі на карту расьліннасьці Эўропы, рыс. 6). Гародніцтва пашырана яшчэ болей за садоўніцтва. На далёкай поўначы, дзе ўжо не расьце збожжа, у Ісляндыі, Лапаршчыне й Пячорскай тундры, нават і там могуць расьці капуста, бульба і іншыя расьліны, калі іх добра даглядаць на гародах. У густа залюдненых краінах, дзе зямля дужа каштоўная, гародніцтва набывае асабліва вялікую вагу і іншы раз зусім выціскае засевы збожжа. У Паўднёвай Эўропе гародніну сеюць нават узімку пад зімовыя дажджы, каб сабраць ураджай у тыя часы, калі ў Сярэдняй Эўропе гародніны няма — яе там з ахвотай купляюць. Апроч звычайнага гародніцтва ў Паўднёва-ўсходняй Эўропе займаюцца, так званым, баштанствам. На вялікіх прасторах стэпу сеюць дыні й кавуны, значную частку якіх потым вывозяць у Сярэднюю і Паўночную Эўропу.

Толькі ў самых сухіх мясцовасьцях Паўднёва-Усходняй Эўропы па-за Донам, асабліва каля берагоў Касьпія, зусім немагчыма ані гародніцтва, ані якія іншыя віды земляробства. Там, напрыклад, у калмыцкім стэпе пануе вандроўны спосаб жыцьця. Толькі гадоўля жывёлы дае тамака магчымасьць жыць бедным насельнікам, якія пераходзяць з месца на месца ў шуканьні дрэннай травіцы для жывёлы. Болей за ўсё там трымаюць коняй, авечак і, паміж іншым, гэтак званых, курдзючных авечак з тлустымі, грубымі хвастамі. Там можна спаткаць і тыповую жывёлу пустыняў — вярблюда. У большай частцы Эўропы гадоўля жывёлы зьяўляецца другарадным заняткам, цесна злучаным з галоўнай галіной сельскай гаспадаркі — ральніцтвам. Трымаюць як працоўную, гэтак і малочную жывёлу, трымаюць дзеля гною, дзеля працы ў полі, дзеля мяса, дзеля воўны, дзеля малака й скуры. У Заходняй Эўропе, дзе з прычыны перавагі шматпалёўкі значная частка ральлі засяваецца травой, магчыма трымаць лепшую жывёлу і параўнаўча з прасторай у большай колькасьці, чымся на ўсходзе.

Гадоўля жывёлы пераважвае над земляробствам па горных лугох у Альпах, Карпатах, Пірэнэях, дзе трымаюць малочнае быдла, а таксама ў Дынарах, Апэнінах, у Цэнтральна-Францускім узвышшы, дзе больш гадуюць дробную жывёлу — авечак і коз, бо благенькая трава тамтэйшых вапнавых грунтоў не здавальняе быдла й коняў. Наагул, у горах залежнасьць гадоўлі жывёлы ад земляробства меншая, як на раўнінах. Тут гадоўля скаціны, як і ў Калмыцкім стэпе, мае самастойны характар. Увясну і ўлетку скаціну гоняць у горы й пасьвяць па высокіх горных лугох; а ўвосень і ўзімку з пачаткам сьцюдзёных дзён зноў гоняць на ніз у даліны. Гэтыя вандраваньні пастухоў з іх статкамі з далін угару й з гор уніз набылі назоў альпійскай пастухоўскай гаспадаркі. Гадоўля жывёлы пераважвае над іншымі сельскімі заняткамі таксама ў такіх краінах, дзе занадта вільгатны клімат перашкаджае ўзрастаньню збожжа. Голяндыя, Брэтань, Вялікабрытанія й Ірляндыя маюць лугоў і сенажацяў болей, чымся ніў, і славяцца найлепшымі гатункамі ўсялякай жывёлы. Авечак вельмі многа гадуюць у Ісляндыі, на Фарэрскіх астравох, у Скандынавіі, Шотляндыі й наагул ува ўсіх вільгатных старонках Паўночна-Заходняй Эўропы. У Паўднёвай Эўропе, апроч звычайных нашых жывёл, трымаюць аслоў і мулаў, а на рысавых палёх апрацоўваюць зямлю з дапамогай бавалаў.

Асаблівы характар мае гадоўля жывёлы па той бок паўночнай мяжы дрэў у тундрах Лапаршчыны й Пячорскага краю. Там, як мы ўжо ведаем, гадуюць паўночных аленяў, ад якіх залежыць усё жыцьцё тамтэйшых насельнікаў, бо алень там і корміць, і поіць, і апранае, і возіць чалавека. Апрача гадоўлі паўночных аленяў насельнікі крайняй поўначы займаюцца паляўніцтвам і рыбацтвам.

Морскае паляўніцтва: лоў нэрпаў, маржакоў і кітоў пераважвае па берагох Ледаватага мора; сухаземнае паляваньне мае значэньне асобнага промыслу перш за ўсё ў тайзе, дзе да гэтага часу б’юць шмат вавёрак, куніц, лісаў, мядзьведзяў і іншых хутровых зьвяроў.

У іншых месцах Эўропы паляваньне зрабілася толькі забавай, уцехай і ня мае ніякай прамысловай значнасьці.

Рэчнае рыбацтва дае добры даход і зьяўляецца важнай галіной народнай гаспадаркі толькі на ўсходзе, асобліва на паўднёвым усходзе ў вусьцях Волгі і Ўралу, а таксама на паўночным усходзе ў вадазборы Пячоры й Паўночнай Дзьвіны. Затое морскае рыбацтва мае вагу паўсюды, і што-год пашыраецца. Нязьлічаныя запасы рыбы маюць Ледаватае мора й Атлянтычны акіян. Мільёны пудоў траскі, селядцоў, камбалы ловяць на паўночным беразе Лапаршчыны ў г. зв. Мурманшчыне, у Норвэгіі, Шотляндыі й г. д. Шмат тунцоў і сардын ловіцца ў Міжземным моры, у Біскайскай затоцы, на паўвостраве Брэтані. Да морскага рыбацтва можна далучыць і лоў рыбы ў Касьпійскім возеры, якое адзначаецца надзвычайным багацьцем яе. Апрача рыбы ў морах Заходняй і Паўнёвай Эўропы ловяць вустрыц (каштоўных ядобных мяккуноў), ракаў-омарыў, крэвэтак і г. д. Насельнікі ўзьбярэжжаў Эгэйскага мора (Архіпэлягу) зьбіраюць з дна мора губкі.

Усе гэтыя промыслы: земляробства, гадоўля жывёлы, паляўніцтва й рыбацтва належаць да сельскіх заняткаў. Усе яны патрабуюць для свайго разьвіцьця вялікіх прастораў зямлі або вады й найлепей пашыраюцца там, дзе людзі жывуць рэдка. Такі характар маюць яшчэ лясныя заняткі. У Сярэдняй, Паўднёвай і Заходняй Эўропе, як мы ўжо бачылі, лясоў засталося мала. Затое там у тых лясох, якія захаваліся, чалавек пазаводзіў правільную навукова-пастаўленую лясную гаспадарку. Лес падзялілі на дзялянкі, кожную дзялянку высякаюць толькі тады, як дрэвы на ёй дасягнуць патрэбнага ўзросту. Аднак лясоў там так мала, што й пры пільным даглядзе лясоў дрэва не хапае на мясцовыя патрэбы.

Недахват дрэва ў Паўднёва-Заходняй Эўропе і ў стэпе задавальняецца прывозам лесу з поўначы і з Беларусі. Там ляснай гаспадарка стаіць горай, чымся на захадзе, лясы высякаюцца без парадку, але там дрэва яшчэ многа й пакуль-што яго хапае на ўсю Эўропу. Асабліва многа дрэва ў тайзе, але вывазу яго адтуль да гэтага часу перашкаджалі адсутнасьць дарог і вялікая адлегласьць тайгі ад старонак, патрабуючых дрэва. З гэтай прычыны галоўнымі дастаўнікамі дрэва і драўляных вырабаў у бязьлесныя старонкі былі Беларусь, Скандынавія й багатыя на лес горныя схілы Альпаў і Карпатаў.

Да промыслаў нясельскіх належаць такія, якія могуць існаваць толькі пры супольнай працы многіх людзей; гэткія промыслы патрабуюць значнай гушчыні залюдненьня й не залежаць ад колькасьці вольных, шырокіх прастораў. Сюды належаць: нетракапальная прамысловасьць, фабрычная прамысловасьць, рамёслы, гандаль. Як нетракапальная, гэтак і фабрычная прамысловасьць залежаць перш за ўсё ад колькасьці падземнага багацьця краю — карысных мінэралаў. З таго часу, як на фабрыках пачала ўжывацца сіла пары (XIX в.), красаваньне прамысловасьці залежыць галоўным чынам ад колькасьці каменнага вугалю. У Эўропе галоўныя запасы каменнага вугалю знаходзяцца на захадзе, асабліва ў Паўночна-Заходняй Ангельшчыне, у Бэльгіі, у Нямеччыне, у Шлёнску, а на ўсходзе — у Данеччыне на Ўкраіне. У багатых на вугаль краінах прамысловасьць знаходзіцца ў асабліва выгодным становішчы, у іх і гушчыня залюдненьня найвялікшая. Здабываньне жалезнай руды таксама найболей пашырылася ў Ангельшчыне, Францыі, Нямеччыне, потым у Бэльгіі, на поўначы, на Урале і ў Крывароскай ваколіцы на Ўкраіне. На поўначы і ў нас на Беларусі жалеза трапляецца ў стане балотнай або вазёрнай руды. На ўсім сьвеце толькі Паўночная Амэрыка можа спрачацца з Эўропай па колькасьці пакладаў каменнага вугалю й жалеза.

Радзей у Эўропе сустракаецца мядзяная руда, але ў Нямеччыне, Польшчы, Ангельшчыне, Карэліі знаходзяць і медзь. Меней важнымі зьяўляюцца паклады цынкавай руды, запасы волава, цыны, мангану й жывога серабра, але й з гэтага боку нашая частка сьвету займае не апошняе месца.

Што тычыцца да дарагіх мэталаў і дарагіх каменьняў, дык іх у Эўропе ня лішне многа. Золата знаходзяць на Урале, серабро — у Нямеччыне, Швэдзіі, плятыну — толькі на Урале. Плятыны нават на Урале вельмі мала, але гэта вельмі рэдкі мэтал, і на ўсім сьвеце Урал па здабываньні яе займае першае месца.

Недахват дарагіх мэталаў не адбіваецца на гаспадарцы Эўропы. Наагул, паклады іх могуць толькі часова падняць дабрабыт чалавека ў тэй краіне, дзе іх знаходзяць, бо запасы іх хутка вычэрпваюцца, а капальні праз хуткі час прыходзяць у заняпад.

У апошнія часы заўважваецца ўзрастаньне запатрабаваньняў на вадкі апал. Дзеля гэтага вялікую значнасьць набываюць запасы й крыніцы нафты, з якой дабываюць газу, бэнзыну й мінэральны алей. У Эўропе болей за ўсё трапляецца нафты ў Карпатах — ува Ўсходняй Галічыне й Румыніі, ёсьць нафта на Керчанскім паўвостраве, у Крыме й на крайнім паўночным усходзе Маскоўшчыны (ухценская нафта).

У краінах, у якіх здабываецца каменны вугаль, звычайна гуртуецца і фабрычная прамысловасьць, асабліва фабрычная апрацоўка валакняных продуктаў і выраб крамніны. Побач з капальнямі жалезнай руды таксама заўсёды існуюць гуты й гісэрні, у якіх перапальваюць і ператапляюць руду з вугалем і вырабляюць чыгун, сталь (акаліну) і жалеза. Там-жа звычайна будуюцца й фабрыкі жалезных вырабаў.

Гарады, мястэчкі й фабрычныя пасёлкі чаргуюцца паміж сабой у такіх мясцовасьцях. Лес комінаў, тысячы хатак, счарнелых ад дыму, тоўпы працоўнага люду з чорнымі ад сажы тварамі адзначаюць такія старонкі. Гукі фабрычных гудкоў, клум і скрыгатаньне машын, сьвісткі, лясканьне, гоман, грукат бязупынна напаўняе паветра.

У апошнія часы замест апалу, каб прывесьці ў чыннасьць фабрыкі, пачалі карыстацца сілай падаючай вады, або гэтак званым «белым вугалем». З дапамогай буйных электрычных станцый, сіла вадаспадаў перадаецца па дроце на гуты й фабрыкі. Такім чынам, багатыя горнымі рэчкамі мясцовасьці ў Альпах і ў Скандынавіі пачалі пашыраць у сябе прамысловасьць, ня гледзячы на недахват каменнага вугалю.

Проэкт, так званай, электрыфікацыі С. С. С. Р. або пераходу ад карыстаньня парай да карыстаньня электрычнасьцю на фабрыках і гутах, грунтуецца ў значнай меры на магчымасьці скарыстаць сілу падаючай вады. Зьдзейсьніўшы гэты проэкт, можна ў некалькі разоў павялічыць прамысловае значэньне Ўсходняй Эўропы.

Часамі буйная фабрычная прамысловасьць утвараецца далёка ад вугальных капальняў, але ў такіх мясцовасьцях, дзе ёсьць вялізныя запасы патрэбнай для данай галіны прамысловасьці сырыны. Тады можа стацца выгодным задавальняць фабрыкі прывозным здалёку апалам.

Так, напрыклад, у Паўночнай Італіі або ў Паўднёвай Францыі, дзе добра ўзрастае морва (шаўкоўніца) і плодзіцца шаўкоўны вусень, надта пашырылася шоўкавая прамысловасьць. На Ўкраіне і ў Вугоршчыне, дзе на чорназемных грунтох добра растуць цукровыя буракі, пашырыўся выраб цукру ў цукроўнях. Аднак, агулам кажучы, запраўды прамысловым абшарам зьяўляецца толькі багатая карыснымі мінэраламі Паўночна-Заходняя Эўропа.

Усход нашае часткі сьвету лічыцца пераважна ральніцкім краем; поўдзень — садоўніцкім і вінаробскім. Недахват фабрычных вырабаў на ўсходзе часткай папаўняецца хатнімі й саматужнымі вырабамі. Ня маючы добрай сувязі з горадам, ня маючы спосабаў атрымаць фабрычныя вырабы з прамысловых краёў, вясковыя гаспадары ў вольны ад земляробскай працы час самі вырабляюць найболей патрэбныя рэчы хатняга ўжытку, або толькі для ўласных патрэб (хатняя прамысловасьць), або па заказе для суседзяў (рамёслы), або на продаж (саматужная прамысловасьць). Асабліва распаўсюджваецца саматужная прамысловасьць у Маскоўшчыне, на Ўкраіне, у Вугоршчыне, на Балканскім паўвостраве і наагул там, дзе пераважвае сельская гаспадарка, дзе нізка стаіць асьвета, дзе адчуваецца недахват у палепшаных спосабах зносін. Саматужныя вырабы разам з сельска-гаспадарчымі продуктамі прывозяцца на кірмашы, дзе абменьваюцца на чужаземныя продукты. У даўнейшыя часы кірмашовы гандаль распаўсюджваўся па ўсёй Эўропе, але ад часу паляпшэньня дарог, калі паміж асобнымі краінамі пачаліся бойкія штодзенныя зносіны, кірмашы патроху страцілі сваю вагу ўва ўсіх культурных краёх Заходняй Эўропы. Толькі ў малакультурных краінах з рэдкай сеткай чыгунак кірмашы да сяго часу зьбіраюць многа людзей з усёй ваколіцы і маюць вялікую гандлёвую вагу. Аднак і там з кожным годам на кірмашы прывозіцца ўсё меней тавараў, а гандаль адбываецца па чыгунках і рэках. Буйны міжнародны сучасны гандаль адбываецца галоўным чынам па акіянах і асабліва па Атлянтычным акіяне, які зьяўляецца найбліжэйшай і найтанейшай дарогай паміж самымі багатымі й культурнымі краямі сьвету: Заходняй Эўропай і Ўсходнімі Штатамі Паўночнай Амэрыкі. Краіны, што ляжаць па берагох многалічных затокаў і мораў Атлянтычнага акіяну, у найменшай адлегласьці ад Злучаных Штатаў Амэрыкі, вядуць асабліва бойкі гандаль і маюць абароты замежнага гандлю ў 8 разоў большыя, чымся міжземнаморскія старонкі, і ў 17 разоў большыя, як Усходняя Эўропа. У Паўночна-Заходняй Эўропе знаходзяцца й найважнейшыя гандлёвыя морскія прыстані (Лёндон, Гамбург, Лівэрпуль, Антвэрпэн). Шпаркае разьвіцьцё гандлю Заходняй Эўропы тлумачыцца таксама мінэральным багацьцем і пашырэньнем прамысловасьці ў гэтым абшары нашае часткі сьвету. Гэты абшар можа даць найвялікшую колькасьць фабрычных продуктаў, а значыць можа й купляць болей розных тавараў, чым Паўднёвая або Ўсходняя Эўропа.

Міжэўропэйскі гандаль, абмен продуктамі між асобнымі часткамі Эўропы карыстаецца як морскімі, гэтак і рэчнымі й сухаземнымі шляхамі. Па морах і рэках вязуць найболей важкія й танныя тавары, як дрэва, каменьне й г. д. Паводле агульнай даўжыні рэчных шляхоў Усходняя Эўропа перавышае Заходнюю, але па рэках Заходняй Эўропы перавозяць тавараў болей, як на ўсходзе. Штучных вадзяных дарог-каналаў на захадзе значна болей, як на ўсходзе. Паўднёвая Эўропа з гэтага боку стаіць на апошнім месцы, бо яе рэкі бурлівыя, кароткія й нявыгодныя для руху судзінаў і нават для сплаву. Палепшаных сухаземных дарог — чыгунак і шосаў — на захадзе зноў болей, як на ўсходзе. Асабліва многа чыгунак у прамысловых краінах (у Бэльгіі, Ангельшчыне, Нямеччыне[7]).

Пільна ўглядаючыся ў асаблівасьці народнай гаспадаркі асобных частак Эўропы, убачым, што вышэй за ўсё прамысловасьць і гандаль стаяць у Паўночна-Заходняй Эўропе, асабліва-ж на востраве Вялікабрытаніі, у Нямеччыне, Францыі, Бэльгіі, Голяндыі, Паўднёвай Скандынавіі. Гэтыя краіны складаюць так званы круг высока-культурных краёў Эўропы. Народы, што жывуць у гэтым крузе, адзначаюцца высокай асьветай, адсутнасьцю няпісьменых, высокім становішчам навукі й мастацтва. Дзякуючы ўсяму гэтаму, народ там жыве замажней, багацей, як на ўсходзе й на поўдні нашае часткі сьвету. Працаздольнасьць чалавека там дасягае найвышэйшага роўня, у помач чалавеку там прыцягнены ўсе лепшыя спосабы тэхнікі, прыродныя багацьці там выкарыстоўваюцца найлепшым спосабам і найболей поўна. Там дасягае найвышэйшай меры падзел працы паміж людзьмі і клясамі людзей. Клясы людзей там выявіліся выразьней за ўсё, асабліва дзьве асноўныя клясы: буржуазія і пролетарыят, якія знаходзяцца ў стане бязупыннага змаганьня паміж сабой. Чым вышэй стаіць тэхніка, тым астрэйшым робіцца гэтае змаганьне. З павялічэньнем ліку і велічыні фабрык павялічваецца колькасьць пролетарыяту, узмацняюцца пролетарскія саюзы і партыі, узрастае сіла працоўнага люду.

Большасьць насельнікаў Заходняй Эўропы жыве ў гарадох, тады як большая частка люднасьці Ўсходняй Эўропы жыве па вёсках. Гарады Заходняй Эўропы багацейшыя і прыгажэйшыя, як на ўсходзе. Там болей фабрык ды крам, лепшыя будынкі, чысьцейшыя вуліцы, лепшыя спосабы зносін, болей выгодаў жыцьця. Затое на ўсходзе больш рознастайнасьці ў паселішчах вясковага тыпу. На Ўкраіне ды Вугоршчыне часта спатыкаюцца вялікія вёскі па некалькі дзесяткаў тысяч насельнікаў у кожнай. На паўночным захадзе Эўропы вялікіх вёсак мала. Земляробы тамака ўважаюць за лепшае жыць паасобку па фольварках або фэрмах.

Ня гледзячы на значную рознастайнасьць у прыродзе й люднасьці асобных частак Эўропы, усю яе можна лічыць адзінай паводле галоўных асаблівасьцяй культуры яе насельнікаў. Хіба толькі вандроўныя калмыкі ды бадзяжныя самаеды і цяпер яшчэ жывуць пастарасьвецку, чураючыся г. зв. эўропэйскай культуры. Рэшта народаў Эўропы пакрысе пераймаюць усе тыя спосабы вырабу зямлі, усе тыя прылады, нават тыя спосабы грамадзянскага быцьця й тую навуку, якія былі створаны найболей культурнымі народамі Заходняй Эўропы. Ангельцы, немцы, італійцы, французы, беларусы і расійцы адналькова працуюць над пашырэньнем навукі й асьветы, абменьваюцца сваімі вынаходкамі ў мастацтве і ў тэхніцы, даюць кожны сваё ў скарбніцу агульна-эўропэйскай культуры.

Дзяржавы. У значнай меры ад асаблівасьцяй прыроды залежыць і політычны падзел Эўропы. Рознастайнасьць паверхні ў Заходняй Эўропе спрыяла ўтварэньню там вялікага ліку самастойных або напалову самастойных дзяржаў. Наадварот, на шырокіх раўнінах Усходняй Эўропы малыя народы не маглі з таксім посьпехам бараніцца ад дужэйшых суседзяў, як у горах захаду. Дзяржавы, утвораныя пануючымі клясамі вялікіх народаў, лёгка разьліліся па ўсходня-эўропэйскіх раўнінах і ў канцы XVIII веку зьліліся ў адну Расійскую імпэрыю. Нават посьле рэволюцыі 1917 г., атрымаўшы магчымасьць жыць самастойна, большая частка незалежных рэспублік Усходняй Эўропы злучылася ў адзіны Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.

Межы дзяржаў, якія падзялілі паміж сабой прасторы Эўропы, зьяўляюцца па большай частцы штучнымі. (Пераглядзі іх на політычнай карце Эўропы). Толькі ў некаторых вельмі рэдкіх выпадках граніца якой-небудзь дзяржавы сходзіца з мяжой разьмяшчэньня двох розных народаў. Сучасныя дзяржаўныя межы штучна пракладаліся ў час мірных дагавораў і конфэрэнцый, на якіх вельмі мала лічыліся з прыроднымі асаблівасьцямі паўзьмежных зямель і яшчэ меней з жаданьнямі насельнікаў гэтых зямель. Часта здараецца, што адзіная з географічнага погляду краіна з аднароднай прыродай і аднароднай люднасьцю належыць да некалькіх розных дзяржаў. Так у свой час падзялілі Польшчу паміж Расіяй, Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай; так падзялілі цяпер Балгарыю, часткі якой належаць да Румыніі, Балгарыі, Паўднёвай Славяншчыны і Грэцыі. Заходняя частка Беларусі посьле вайны 1920 г. апынулася пад Польшчай. Тое самае здарылася з Заходняй Украінай, ня гледзячы на ўпартае змаганьне ўкраінцаў Усходняй Галіччыны з Польшчай. Аднак штучныя межы дзяржаў рэдка бываюць трывалымі. Раней ці пазьней, звычайна посьле якой-небудзь вайны, штучная граніца замяняецца новай. Пры гэтым, калі новая граніца будзе зноў такі штучнай, дык і яна трымаецца толькі пэўны час да новай вайны і г. д.

У сучаснай Эўропе лічыцца 38 дзяржаў. (Глядзі далучаную ніжэй табліцу). З гэтага ліку 10 маюць менш як па 1.000.000 насельнікаў і ня могуць лічыцца фактычна самастойнымі. Адны з іх (Альбанія, Гданск, Рэка, Клайпэды) утвораны толькі дзеля таго, што на іх зямлі адначасна хочуць гаспадарыць 2-3 мацнейшых дзяржавы, з якіх ніводная не аддае гэтага кавалка на карысьць другой. Клайпэды цяпер нават ужо захоплены Літвой, хаця Польшча яшчэ мае на іх свае прэтэнзіі. Другія з дробных дзяржаў (Ісляндыя) зьяўляюцца колёніямі мацнейшых дзяржаў і толькі карыстаюцца самаўрадам. Трэція карлавыя дзяржавы зьяўляюцца проста рэшткамі сярэднявяковых дзяржаўных організацый і пакуль што офіцыйна не захоплены суседзямі, бо тыя не зацікаўлены ў іх зьнішчэньні.

Політычнае значэньне мае такім чынам 28 эўропэйскіх дзяржаў, з якіх 5 налічваюць больш як па 35 мільёнаў насельнікаў і завуцца «вялікімі дзяржавамі». Гэтыя дзяржавы — РСФСР, Нямеччына, Вялікабрытанія з Ірляндыяй, Францыя і Італія. Перад вайной 1914-18 г. была яшчэ адна вялікая дзяржава Аўстра-Вугоршчына, у склад якой уваходзілі Чэха-Славяншчына, Аўстрыя, Вугоршчына і часткі Польшчы, Румыніі, Паўднёвай-Славяншчыны і Італіі. Да некаторай ступені Аўстра-Вугоршчыну замяняе цяпер так званая Малая Антанта або саюз Чэха-Славаччыны, Румыніі і Паўднёвай-Славяншчыны. Аднак, Малая Антанта, а таксама Польшча, якая мае злучыцца з ёю, знаходзяцца пад вялікім уплывам Францыі.

Фактычна ўсім політычным жыцьцём Эўропы кіруюць толькі вялікія дзяржавы. Ад іх пастаноў залежыць лёс дробных дзяржаў; яны вырашаюць агульна-эўропэйскія пытаньні, склікаюць конфэрэнцыі эўропэйскіх дзяржаў і г. д. Кожная з вялікіх дзяржаў імкнецца граць першую ролю ў Эўропе і зьменшыць значэньне дзяржаў іншых. У зьвязку з гэтым вялікія дзяржавы ўвесь час упарта змагаюцца паміж сабой за панаваньне. Перад вайной 6 эўропэйскіх вялікіх дзяржаў падзяліліся на дзьве варожыя групы: Патройны Саюз, у склад якога ўваходзілі Нямеччына, Аўстра-Вугоршчына і Італія, і Патройная Згода (Вялікабрытанія, Францыя і Расія). Гэтыя групы пільна сачылі за так званай эўропэйскай роўнавагай. Кожная група хацела быць прынамсі такой-жа моцнай, як другая. Абодва бакі ўвесь час узбройваліся і трацілі надмерна вялікія сумы грошай на ўтрыманьне і ўзбраеньне войска. Усе сілы народаў траціліся на такое «падтрыманьне ўзброенага міру». Вайна 1914-18 г. была неабходным натуральным выйсьцем з гэтага напружанага становішча. Перш за ўсё ў час вайны выявілася, што офіцыйныя саюзы вялікіх дзяржаў існуюць толькі на паперы. Італія не падтрымала сваіх саюзьнікаў і нават далучылася да іх ворагаў. Утварылася згода чатырох вялікіх дзяржаў Эўропы (Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі) або так званая Антанта, да якой далучыліся і заэўропэйскія вялікія дзяржавы: Японія і Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі. Вынікам вайны былі: вялікая расійская рэволюцыя, выхад Расіі з складу Антанты, рэволюцыі ў дзяржавах Сярэдняй Эўропы, распад Аўстра-Вугоршчыны і перамога Антанты над Нямеччынай. На Нямеччыну налажылі так званыя рэпарацыі, або, прасьцей кажучы, прымусілі яе заплаціць Антанце такія сумы грошай, на выплату якіх мусяць пайсьці амаль-што ўсе даходы Нямеччыны аж да 1963 году. Войска Антанты заняло найважнейшыя прамысловыя куткі Заходняй Нямеччыны; Антанта заўладала амаль усім нямецкім гандлёвым флётам, надзвычайна вялікай колькасьцю нямецкіх паравозаў і вагонаў, а таксама розных продуктаў нямецкай прамысловасьці. Нямецкае войска абмяжована да сьмешнага малым лікам людзей і зброі. Наагул Нямеччына пастаўлена ў такія варункі, пры якіх яна ня можа граць значнай ролі ў эўропэйскай політыцы.

Такім чынам у Заходняй Эўропе засталіся толькі тры такія вялікія дзяржавы, якія могуць кіраваць эўропэйскай політыкай. З іх Італія адзначаецца слабым разьвіцьцём сваёй прамысловасьці і свайго гандлю, а значыць і ўдзел яе ў гаспадарчым жыцьці Эўропы многа меншы, чым удзел Вялікабрытаніі і Францыі. У зьвязку з гэтым ува ўсіх заходня-эўропэйскіх дзяржавах гаспадараць пасвойму дзьве апошнія. Процівагу ім складае СССР, тэрыторыя якой зьяўляецца адзінай часткай Эўропы, у поўнай меры незалежнай ад Вялікабрытаніі і Францыі.

(Ніжэй далучана табліца прасторы і люднасьці эўропэйскіх дзяржаў. Паводле яе складзі дыаграму. Вылічы гушчыню залюдненьня ў кожнай дзяржаве і складзі дыаграму гушчыні залюдненьня эўропэйскіх дзяржаў).

Прастора і лік насельнікаў у дзяржавах Эўропы.

Назоў дзяржавы. Прастора ў кв. кілёмэтрах. Лік насельнікаў у тысячах.
Расійская Соцыялістычная Фэдэрацыйная Савецкая Рэспубліка (эўропэйская частка) 3.920.000 74.000
Нямеччына (фэдэрацыйная рэспубліка) 469.000 59.700
Вялікабрытанія з Ірляндыяй (монархія) 312.000 48.000
Француская Рэспубліка (з Саарскай акругай) 552.900 40.000
Італія (монархія) 311.000 38.840
Польшча (рэспубліка) 387.000 29.000
Украінская ССР 448.000 27.200
Гішпанія без Канарскіх астравоў (монархія) 498.000 20.300
Румынія з Бесарабіяй (монархія) 296.000 16.000
Чэха-Славацкая Рэспубл. 140.500 13.600
Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства (Паўднёва-Славяншчына) 246.000 12.500
Вугоршчына (рэспубліка) 93.000 7.900
Бэльгія (монархія) 30.440 7.700
Голяндыя (монархія) 34.200 6.850
Аўстрыя (рэспубліка) 84.000 6.450
Швэдзія (монархія) 448.100 5.900
Португалія без Азорскіх астравоў і Мадэры (рэспубліка) 88.740 5.600
Грэцыя (рэспубліка) 125.000 5.000
Балгарыя (монархія) 105.300 4.900
Беларуская С.С.Р. 113.000 4.200
Швайцарыя (фэдэрацыйная рэспубліка) 41.300 3.900
Фінляндыя (рэспубліка) 387.430 3.370
Данія (монархія) 44.400 3.290
Норвэгія бяз Шпіцбэргена (монархія) 323.960 2.650
Латвія (рэспубліка) 66.000 2.500
Літва (рэспубліка) 50.000 2.300
Турэцкая рэспубліка (эўропэйская частка) 27.000 1.600
Альбанія (рэспубліка) 28.000 1.400
Эстонія (рэспубліка) 43.800 1.250
Гданск (вольнае места) 1.920 357
Люксэмбург (монархія) 2.586 270
Клайпэды (Мэмэль) 2.700 141
Ісляндыя 104.785 95
Рэка (або Фіумэ) 21 50
Монако 21 23
Сан-Марыно 60 12
Ліхтэнштэйн 159 8
Андора 452 5

Падзел Эўропы на абшары. Каб лепей, дакладней пазнаёміцца з нашай часткай сьвету, мы падзелім яе на абшары або на такія асобныя часткі, з якіх кожная мела-б якія-небудзь важныя асаблівасьці ў сваёй прыродзе й люднасьці. Перш за ўсё паводле агульнага агляду Эўропы можна падзяліць яе на 3 галоўных абшары: 1) Паўднёва-Заходні, 2) Паўночна-Заходні і 3) Усходні. Кожны з гэтых абшараў мае свае асаблівасьці ў паверхні, у клімаце, у выглядзе рэк, у расьліннасьці, у грунтох і ў працы чалавека (якія?). Агульны выгляд, або краявід усіх тых краёў, якія ўваходзяць у склад якога-небудзь аднаго з гэтых абшараў, калі й ня зусім аднальковы, дык паўсюды мае асаблівы, уласьцівы для данага абшару адбітак. Калі мы будзем дакладней, падрабязьней разглядаць кожны географічны абшар Эўропы, дык убачым, што і яго можна падзяліць на асобныя часткі — староны, з якіх кожная будзе мець тыя ці іншыя асаблівасьці. Таксама кожную старану можна падзяліць на яшчэ меншыя часткі — краіны і г. д. Чым на большы лік частак мы падзелім які-небудзь край, тым лягчэй нам будзе азнаёміцца з гэтым краем. Спачатку мы пазнаёміся з агульнымі асаблівасьцямі кожнага абшару, потым падзелім яго на староны, а важнейшыя староны падзелім на краіны.





  1. Геогр. даўжыню ўсюды трэба вылічваць ад Грынвіцкага палудзеньніка.
  2. Даўнейшыя географы пад Эўропай разумелі толькі заходнюю яе частку, але з таго часу, як Усходняя Эўропа пакрысе ўвайшла ў круг культурных эўропэйскіх старон, межы Эўропы адсунуліся на ўсход аж да ўсходніх схілаў Уралу. Некаторыя з сучасных вучоных падкрэсьліваюць, што й па той бок Уралу, у Заходнім Сібіры, пераважваюць адны й тыя самыя географічныя варункі, што і ўва Ўсходняй Эўропе. Па іх поглядах запраўдная Азія пачынаецца толькі за ракой Янісеем.
  3. Градусы тэмпэратуры паўсюды па Цэльсію.
  4. На шырыні 56° пн. Эдынбург (на захадзе) мае тэмпэратуру самага цёплага месяца +14,6°, а самага халоднага +30°; (розьніца=11,6°) Казань (на ўсходзе) адпаведна мае +19,6 і −13,8° (розьніца=33,4°). На шырыні 46° Ліон у Заходняй Эўропе мае ў ліпені +21,2°, у студзені +2,4°, знычыць, розьніцу 18,8°, а Астрахань на ўсходзе адпаведна +25,5° і —7,2°, а розьніцу 32,7°.
  5. Сучасныя эўропэйскія народы ўтварыліся з тубыльцаў нашае часткі сьвету і перасяленцаў з суседніх частак сьвету, дзякуючы ўзаемным уплывам суседніх народаў аднаго на другі й запазычаньню аднымі народамі мовы й культуры другіх. Такім чынам романскія, напрыклад, народы стварыліся з ібэраў, кельтаў, лігураў, рэтаў, этрускаў і іншых даўных народаў Паўднёва-Заходняй Эўропы, якія зьмяшаліся з гэрманцамі-перасяленцамі й пазычылі мову й культуру італікаў-латыньцаў. Таксама сучасныя гэрманцы ўвабралі ў сябе шмат кельцкай (ангельцы й немцы), славянскай (немцы) і фінскай (скандынавы) крыві. Усходнія славяне, асабліва маскоўцы, зьяўляюцца мешанінай славян, фінаў, татар і г. д. Сэрбы мяшаліся з альбанцамі, чэхі з немцамі й кельтамі. Сучасныя грэкі ўвабралі ў сябе многа крыві альбанскай (даўна-ілірыйскай), славянскай і можа яшчэ турэцкай. Таксама вугорцы мяшаліся з славянамі й румынамі (даўнымі дакійцамі) і г. д.
  6. Кілёмэтр = 0,91 вярсты.
  7. На Эўропу прыпадае 351.846 кілёмэтраў чыгункавых ліній. З іншых частак сьвету паводле даўжыні чыгунак толькі Амэрыка перавышае Эўропу, бо мае іх 586.859 клм. Але на кожную тысячу кв. клм. у Эўропе прыпадае 35 клм. чыгунак, а ў Амэрыцы толькі 14. Уся Азія мае 114.123 клм. чыгунак, Афрыка — 48.153, Аўстралія — 36.388. (Паводле гэтых лічбаў складзі дыаграму).