Географія Эўропы (1924)/Усходняя Эўропа/Паўднёвая Маскоўшчына

Урал Паўднёвая Маскоўшчына
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Украіна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўднёвая Маскоўшчына.

(Азнач яе географічнае палажэньне. Пералічы тыя староны, з якімі яна мяжуецца).

Паўднёвая частка зямель, залюдненых вялікарусамі, або, карацей кажучы, Паўднёвая Маскоўшчына належыць ужо да паўднёвага, стэпавага пасу Усходняй Эўропы і ляжыць на захад ад Паўднёвага Уралу і на поўдзень ад Акі.

У сярэдняй частцы гэтага краю яшчэ сустракаюцца ледавіковыя адклады, але тут яны пахованы пад грубым пластом лёзсу і ня высоўваюцца на паверхню. Асаблівасьці краявіду залежаць тут перш за ўсё ад уласьцівасьцяй лёэсу. Раўчакі ды яры у розных кірунках пераразаюць гэты край, але й яны надаюць мала рознастайнасьці краявіду. Даўней тут сустракалася досыць многа лясоў, так што краіна мусіць лічыцца пераважна лесастэпам, але цяпер большая частка гэтых лясоў павысякана перавернена на бязьмежныя палі. Верхні пласт тутэйшых лёэсавых грунтоў, багаты перагнілай травой, складае вельмі ўрадлівую чорназемную глебу. Аднак каля рэк дзе-ні-дзе трапляюцца і пяскі, падобныя да пяскоў Палесься. Такімі неўраджайнымі куточкамі краю зьяўляюцца мясцовасьці, што ляжаць па Сярэдняй Ацэ, па Суры і па левым беразе Волгі між Вятлугай і Камай. Там па пяскох растуць пераважна хваёвыя бары, таго часу як у рэшце краю па лепшых глебах калі і ёсьць лясы, дык галоўным чынам ліставыя ― асабліва дубовыя гаі, з усіх бакоў абкружаныя нівамі ці стэпам. Запраўдны кавыльны стэп (а не лесастэп) пакрывае толькі паўднёва-ўсходнія ўскрайкі старонкі.

Паводле будовы паверхні Паўднёвую Маскоўшчыну можна падзяліць на 4 краіны: 1) на захадзе, на мяжы з Беларусьсю і Украінай, уздымаюцца ўзгор'і Сярэдня-Рускага ўзвышша; 2) на усход адтуль цягнецца прамытая рэкамі Окска-Донская нізіна, якая злучае Чорнаморскую нізіну з нізінамі Окска-Волскага міжарэчча; 3) яшчэ далей на ўсход удоуж правага берагу Волгі уздымаюцца Прыволскія ўзвышшы; 4) па-за Волгай нізкі левы бераг ракі зьяўляецца пачаткам Заволскай нізіны.

Клімат у Паўднёвай Маскоўшчыне чыста контынэнтавы, сухі, і чым далей на ўсход, тым яшчэ й яшчэ сушэйшы. Зіма вельмі сьцюдзёная, асабліва на паўночным усходзе. (Сярэдняя тэмпэратура студзеня хістаецца між -7° -14°). Затое ўлетку паўсюды пануе амаль аднальковая высокая тэмпэратура. (У ліпені старонка ляжыць між роунацёплымі лінінмі +20° і + 22°). Дажджы выліваюцца ў найвялікшай колькасьці ўлетку, але звычайна-вялікімі ўлевамі, вада якіх хутка сьцякае, не пасьпеушы прамачыць грунту. Часта здараюцца сухмені, калі бязмаль ад самай вясны да восені ня бывае дажджу, і сонца выпальвае ўсю расьліннасьць. Чым далей на ўсход тым часьцей і небясьпечней гэтыя сухмені, якія выклікаюць час ад часу страшэнныя неўраджаі.

У гады сухменяй нівы выгараюць, часамі усыхаюць нават асобныя дрэвы, і ўся старонка прымае выгляд голай, убогай пустыні. Затое ў тыя гады, калі выліваецца досыць дажджу, чорназемная глеба дае надзвычайныя ўраджаі, сяляне не пасьпяваюць жаць, і старонка напаўняецца працоўным людам з Паўночнай Маскоўшчыны, які шукае тады тут заработкаў.

Сельская гаспадарка тут грае яшчэ большую ролю, як у Паўночнай Маскоўшчыне. Большую частку зямлі ўжо ўзаралі, але вырабляюць зямлю кепска, змагацца з сухменямі ня ўмеюць, прылады ўжываюць старыя. Галоўным збожжам тут зьяўляецца жыта (а не пшаніца, як на Украіне), сеюць, апроч таго, авëс, бульбу, каноплі, грэчку. У апошнія часы замест грэчкі усё часьцей сеюць проса, якое лягчэй пераносіць сухмені і дае большыя ураджаі, чым грэчка. Ня гледзячы на надзвычайную ўраджайнасьць чорназемнай глебы, сяляне жывуць бедна. Зямлі у іх было мала, і яны, прынамсі да рэволюцыі, мусілі працаваць на панскай зямлі. Вёскі Паўднёвай Маскоўшчыны складаюцца з драўляных брудных шэрых халуп, выцягнутых абапал даўгой бяздрэўнай вуліцы. Тут няма прыгожых вясковых садоў, якімі багата суседняя Украіна, няма і высокіх двохпаверхавых чыстых будынкаў, якія часта сустракаюцца па вёсках Паўночнай Маскоўшчыны.

Першапачатковае насяленьне Паўднёвай Маскоўшчыны складалася з розных фінскіх пляменьняў: мешчаракоў, мардоўцаў, марыйцаў (чарамісаў), чувашоў і г. д., але ўжо ў сярэднія вякі сюды пачалі надыходзіць з захаду славяне, а з усходу татарскія (туркскія) народы. Фінскія пляменьні або ататарыліся, як чувашы, або амаскаліліся, і толькі ад мардоўцаў ды марыйцаў засталіся значныя рэшткі да гэтага часу. Славяне, злучыўшыся з фінамі, як і ў Паўночнай Маскоўшчыне, утварылі такі самы вялікарускі народ, але тут ім прышлося спачатку вытрымаць цяжкую барацьбу з татарамі. Спачатку татары былі пераможцамі. Славянскія княствы былі адкінуты за Аку, і нішто не перашкаджала татарскім вандроўнікам панаваць на усёй прасторы Чорназемнай Маскоўшчыны. Аднак у XV в. вялікарусы паступова адваёўваюць гэты край. Маскоўскі ўрад высоўвае за Аку свае ўмацаваньні-гарады; каля гарадоў пачынаюць сяліцца сяляне, змагаюцца з Фінамі і татарамі і пакрысе мяшаюцца, зьліваюцца з імі. У XVІ н. маскоўцы захапляюць асяродак Татарскай дзяржавы-Казань, спускаюцца на ніз па Волзе і пакідаюць там сваіх асаднікаў, так званую вольніцу, якая й дапамагае зьнішчэньню апошніх рэштак вандроўнага жыцьця.

Большасьць сучасных насельнікаў Чорназемнай Маскоўшчыны належыць да вялікарусаў, і, як большасьць вялікарусаў, адразьняецца ад беларусоў і украінцаў ніжэйшым ростам, шырэйшым тварам, большым выступаньнем скул. У характары іх прымячаецца больш азійскага, больш усходніх звычаяў, усходніх поглядаў, якія выяўляюцца, напрыклад, у дэслотычным прыгняценьні кабеты. Запазычыўшы цераз Украіну і Беларусь грэцкую бізантыйскую культуру, яны перарабілі яе на свой лад, дапасавалі да сваіх сьветапаглядаў.

Мова паўднёвых вялікарусаў адразьняецца ад паўночна-вялікарускіх гаворак некаторай падобнасьцю да беларускай мовы.

Яны таксама, як і беларусы, акаюць (вымаўляюць "о" бяз націску, як "а“), таксама, як і мы, вымаўляюць "г" (як латыньскае „h"), гук „в" у іх часта пераходзіць у "у", "т" у трэцяй асобе спражэньня дзеясловаў яны вымаўляюць мякка.

Паводле сваёй культуры паўднёвыя маскоўцы стаяць значна ніжэй за паўночных маскоўцаў, за беларусоў і ўкраінцаў. Няпісьменных тут яшчэ болей, як там. Ня маюць паўднёвыя вялікарусы і тых энэргіі і гандлёвых здольнасьцяй, якімі адзначаюцца паўночныя маскоўцы.

Ня гледзячы на вялікую розьніцу ў прыродзе і на значную розьніцу у люднасьці, Паўднёвая Маскоўшчына аднак становіць адно цэлае з Маскоўшчынай Паўночнай. Тлумачыцца гэтае адзінства Маскоўшчыны галоўным чынам яе рэчнай сецьцю. Таксама, як ядро Паўночнай Маскоўшчыны Окска-Волскае міжарэчча абвадняецца Волгай і яе прытокамі, гэтак і большая частка Паўднёвай Маскоўшчыны ляжыць у Волскім вадазборы. Як Дняпро лічыцца нацыянальнай ракой украінцаў і беларусоў, як Вісла зьяўляецца нацыянальнай ракой Польшчы, гэтак Волга ёсьць галоўнай жылай Маскоўшчыны. Волга дапамагла Маскоўшчыне злучыцца ў адну вялікую дзяржаўную адзінку; па волскіх прытоках і па Волзе кіравалася маскоўская колёнізацыя далёкіх ускрайкаў, асаблівасьці Волскага вадазбору, злучанага ня з морам, а з Касьпійскім возерам і адрэзанага нават ад гэтага возера Прыкасьпійскай пустыняй, грабілі Маскоўшчыну замкнутай сухаземнай дзяржавай, якая доўга ніяк не магла прабіцца да патрэбных ёй морскіх прыстаняй. Да Паўднёвай Маскоўшчыны належыць толькі сярэдняе цячэньне Волгі ад сутокі яе з Акой да царыцыну. На ўсім працягу гэтай часткі свайго цячэньня Волга цячэ між высокім і зрывістым правым берагам і нізінным лугавым берагам левым, заўсёды точыць і размывае правы бераг і адступае ад левага.

Гэтая ўласьцівасьць усіх рэк паўночнай паўкулі тлумачыцца вярчэньнем зямлі навокала сваей восі.

(Пералічы, якія рэкі Волскага вадазбору працякаюць па Паўднёвай Маскоўшчыне. Якія яшчэ рэкі пачынаюцца ў гэтай старонцы?).

Паўднёвую Маскоўшчыну можна падзяліць на 4 краіны: 1) чыста вялікарускую Паўднёва-Заходнюю Маскоўшчыну, 2) Прыволскае ўзвышша, 3) Заволжа і 4) Казаншчыну на паўночным усходзе.

Паўднёва-Заходняя Маскоўшчына ляжыць у вадазборы вышняй і сярэдняй Акі, пераважна па правым беразе гэтай ракі. Заходняя частка гэтай краіны належыць да Сярэдня-Рускага ўзвышша і становіць вадападзел Дняпра, Дону і Волгі. Тут пачынаецца Сэйм, галоўная прытока Дзясны, Дон, Ака. (Якія яшчэ рэкі цякуць па заходняй частцы краіны?). На усход ад вышнявіны Дону паверхня зьніжаецца і пераходзіць у ОкскаДонскую нізіну.

Клімат краіны сухі, але ападкаў тут выліваецца болей, як у іншых краінах Паўднёвай Маскоўшчыны, а сухмені бываюць радзей. Лясоў тут захавалася болей, асабліва каля рэк. Глеба пераважна чорназемная толькі па ўзьбярэжжах Акі пераходзіць у падзольную і пескавую.

Славяне тут асталяваліся раней, чымся ў іншых краінах Маскоўшчыны. Першапачатковыя насельнікі ― фіны ― тут зусім зьліліся з славянамі; татарскія ўплывы таксама тут адчуваюцца слабей, як на ўсходзе Паўднёвай Маскоўшчыны.

З даўных часоў большасьць зямлі, гожай на ральлю, тут распрацовака, але гаспадарка стаіць кепска. Да апошняга часу плугі і жалезныя бароны сустракаюцца досыць рэдка. Сяляне да цяперашняга часу карыстаюцца пераважна старасьвецкай сахой і драўлянай бараной. Краіна досыць густа залюднена, і сяляне ўладаюць маленькімі надзеламі; зямлёй карыстаюцца супольна, усёй вёскай, час ад часу зямлю пераразьмяркоўваюць згодна зьменам у колькасьці членаў кожнай сям'і. Значная частка зямлі да рэволюцыі належала тутака да паноў, і малазямельныя сяляне мусілі працаваць у дварох. Аднак і там не хапала працы для ўсяго насяленьня, і значная частка яго што-год падавалася на заработкі на Украіну ці ў казацкія стэпы. Дзякуючы дрэннай гаспадарцы, глеба ужо не дае такіх багатых ураджаяу, як даўней, і вымагае ўгнаеньня, але пакуль-што у звычайныя гады ўраджаі збожжа яшчэ вялікія і задавальняюць хлебам усё насяленьне, нават даюць магчымасьць вывозіць збожжа за межы. Болей за ўсё тут сеюць жыта, далей ідзе авëс, пшаніца, бульба. Вялікую вагу маюць засевы цукровых буракоў і табакі. Блізка-што ўсе сяляне сеюць каноплі, і паводле вырабу пянькі краіна займае першае месца ў Маскоўшчыне. Параўнаўца з іншымі краінамі Маскоўшчыны, тут даволі часта сустракаюцца сады.

У Окска-Донскай нізіне (у Тамбоўскай і Варовескай губ.) пашырылася гадоўля заводзкіх коняй-рысакоў і грузавых біцюгоў. Параўнаўча з іншымі краінамі Маскоўшчыны тутака трымаюць даволі многа сьвіней, але значна меней, як на Беларусі або на Украіне. Па Сярэдняй Ацэ ў акругах, што ляжаць блізка ад Масквы, распаўсюджылася прамысловая гадоўля курэй. Наагул блізка-што усе галіны сельскай гаспадаркі граюць тут большую ролю, як у рэшце Маскоўшчыны. Параўнаўча з іншымі краінамі Маскоўшчыны, гэта найболей тыповая сельска-гаспадарчая краіна. Апрацоўчая прамысловасьць і гандаль стаяць тут вельмі нізка. Нават саматужная прамысловасьць, распаўсюджаная ў Паўночнай Маскоўшчыне, тутака не пашырылася. Толькі каля Тулы саматужным спосабам вырабляюцца асобныя часткі самавараў, якія аднак зьбіраюцца ў адно ўжо на самаварных фабрыках у самой Туле. За выключэньнем Тульскай акругі, у рэшце Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыны на фабрыках апрацоўваюцца толькі сельска-гаспадарскія продукты. У вадазборы Сэйму (у Куршчыне) па буйных дварох працуюць цукраварні і бравары; паўсюды па гарадох і маёнтках сустракаюцца паравыя млыны, алейні, крухмальні. Аднак большая частка мясцовых продуктаў вывозіцца за межы ў неапрацованым стане. Галоўныя продукты вывазу: збожжа, пянька і жывёла.

Мала дзе яшчэ па гарадох жыве такі малы процант усёй люднасьці, як у Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыне. Рашучую большасьць складае вясковая люднасьць. Вёскі, значна большыя, чым у Паўночнай Маскоўшчыне складаюцца часта з брудных "курных" хат, у якіх узімку часам разам з чалавекам жыве й жывёла. Што-год многа вёсак гіне ад пажараў, бо хаты пераважна драўляныя.

Толькі ў апошнія часы ла узоры суседзяў-украінцаў пачынаюць будаваць гліняныя хаты-ляпянкі. Гарады краіны зьяўляюцца асяродкамі загатоўкі збожжа для вывазу за межы.

Толькі Тула (123000 насельнікаў) можа лічыцца прамысловым асяродкам дзякуючы вялізным фабрыкам зброі, самавараў і іншых мэталёвых вырабаў. У ваколіцах Тулы знаходзяцца паклады бурага вугалю, якім карыстаюцца тульскія фабрыкі, і значныя запасы жалезнай руды. На мясцовым вугалі будзе працаваць вялікая электрычная станцыя, якая дазволіць замяніць апал на тульскіх фабрыках электрычнай энэргіяй.

На поўдзень ад Тулы, на вышнявіне Акі, ляжыць Арол (72000 на сельнікаў), з якога па Рыга-Арлоўскай чыгунцы праз Смаленск, Віцебск і морскія прыстані Латвіі вывозілася на захад шмат жыта, пшаніцы і пянькі. Мясцовыя фабрыкі апрацоўваюць пяньку, вырабляюць крупы і алей. Яшчэ далей на поўдзень над Сэймам на чыгунцы, што злучае Маскву, Тулу і Арол з Харкавам і Крымам, стаіць Курск (86000 насельнікаў), які ганд люе збожжам, жывёлай, скурамі і цукрам.

У вадазборы вышняга Дону ляжаць Ялец (40000 насельнікаў) Казлоў (45000 насельнікаў), асяродкі хлебнага гандлю, і Варонеж (94 тыс. насельнікаў), важны культурны і гандлёвы асяродак з буйнымі млынамі, гарбарнямі і мылаварнямі. Тут загатаўля. юць для вывазу збожжа і алей, сюды-ж прыводзяць для пагрузкі і вывазу слынных заводзкіх коняй.

У асяродку Окска-Донскай нізіны на р. Цне ляжыць Тамбоў (70000 насельнікаў), з якога вывозяць збожжа, сала, скуру, воўну і коняй. На Сярэдняй Ацэ ляжыць невялікае губэрскае места Разань (45 тысяч насельнікаў), у якім вырабляюць сельска-гаспадарчыя прылады.

Прыволскае ўзвышша абымае сярэднюю частку Паўднёвай Маскоўшчыны і складае высокі правы бераг Волгі на працягу ад сутокі яе з Акой да царыцыну. На поўначы, ад вусьця Акі да вусьця Камы, высокі правы бераг Волгі мае назоў Фадзееўскіх гор, складаецца з бязьлесных чырвоных скал і становіць рэзкую процілежнасьць левабярэжным нізінным густым лясом.

Асаблівай прыгожасьцю адзначаецца правы бераг Волгі у так званых Жыгулёўскіх горах, якія пачынаюцца ніжей места Ульлянаўск (Сімбірск) і адзначаюцца чароўнай зьменай дзікіх голых скал і акругленых лясных схілаў. Жыгулёўскія горы зьяўляюцца адзіным скідам усёй УсходНя-Эўропейскай раўніны. У тым месцы, дзе цяпер Волга выгінаецца ў так званую Самарскую луку, калісь утварылася ў шырынёвым кірунку вялікая шчыліна ў земнай кары. Пласты, што ляжалі на Поўдзень ад гэтай шчыліны, падняліся мэтраў на 200 над пластамі, якія засталіся на поўнач зд шчыліны. Такім спосабам і ўтварыліся горы на самай дарозе ракі Волгі. Волга мусіла абысьці Жыгулёўскае ўзвышша і прабілася праз яго толькі каля места Самары. У гэтым месцы прарыву ракі праз Жыгулёўскі скід, нават і на левым, звычайна нізінным, беразе уздымаюцца ўзгоркі ― так званыя Сакаловы горы ― працяг Жыгулёў.

На поўдзень ад Жыгулёў. Прыволскае ўзвышша дасягае найвялікшай вышыні (385 м. н. р. м. каля м. Хвалынску), цягнецца далей да Царыцыну, пакрысе зьніжаецца і нарэшце на поўдзень ад Царыцыну застаецца у баку ад Волгі і пераходзіць у ланцужок Эргеньскіх узгоркаў на вадападзеле Касьпійскага і Чорнаморскага вадазбораў.

Пачынаючы ад вусьцяў Камы і далей на поўдзень правы бераг Волгі ляжыць каля самага вадападзелу. Толькі маленькія кароткія рэчкі сьцякаюць з гэтага вадападзелу на ўсход беспасрэдна у Волгу. Большасьць рэк цячэ адтуль або на захад у Аку (Мокша), або, як Мядзьведзіца Глаўля,-на поўдзень у Дон, або, як Сура і Сьвіяга,-на поўнач у Волгу. Сура і Сьвіяга цякуць амаль роўналежна Волзе, але у адваротным кірунку.

Сьвіяга каля Ульлянаўску цячэ толькі ў 3-х вёрстах ад Волгі (затое на 20 сажняў вышэй), але далей, перш як уліць у Волгу сваю ваду, бяжыць у паўночным кірунку 375 вёрст. Такім чынам калі з Ульлянаўску паехаць за вадой па Сьвіязе, дык, праехаўшы некалькі сот вёрст па гэтай рацэ ды колькі сот вёрст па Волзе, можна зноў апынуцца ў Ульлянаўску. Волга бязупынна падгрызае свой правы бераг, і магчыма, што ў хуткім часе ўся адлегласьць між ёй і Сьвіягай будзе зроўнена, а Сьвіяга будзе ўлівацца у Волгу ня ў Сьвіяску, як цяпер, а каля Ульлянаўску, і з значнай ракі перавернецца ў зусім кароткую.

Клімат Прыволскага ўзвышша сушэйшы, як у Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыне. Улетку ўсё тут сьмягне ад сьпякоты, узімку і расьліны, і жывёлы, і чалавек церпяць ад марозу.

Саратаў мае сярэднюю гадавую тэмпературу +5,7°, сярэдняя студзеня -10,8°, ліпеня +22°.

Сухмені ― самае звычайнае зьявішча краіны і самае жудаснае няшчасьце. Раз у 4-5 гадоў сухмені нішчаць усè збожжа, гароды і сады, ад сухменяў гіне ўся трава, трэскаюцца грунты, і краіна ператвараецца пустыню.

Дзікая расьліннасьць краіны наагул убогая. Калісь існавалі на поўначы краіны лясы, але яны даўно павысяканы; ад іх засталіся хіба маленькія дубовыя гаі. Прыгожыя дубовыя ды ліпавыя лясочкі апранаюць яшчэ толькі схілы Жыгулёўскіх гор, ды на пяскох над вышнявінай Суры растуць яшчэ нават хваёвыя бары. Аднак лясы хутка замяняюцца нівамі, і што-год зьмяншаецца плошча, пакрытая дрэўнай расьліннасьцю. На поўдзень ад Саратаву пачынаецца запраўдны кавыльны стэп, там хіба ў далінах рэк ды па ярох сустракаюцца ўбогія кусткі і драўкі.

Люднасьць Прыволскага ўзвышша вельмі рознастайная. Тут даўжэй, як на захадзе Маскоўшчыны, трымалася панаваньне вандроўнікаў, сюды пазьней надышлі аселыя славяне з Сярэдняй Маскоўшчыны, і з гэтай прычыны тут болей захавалася рэштак даўных насельнікаў.

З сучасных народау краю самымі даўнымі насельнікамі Прыволскага ўзвышша лічаць прыволскіх фінаў. З гэтай галіны фінскага племя самымі многалічнымі, культурнымі, здаровымі і здольнымі зьяўляюцца мардоўцы (каля 1000000 чал.). Спачатку гэты народ жыў ўсёй паўночнай, лесастэпавай палове краіны, але цяпер мардоўцы перамяшаліся з вялікарусамі, запазычылі шмат якія расійскія звычаі, адзяюцца ў маскоўскую вопратку і жывуць астравочкамі сярод прастораў, залюдненых расійцамі. Параўнаўча з іншымі прыволскімі фінамі мардоўцы адзначаюцца высокім ростам, моцнай будовай цела, значнай сілай, энэргіяй і самапэўнасьцю. Мардоўцы займаюцца пераважна ральніцтвам, зямлю апрацоўваюць старонна і жывуць багацей за сваіх суседзяў расійцаў. На поўначы краіны на межах з Казаншчынай спатыкаюцца чувашы і татары. Апошніх многа й па гарадох усёй краіны.

Татары надышлі ў краіну ў ХІІІ в. і панавалі тутака аж да ХVІ в., калі расійцы разбурылі апошнія татарскія царствы. У XVІІ в. сюды надышло ужо шмат славян з Маскоўшчыны і Украіны. Перш за ўсё гэта былі ўцекачы з Сярэдняй Маскоўшчыны, якія не жадалі цярпець уціску маскоўскіх баяраў і ваяводаў. Гэтая так званая паволская вольніца білася з рэшткамі суседніх вандроўных народаў, а часамі падымала паўстаньні (пад кіраўніцтвам Разіна, Пугачова) супроць маскоўскага ўраду.

Большасьць сучаснага насяленьня складаюць расійцы (патомкі паволскай нольніцы), якія жывуць тутака так сама бедна, як і ў ПаўднёваЗаходняй Маскоўшчыне. Лепей жылі ўкраінцы, якіх даволі многа ў паўднёвай частцы краіны, і асаднікі-немцы.

Немцаў сюды запрасіў урад Кацярыны І. Ім далі шмат зямлі, спачатку нават звольнілі ад салдатчыны і падаткаў. Немцы не мяшаліся з расійцамі, у чыстаце захавалі тут сваю мову, звычаі і лютэранскую веру, жылі багата і карысталіся найлепшымі сельска-гаспадарчымі прыладамі. Дзякуючы вышэйшай культуры, яны лепей за расійцаў змагаліся з сухменямі. Аднак голад 1921 году палажый канец іх дабрабыту. Пасьля рэволюцыі немцы-асаднікі краіны разам з немцамі Заволжа атрымалі

самаўрад. іх землі складаюць асобную самаўрадную рэспубліку "Немцаў Паволжа" (502 тыс. насельн.).

Ральніцтва ў Прыволскім узвышшы зьяўляецца галоўным заняткам люднасьці. Жыта, як наагул блізка-што па ўсёй Маскоўшчыне, займае першае месца сярод гатункаў збожжа. За жытам ілуць усьлед пшаніца і ячмень; дзеля алею сеюць сонечнік, лён, кановлі, а ў нямецкіх асадахяшчэ гарчыцу, якая лёгка пераносіць сухмені і дае вялікія ўраджаі. У сярэднім краіна мае некаторы надмер збожжа і алею, і звычайна вывозіць яго ў Сярэднюю Маскоўшчыну. Аднак на выпадак сухменяў, каб не галадаваць, кожны гаспадар мусіць рабіць запась збожжа на 2-3 гады. У паўднёвай палове краіны (у Саратаўшчыне) вельмі добра сьпеюць кавуны (асабліва ля места Камышын); каля рэк і ў ярох саджаюць садовіну, пераважна яблыні і вішні, бо игрушы і сьлівы гінуць ад зімовых маразоў. Саматужная прамысловасьць пашырана ў нямецкіх асадах, дзе карыстаюцца славай саматужныя ткацкія вырабы. Фабрычная прамысловасьць накірована на апрацоўку мясцовага збожжа, асабліва на выраб мукі. Каля Волгі апроч таго пабудавалася многа пільняў, на якіх пілуюць сплаўленае з Паўночнай Маскоўшчыны дрэва.

Галоўнай адзнакай краіны зьяўляецца сувязь яе з Волгай. Волскае рыбацтва, праўда, ужо страціла сваю даўнейшую вагу, і толькі на поўдні ловяць яшчэ шмат волскай рыбы, але Волга зьяўляецца важным гандлёвым шляхам, які злучае краіну з Касьпійскім стэпам і Каўказам, з Сярэдняй і Паўночнай Маскоўшчынай і Уралам. Тысячы людзей знаходзяць сабе заработка на Волзе. Тысячы грузчыкаў, плытнікаў і асначоў ад вясны да позьняй восені працуюць на волскіх прыстанях, на розных параходах, на барках, бярлінах і плытох. Волга зрабіла краіну гандлёвым пасярэднікам між асяродкам Маскоўшчыны, Сярэдняй Азіяй і Каўказам; дзякуючы Волзе, краіна адразьняецца ад Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыны сваім вялікім гандлёвым значэньнем.

Аднак у галодныя гады ніякія дапаможныя заняткі не даюць дастатных заработкаў насельнікам краіны, і сотні тысяч тутэйшых сялян кідаюць свае вёскі ды йдуць у гарады, выяжджаюць у суседнія краіны, на Дон, Кубань, на Украіну.

Гарады Прыволскага ўзвышша ўтварыліся з даўна-маскоўскіх крэпасьцяй, пабудованых з мэтай засланяць Маскоўшчыну ад заволскіх стэпавых вандроўнікаў. З часам разьвіцьця параходнага руху на Волзе гэтыя гарады набылі значэньне абменных пунктаў і асяродкаў апрацоўкі сельска-гаспадарчых продуктаў. Зразумела, што найвялікшыя з іх павырасталі над самай Волгай на высокім правым беразе яе. Шмат церпяць гэтыя гарады ад размываньня ракой гэтага берагу. Кожны год рака перасоўваецца на захад, цэлыя кварталы гарадоў абурваюцца і слаўзаюць у раку, а насельнікі гарадоў мусяць будаваць свае хаты ўсё далей і далей на захад.

На паўночным усходзе краіны над Волгай і Сьвіягай у тым месцы, дзе паміж гэтых рэк застаецца толькі вузкі пярэсмык у 3 вярсты ушыркі, ляжыць губэрскі горад Ульлянаўск або Сімбірск (69 тыс. нас.), асяродак загатоўкі збожжа і лесу, з вялікім чыгуначным мастом цераз Волгу.

Ніжэй Самарскай лукі стаіць Сызрань (43 тыс. нас.), таксама важны пункт пераправы цераз Волгу. Мост цераз Волгу ў Сызрані зьяўляецца найвялікшым ува ўсёй Усходняй Эўропе (дасягае 1 вярсты 175 сажняў удоўжкі). У ваколіцах Сызрані у Жыгулёх капаюць асфальт. Ёсьць тут таксама значныя паклады гаручых лупнякоў. Імі будзе карыстацца, як апалам, вялікая электрычная станцыя, якую тут спадзяюцца пабудаваць.

Далей на поўдзень ляжыць, так сказаць, сталіца краіны ― Саратаў (183 тыс. насельн.), які бойка гандлюе прыволскім збожжам, прыкамскім лесам, ніжняволскай рыбай і каўкаскай нафтай. Мільёны пудоу дрэва, што сплаўляецца сюды па Волзе, пілуецца на многалічных пільнях Саратаву; яшчэ большую вагу мае апрацоўка мясцовых продуктаў ― апрацоўка скуры, выраб мукі, круп ды алею. Саратаў зьяўляецца зборным месцам волскіх плытнікаў і асначоў, якіх тут лягчэй за ўсё наняць для працы на рэчных судзінах. Як у культурным асяродку Прыволскага краю, у Саратаве шмат усялякіх школ і ў тым ліку ёсьць унівэрсытэт.

Ніжэй Саратаву, у тым месцы, дзе Волга мяняе свой паўднёвы кірунак на паўднёва-ўсходні і зварочвае ў Прыкасьпійскі саланчаковы стэп, стаіць Царыцын (107 тыс. насельн.). Сюды прывозяць і адгэтуль разьмяркоўваюць па ўсёй Усходняй Эўропе рыбу волскай нізавіны і каўкаскую газу; адгэтуль-жа разьмяркоўваюць па стэпе лес, які прывозіцца па Волзе з Паўночнай Маскоўшчыны. У ўраджайныя гады праз царыцын вывозіцца на паўднёвы захад да прыстаняй Азоўскага і Чорнага мора значная частка прыволскага збожжа.

Адкідныя матар'ялы царыцынскіх і саратаўскіх пільняў будуць служыць апалам для вялікіх электрычных станцый, якія будуць тут пабудаваны згодна пляну электрыфікацыі Расіі. Царыцынская станцыя мусіць даваць энэргію між іншым для электрычнай чыгункі ў Данеччыну.

У баку ад Волгі на вышнявіне Суры, у асяродку Мардоўскай зямлі, ляжыць значны губэрскі горад Пенза (80 тыс. нас.) з вялікімі паравымі млынамі і буйным хлебным гандлем.

Заволжа адразьняецца ад Прыволскага ўзвышша як сваёй прыродай, гэтак і люднасьцю. Гэта вялікая роўная нізіна, даўнейшае дно Касьпійскага мора і суседніх з ім даўно зьнікшых несалоных вазёр. Ледзь прыметна нізіна павышаецца на ўсход, пакрысе пераходзячы ў так званае Прыуральскае ўзвышша (якое йначай завецца Обшчым Сыртам). Левы бераг Волгі паўсюды нізінны, роўны і голы або пакрыты лярэчным поплавам. Толькі супроць Самарскай лукі, дзе Волгу пераразае Жыгулёўскі скід, і тут, на левым беразе, уздымаюцца гэтак званыя Сакаловы горы і паміж іх цікавы сваёй самотнасьцю Царай Курган.

Пескавыя і гляістыя касьпійскія адклады Заволжа пакрыты ўраджайнай чорназемнай глебай, але клімат тут яшчэ сушэйшы, як у Прыволскім узвышшы, і сухмені яшчэ болей перашкаджаюць гаспадарцы, як там. Калі ўвясну выпадаюць дажджы, ураджаі бываюць надзвычайна вялікія, але наста здараецца, што ад пачатку вясны аж да канца лета дажджу зусім ня бывае, і тады засевы гінуць да каліва пад палючым праменьнямі сонца. Тысячы людзей паўміралі тут з голаду ў 1873 г., але яшчэ болей адбіўся на жыцьці краіны галодны 1921 год. Зіма ў краіне сухая, бясьсьнежная, але марозная, багатая на завірухі з моцнымі паўночна-ўсходнімі вятрамі. Лясоў тутака зусім няма; паўсюды пануе стэп, голы, жоўты, аднастайны, выпалены сонцам.

Заволжа залюднілася яшчэ пазьней, як Прыволскае ўзвышша, і да гэтага часу насяленьне тут радзейшае, як там. Зямельнай цеснасьці тут яшчэ не адчуваецца, сяляне ўладаюць яшчэ вялікімі надееламі і ня дбаюць аб тым, каб скарыстаць кожны кавалак зямлі. Замест трохпалёўкі, распаўсюджанай на захадзе ад Волгі, тут пануе дзірванны або аблогавы спосаб ральніцтва, пры якім зямлю засяваюць да таго часу, пакуль яна дае добрыя ўраджаі, а потым кідаюць пад дзірван на некалькі гадоў, пакуль яна не адновіць сваю ўрадлівасьць. Замест жыта тут сеюць пераважна пшаніuy, а на папары і на ялавіне пасьвяць вялікія статкі авечак, коняй і быдла. Кваснае кабылячае малако, гэтак званы кумыс, зьяўляецца ўлюбёным мясцовым піцьцём. Яно лічыцца вельмі карысным для здароўя і прынаджвае сюды ў стэп многа хворых на грудзі, якія прыяжджаюць сюды на лета з іншых мясцовасьцяй Маскоўшчыны. Апрача збожжа і алейных расьлін, тут сеюць табаку, пераважна махорку, а на так званых баштанах ― кавуны, дыні, гарбузы, гуркі. Затое садоўніцтва тут зусім немагчыма, садовыя дрэвы растуць вельмі кепска. Палепшаныя сельска-таспадарчыя прылады тутака болей пашыраны, як у рэшце Маскоўшчыны, і звычайна сяляне жывуць значна замажней, як у Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыне або у Прыволскім узвышшы. Затое ў галодныя гады раптам зьнікае ўсё багацьце, усюды адчуваецца убоства і беднасьць.

Сярод насельнікаў Заволжа рашуча пераважваюць вялікарусы, паміж якіх шмат старавераў.

Хаваючыся ад уціску маскоўскага ўраду, з даўных часоў стараверы уцякалі сюды, у бязьлюдны стэп, і закладалі тут свае патаемныя суполкі і кляштары. Па берагox ракі Іргіз асабліва доўга існавалі стараверскія скіты, качанткова зьнішчаныя маскоўскім урадам толькі ў першых дзесяцігодзьдзях XІX в. У XVІІІ в. там зьбіраліся казакі-паўстанцы на чале з Пугачовым; там Пугачоў атрымаў благаславенства стараверскіх папоў на змаганьне з войскам Кацярыны ІІ.

Апрача расійцаў у Паўночным Заволжы жыве шмат татараў, на ўсходзе ― башкіраў, у сярэдняй частцы захаваліся астравочкі мардоўцаў, а на поўдні каля Волгі пасялілася шмат нямецкіх асаднікаў.

Як у Прыволскім узвышшы, гэтак і ў Заволжы галоўнай гандлёвай дарогай зьяўляецца Волга. Каля Волгі гуртуецца найболей густое насяленьне, на Волгу вязуць свае тавары сяляне усёй краіны, каля Волгі пабудаваліся галоўныя гарады.

Найвялікшым з гэтых гарадоў зьяўляецца Самара (150 тыс. нас.). якая ляжыць каля ўсходняга канца Самарскай лукі. Толькі тут і мог пабудавацца значны горад на левым беразе Волгі, бо толькі тут узгоркі, якія лічацца працягам Жыгулёў, стаяць у беспасрэднай блізкасьці ад ракі, тады як у іншых месцах удоўж левага берагу цягнуцца шырокія лугавыя нізіны, якія заліваюцца ў час веснавых разводзьдзяў. Праз Самару праходзіць чыгунка з Масквы ў Сібір, што выклікае шпаркі рост гандлю і прамысловасьці гораду. У звычайныя гады Самарская прыстань грузіць на волскія судзіны мільёны пудоу пшаніцы і іншага збожжа, табакі, лою, мыла і скуры. Вялікія паравыя млыны перарабляюць у Самары мільёны пудоу збожжа на муку. Зразумела, што ў галодныя гады гандаль і прамысловасьць прыходзяць у заняпад.

На поўдзень ад Самары (між вусьцем Іргізу і Саратавам) каля левага берагу Волгі стаіць самая важная з нямецкіх асад ― Марксштат ― сталіца самаўраднай рэспублікі немцаў Паволжа. Яшчэ далей на поўдзень супроць Саратаву ляжыць бойкая гандлёвая прыстань ― Пакроўск, даўней украінская слабада (30 тыс. насельн.).

Казаншчына ляжыць абапал сярэдняга цячэньня Волгі і абапал нізавіны Камы. На захадзе яе мяжой зьяўляюцца рэкі Сура і Вятлуга; на ўсходзе яна дасягае да сутокі Камы і Белай.

Гэтая краіна займае пасярэдняе месца паміж лесастапам і стэпам Прыволскага ўзвышша ды Заволжа з аднаго боку 1 тайгой ды Прыуральскім краем ― з другога. Тут, прыблізна ў асяродку краіны, злучаюцца дзьве найвялікшыя ракі Маскоўшчыны: Волга Кама. Злучыўшыся, яны цякуць па роўнадзейнай лініі на поўдзень, але яшчэ на вялікай адлегласьці ад сутокі можна прасачыць каля левага берагу чыстую блакітную камскую ваду, а каля правага ― каламутную жоўтую ваду волскай вышнявіны. Здаецца, нібы Кама і Волга не жадаюць зьліцца, хаця й цякуць у супольным рэчышчы.

Уся Казаншчына можа лічыцца нізікай, але правы бераг Волгі і тут, параўнаўча з левым, высокі і стромкі, і можа лічыцца працягам Фадзееускіх гор з аднаго боку і Жыгулёў з другога боку.

Як у Прыволскім узвышшы, гэтак і ў Казаншчыне, Волга бязупынна точыць і размывае свой правы бераг і пакрысе перасоўвае сваё рэчышча ўсё далей управа, на паўднёвы захад. Гарады і вёскі, пабудованыя на правым беразе, патроху абурваюцца ў раку і мусяць перасоўвацца ўсё далей на паўднёвы захад. Наадварот, паселішчы, што ляжаць на левым беразе Волгі, патроху застаюцца ўсё далей і далей ад ракі, Так, напрыклад, Казань даўней стаяла на самым беразе Волгі, а цяпер Волга цячэ за 5 вёрст ад яе, і толькі ў час разводзьдзяў волская вада дасягае да прадмесьцяў Казані.

На поўначы краіны удоуж левага берагу Волгі між Вятлугай і Камай грунты складаюцца з нанесеных Волгай пяскоў. Ніжэй Камы, на ўсход ад Волгі, ляжаць адклады прэснага возера, якое там калісьці было і, мусі-быць, мела сувязь з Касьпійскім возерам. Удоўж правага берагу Волгі на паверхні ляжыць лёэс. Ледавіковых адкладаў у Казаншчыне няма.

Клімат краіны параўнаўча з кліматам іншых мясцовасьцяй, якія ляжаць каля берагоў Волгі, найболей халодны.

Сярэдняя гадавая тэмпэратура ў Казані +3° Ц., студзень там мае сярэднюю тэмпэратуру -13,8°, лілень +19,6°.

Вясна тут пачынаецца пазьней, як на вышнявіне і на нізавіне Волгі. З гэтай прычыны Волга тут узьнімаецца на тыдзень пазьней, як там. Ужо па волскай вышнявіне ідзе крыга, а сутока Волгі з Камай застаецца пад лёдам. Крыга вышнявіны забіваецца пад лёд, утвараецца лёдавы затор, і вада не знаходзіць сабе дарогі, выходзіць з берагоў і залівае ваколіцы. У травені ровень вады у Волзе на 4-6 сажняў вышэй, як улетку.

У Казаншчыне яшчэ могуць расьці ліставыя дрэвы, прынамсі каля берагоў Волгі; гэта, можна сказаць, самы ўсходні куток пасу зуролэйскага мяшанага лесу. Аднак ігластыя лясы тут ужо пераважваюць, асабліва на поўнач ад Волгі і Камы. На поўдні краіны лясоў вельмі мала, там іх павысякаў і расьцерабіў чалавек. Голы, або пакрыты нівамі, правы бераг Волгі становіць рэзкую процілежнасьць лясному леваму берагy.

У адзнаку ад іншых частак Маскоўшчыны ў Казаншчыне вялікарусы складаюць толькі меншасьць мясцовага насяленьня. Патомкі першапачатковых фінскіх насельнікаў краіны тут, галоўным чынам на захадзе краіны, жывуць яшчэ шчыльнай групай, а не астравочкамі, раскіданымі сярод прастораў, залюдненых вялікарусамі. Да прыволскіх фінаў тут належаць марыйцы або чэрамісы, якія залюдняюць пераважна левы бераг Волгі між Вятлугай і Ілецьцю.

Ужо ў XІІІ в. ноўгародзкія славяне залажылі на іх зямлі свае першыя асады, і з таго часу марыйцы знаходзяцца пад вечнай пагрозай асыміляцыі маскоўцамі з аднаго боку і татарамі з другога. Яны аднак упарта змагаліся за сваю незалежнасьць і нават яшчэ ў ХVІІ в. часамі паўставалі супроць маскоўскага ўралу і перарывалі зносіны між Масквой і Казаньню.

Малая частка марыйцаў жыве на правым беразе Волгі супроць вусьця Вятлугі. Гэта так званыя горныя марыйцы, якія адзначаюцца досыць высокім ростам, займаюцца пераважна ральніцтвам і падпалі пад мацнейшы ўплыў маскоўцаў. Агулам кажучы, марыйцы адзначаюцца плескаватым носам, выдатнымі скуламі і вузкім разрэзам вачэй. Большасьць марыйцаў, што жыве на левым беразе Волгі, займаецца паляваньнем, пчалярствам і сыбацтвам, ня любіць ваджацца з зямлёй і ня можа добра гаспадарыць. Марыйцы лічацца праваслаўнымі, але шануюць і Магомета і сваіх старых паганскіх багоў, якіх часамі блытаюць з праваслаўнымі сьвятымі.

На паўднёвым захадзе Казаншчыны, на правым беразе Волгі між Сурой і Сьвіягай, жывуць чувашы, народ Фінскага пахаджэньня, але ататараны, запазычыўшы ад татараў большую частку слоў сваёй мовы. Ад расійцаў чувашы запазычылі праваслаўную веру, але, як і марыйцы, яны захавалі шмат паганскіх звычаяу і поглядаў. Кволыя і няўклюдныя на погляд, чувашы аднак жывуць досыць заможна, старэкна вырабляюць зямлю і сваёй працавітасьцю перавышаюць усіх сваіх суседзяў: маскоўцаў, марыйцаў, татараў і нават мардоўцаў.

З 1839 г. ў чуваскіх школах выкладаецца родная мова, і цяпер на чуваскай мове напісана ужо досыць багатая літаратура, пераважна рэлігійнага зьместу, бо аб такой літаратуры болей за ўсё клапаціўся расійскі ўрад да революцыі.

У сярэдзіне і на ўсходзе Казаншчыны большасьць насельніцтва складаецца з казанскіх татараў, якія па гарадох Маскоўшчыны распаўсюджыліся далека за межы краіны. За межамі яны займаюцца гандлем, купляюць і прадаюць старую вопратку, працуюць, як парабкі, хурманы, грузчыкі і г. д.

У Казаншчыну татары надышлі ў ХІІІ в., ататарылі камскіх балгараў і частку прыволскіх фінаў, якія жылі тут раней, а на месцы багатага Балгарскага царства, што панавала тут з Х да ХІІІ В., залажылі яшчэ болей магутнае Казанскае царства. Толькі ў ХVІ в. расійцы захапілі Казань і зруйнавалі Казанскую дзяржаву, але знайшлі тут сталую самастойную культуру. Выгоды географічнага палажэньня Казаншчыны на

скрыжаваньні дарог з поўначы (Кама), з захаду (Вышняя Волга) і з паўдня (Ніжняя Волга) дапамаглі татарам дасягнуць такога экономічнага і культурнага разьвіцьця, што расійцы ня здолелі іх амаскаліць.

Татары ўпарта баранілі сваю культуру ад расійскіх уплываў. У сваёй вопратцы, звычаях і поглядах яны захавалі поўную незалежнасьць ад расійцаў. Магомэтанская вера, якой трымаюцца татары, забараняе есьці сьвініну, але яны ня грэбуюць затое канінай. У кожнай татарскай вёсцы ёсьць мячэць і школа-мэдрэсэ, у якой дауней мясцовы мула вучыў дзяцей паарабску; з часам у школах пачала выкладацца татарская мова. Ужо ў канцы XVІІІ в. зьявілася і пачало пашырацца самастойнае татарскае пісьменства.

Пасьля рэволюцыі Казаншчына падзялілася на тры самаўрадныя часткі: Татарскую самаурадную рэспубліку на усходзе (2504 тыс. насельн.), Чуваскую самаурадную краіну на паўднёвым захадзе (776 тыс. насельн.) і Марыйскую самаўрадную краіну на паўночным захадзе (371 тыс. насельн.).

Ува ўсіх трох гэтых частках галоўным заняткам насельнікаў зьяўляецца ральніцтва, асабліва сяўба жыта, аўсу і грэчкі.

Найлепей стаяла ральніцтва ў Чуваскай краіне, і толькі голад 1921 г. выклікаў занялад гэтай багатай акругі. Поплавы левага берагу Волгі даюць найлепшую спажыву для жывёлы, і гадоўля авечак, коняй, кароў мае вялікую вагу як у татараў, гэтак і ў марыйцаў. Дастатнасьць жывёлы" становіць грунт для фабрычнай прамысловасьці: шмат у якіх гарадох Татарскай рэспублікі існуюць буйныя і дробныя гарбарні, мылаварні, фабрыкі сьвечак і г. д.

Асновай багацьця краіны аднак можна лічыць гандаль. З Уралу па Каме юды прывозяць руду і жалеза, з-пад Масквы па вышняй Волзе ― крамніну, з Прыволжа па ніжняй Волзе збожжа. На гэтым гандлі грунтуецца значэньне галоўнага гораду краіны ― Казані (158000 нас.). Горад гэты ляжыць на рэчцы Казанцы, але лічыцца волскай прыстаньню, хаця параходы прыстаюць у некалькіх вёрстах ад яго. У асяродку Казані захаваўся старасьвецкі кремль-крэпасьць з вежай Сумбэкі-помнікам часоў Казанскага царства. Цяпер Казань ёсьць сталіцай Татарскай рэспублікі і важным культурным асяродкам. Казанскі унівэрсытэт (заложаны ў 1804 г.) адзін з найстарэйшых ува Усходняй Эўропе. Як гандлёва-прамысловы горад, Казань славіцца сваімі гарбарнямі і мылаварнямі, а таксама гандлем з Уралам, Сібірам, Сярэдняй Азіяй і Сярэдняй Маскоўшчынай.

Папярэднікам Казані па сваёй гандлёвай вазе быў да XІV веку горад Балгар, што ляжаў ніжэй пусьцяў Камы ў часы панаваньня ўва Усходняй Маскоўшчыне камскіх балгараў. Да гэтага часу захаваліся толькі руіны гэтага гораду.

Апроч Казані ў краіне мала значных гарадоў. Сталіца Чуваскага краю ― Чабаксары, і сталіца Марыйскага краю Краснакакшайск могуць паводле сваёй велічыні раўняцца хіба з дробнымі мястэчкамі Беларусі.

Большую вагу маюць Чыстапаль (21000 нас.) на Каме і Сарапул (25000 нас.), што ляжыць ужо за межам Татарскай рэспублікі. Блізка ад Сарапулу на мяжы з Прыуральскім краем ляжаць: Воткінск (24500 нас.) з жалезнымі гутамі, фабрыкамі паравозаў, параходаў і сельска-гаспадарчых прылад, і Іжаўск (52000 нас.), сталіца Воцкага краю (глядзі агляд тайгі) з вялікай фабрыкай зброі.
У будучыне можна чакаць разьвіцьця прамысловасьці ў Сьвіяску, што ляжыць каля сутокі Волгі і Сьвіягі. Там будзе пабудована вялікая электрычная станцыя, якая будзе карыстацца торфам, як апалам. Гэтая станцыя змэханізуе ўсю мясцовую мылаварную, скураную і інш. прамысловасьць.