Глыбіня Маракота

Глыбіня Маракота
Аповесьць/раман
Аўтар: Артур Конан Дойл
1928
Арыгінальная назва: The Maracot Deep
Пераклад: Кастусь Гарабурда

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОНАН-ДОЙЛЬ

ГЛЫБІНЯ
МАРАКОТА

ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

ДЗІЦЯЧАЯ ЛІТАРАТУРА
МЕНСК 1928

БІБЛІОТЭКА ШКОЛЬНІКА



КОНАН-ДОЙЛЬ


ГЛЫБІНЯ МАРАКОТА


Апрацаваў
К. ГАРАБУРДА


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

МЕНСК

1928

Менск, друкарня Беларускага
Дзяржаўнага Выдавецтва
Галоўлітбел № 1481
У ліку 5.000 экз.
Заказ № 441

Частка першая

правіць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Паперы гэтыя далі мне апублікаваць. Таму я пачну з таго, што напомню людзям пра сумную гібель параходу „Стратфорд“. Ён год таму як паплыў у падарож з акіянаграфічнымі мэтамі — для вывучэньня жыцьця морскіх глыбінь. Экспэдыцыя гэта была організавана доктарам Маракотам, вядомым аўтарам „Нібыкаралевых формацый“ і „Морфолёгіі лускаватых“.

Разам з доктарам Маракотам быў містэр Сайрэс Хэдлей, асыстэнт Зоолёгічнага Кэмбрыцкага Інстытуту ў штаце Масачузэт. Капітан Хові, спрактыкаваны мораплаўца, кіраваў караблём; экіпаж-жа складала 23 чалавекі, разам з амэрыканцам мэханікам з Мэрыбанцкіх заводаў у Філадэльфіі.

Усе яны зьніклі бяз сьледу. Аб няшчасным параходзе атрымалі толькі адну вестку. Яе падаў норвэскі баркас; ён на свае вочы бачыў, як карабель, падобны да „Стратфорду“, утапіўся ў часе вялікага шторму ўвосень 1926 году. Пазьней, каля таго месца, дзе здарылася няшчасьце, была знойдзена ратаўнічая лодка з надпісам „Стратфорд“, разам з кратамі люкаў, ратаўнічым буйком ды мачтай. Аніякіх вестак болей ня было. Усё гэта надавала верагоднасьці думцы, што ні аб караблі, ні аб яго экіпажы вестак ужо больш ня будзе. Лёс гэтай экспэдыцыі крыху высьветліўся, калі была атрымана дзіўная вестка з радыё-тэлеграфу. Хоць сям-там крыху і незразумелая, яна ясна сьведчыла пра лёс параходу. Гэтую вестку я падам ніжэй.

У падарожы „Стратфорду“ былі некаторыя вартыя ўвагі бакі. Яны ў свой час выклікалі розныя гутаркі. Профэсар Маракот нейк дзіўна нешта ўтойваў. Яго ведалі за чалавека, які ня любіў і не давяраў друку, але цяпер ён гэта вытрымаў да канца. Ён не жадаў даваць ніякіх вестак рэпортэрам і забараняў прадстаўніком газэт наведвацца на карабель у працягу тыдню, пакуль ён стаяў у доку Альбэрта. Былі чуткі аб нейкай дзіўнай і зусім новай пабудове карабля, якая дазваляла яму служыць і на морскай глыбіні, і гэтыя чуткі грунтаваліся на пагалосках з канторы Гэнтэра і Компанія ў Вэст-Хартпуле, дзе былі зроблены ўсе зьмены ў пабудове параходу.

Адзін час казалі, нібы ўсё дно карабля можа адлучацца ад яго, і гэтыя чуткі зьвярнулі ўвагу страхавых інспэктараў Льлёйда, якіх сяк-так з гэтага боку ўдалося супакоіць.

На ўсю гісторыю з параходам хутка забыліся, але яна робіцца важнай цяпер, калі лёс экспэдыцыі такім дзіўным чынам зноў зацікавіў публіку.

Скажам некалькі слоў пра пачатак падарожы „Стратфорда“. Цяпер ёсьць чатыры дакуманты, якія тычацца вядомых нам да гэтага часу фактаў. Першы дакумант — гэта ліст, адрасаваны містэрам Сайрэсам Хэдлеем яго таварышу, сэру Джэмсу Тальботу, з коледжу Тройцы ў Оксфордзе, і пасланы з сталіцы Вялікіх Канарскіх выспаў, пры тым, як вядома, адзіным выпадку, калі „Стратфорд“ падышоў да зямлі, пасьля таго, як ён пакінуў Тэмзу. Другі дакумант — дзіўная вестка з радыё-тэлеграфу, пра якую я ўжо казаў. Трэці — тая частка карабельных запісаў пра рэйс „Арабеллы наульс“, якая датычыць шкляной кулі. Чацьверты і апошні — дзіўны зьмест гэтай шкляной абалонкі, якая зьяўляецца або бяссорамнай і складанай містыфікацыяй, або выкрывае новую старонку ў чалавечай практыцы, але значэньне якой ва ўсякім выпадку надзвычайна вялікае.

Пасьля гэтых уводзін я падам той ліст містэра Хэдлея, што даў мне сэр Джэмс Тальбот і што да гэтага часу ня быў вядомы. Напісаны ён першага кастрычніка 1926 году.

„Я пасылаю гэты ліст, мой дарагі Тальбот, з порту Дэ-ля-Луц, куды мы заехалі на некалькі дзён адпачыць. Лепшы мой таварыш па падарожы — Біль Сканлан, старшы мэханік, які, і як мой зямляк, і як вельмі цікавы чалавек, натуральна, зрабіўся маім прыяцелем. Але сёньня раніцаю я ўсё-ткі — адзін, бо ў яго, як ён кажа, спатканьне з кімсь. Вы бачыце, што ён кажа іменна так, як, ва ўяўленьні ангельца, павінен казаць кожны амэрыканец. Яго лічылі за „чыстакрэўнага“. Сам інстынкт падказвае і мне ўжываць амэрыканскія выразы, калі я з маімі ангельскімі сябрамі. Я адчуваю, што яны ніколі інакш не зразумелі-б, што і я — янкі. Але з вамі вось у мяне не такія адносіны, таму дайце мне тут пераканаць вас, што вы ня знойдзеце другой мовы, апроч самай чыстай оксфордзкай, у лісьце, які я цяпер пасылаю вам.

Вы спатыкалі Маракота і ведаеце, які сухар гэты чалавек. Я, здаецца, казаў вам, як ён наляцеў на мяне, каб прыцягнуць мяне да гэтае справы. Ён выпытаў усё ў старога Сомэрвіля ў Зоолёгічным Інстытуце. Той паслаў яму маю дыплёмную працу аб акіянскіх крабах, і гэта вырашыла ўсё. Зразумела, вельмі добра падарожнічаць з мэтамі, якія так адпавядаюць майму густу, але я хацеў-бы падарожнічаць не з такой ажыўленай муміяй, як Маракот. Ён зусім непадобны да чалавека сваёй самотнасьцю і адданасьцю працы. „Самае жорсткае, што ёсьць жорсткага ў гэтым сьвеце“, — так кажа пра яго Біль Сканлан. І ўсё-ткі мы ня можам не захапляцца такой адданасьцю працы. Для яго нічога ня існуе апроч навукі. Я памятаю, што вы сьмяяліся, калі я запытаў яго, што мне чытаць, каб падрыхтавацца, і ён сказаў, што для сур’ёзнага выўчэньня мне трэба прачытаць поўнае выданьне яго прац, а для адпачынку — „Plankton studіen“ Гекеля.

Я і цяпер ведаю Маракота ня лепей, чым ведаў яго тады, у гэтым маленькім пакоі, што выходзіць на Оксфорд Хай. Ён нічога не гаворыць і яго сухі, суровы твар, — твар Саванаролі ці, мо’ больш праўдзівей, Торквэмады, ніколі ня бывае вясёлы. Даўгі, тонкі, агідны нос, двое маленькіх бліскучых шэрых вочак, якія блізка сядзяць пад брывамі, рот з тоненькімі сьціснутымі губамі, шчочкі, што апалі ад заўсёдных думак ды аскетычнага жыцьця, — усё гэта так няветліва. Ён жыве на вяршыні нейкай гары Розуму, да якой не далезьці простым людзям. Часамі я думаю, што ён крыху вар’ят. Напрыклад, гэты дзіўны апарат, які ён пабудаваў… але я буду пісаць усё па парадку, і вы мяркуйце самі.

Я пачну пісаць пра нашу падарож з самага пачатку.

„Стратфорд“ — добры, прызначаны для морскага плаваньня, маленькі карабель, спэцыяльна дапасаваны да свае задачы. Ён вадазьмерам — тысячу дзьвесьце тон, у яго вялікая шырокая палуба, і ён мае розныя прылады для вымеру глыбінь, для драгаваньня і для ўмацаваньня сетак па бартох карабля і для таго, каб лавіць рыбу невадам. У яго зразумела, ёсьць моцныя паравыя прылады, каб паднімаць невады, і мноства іншых машын, з якіх адны мы добра ведаем, другіх — зусім ня ведаем. Ніжэй зроблена надта выгоднае памяшканьне з багатай бібліотэчкай для нашых спэцыяльных заняткаў.

Яшчэ да таго, як мы адплылі, пра нас гаварылі, як пра таемны карабель, і я хутка пераканаўся, што для гэтага былі падставы. Нашыя першыя крокі былі зусім звычайныя. Мы прыплылі ў Паўночнае мора закінулі разы два нашыя невады, але таму, што сярэдняя глыбіня была крыху больш за 60 футаў, а карабель наш прызначаўся для работы на вельмі вялікіх морскіх глыбінях, дык нам гэта здалося марнаваньнем часу. Ва ўсякім выпадку, апрача звычайнай рыбы для стала, акулы, мэдуз і некаторых іншых адкладаў дна — звычайнай алювіяльнай гліністай гразі, мы нічога не даставалі такога, аб чым варта было-б пісаць дахаты. Потым мы аб’ехалі Шотляндыю і накіраваліся на поўдзень, туды, дзе і цяпер езьдзім, паміж Афрыканскім контынэнтам і Канарскімі выспамі. Адзін раз у цёмную ноч мы ледзь ня селі на мель у Фуэрт-Эвэнтура, але, за выключэньнем гэтага, наша падарож прайшла бяз жадных прыгод.

На працягу гэтых першых тыдняў я спрабаваў падыйсьці да Маракота, але гэта было ня так проста. Перш за ўсё — ён самы заняты і няўважны чалавек у сьвеце. Прыпамятайце, як вы засьмяяліся, калі ён даў хлапцу каля пад’ёмнай машыны пені, пераконаны ў тым, што ён у аўтобусе.

Палову часу ён зусім заняты сваімі думкамі, і наўрад ці заўважае, дзе ён знаходзіцца і што ён робіць.

Падругое, ён скрытны да крайнасьці. Ён заўсёды працуе над нейкімі паперамі і картамі, але адразу-ж хавае іх, калі я зайду да яго ў каюту. Я цьвёрда пераконаны, што ў гэтага чалавека ў галаве нейкі сакрэтны плян, і, пакуль нам яшчэ трэба заехаць у які-небудзь порт, ён будзе старанна ўтойваць гэта. Вось уражаньне, якое я атрымаў, і вышла, што і Біль Сканлан мае тую самую думку.

— Скажэце, містэр Хэдлей, — зьвярнуўся ён да мяне нейк вечарам, калі я сядзеў у лябораторыі, дасьледуючы ступень насычанасьці соляй спроб, узятых намі ў часе нашых гідрографічных дасьледзін глыбінь, — як вы сабе думаеце, што думае гэты галубок? Як вы думаеце, што ён думае рабіць?

— Я думаю, — сказаў я, — мы будзем рабіць тое самае, што да нас рабілі „Чэленджэр“ і тузін другіх спэцыяльных караблёў, і дадамо яшчэ некалькі ўзораў да сьпісу рыб ды яшчэ колькі значкоў на карту вымераў глыбіні мора.

— Нічога падобнага, — сказаў ён. — Калі гэта ваша думка, то вам прыдзецца адгадваць яшчэ раз. Перш за ўсё, — чаго я тут?

— На выпадак, калі што здарыцца з машынамі, — сказаў я.

— Машыны — глупства. Карабельныя машыны пад наглядам Макла-Рэна, інжынэра-шотляндца. Не, сэр, не для таго, каб рухаць донкай, прыслалі з Мэрыбэнксу такога вялікага спэцыялістага, як я. Недарма мне за тыдзень даюць пяцьдзесят монэт. Пойдзем да мяне і я вам нешта скажу.

Ён дастаў з кішэні ключ, адчыніў дзьверы ў задняй сьцяне лябораторыі, і па сходах уніз палезьлі мы ў трум, які быў зусім пусты, калі ня лічыць чатырох вялікіх, бліскучых прадметаў у вялікіх скрынках, што стаялі там. Гэта былі пляскатыя сталёвыя лісты. Яны мелі на сабе шмат скрэпаў і заклёпак па краёх. Кожны ліст быў каля дзесяці футаў у квадраце і меў паўтары цалі таўшчынёй, з круглай дзірачкай, якая мела восемнаццаць цаляў пасярэдзіне.

— Што гэта такое? — запытаў я.

Ад майго зьдзіўленьня на твары Біля Сканлана, — ён падобны ці то да водэвільнага коміка, ці то да профэсыянальнага барца, — зьявілася ўсьмешка.

— Гэта — маё дзіцятка, сэр, — сказаў ён. — Так, містэр Хэдлей, вось для чаго я тут. Гэтая штука — маё сталёвае дно. Яно — у тэй вялікай скрынцы. Потым ёсьць накрыўка, падобная да аркі, і вялікае колца для ланцуга ці вяроўкі. А цяпер паглядзеце на дно нашага карабля.

Там была чатырохкутная драўляная пляцформа са шрубамі ў кожным куту. Значыць, яна здымалася.

— Тут дубальтовае дно, — сказаў Сканлан. — Мо’ гэты галубок проста звар’яцеў, а мо’ ў чэрапе яго болей, чым мы ведаем, але калі я яго правільна адгадаў, дык ён зьбіраецца збудаваць нешта накшталт пакою, — вокны складзены тут, — і спусьціць яго цераз дно карабля. У яго тут электрычныя прожэктары, і я думаю, што ён мае на меце асьвятляць імі ваду праз круглыя шчыліны і пазіраць, што там робіцца навокал.

— Калі-б ён гэта меў у галаве, дык мог-бы ўставіць шкляную панэль, як на караблёх на высьпе Каталіна, — сказаў я.

— Вы кажаце дарэчы, — сказаў Біль, чухаючы патыліцу. — Я цяпер нічога не разумею. Адно толькі правільна, гэта тое, што я пасланы пад яго загад, каб памагаць яму ў гэтым глупстве. Ён да гэтага часу нічога не казаў. Ну, і я сказаў столькі сама. Аднак я буду нюхаць скрозь. А калі я ня буду сьпяшацца, дык я даведаюся аб усім, што трэба ведаць.

Вось якім чынам я ўпяршыню даведаўся пра наш сакрэт. Пасьля гэтага мы плылі ў дрэннае надвор’е, а потым пачалі працаваць, ловячы рыбу невадам на вялікай глыбіні на паўночны захад ад рогу Джуба, наглядаючы за тэмпэратурай і запісваючы процант солі ў вадзе. Гэты спортыўны занятак, драгаваньне[1] морскіх глыбінь з Пэтэрсонаўскім невадам, які забірае толькі дваццаць футаў. Часамі ён спушчаецца на чвэрць мілі — і прыносіць наверх рыбу аднае пароды, часамі на поўмілі — і ловіцца другая парода. Кожны слой акіяну мае сваіх асобных жыхароў таксама, як і асобныя сухазем’і. Часамі мы паднімалі з дна поўтоны празрыстай ружовай квашаніны, першабытнай матэрыі жыцьця, або гэта была твань, якая пад мікроскопам выглядала як мільёны маленькіх, круглых кулек з аморфнай гразёй паміж імі, утвараўшых нібы складаную сетку. Я ня буду дакучаць вам усімі гэтымі brotulіdae, macrurіdae, ascіdіae, holothurіa, poluzonіum, echіnodermota, але вы можаце даць веры, што ў моры ёсьць багатае жніво, і мы былі стараннымі жанцамі. Але ў мяне ўвесь час было такое адчуваньне, што сэрца Маракота ня з намі і што ў гэтай дзіўнай, высокай галаве эгіпэцкай муміі былі зусім іншыя пляны. Усё гэта здавалася мне іспытам людзей і спробай умоў, перш чым пачнецца сапраўдная справа.

Я гэта напісаў, і мы вышлі на бераг, каб пагуляць апошні раз. Мы адплываем у досьвіткі. Можа, я зрабіў і добра, што пайшоў, бо на прыстані быў страшэнны шум і ў самай сярэдзіне яго былі Маракот ды Біль Сканлан. Біль — крыху задзіра, і рукі ў яго заўсёды сьвярбяць, але выгляд поўтузіну дагосаў[2], з нажамі ў руках, што былі вакол маіх падарожнікаў, рабіў жудаснае ўражаньне, і я якраз у час прыбег ім дапамагаць. Справа вось у чым. Доктар наняў нешта, што тут называюць брычкай, праехаў палову выспы, выўчаючы яе геолёгічную будову, зусім забыўся, што ў яго ня было з сабою грошай. Калі прышлося плаціць, ён ня мог прымусіць гэтых дурняў зразумець, у чым справа, і фурман забраў яго гадзіньнік, каб быць пэўным, што ён заплаціць. Гэта прымусіла Біля Сканлана паказаць свой спрыт, і яны абодва ляжалі-б на зямлі з пашарпанымі сьпінамі, каб я не паправіў справу долярам ці двума, якія даў фурману, і пяцю долярамі для хлапца з гузаком пад вачыма. Такім чынам усё скончылася добра, і Маракот быў больш падобны да чалавека, чым калі-б то ні было да гэтага часу.

Калі мы вярнуліся на карабель, ён паклікаў мяне ў маленькую каюту, у якой жыў, і падзякаваў мне.

— Дарэчы, містэр Хэдлей, — сказаў ён, — як я ведаю, вы нежанаты?

— Не, — адказаў я, — нежанаты.

— Каму-небудзь вы дапамагаеце?

— Не.

— Добра, — сказаў ён. — Я не гаварыў пра мэту гэтае падарожы, бо з сваіх асабістых меркаваньняў хацеў, каб яго ніхто ня ведаў. Галоўнай прычынай было тое, што я баяўся, каб мяне хто не папярэдзіў. Калі навуковыя пляны робяцца шмат каму вядомы, дык хто-небудзь можа зрабіць тое, што Амундсэн — Скоту. Калі-б Скот таіў свой плян, як гэта рабіў я, дык на Паўночным канцавосьсі першым быў-бы ён, а не Амундсэн. У мяне асабіста такая самая важная мэта, як і Паўночнае канцавосьсе, і таму я маўчаў. Але цяпер мы напярэдадні нашай вялізарнай справы, і ніякі супэрнік не ўкрадзе маіх плянаў. Заўтра мы паедзем да нашай мэты.

— А што гэта за мэта? — запытаў я.

Ён схіліўся наперад, і яго аскетычны твар асьвятліўся натхненьнем фанатыка.

— Наша мэта, — сказаў ён, — дно Атлянтыцкага акіяну.

Тут мне трэ’ было-б кінуць пісаць, бо я бачу, як вы зьдзіўлены, а гэта было і са мною. Калі-б я быў пісьменьнікам, то, напэўна, спыніўся б на гэтым. А дзеля таго, што я проста пішу аб здарэньні, то я магу сказаць вам, што я пабыў яшчэ гадзіну ў каюце Маракота, і што я даведаўся там шмат чаго, аб чым і пасьпею вам напісаць да таго, як пойдзе на бераг апошняя лодка.

— Так, малады чалавек, — сказаў Маракот, — вы можаце цяпер пісаць, бо калі ваш ліст дойдзе дахаты, то мы ужо нырнём у ваду.

Пры гэтых словах ён засьмяяўся. У яго быў свой асаблівы сухі сьмех.

— Так, сэр, нырнём — гэта добрае слова для такога выпадку і гэта будзе запісана ў летапісу навукі. Дазвольце сказаць вам, перш за ўсё, што я цалкам пераконаны, што пагалоска адносна надмернага ціску акіяну на вялікіх глыбінях — зусім няправільная. Зусім ясна, што існуюць другія фактары, якія неўтралізуюць гэты ціск, хоць я яшчэ не магу сказаць, што гэта за фактары. Гэта адна з тых задач, якую мы, мабыць, вырашым. Цяпер скажэце мне, калі можна запытаць, які ціск думаеце вы на глыбіні мілі пад вадою?

Ён бліснуў на мяне сваімі вялікімі рогавымі акулярамі.

— Ня менш чым тона на квадратовую цалю, — адказаў я. — Гэта ж было зусім дасканала даведзена.

— Задачай піонэра заўсёды было давесьці, што палажэньне, ясна азначанае, — няправільна. Падумайце, малады чалавек, вы займаліся апошні месяц тым, што лавілі самыя далікатныя формы жыцьця, плаваўшыя ў вадзе, формы жыцьця істот, такіх далікатных, што мы ледзь перакладалі іх з сетак у цэбар, каб не папсаваць іхнага далікатнага цела. Ці знаходзілі вы ў іх доказ гэтага страшэннага ціску.

— Ціск, — сказаў я, — зраўніваўся. Ён быў такі самы, як звонку, так і ў сярэдзіне.

— Словы… адны словы! — гукнуў ён, круцячы лысай галавою. — Вы лавілі круглых рыб, такіх, як Gastrostomus globulus. Хіба яны ня былі-б сплюшчаныя, калі-б ціск быў такі, як вы думаеце?

— А практыка плыўцоў?

— Зразумела, да пэўнай меры яна мае значэньне. Яны сустракаюць такое павялічэньне ціску, што ён можа ўплываць на, магчыма, самы адчувальны орган нашага цела, — на ўнутранае вуха. Але мой плян такі, што мы зусім ня будзем падлягаць ніякаму ціску. Нас спусьцяць у сталёвай клетцы з крышталёвымі шкламі з кожнага боку, выгоднымі для нагляданьня. Калі ціск не такі вялікі, каб уціснуць паўтары цалі загартаванай, дубальтовай нікелёвай сталі, тады ён ня можа пашкодзіць і нам. Гэта пашырэньне практыкі братоў Вільямсон у Насаў, з якім вы, бясспрэчна, знаёмы. Калі я разьлічыў няправільна… дык што-ж, вы кажаце, што нікому не дапамагаеце. Мы памром у імя адважнай справы. Зразумела, калі вы надумаецеся ўхіліцца, я паеду адзін.

Гэта быў вар’яцкі плян, і я пачаў абмяркоўваць яго.

— Як глыбака думаеце вы спусьціцца, сэр, — запытаў я.

На стале яго ляжала карта, і ён компасам паказаў на кропку, што знаходзіцца на паўднёвы захад ад Канарскіх выспаў.

— Летась я вымяраў глыбіні гэтых месц, — сказаў ён. — Там ёсьць яміна вялікай глыбіні. Тады мы намерылі дваццаць пяць футаў. Я першы аб гэтым паведаміў. Сапраўды, я спадзяюся, што на картах будучыні вы знойдзеце глыбіню „Маракота“.

— Але, мілы божа, сэр, — гукнуў я, — ці ня думаеце вы спусьціцца ў такую багну?

— Не, не, — адказаў ён і засьмяяўся, — ні нашых ланцугоў для спуску, ні труб для паветра ня хопіць больш, як на поўмілі. Але я хацеў вам растлумачыць, што вакол гэтай яміны, якая, бясспрэчна, была ўтворана шмат гадоў таму назад вульканічнымі сіламі, ёсьць высокі хрыбет ці вузкае плято, якое знаходзіцца ня глыбей чым трыста сажняў пад паверхняй мора.

— Трыста сажняў. Траціна мілі!

— Так, гэта бадай траціна мілі. Мой намер у тым, каб нас спусьцілі ў маленькай, забясьпечанай ад ціску наглядальнай станцыі на гэты падводны бераг. Там мы будзем наглядаць, што можна. Труба для размоў будзе злучаць нас з караблём, і мы здолеем рабіць ім нашы заўвагі. Труднасьцяй тут не павінна быць. Калі мы захочам, каб нас паднялі наверх, нам трэ’ будзе толькі сказаць аб гэтым.

— А паветра?

— Яго будуць пампаваць нам уніз.

— Але-ж там будзе зусім цёмна.

— Думаю, што гэта праўда. Практыка Фоля і Сарасэна ў Жэнеўскім возеры сьведчыць, што нават ультрафіолетавых праменьняў на такой глыбіні няма. Але ці мае гэта значэньне. Нам будуць падаваць электрычнае сьвятло магутныя карабельныя машыны ды шэсьць двувольтавых сухіх батарэй Хэлесіна, злучаных разам так, каб даваць ток на дваццаць вольт. Гэта, разам з сыгнальнай вайсковай лямпай Лукаса ў выглядзе рухомага рэфлектара, дасьць нам тое, што трэба. Палохае вас яшчэ што-небудзь?

— А калі нашы паветравыя правады зблытаюцца?

— Яны ня зблытаюцца. А пра запас у нас ёсьць у шлюпках сьціснутае паветра, якого павінна хапіць на дваццаць чатыры гадзіны. Ну, задаволіў я вас? Паедзеце вы са мною?

Ня лёгка было адважыцца. Мазгі працуюць шпарка. Мне здавалася, што я бачу гэту чорную скрынку ўнізе, на першабытных глыбінях, што я адчуваю дрэннае, сапсаванае паветра, якім дыхалі ўжо некалькі разоў, і потым бачу, як сьцены сьціскаюцца, угінаюцца ў сярэдзіну, разрываюцца па швох, і вада б’е ў кожную дзірку, шчылінку і сочыцца зьнізу. Гэта была марудная, жудасная сьмерць. Але я кінуў вокам. На мяне пазірае гэты чалавек. У ім было натхненьне мучальніка навукі. Ён захапляе, такі энтузіазм, і калі ён і вар’яцкі, то ў кожным разе — шляхетны і неэгоістычны.

Я загарэўся, стаў на ногі, падаў яму руку.

— Доктар, я з вамі да канца, — сказаў я.

— Я ведаў гэта, — адказаў ён. — Я выбраў вас не з-за вашых невялікіх ведаў, мой малады сябра, — дадау ён, сьмяючыся, — і не з-за вашага блізкага знаёмства з морскімі крабамі. Ёсьць другія якасьці, якія могуць хутчэй прыдацца — гэта шчырасьць і мужнасьць.

І з гэтым невялічкім кавалачкам слодычы скончылася размова. Я аддаў маю будучыню Маракоту, і ўвесь вызначаны мною плян майго жыцьця быў разьбіты. Але ўжо адплывала апошняя лодка. Прышлі за поштай. Вы або не пачуеце больш пра мяне, дарагі мой Тальбот, або атрымаеце ліст, які варта пачытаць. Калі вы нічога не пачуеце, то можаце ўзяць помнік і кінуць дзе-небудзь на поўдзень ад Канарскіх выспаў з надпісам: „Тут, або дзесьці тут, ляжыць усё, што рыбы пакінулі ад майго сябра — Сайрэса дэ-Хэдлей".

Другі дакумант, які ёсьць наконт гэтага карабля, гэта тая незразумелая вестка з радыё-тэлеграфу, што атрымалі некаторыя караблі, а таксама і дзяржаўны паштовы параход „Аройа“. Вестка была атрымана ў тры гадзіны ночы трэцяга кастрычніка 1926 г. Гэта сьведчыць, што яна была паслана праз два дні пасьля таго, як „Стратфорд“ пакінуў Канарскія выспы, — што відаць з папярэдняга ліста, і гэта адпавядае часу, калі норвэскі баркас бачыў, як гінуў у цыклёне параход на адлегласьці дзьвесьце міль на паўднёвы захад ад порту Дэ-ля-Луц. Вестка з радыё наступная: „Карабель перакулены на бок. Баюся, становішча безнадзейнае. Страцілі ўжо Маракота, Хэдлея, Сканлана. Дзе знаходзімся — незразумела. Хэдлей… насовая хустачка… канец вымяральнага дроту морскай глыбіні. Памажы нам божа. Параход „Стратфорд“.

Гэта была апошняя, незразумелая вестка, атрыманая з няшчаснага карабля, і частка яе была такая дзіўная, што яе прыпісалі брэду таго, хто пасылаў радыё. Але, усё-ж такі, здавалася, што вестка ясна гаварыла пра лёс карабля.

Тлумачэньне ўсяго гэтага, калі гэта можа быць палічана за тлумачэньне, павінна быць у лісьце, напісаным у шкляной кулі, і перш за ўсё трэба падаць кароткую справаздачу, якая да гэтага часу зьявілася ў друку адносна знаходкі кулі. Я бяру яе кропля ў кроплю з карабельнага запісу „Арабэлы Наульс“, які пісаў „Шкіпер“ Амос Грын. Карабель гэты ішоў у загранічны рэйс з вугалем ад Кардыфу да Буэнос-Айрэсу.

„Серада, пятага студзеня 1927 году, шырыня 28,14, даўжыня 28, зах. ціхае надвор’е, блакітнае неба з хмаркамі. Мора, як шкло. У дзьве шклянкі сярэдняй вахты старшы афіцэр паведаміў, што бачыў, як проста з мора выскачыў нейкі бліскучы прадмет і потым зноў пашоў у ваду. Першае яго ўражаньне было, што гэта якая-небудзь дзіўная рыба, але, паглядзеўшы ў бінокль, ён убачыў, што гэта была срэбная куля або мячык, і такі лёгкі, што хутчэй ляжыць, чым плыве па вадзе. Мяне паклікалі, і я ўбачыў гэтую кулю — вялікую, як мяч для футболу. Мяч ярка зьзяў і быў з правага боку ад нашага борту на поўмілі. Я спыніў машыну і накіраваў лодку пад камандай другога штурмана, які злавіў гэтую рэч і прывёз яе на карабель.

Гэта была куля, зробленая з моцнага шкла, а ў сярэдзіне яе была такая лёгкая рэч, што калі кулю кідалі ўгору, яна лётала, як мыльная бурбалка. Яна была бадай зусім празрыстая, і мы бачылі ў сярэдзіне нешта падобнае да скрутку паперы. Але шкло было такое моцнае, што яго было вельмі цяжка разьбіць і дастаць скрутак. Малаток не разьбіваў яго, і нам удалося раздушыць толькі тады, калі галоўны мэханік падлажыў кулю пад кола машыны. На жаль, я павінен сказаць, што куля разьляцелася ў пыл, і немагчыма было выбраць кавалак шкла, прыгодны для дасьледзін. Але паперы мы дасталі і, разгледзеўшы іх, даведаліся, што яны маюць надта вялікую каштоўнасьць; мы адлажылі іх з тым, каб аддаць брытанскаму консулу, калі дойдзем да рэчкі Плэд. Я пражыў на моры трыццаць пяць год. Быў тут і хлапчуком і мужчынай, але гэта — самае дзіўнае, што калі-небудзь было са мною, і так гаворыць кожны чалавек на караблі. Тлумачэньне ўсяго гэтага хай робяць галовы разумнейшыя, чым мая“.

Вось усё пра паходжаньне ліста Сайрэс дэ-Хэдлея, які мы цяпер падаем так, як ён напісаны:

„Каму я пішу? Што-ж, я думаю, што я магу сказаць усяму шырокаму сьвету, але таму, што гэта вельмі няпэўны адрас, я буду разумець майго сябра, сэра Джэмса Тальбота, з Оксфордзкага ўнівэрсытэту, з тае прычыны, што мой апошні ліст быў напісаны яму, і гэта можна лічыць працягам. Я думаю, што тут адзін шанс са ста за тое, што гэтая куля, нават калі яна і трапіць на сьвет і не праглыне яе акула, будзе плаваць па хвалях і трапіць калі-небудзь на вочы падарожнаму мараку. Але ўсё-ткі варта паспрабаваць, і Маракот таксама пасылае наверх другую кулю. Значыць, можа здарыцца, што хто-небудзь з нас і раскажа сьвету нашу дзіўную гісторыю. Зразумела, ці паверыць гэтай гісторыі сьвет — гэта другое пытаньне, але калі людзі ўбачаць кулю са шкляной абалонкай і зьвернуць увагу на газ, лягчэйшы ад паветра, што знаходзіцца ў кулі, то яны напэўна зразумеюць, што ў гэтым ёсьць штосьці нязвычайнае. Вы, Тальбот, у кожным выпадку не адкінеце яе, не прачытаўшы.

Калі хто-небудзь захоча даведацца, як усё гэта пачалося і што мы спрабуем зрабіць, — ён усё гэта знойдзе ў лісьце, напісаным вам летась першага кастрычніка, увечары, перад нашым ад’ездам з порту Дэ-ля-Луц. Клянуся, каб я ведаў, што нас чакае, то я скокнуў-бы тады ў лодку, што плыла на бераг. І ўсё-ткі… што-ж, можа быць, каб я гэта і ведаў, то я не пакінуў-бы доктара і пашоў-бы на ўсё гэта. Я аб гэтым думаю, і бясспрэчна, што я зрабіў-бы іменна так, як зрабіў.

Я буду пісаць аб тым, што перажылі мы з таго дня, як пакінулі Канарскія выспы.

У той момант, калі мы разьвіталіся з прыстаняй, стары Маракот зрабіўся проста агнём. Урэшце, прышоў час дзейнічаць, і прытушаная энэргія гэтага чалавека ярка загарэлася. Кажу вам, што ён забраў у свае рукі карабель ды ўсіх, і ўсё на ім падпарадкаваў сваёй волі. Сухі, скрыпучы, няўважны вучоны раптам зьнік і замест яго зьявілася чалавечая электрычная машына. Вось, здаецца, яна лопне ад жыцьцёвай энэргіі і дрыжыць ад вялізнай магутнасьці. Вочы яго блішчэлі за акулярамі, як вочы ў ліхтары. Здавалася, што ён адначасна скрозь: вывучае адлегласьць на сваёй карце, параўноўвае разам са шкіперам вылічаньні, падганяе Біля Сканлана, даручае мне сотні розных спраў. Але ва ўсім гэтым быў мэтод і пэўная мэта. Ён нечакана паказаў веды ў электрычнасьці і ў мэханіцы, і траціў шмат часу, працуючы разам з Сканланам, які пад яго наглядам зьбіраў апарат.

— Глядзеце, містэр Хэдлей, як добра, — сказаў Біль на другі дзень раніцою. — Зайдзеце сюды ды гляньце. Наш доктар маладзец і здольны мэханік.

У мяне было вельмі няпрыемнае ўражаньне, нібы я пазіраў на сваю ўласную труну. Але нават і цяпер я павінен быў прызнацца, што гэта быў прыгожы па сваёй будове маўзолей. Падлога была змацавана з чатырма сталёвымі сьценамі і вокны ўшрубаваны ў цэнтры кожнай сьцяны. Маленькія пад’ёмныя дзьверы ўгары вялі ў камору. Былі яшчэ адны дзьверы ўнізе. Сталёвая клетка трымалася на тонкім, але вельмі моцным сталёвым ланцугу, ланцуг быў абматаны па блёку і выпускаўся або закручваўся моцнай машынай, якую мы ўжывалі для невадоў вялікіх морскіх глыбінь. Ланцуг, як я ўбачыў, быў бадай на поўмілю даўжынёю і быў прымацаваны да сталёвых падпорак на палубе. Гумалясткавыя трубкі для дыханьня мелі такую самую даўжыню, тэлефонны провад быў злучаны з намі, а таксама і провад, з дапамогай якога маглі ў машыне на караблі кіраваць электрычным сьвятлом у сярэдзіне апарату; тут у нас была яшчэ і свая электрычная ўстаноўка.

Увечары гэтага дня машыны спынілі. Баромэтр стаяў нізка. Цяжкія чорныя хмары ўздымаліся на небе і папераджалі аб небясьпецы. Мы бачылі толькі адзін карабель — баркас пад норвэскім сьцягам, і заўважылі, што ён узяў усе рыфы, нібы чакаў буры. А цяпер усё спрыяла нам, і „Стратфорд“ ціха гойдаўся на цёмна-блакітных хвалях акіяну пакрытых то там, то тут белымі грабеньчыкамі ад пасатнага ветру. Біль Сканлан прышоў да мяне ў лябораторыю, усхваляваны больш, чым гэта яму звычайна дазваляў яго характар.

— Паслухай мяне, містэр Хэдлей, — сказаў ён, — яны спусьцілі гэтую штуку ў студню ў дне карабля. Вы ня думаеце, што гаспадар хоча спусьціцца ў ёй?

— Так, Біль, і я паеду з ім.

— Ну-ну, вы абодва звар’яцелі, калі думаеце аб такой рэчы. Толькі нічога я ня буду варты, калі пушчу вас адных.

— Гэта ня ваша справа, Біль.

— Ну, а я так адчуваю, што гэта мая справа. Ды я зжаўцею ад жаўтухі, як кітаец, калі пушчу вас адных. Мэрыбэнкс прыслаў мяне сюды паглядзець за гэтай машынай, і калі яна спусьцілася ўніз, на дно мора, дык ужо гэта напэўна, што і я буду на дне. Дзе гэта сталёвая скрынка — там і адрас Біля Сканлана, пашалелі ўсе вакол яго ці не.

Сьпірацца з ім ня прыходзілася, і такім чынам да нашага маленькага клюбу самазабойц далучыўся яшчэ адзін чалавек, і мы толькі чакалі загадаў.

Цэлую ноч старанна працавалі, каб сабраць апарат, і пасьля сьнеданьня пашлі ў трум, падрыхтаваны да нашае падарожы. Сталёвая клетка была напалову апушчана ў фальшывае дно, і мы цяпер сышлі адзін за адным праз верхнія дзьверы, якія за намі зачынілі і зашрубавалі. Капітан Хові сумна паціснуў кожнаму з нас руку, калі мы ішлі каля яго. Пасьля гэтага нас спусьцілі на некалькі футаў, люк зачыніўся над нашымі галовамі — і мы ў вадзе, каб даведацца, наколькі мы прыгодныя да мора. Клетка добра вытрымала іспыт, кожны паз быў прыгнаны якраз, і вада не цякла. Потым ніжні кляпан у труме адчынілі — і мы ў акіяне.

Пакойчык наш, сапраўды, быў вельмі прытульны, я дзівіўся здольнасьці і прадугледжанасьці, з якімі ўсё гэта было зроблена. Электрычнасьці не запалілі, але напоўзваротнікавае сонца ярка сьвяціла ў кожнае вакно праз зеленкаватую ваду. Тут і там шмыгалі маленькія рыбкі і гойдаліся срабрыстымі рыскамі на зялёным фоне.

Вакол маленькага пакойчыку стаяла канапа, над якой былі разьмешчаны вымяральнік глыбіні, тэрмомэтр ды іншыя інструманты. Пад канапай было шмат трубак, у якіх быў запас сьціснутага паветра, на выпадак, калі сапсуюцца тыя трубы, што падавалі нам паветра. Гэтыя трубы былі над нашымі галовамі. Нам быў чуваць сумны голас капітана, які казаў:

— Вы сапраўды надумаліся спускацца? — пытаў ён.

— У нас усё добра, — нецярпліва адказаў доктар. — Вы пачнеце паволі спускаць, і ў вас увесь час павінен быць хто-небудзь каля прыёмніка. Я буду паведамляць аб нашым становішчы. Калі мы дойдзем да дна, стойце так, як цяпер, пакуль я не загадаю. Нельга занадта нацягваць ланцуг, але павольны рух з разьліку некалькіх вузлоў у гадзіну — будзе яму якраз па сіле. А цяпер спускайце.

Ён крыкнуў гэтае слова голасам вар’ята. Гэта была найвялікшая хвіліна ўсяго яго жыцьця, вынік усіх яго мар. На адзін момант я быў напалоханы думкаю, што мы, сапраўды, пад уладай хітрага, тонкага маніяка, звар’яцеўшага на сваёй ідэі. Білю Сканлану падумалася тое самае, бо ён глянуў на мяне з усьмешкай і дакрануўся да свае галавы. Але пасьля гэтага дзікага крыку наш правадыр адразу-ж зрабіўся, як раней, сур’ёзны ды спакойны. І сапраўды, варта было толькі глянуць на парадак і на руплівасьць, якія відаць былі ў кожнай дробязі вакол нас, каб пераканацца ў сіле яго розуму.

Але цяпер уся наша ўвага была зьвернута на дзіўныя новыя ўражаньні, якія нам даваў кожны момант. Клетка паволі спускалася ў глыбіні акіяну. Сьветла-зялёная вада зрабілася цёмнай.

Гэтая вада зноў пагусьцела да дзіўнага сіняга колеру, багатага, глыбокага сіняга колеру, які паступова набываў барвісты колер.

Мы спускаліся ўсё ніжэй ды ніжэй — сто футаў, дзьвесьце футаў, трыста футаў. Кляпаны дзейнічалі вельмі добра. Дыхаць было лёгка і добра, як на палубе карабля. Стрэлка вымяральніка глыбіні паволі рухалася па асьвечаным цыфэрбляту. Чатырыста, пяцьсот, шэсьцьсот...

— Як вы сябе адчуваеце? — загуў спалоханы голас зьверху.

— Вельмі добра, — гукнуў Маракот.

Але сьвет слабеў. Цяпер быў шэры змрок. Хутка зрабілася ноч.

— Спыніцца тут, — гукнуў наш правадыр. Мы перасталі рухацца і завісьлі на семсот футаў пад роўнем мора. Я пачуў, як пстрыкнуў выключальнік і ў наступную хвіліну пырснуў яркі залаты сьвет які доўгімі бліскучымі дарогамі праз нашы вокны асьвятляў водную пустыню. Мы бачылі тое, чаго ніколі ня бачыў чалавек. Да гэтага часу мы ведалі гэты слой морскай глыбіні толькі па тых нямногіх рыбах, якія плылі вельмі паволі, каб уцячы ад нашага нязграбнага неваду. Цяпер мы бачылі дзіўны вадзяны сьвет такім, якім ён быў сапраўды. Калі мэтай стварэньня быў чалавек, то дзіўна, чаму акіян больш заселены, чым зямля. Мы ўжо прайшлі верхнія слоі, дзе рыбы або ня маюць колеру, або маюць морскую афарбоўку, ультрамарынавыя на сьпіне і срабрыстыя пад жыватом. Тут-жа былі істоты рознастайных афарбовак і формаў, якія толькі існуюць у моры. Крохкія Leptocephalus або лярва вугроў імчаліся міма, як палоскі бліскучага срэбра.

Марудныя зьмеяпадобныя мурэны, міногі морскіх глыбінь, выгінаючыся, плылі міма, або чорны рогазуб увесь са шпілек і роту, як дурны, разяўляў ляпу на нас. Часамі міма праплывала, гледзячы на нас жахлівымі чалавечымі вачыма, прысадзістая сапія. Часамі ўсяму малюнку надавала прыгожасьць, падобная да краскі, крышталёва-празрыстая форма морскага жыцьця cystoma або glaucys. Вялізарны caranh шалёна зноў і зноў кідаўся на наша вакно, пакуль яго ня засьціў цень сяміфутовай акулы, і ён зьнік у яе горле. Доктар сядзеў, нібы зачараваны, трымаючы кнігу для запісаў; запісваючы свае нагляданьні, ён мармытаў монолёг навуковых тлумачэньняў.

— Што гэта такое? Што гэта такое? — чуў я, — так, так, Chimoera miralilis, такая самая, як знойдзеная Майкелем Сарс. Божа мой, вось lepidіon, але, наколькі я магу меркаваць, — новы від. Зьвярнеце ўвагу на гэтага macrurys, містэр Хэдлей. Афарбоўка яго зусім іншая, чым тая, якую мы бачылі, злавіўшы яго ў сетку.

Ён быў зьбіты з панталыку толькі адзін раз. Гэта здарылася, калі міма яго вакна, зьверху, вельмі шпарка праімчаўся даўгі, круглаваты прадмет, які пакінуў за сабою трапяткі хвост, што цягнуўся так далёка над намі і пад намі, як толькі мы маглі бачыць. Прызнаюся, што я быў таксама зьдзіўлены, як і доктар, і растлумачыў гэты сакрэт Біль Сканлан.

— Гэты олух, Джон Сымней, пусьціў напэўна свой лот поруч з намі. Падобна да жартаў… Каб мы не адчувалі сябе — пакінутымі.

— Зразумела. Зразумела, — сьмяючыся, сказаў Маракот, — новы від, містэр Хэдлей, з Хвастом, як струна роялю, і лотам у носе, але ім-жа трэба вымераць глыбіню, каб застацца вышэй рыфаў, глыбіня якіх адзначана. Усё добра капітан, — гукнуў ён, — можаце спусьціць нас уніз.

І мы пачалі спускацца ніжэй. Доктар Маракот стушыў электрычны сьвет і вакол зноў стала цёмна. Толькі сьвяціў вымяральнік глыбіні, які адзначаў наша паступовае спусканьне. Адчувалася лёгкае гойданьне. Другога руху мы, бадай, не адчувалі. Толькі гэта рука на цыфэрбляце, якая ўвесь час рухалася, сьведчыла аб нашым жахлівым, незразумелым становішчы. Цяпер мы былі на глыбіні тысячы футаў, і паветра зрабілася цяжкаватым. Сканлан змазаў кляпан трубы, па якой ішло паветра, і справа наладзілася. На паўтары тысячы футаў мы спыніліся і калыхаліся сярод глыбіні акіяну. Тут мы зноў запалілі агонь. Міма нас праплыла нейкая вялізная цёмная маса, але мы не маглі дазнацца, быў гэта мечарыб ці акула з глыбокай вады, ці цмок невядомай нам пароды. Доктар хутка стушыў сьвятло.

— Тут для нас галоўная небясьпека, — сказаў ён, — на глыбінях ёсьць стварэньні, проці якіх гэты сталёвы пакой таксама ня можа ўтрымацца, як вулей перад насарогам.

— Мo’ кіты? — сказаў Сканлан.

— Кіты могуць заходзіць на вялікую глыбіню, — адказаў вучаны. — Вядома, што адзін. грэнляндзкі кіт пацягнуў за сабою, бадай, на мілю канату, даўшы нырца проста ўніз. Але кіт пойдзе так нізка толькі тады, калі ён напалоханы або моцна паранены. Гэта магла быць вялізарная сэпія. Яны ёсьць усюль.

— Ну, мне здаецца, што яны занадта мяккія, каб зрабіць нам шкоду. Ну, і пацеха была-б, каб гэтая рыба магла прабіць дзірку ў нікеляванай сталі Мэрыбэнкса.

— Цела іх можа быць мяккае, — адказаў профэсар, — але, „дзюба“ вялікай сэпіі прабіла-б жалеза, і аднаго ўдару гэтай „дзюбы“ даволі, каб прабіць гэтыя вокны таўшчынёй у цалю, пэргамін.

— Ура! — закрычаў Біль, калі мы зноў пачалі апускацца ўніз.

Потым, урэшце, зусім мякка і паволі, мы спыніліся. Штуршок быў такі нязначны, што мы наўрад ці адчулі-б яго, каб сьвет, калі мы яго запалілі, не паказаў, што мы апавіты сталёвым канатам. Гэты канат быў вялікай небясьпекай для труб, якімі мы дыхалі. Ён мог папсаваць іх, і пасьля зычнага крыку Маракота канат паднялі ўгору. Цыфэрблят паказваў тысячу восемсот футаў. Мы нярухома ляжалі на вульканічным хрыбце, на дне Атлянтыцкага акіяну.

Частка другая

правіць

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Я думаю, што адразу ня ўсе адчулі адно і тое самае. У нас ня было жаданьня ні рухацца, ні аглядацца вакол. Нам проста хацелася спакойна сядзець і паспрабаваць ахапіць усю цудоўнасьць нашага становішча — што мы стаімо на самым дне цэнтральнай часткі аднаго сярод самых вялікіх акіянаў сьвету. Але хутка нязвычайны малюнак зноў прывабіў нас да вокан.

Мы трапілі на пласт высокіх вадаростаў (Cutlerіa multіfіda, — сказаў Маракот), іх жоўтыя парасткі хісталіся вакол нас ад плыні морскіх глыбінь, якраз так, як хісталіся-б галінкі дрэў ад лёгкага ветрыку. Яны ня былі такія даўгія, каб засьціць нам вокны, хоць іх вялікае пляскатае цёмна-залатое лісьце і калыхалася часамі на фоне малюнку, які мы бачылі. За вадаростамі відаць былі прасторы нейкай чарнаватай, падобнай да жужлы, рэчы. Гэтыя прасторы красавалі прыгожымі рознакаляровымі стварэньнямі, голётурыямі, асцыдыямі, яжоўцамі ды іншымі ігласкурымі так, як красуюць увесну ўзгоркі Англіі гіацынтамі ды белымі пралескамі. Гэтых жывых пурпуровых, ярка чырвоных і далікатна ружовых кветак было мноства. Там і сям са шчылін цёмных скал відаць былі вялізныя губкі і некалькі рыб сярэдніх глыбінь, якія здаваліся мігаўшымі каляровымі праменьнямі сьвету, праплылі цераз нашае асьветленае, зьзяўшае, поле. Мы, нібы зачараваныя, пазіралі на гэту казку, Тымчасам з тэлефону загаварыў усхваляваны голас:

— Ну, а як вам падабаецца на дне? Ці ўсё ў вас добра. Не сядзеце там вельмі доўга, баромэтр ападае, і гэта мне не падабаецца. Ці даволі мы даем вам паветра? Ці няма яшчэ якіх-небудзь загадаў?

— Усё добра, капітан, — весела закрычаў Маракот. — Мы не затрымаемся. Вы вельмі добра цацкаецеся з намі. Нам тут так-жа добра, як у нашых каютах. Будзьце гатовы і паволі рухайце нас наперад. Мы ў месцы, дзе жыве рыба, якая сама сьвеціць, і нас цешыла гасіць наш уласны сьвет і ў поўнай цемры пазіраць у вокны на жыцьцё акіяну. У гэтай цемры сьветаадчувальная пласьцінка, каб яна правісела і цэлую гадзіну, ня выявіла-б і сьледу ўльтрафіалетавых праменьняў. Нібы на фоне чорнай аксамітнай заслоны сям-там зьявіліся маленькія кропкі сьвету. Яны спакойна рухаліся, бы той карабель з мноствам ілюмінатараў. Адна страшэнная істота мела зубы, якія сьвяцілі. Другая мела доўгія залатыя мацалы, а яшчэ другія — агністы султан над галавою. На колькі бачыла вока, у цемры мігалі зьзяўшыя кропкі. Кожнае з гэтых маленькіх стварэньняў сьпяшалася па сваёй справе і само сьвяціла сабе па дарозе, як таксамоторы ўночы ў часе тэатраў на Стрэндзе ў Лёндоне. Хутка мы зноў запалілі наш уласны сьвет, і доктар пачаў наглядаць морскае дно.

— Ня гледзячы на тое, што мы на такой глыбіні, мы яшчэ ня зусім нізка спусьціліся, каб наглядаць сякія-такія характарныя адклады морскага дна, — сказаў Маракот. — Мы да іх дайсьці ня можам. Мо’, другі раз, з больш доўгім ланцугом…

— Кіньце гэта, — сказаў Біль, — ня думайце пра гэта.

Маракот засьмяяўся.

— Вы хутка акліматызуецеся ў глыбінях, Сканлан. Гэта будзе не апошняя падарож на дно акіяну.

— Што яшчэ скажаце! — праказаў Біль.

— Для вас гэта будзе так-жа проста, як апускацца ў трум „Стратфорду“. Зьвярнеце ўвагу, містэр Хэдлей, што глеба тут, наколькі мы можам бачыць праз густыя вадаросты і крамнёвыя губкі, складаецца з пэмзы і чорнае базальтовае жужлы, што сьведчыць аб старажытнай, плютонічнай дзейнасьці. Я нават схіляюся да думкі, — і гэта сьцьвярджае мой даўнейшы погляд, — што гэтая скала — частка вульканічнага ўтварэньня, і што „Глыбіня Маракота“, — ён сказаў гэтыя словы паволі, бы ўкаханы ў іх, — знаходзіцца за схілам гэтай гары. Мне прышло ў галаву, што было-б вельмі цікава, каб пасунуць нашую клетку далей да берагу гэтай глыбіні і ўбачыць, якая ў гэтым месцы глеба. Я асабіста думаю ўбачыць багну вялізарных памераў, якая ідзе ўніз пад вострым кутом у вялізарныя глыбіні акіяну.

Гэты досьлед здаваўся мне вельмі небясьпечным. Хто мог сказаць, як доўга вытрымае ціск наш тонкі ланцуг пры бакавым люку. Але для Маракота проста не існавала небясьпекі ні ў стасунку да яго, ні ў стасунку да другіх, калі трэ’ было зрабіць навуковы досьлед. Я стаіў дух і заўважыў, што тое самае зрабіў і Біль Сканлан, калі павольны рух нашай сталёвай абалонкі, раскідаючы лісьце морскіх вадаростаў, паказаў, што на нас дзеяла ўся сіла ціску. Аднак клетка наша добра вытрымала, і мы пачалі рухацца па дне акіяну вельмі лёгка. Маракот з компасам на далоні камандаваў адносна кірунку і часамі загадваў падняць клетку, каб ухіліцца якіх-небудзь перашкод на шляху.

— Гэта базальтавы хрыбет наўрад ці мае ўшыркі больш мілі, — растлумачыў ён. — Я адзначу, што багна знаходзіцца на захад ад пункту, дзе мы спусьціліся на дно. Пры такой шпаркасьці мы хутка дасягнем яе.

Без перашкод мы плылі па вульканічнай раўніне, пакрытай залатымі вадаростамі.

Раўніна гэтая была прыгожай таму, што яе ўбіралі раскошныя каштоўныя камяні, жывыя, створаныя прыродай, якія полымем бліскалі з свае аправы чорнага базальту… Раптам профэсар кінуўся да тэлефону:

— Спынецеся тут, — закрычау ён. — Мы даплылі.

Перад намі быў жудасны правал. Гэта было страшнае месца. Чорныя бліскучыя базальтавыя скалы стромка абрываліся невядома куды. Берагі іх абрасьлі брыжамі Lamіnarіа. Так папараць спушчалася-б над якой-небудзь земнай багнай. Але пад гэтай трапяткой акрайкай былі толькі бліскучыя сьцены багны. Скалістыя берагі абрыву, выгінаючыся, зьнікалі ад нас, але багна магла быць усялякай шырыні, бо нашы агні не маглі пранікнуць у яе цемру. Калі сыгнальная лямпа Лукаса была накіравана ўніз, то праменьні яе бегалі залатой дарожкай уніз, уніз, уніз, пакуль яе не асіліла цемра жудаснай багны пад намі.

— Гэта, сапраўды, прыгожа, — гукнуў Маракот, пазіраючы ў вакно. На сухарлявым, усхваляваным твары яго было задаволеньне ўласьніка. — Што да глыбіні, дык мне ня трэба казаць, што людзі ведаюць і большую глыбіню. Ёсьць, напрыклад, глыбіня Чэленджара на 26.000 футаў, каля Ладронскіх выспаў, глыбіня Плянэта на 32.000, недалёка ад Філіпінскіх выспаў, але, напэўна, глыбіня Маракота стаіць асобна па стромкасьці яе спуску і важна таксама тым, што схавалася ад нагляданьняў такога мноства гідрографічных дасьледцаў, рысаваўшых карту Атлянтыцкага акіяну. Наўрад ці можна быць няпэўным…

Ён тут спыніўся і на твары яго застыў адбітак найвялікшай зацікаўленасьці ды зьдзіўленьня. Біль Сканлан і я пазіралі з-за яго плячэй і былі зусім зьбянтэжаны тым, што мы ўбачылі.

Нейкае вялікае стварэньне паднімалася да нас па асьветленым тунэлі. Далёка ўнізе, дзе промень зьнікаў у цемры багны, мы ледзь маглі разглядзець няяснае чорнае хістаньне і рух нейкага цела, якое паволі паднімалася ўгару. Нязграбна кораскаючыся, яно плыло да краю багны, цьмяна бліскаючы. Цяпер, калі страшыдла наблізілася, яно было ў самым праменьні сьвятла, і мы ясьней маглі бачыць яго страшны выгляд. Гэта была жывёла, яшчэ невядомая навуцы, але падобная да шмат якіх знаёмых нам відаў. Цела яе было завельмі доўгае для вялізнага краба і завельмі кароткае для гіганцкага амара. Абрысамі яна была падобна да рака з рэчкі, з дзьвума страшнымі клюшнямі і парай шаснаццаціфутовых вусоў, якія дрыжэлі пад яе чорнымі цьмянымы вачыма. Сьветла-жоўтая луска яе мела, мабыць, футаў дзесяць шырыні, а даўжыня бяз вусоў ня менш трыццаці футаў.

— Дзіўна, — гукнуў Маракот і шпарка запісваў у сваю кніжку. — Вочы — складаныя, мноства фасэтак, элястычныя пласьцінкі панцыру, сямейства ракавых, невядомага віду. Crustaceus Maracotі.

— Рак Маракота — а чаму-б і не? Чаму-б і не?

— Ліха на яго, мне ўсё роўна, як яго называюць, але мне здаецца, што ён плыве да нас, — закрычаў Біль. — Паслухайце, доктар, ці ня стушыць нам сьвятло?

— Толькі адну хвілінку, пакуль я запішу яго будову, — гукнуў дасьледца. — Так, так, гэтага даволі.

Ён пакруціў выключальнік і вакол нас зноў цёмна. Сям-там толькі мігаюць у вадзе агоньчыкі, падобныя да мэтэораў у цёмную ноч.

— Гэта, напэўна, самы страшны ў сьвеце зьвер, — сказаў Біль, выціраючы сабе лоб. — Я адчуваў сябе так, усё роўна як выпіў бутэльку забароненага ў нас у Амэрыцы алькоголю.

— Зразумела, на яго страшна глядзець, заўважыў Маракот, — і, мо', страшна мець з ім справу калі-б сапраўды яго клюшні пашкодзілі нам. Але ў сярэдзіне нашай сталёвай клеткі мы можам сабе дазволіць спакойна разглядаць яго.

Толькі сказаў ён гэтыя словы, як мы пачулі стук па нашай сьцяне, падобны да ўдару матыкі. Потым пачалося скрабаньне, якое кончылася другім ударам.

— Так, ён хоча да нас зайсьці, — спалохана сказаў Біль Сканлан. — Хай яго ліха. Нам прыдзецца напісаць на нашым вазку: „Уваход забараняецца“.

Яго голас паказваў, якая штучная была яго вясёласьць, і я павінен прызнацца, што мае ўласныя калені стукаліся адно аб адно, калі я бачыў, як гэтае страшыдла засьцілала па чарзе нашы вокны яшчэ больш чорнай цемрай. Яно нібыта дасьледвала гэтую дзікую клетку, у якой магла быць яда для яго, каб ён яе раздушыў.

Ён нічога ня можа нам зрабіць, — сказаў Маракот, але ў голасе яго было менш пэўнасьці. — Трэ' было-б скінуць гэтага зьвера. — Ён крыкнуў капітану па тэлефону: — Паднімеце нас футаў на дваццаць або трыццаць. — Некалькі сэкунд счакаўшы мы падняліся з вульканічнай нізіны і ціханька закалыхаліся ў вадзе. Але страшная жывёліна была ўпартая. Пасьля вельмі кароткага перапынку мы зноў пачулі скрабаньне яе вусоў і рэзкія ўдары яе клюшняў, калі яна мацала клетку. Жудаснае адчуваньне-ціха сядзець у цемры і ведаць, што сьмерць такая блізкая. Ці вытрымае вакно, калі па ім стукне гэтая магутная клюшня. Аб гэтым думаў кожны.

Але раптам новая нечаканасьць і сапраўдная небясьпека — жывёла пачала стукаць зьверху нашага пакою, і мы цяпер пачалі рытмічна хістацца ўзад і ўперад.

— Божа ласкавы, — гукнуў я, — ён схапіўся за канат. Ён канечна парве яго.

— Паслухайце, доктар, я за тое, каб падняцца на верх. Думаю, што мы бачылі тое, што хацелі тут бачыць, і Білю Сканлану давай цяпер хату, родную хату. Загадайце па тэлефону, каб нас паднялі!

— Але нашая праца скончана толькі напалавіну, — зазлаваў Маракот. — Мы яшчэ толькі пачалі дасьледваць берагі глыбіні. Паглядзімо хоць-бы яе шырыню. Я гатоў буду вярнуцца, калі мы дасягнем другога яе берагу. — Потым у трубку: — усё добра, капітан. Рухайце нас са скорасьцю два ўзлы, пакуль я ня гукну, каб вы спыніліся. Мы паволі пасунуліся ўперад, цераз край багны. Цемра не ратавала нас ад атакі, і мы зноў запалілі нашыя агні. Адзін ілюмінатар быў зусім заслонены тым, што аказалася ніжняй часткай жывата страшэннай істоты. Яе галава і клюшні працавалі над намі, і мы хісталіся, бы язык у зване. Сіла жывёлы павінна быць вялізнай.

Ці быў калі-небудзь чалавек у такім становішчы: пяць міль вады ўнізе і гэтая сьмерць наверсе клеткі.

Клетка хісталася ўсё мацней і мацней. З трубкі пачуўся ўсхваляваны голас капітана, які заўважыў тузаньне ланцуга. Маракот скочыў на ногі і ў роспачы падняў уверх рукі. Нават у сярэдзіне нашай абалонкі мы пачулі звон разарваных правадоў, і праз момант паляцелі ў вялізную багну пад намі.

Калі я азіраюся на гэты жахлівы момант, я ўспамінаю дзікі крык Маракота:

— Ланцуг абарваўся. Мы нічога ня можам зрабіць. Мы ўсе нябожчыкі, — крычаў ён, схапіўшы тэлефонную трубку. І потым: — Бывайце здаровы, капітан, бывайце ўсе!

Гэта былі нашы апошнія словы да людзей.

Мы не паляцелі шпарка ўніз як можна было думаць. Ня гледзячы на нашу вагу, нашая пустая абалонка давала нам магчымасьць трымацца ў вадзе, і мы паволі спускаліся ў багну. Я чуў, як жудаснае страшыдла шкрабала нашую клетку. Між яго клюшняў мы прасунуліся. Потым павольным кругавым рухам мы пачалі спускацца ўніз у бяскрайнае бяздоньне. Прайшло, мабыць, целых пяць мінут, а яны здаліся гадзінай, перш чым мы дасяглі мяжы нашага тэлеграфнага дроту і парвалі яго як нітку. Наша труба, цераз якую мы дыхалі, парвалася бадай адначасна, і салоная вада пырснула ў клетку. Біль Сканлан шпарка і трапна абвязаў вяроўкамі кожную гумалясткавую трубу і такім чынам спыніў ваду. Адначасна доктар выпусьціў з балёну сьціснутае паветра. Сьвет стух, калі дрот абарваўся, але нават у цемры доктар здолеў злучыць сухія элемэнты Гелезена, і яны запалілі некалькі лямпак у столі.

— Яны павінны нам служыць тыдзень, — сказаў ён горка. — У нас у кожным разе будзе сьвет, каб паміраць. — Потым ён сумна пакруціў галавою, і на яго змардаваным твары зьявіўся ласкавы сьмех. — Для мяне гэта ня страшна. Я — стары і зрабіў сваю работу ў сьвеце. Адзінае, чаго я шкадую, гэта, што я дазволіў вам, двум маладым людзям, паехаць са мною. Я павінен быў рызыкаваць адзін.

Я толькі паціскаў яму супакойліва руку, бо сапраўды нічога ня мог тут сказаць. Біль Сканлан таксама маўчаў. Мы паволі апускаліся. Здавалася, што рыбы ляцяць уверх, а мы стаймо на месцы. Мы ўсё яшчэ хісталіся і, наколькі я сабе ўяўляў, маглі зваліцца на бок. Мы нават маглі перакуліцца і дагары нагамі. Але на шчасьце наш цяжар быў вельмі роўнамерна разьмешчаны і мы падалі проста. Глянуўшы на вымяральнік глыбінь, я ўбачаў, што мы ўжо дасяглі глыбіні мілі.

— Гэта якраз, як я і казаў, — заўважыў Маракот. — Вы маглі бачыць у пратаколах Акіянаграфічнага Таварыства мае палажэньні пра суадносіны ціску і глыбіні. Я хацеў-бы мець магчымасьць паслаць у сьвет адно слова, хоць-бы для таго, каб выкрыць Бюлава з Гісэну, які прабаваў сьпірацца са мною.

— Ну, не. Калі-б я мог паслаць у сьвет слаўцо, то я ня траціў-бы яго дарма на гэтага вялікагаловага нягодніка, — сказаў мэханік. — у Філадэльфіі ёсьць дзіцятка… на прыгожых вочках яго будуць сьлёзы, калі яно пачуе, што Біль Сканлан памёр. Ну, трэба сказаць, што гэта ўсё-ткі даволі дзіўны спосаб паміраць.

— Вам ня трэ' было ехаць з намі, — сказаў я.

— Што-б я быў за таварыш, калі-б пакінуў вас, — адказаў ён. — Не, гэта мая справа, і я рад, што я паехаў.

— Колькі нам жыць засталося… — запытаў я доктара, трохі пачакаўшы.

Ён паціскаў плячамі:

— Мы, як-бы там ні было, пасьпеем убачыць сапраўднае дно акіяну, — сказаў ён. — У трубах хопіць паветра на большую частку дня. Нашае няшчасьце — сапсаваныя продукты. Вось што задушыць нас. Калі-б мы маглі зьнішчыць наш вугляквас…

— Я загадзя магу сказаць, што гэта немагчыма.

У нас ёсьць вялікі балён з чыстам тленам. Час-ад-часу крыха гэтага тлену падтрымае наша жыцьцё. Вы можаце бачыць, што мы цяпер на глыбіні больш за дзьве мілі.

— Навошта нам спрабаваць падтрымліваць сваё жыцьцё? Чым хутчэй усё будзе скончана, тым лепш, — сказаў я.

— Гэта правільна, — гукнуў Сканлан. — Разам канчайце з гэтым.

— Прапусьціць самае дзіўнае відовішча, якое калі-небудзь бачылі вочы чалавека, — сказаў Маракот. — Гэта была-б здрада навуцы. Будзем адзначаць факты да канца. Нават калі яны назаўсёды будуць пахаваны з намі.

— Вось сапраўдны спортсмэн наш доктар, — гукнуў Сканлан, — у яго, здаецца, кішкі куды лепшыя, чым мае ўся наша кампанія. Ну, паглядзімо да канца.

Мы ўсе трое сядзелі на дыване, хапаліся за яго напружанымі пальцамі, як ён хістаўся з боку ў бок і рыбы шпарка плылі ўверх папярок ілюмінатараў.

— Цяпер тры мілі, — заўважыў Маракот. — Я дам тлену, містэр Хэдлей, бо стала ўжо цяжка дыхаць. — Скажу яшчэ адно, — дадаў ён сваім сухім, скрыпучым сьмехам. — З гэтага часу тое месца, дзе мы знаходзімся, зразумела, будзе называцца глыбіня Маракота. Калі капітан Хові прывязе вестку пра нас, мае колегі паклапоцяцца, каб мая магіла была і маім помнікам. Нават Бюлаў з Гісэна… — ён нешта мармытаў пра нейкія невядомыя нам навуковыя крыўды.

Мы зноў сьціхлі, сачылі за стрэлкай, якая паўзла на чацьвертую мілю. У вадным месцы мы стукнуліся аб нешта. Нас скалыхнула так моцна, што я баяўся, каб мы не перавярнуліся на бок. Мо’ гэта была вялізная рыба, а мо’ мы наляцелі на выступ скалы і стукнуліся. Мы ўсё кружыліся, як у віры, і спускаліся ўсё ніжэй ды ніжэй у цёмна-зялёную водную прастору. На цыфэрбляце цяпер было адзначана дваццаць пяць тысяч футаў.

— Мы бадай скончылі нашу падарож, — сказаў Маракот. — Летась мой Скатоўскі вымяральнік паказаў мне дваццаць шэсьць тысяч семсот футаў у самым глыбокім месцы. Мы будзем ведаць наш лёс цераз некалькі хвілін. Можа здарыцца, што мы разаб’емся. Можа здарыцца…

І ў гэтую хвіліну мы спыніліся.

Ніколі дзіця, паложанае маткай у пуховую калыску, не ляжала мякчэй, чым мы цяпер на самым глыбокім дне Атлянтыцкага акіяну. Мяккая, густая элястычная твань, на якую мы селі, была тым буфэрам, які выратаваў нас. Мы крыху пахісталіся на гэтым месцы, і гэта было добра, бо мы селі, здаецца, на невялікі ўзгорак, які парос густой вязкай тваньню. Ціхенька хістаючыся, мы знаходзіліся ў роўнавазе. Была небясьпека, што мы перакулімся на бок, але, урэшце, клетка наша села добра і стала нярухомай. У гэты самы час профэсар Маракот, гледзячы шырока расплюшчанымі вачыма праз свой ілюмінатар, зьдзіўлена крыкнуў і пагасіў сьвятло.

На наша вялікае зьдзіўленьне, мы вельмі добра бачылі. Звонку ў ілюмінатары ўліваўся цьмяны туманны сьвет, бы халоднае зьзяньне зімовай раніцы. Мы пазіралі на нязвычайны малюнак і бяз нашага агню ясна бачылі на адлегласьць сто ярдаў ва ўсіх кірунках. Гэта было немагчыма, незразумела, але, аднак, нашы пачуцьці сьведчылі нам, што гэта — сапраўднасьць. Вялізнае дно акіяну сьвяцілася.

— Чаму-б і не! — гукнуў Маракот пасьля таго, як мы дзьве хвіліны маўчалі. — Хіба я не павінен быў гэта прадбачыць? Што прадстаўляе з сябе гэтая пэропадобная і глёбнэрынавая твань? Ці ня ёсьць гэта продукт распаду, целы більёнаў ды більёнаў органічных істот, якія гніюць? І хіба расклад ня мае сувязі с фосфоруючым сьветам? Дзе ва ўсім сусьвеце гэта можна было-б бачыць, калі ня тут? Ах, сапраўды, крыўдна, што мы маем такія доказы і ня можам паслаць нашы веды людзям!

— І ўсё-такі, — сказаў, я, — мы даставалі каля поўтоны фосфораваўшага кісялю і не знаходзілі такой здольнасьці даваць сьвет.

— Ён, бясспрэчна, страціў яе ў гэтай доўгай падарожы на паверхню. І што такое поўтоны ў параўнаньні з гэтымі нізінамі павольнага гніцьця. Глядзеце, глядзеце, — крыкнуў ён усхавалявана, — істоты морскіх глыбінь пасьвяцца на гэтым органічным дыване, бы нашыя статкі па лугох.

У той час, як ён нам гэта казаў, статак вялікіх чорных рыб, цяжкіх і прысадзістых, пачаў паволі плыць да нас, рыючы носам сярод губкаватых расьлін. Другая вялізная чырвоная істота, нібы дурная карова акіяну, жавала жвачку пад маім ілюмінатарам, ды яшчэ другія істоты лыпалі вачыма тут і там, паднімаючы час-ад-часу галовы, каб паглядзець на дзіўны прадмет, што так нечакана зьявіўся сярод іх.

Я толькі мог дзівіцца Маракоту, які ў гэтым сапсутым паветры, перад самай сьмерцю ўсё-ткі запісваў свае нагляданьні ў кніжку. Не пераймаючы яго мэтоду, я, аднак, зрабіў у галаве свае запісы, якія заўсёды захаваюцца, як малюнак, што адбіўся ў маёй галаве.

Самае дно акіяну было з чырвонай гліны, але тут яно было пакрыта шэрай марской тваньню якая ўтварала хваляпадобную паверхню скрозь, куды толькі дасягала вока. Гэтае дно ня было гладкім, але яго рэзала мноства дзіўных, круглых узгоркаў, як той, на які мы селі. Усе гэтыя ўзгоркі сьвяціліся ў празрыстым асьвятленьні. Паміж гэтымі маленькімі ўзгоркамі плавала безьліч дзіўных рыб, некаторыя з іх былі зусім невядомыя навуцы. Рыбы гэтыя бліскалі ўсімі водценьнямі фарбаў, але панаваў чырвоны і чорны колер. Усхваляваны Маракот наглядаў за імі і запісваў у кнігу.

Паветра зрабілася вельмі цяжкім, і мы зноў маглі сябе выратаваць толькі тым, што выпусьцілі частку тлену. Як ні дзіўна, мы ўсе былі вельмі галодныя, — я б сказаў, што мы былі галодныя, як ваўкі, — і накінуліся на консэрвы з мяса з хлебам і маслам, назапашаныя прадбачлівым Маракотам, і запівалі іх віскі і вадой. Гэтая перакуска ўзмацніла маю здольнасьць успрыйманьня, і я сядзеў каля майго наглядальнага пункту ды марыў пра апошнюю цыгарку. Раптам вочы мае заўважылі нешта, што выклікала ў маёй галаве шэраг думак.

Я ўжо сказаў, што шэрая роўнядзь была ўся ва ўзгорках. Перад маім ілюмінатарам была асабліва вялікая горка, і я пазіраў на яе з адлегласьці футаў трыццаць. На гэтай горцы быў нейкі дзіўны знак і, калі я пачаў глядзець далей, то ўбачыў, што гэты знак паказваўся ды паказваўся, пакуль ня зьнік за паваротам. Калі чалавек так блізкі да сьмерці, траба вельмі шмат чаго, каб усхвалявацца чым-небудзь, што мае сувязь са сьветам. На хвіліну дыханьне маё спынілася. Стала і сэрца. Я зразумеў, што пазіраю на фрыз. Гэты фрыз быў і груба высечаны і паточаны, але бясспрэчна, што гэтыя сьцёртыя лініі калісьці зрабіў чалавек. Маракот і Сканлан сталі каля майго ілюмінатару, і ў непаразуменьні, шырока расплюшчыўшы вочы, пазіралі на гэтыя прыметы дзейнасьці чалавека.

— Ды гэта-ж разьбярства, — гукнуў Сканлан. — Гэта рэч, напэўна, была страхою якойсьці будовы. Тады і тыя вось — таксама будовы. Паслухайце, гаспадар, мы зваліліся проста на сапраўдны горад.

— Гэта сапраўдны горад, — сказаў Маракот. — Геолёгія навучае, што моры калісьці былі сухазем’ямі і сухазем'і — морамі, але я заўсёды недаверліва адносіўся да думкі, што ў такія блізкія часы, як чацьвярычны пэрыод, магла асесьці Атлянтыка. Паведамленьне Плятона пра эгіпэцкія казкі мелі тады фактычную падставу. Гэтыя вульканічныя ўтварэньні падтрымліваюць пункт погляду, што Гэтае асяданьне зьявілася вынікам сэйсьмічнай чыннасьці.

— У гэтых будовах ёсьць пэўная правільнасьць, — сказаў я. Я пачынаю думаць, што гэта не асобныя хаты, але што гэта вежы, якія зьяўляюцца ўбраньнем страхі якога-небудзь вялікага будынку.

— Так, вы маеце рацыю, — сказаў Сканлан. — Тут чатыры вялікія вежы па рагох і маленькія радкамі паміж імі. Гэта нейкі будынак! Каб маглі мы яго ўбачыць цалкам! Можна было-б схаваць у яго ўсе Мэрыбэнцкія заводы ды яшчэ што-небудзь.

— Ён схаваны да страхі з прычыны заўсёднага капаньня зьверху, — сказаў Маракот, — з другога боку ён не разбурыўся. Мы маем на вялікіх глыбінях заўсёдную тэмпэратуру, крыху вышэй, чым 32° па Фарэнгейту, якая павінна затрымліваць процэс гніцьця. Нават раскладаньне морскіх трупаў, якія ляжаць на дне акіяну і нечакана даюць нам гэтае асьвятленьне, ёсьць той самы павольны процэс. Але, божа мілы! Гэтыя знакі ня фрыз, а надпіс. Бясспрэчна, ён меў рацыю. Той самы знак паўтараўся то тут, то там. Гэтыя знакі, бясспрэчна, былі літарамі невядомага старажытнага альфабэту.

— Я выўчаў фінікійскія дакуманты, і ў гэтых літарах, зразумела, ёсьць штосьці знаёмае, што нагадвае мне штосьці, — сказаў наш кіраўнік. — Што-ж сябры мае, мы ўбачылі пахаваны старажытны горад і хаваем з сабою ў магіле цудоўныя веды. Больш няма чаго выўчаць. Кніга нашых ведаў закрыта. Я згодзен з вамі, чым хутчэй прыдзе канец, тым лепей.

Цяпер ужо канец нельга было адсунуць на доўгі час. Паветра было цяжкае. У ім было шмат вугляроду, і тлен ледзь мог прабіць сабе выхад, такі быў вялікі ціск. Стоячы на дыване, можно было падыхаць больш чыстым паветрам, але задушныя параваньні пакрысе паднімаліся ўгару.

Профэсар Маракот пакорна злажыў на грудзях рукі і апусьціў галаву. Газ ужо асіліў Сканлана, і ён ляжаў на падлозе. У мяне круцілася галава і было цяжка. Я заплюшчыў вочы і пачаў млець. Потым я расплюшчыў вочы, каб апошні раз глянуць на сьвет, які я пакідаў, і тут аж падскочыў з сіплым крыкам зьдзіўленьня.


Праз ілюмінатар на нас глядзеў чалавек.

Няўжо гэта бред? Я схапіў за плечы Маракота, і моцна патрос яго. Ён выпрастаўся і зьнямеў. Калі ён бачыў чалавека таксама, як і я, то гэта была праўда. Твар у ілюмінатары быў даўгі і хударлявы, цьмяны, з кароткай востранькай бародкай. Два жывыя вокі пазіралі зьдзіўлена на нас. На твары чалавека быў выраз вялікага зьдзіўленьня. Усе нашыя агні гарэлі, і ў гэтым пакоі сьмерці ён бачыў, мабыць, сапраўдны дзіўны жывы малюнак. Адзін чалавек ляжаў самлеўшы, а два пазіралі на яго.

Твары іх былі скрыўлены, бы ў людзей, якіх душаць. Мы абодва трымалі рукі каля горла і нашы грудзі сьведчылі аб нашай роспачы. Чалавек зрабіў знак рукой і пашоў.

— Ён кінуў нас, — гукнуў Маракот.

— Або пашоў за дапамогай. Давайма паднімем Сканлана на дыван. На падлозе для яго сьмерць.

Мы пасадзілі мэханіка на дыван і паднялі галаву на падушку. Твар яго пасінеў, але ён быў яшчэ жывы і штосьці мармытаў.

— Для нас яшчэ ёсьць надзея, — сказаў я.

— Але-ж гэта вар’яцтва, — гукнуў Маракот. — Як можа чалавек жыць на дне акіяну. Як ён можа дыхаць. Гэта колектыўная галюцынацыя. Мой малады сябра, мы шалеем.

Пазіраючы ў ілюмінатар на безнадзейны шэры пэйзаж у сумным празрыстым сьвеце я адчуваў, што Маракот меў рацыю.

Потым я раптам заўважыў рух. У далёкай вадзе мігацелі цені. Яны рухаліся. Натоўп народу бег па дне акіяну да нас. Цераз хвіліну яны сышліся перад ілюмінатарам і паказвалі на нас ды аб нечым сьпіраліся. У натоўпе было некалькі жанчын, але больш было мужчын. Адзін з іх, сталы чалавек з надта вялікай галавою і густою барадою, быў, як відаць, чалавекам, які карыстаўся павагай… Ён шпарка аглядзеў нашую сталёвую абалонку, і таму, што ніз яе быў шырэй месца, на якое мы селі, ён мог убачыць, што на дне яе ёсьць зашрубаваны люк. Чалавек цяпер паслаў назад пасыльнага, а нам стаў паказаць, каб мы адчынілі дзьверы.

— Чаму-б не адчыніць, — запытаў я, — нам усё роўна ўтапіцца ці задушыцца. Я ня вытрымаю болей.

— Мы можам і не ўтапіцца, — сказаў Маракот. — Вада, ідучы зьнізу, ня можа падняцца ў сьціснутае паветра. — Дайце Сканлану гарэлкі. Трэба, каб ён устаў, хоць у апошні раз.

Я наліў мэханіку ў рот гарэлкі, ён глынуў і глянуў зьдзіўленымі вачыма. Мы паднялі яго на ногі, на дыван, і трымалі яго. Ён яшчэ быў напоўсамлелы, але я вытлумачыў яму наша становішча.

— Ёсьць магчымасьць атруціцца флёрам, калі вада дойдзе да батарэй, — сказаў Маракот. — Адчыніце ўсе трубы з паветрам. Чым большы ціск мы будзем мець, тым менш войдзе вады.

Мы з усёй сілы націснулі на падважнік і паднялі круглую плітку з падлогі нашай маленькай хаткі, хоць пры гэтым я і адчуваў сябе самазабойцам. Зялёная вада булькаючы пачала ліцца да нас. Яна хутка дайшла да ног, да кален, да пояса, і тут спынілася. Але ціску паветра нельга было вытрымаць. У галовах у нас шумела, і барабанная перапонка гатова была лопнуць. Доўга мы не маглі пражыць у такой атмосфэры. Толькі моцна трымаючыся за сеткі на версе, мы ратаваліся ад вады.

З вышыні, на якой мы былі, мы ўжо не маглі пазіраць у ілюмінатары, не маглі сабе і ўявіць, што рабілася, каб нас выратаваць. Сапраўды, думка, што нехта сапраўды можа дапамагчы нам, здавалася зусім немагчымай, і ўсё-ткі ў гэтых людзях была нейкая сіла і пэўнасьць у сабе. Асабліва гэта адчувалася ў правадыра, і гэта падавала надзею.

Раптам мы заўважылі яго твар, пазіраўшы на нас праз ваду, і праз хвілінку ён улез да нас, стаў з намі. Гэта была невялікая, прысадзістая постаць, мне пад плячо. Ён паглядзеў на нас вялікімі цёмнымі вачыма, у якіх быў адбітак вясёлай самапэўнасьці, які казаў:

— Небаракі! Вы думаеце, што вы трапілі ў вельмі дрэннае становішча, але я добра бачу, як выратавацца.

Я толькі цяпер заўважыў вельмі дзіўную рэч. На чалавеку, — калі ён толькі быў такі самы чалавек, як і мы, — была апранута празрыстая абалонка, якая закрывала яму галаву цела, пакідаючы вольнымі рукі ды ногі. Абалонка была такая празрыстая, што ў вадзе яе ніхто ня бачыў, але цяпер, калі яна была ў паветры побач з намі, яна блішчэла і была празрыстай, як самае тонкае шкло. На кожным плячуку ў сярэдзіне абароннага футляра ў яго былі дзіўныя закругленьні. Яны былі падобны да даўгаватай скрыначкі, у якой было шмат дзірачак, і яны надавалі чалавеку такі погляд, бы на ім былі наплечнікі.

Калі наш новы знаёмы далучыўся да нас, то за ім зьявіўся твар другога чалавека, які кінуў нам штосьці, падобнае да вялікае шкляное кулі. Тры такіх кулі нам падалі. Потым былі паданы шэсьць невялікіх скрыначак; наш новы знаёмы прывязаў іх па аднэй да нашых плячэй, і нашы плечы зрабіліся вышэй, як і ў іх. Я ўжо пачаў думаць, што ў жыцьці гэтых дзіўных людзей ня было нарушэньня натуральных законаў, і што тады, як адна скрынка вырабляла паветра, другая паглынала паветра сапсаванае. Чалавек апрануў нам цяпер цераз галовы празрыстую вопратку, і мы адчулі, што яна моцна сьціснула нас каля плячукоў і ў паясьніцы. Вада не магла прасачыцца цераз вопратку. Мы дыхалі зусім лёгка, і мне было весела бачыць, як Маракот пазіраў на мяне з-за гэтай абалонкі, бліскаючы вачыма, як раней з-за акуляр, а задаволенасьць Біля Сканлана супакоіла мяне.

Наш збаўца пазіраў са здаволеньнем то на аднаго, то на другога з нас, і потым паказаў, што трэба ісьці за ім цераз люк на дно акіяну. Тузін рук кінуліся да нас, каб падтрымаць нас у грузкай твані.

Цяпер я не магу ня дзівіцца гэтаму цуду. Мы стаялі ўсе трое, зусім цэлыя і добра сябе адчувалі на дне пяцімільнай воднай багны. Дзе быў гэты страшэнны ціск, што выабражала такое мноства вучаных? На нас ён уплываў ня болей, як на прыгожых рыбак, што віліся вакол нас. Праўда, як гэта здавалася нашаму целу, мы былі абаронены гэтымі тонкімі шклянымі кулямі, якія сапраўды былі куды мацней ад самай моцнай сталі. Нават нашыя члены, незакрытыя куляй, адчувалі ня больш, чым моцны ціск вады, на які з часам прызвычаіліся не зварачаць увагі. Было так дзіўна стаяць усім разам і пазіраць назад на абалонку, з якой мы вышлі. Электрычных батарэй мы не патушылі, і клетка наша здавалася такой дзіўнай з яе праменьнямі жоўтага сьвятла.

Старшы ўзяў Маракота за руку, і мы са Сканланам пайшлі за ім, ледзь перасоўваючы ногі ў твані.

Частка трэцяя

правіць

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Вось тут і здарыўся надзвычайны выпадак, які, відаць, паставіў у непаразуменьне нашых дзіўных новых падарожнікаў ня менш, чым нас саміх. У нас над галавамі зьявіўся невялікі цьмяны прадмет, які падаў з цемры ўніз. Вось ён дасягнуў дна акіяну недалёка ад нас. Гэта быў лот для вымеру морскіх глыбінь, зразумела, са „Стратфорду“, што вымяраў багну, з якой павінна была быць зьвязана назва экспэдыцыі. Мы ўжо бачылі гэты лот на яго шляху ўніз і добра разумелі, што трагедыя нашага зьнікненьня спыніла яго працу, але што пасьля перапынку яна была скончана бяз жаднай думкі пра тое, што скончыцца бадай каля нашых ног. Наверсе, як відаць, ня ведалі, што кранулі дно, бо лот нярухома ляжаў у твані. Нада мною, падобна да струны роялю, цягнуўся дрот, які цераз пяць міль вады злучаў мяне з бартом нашага карабля. Ах, каб было магчыма напісаць пісульку і прывязаць яе. Думка была гэта недарэчная, і, усё-ткі, ці ня мог-бы я паслаць, якую-небудзь вестку, каб паказаць ім, што мы існуем. Жакет мой быў закрыты шкляным каптуром і кішэні таксама, але ніжэй пояса я быў вольны і хустачка да носу выпадкова была ў кішэні майтак. Я дастаў яе і абвязаў ёю дрот вышэй гіры лота і адразу-ж убачыў, як мой белы палатняны матузок паляцеў наверх у сьвет, які я, мабыць, ніколі болей ня ўбачу. Нашы новыя знаёмыя з вялікай цікавасьцю аглядзелі сямідзесяціпяціфунтовы проставес і, урэшце, узялі яго з сабою.

Мы прайшлі ўсяго сотні дзьве ярдаў сярод узгоркаў і прыпыніліся перад невялікімі дзьвярыма, з масыўнымі колёнамі з абодвух бакоў і надпісам на фрызе. Дзьверы былі адчынены, і мы прайшлі ў вялікі пусты пакой. У гэтым пакоі была рухомая сьцяна, якая кіравалася мэханізмам з сярэдзіны, і яе зачынілі за намі. У нашых шкляных шапках мы, зразумела, нічога не маглі чуць, але, пастаяўшы колькі хвілін, мы зразумелі, што тут працуе, мабыць, нейкая магутная помпа, бо ўбачылі, што ровень вады вакол нас шпарка спадае. Менш, чым праз пятнаццаць хвілін, мы стаялі на мокрай падлозе, а нашы новыя таварышы займаліся тым, што распраналі нас. І праз хвілінку мы стаялі і дыхалі чыстым паветрам у цёплым, добра асьветленым памяшканьні, тымчасам, як жыхары багны паволі зьбіраліся вакол нас, сьмяяліся, нешта гаварылі, ціскалі нам рукі ды пасяброўску гладзілі нас. Яны гаварылі на дзіўнай, груба-зычнай мове, і ніводнага іх слова мы не разумелі, але сьмех на твары і пробліскі таварыскасьці ў вачох, зразумелы нават у водных глыбінях пад зямлёю. Шкляныя вопраткі былі павешаны на нумараваных крукох на сьцяне, і ветлівыя людзі ні то падвялі, ні то падштурхнулі нас да ўнутраных дзьвярэй. Калі дзьверы зачыніліся за намі, нішто ўжо не напамінала нам а тым факце, што мы — нявольныя госьці невядомай расы на дне Атлянтычнага акіяну і што мы назаўсёды адрэзаны ад таго сьвету, дзе жылі.

Цяпер, калі так нечакана скончылася напружанасьць нашага становішча, мы ўсе адчулі сябе слабымі. Нават Біль Сканлан, які быў нібы Геркулесам, валачыў па падлозе ногі, а Маракот ды я радаваліся таму, што нас вялі правадыры. Але, ня гледзячы на ўсю змардаванасьць, у той час як мы ішлі, я заўважаў усе дробязі. Добра відаць было, што паветра ішло з нейкіх машын, якія выраблялі яго, бо яно струменямі біла з круглых дзірак у сьценах. Сьвятло было расьсеянае і, бясспрэчна, было далейшым удасканаленьнем сыстэмы Мура, якая ўжо зьвяртала на сябе ўвагу эўропэйскіх інжынэраў і не вымагала ні правадоў, ні лямп. Сьвятло гэта ішло з даўгіх цыліндраў празрыстага шкла, якія былі павешаны па карнізах калідораў. Я здолеў разглядзець усё гэта. Наша хада спынілася і нас увялі ў вялікі пакой, засланы каберцамі і добра абставляваны пазалочанымі крэсламі ды дыванамі, якія нагадвалі эгіпэцкія магільніцы. Натоўп пашоў. Застаўся толькі адзін барадаты чалавек ды два яго блізкія.

— Мэнда, — сказаў ён, колькі разоў стукаючы сябе ў грудзі. Потым ён паказаў на кожнага з нас па чарзе і пачаў паўтараць за намі словы: „Маракот“, „Хэдлей“ і „Сканлан“, пакуль зусім не аўладаў гэтымі словамі. Потым ён запрасіў нас сядаць і сказаў нешта аднаму з сваіх блізкіх. Той вышаў з пакою і хутка вярнуўся. З ім ішоў вельмі пажылы чалавек з даўгою сіваю барадою і з дзіўнай шапкай чорнага сукна. Я запамятаў сказаць, што ўсе гэтыя людзі былі апрануты ў каляровыя тунікі, якія даходзілі да кален, і ў высокія боты з вырабленай рыбінай скуры. Новы чалавек быў, відаць, доктар, бо па чарзе агледзеў кожнага з нас, прычым клаў руку нам на лоб і заплюшчваў вочы, нібы атрымліваючы разумовае ўражаньне а стане нашага здароўя. Відаць, ён зусім ня быў задаволены, бо круціў галавою і сказаў колькі слоў Мэнда. Гэты апошні адразу-ж паслаў кудысь аднаго чалавека, і той прынёс есьці ды віно, якія і паставіў перад намі. Мы вельмі змардаваліся, каб пытацца, што нам падалі, але адчулі сябе лепей пасьля яды. Потым нас перавялі ў другі пакой, дзе было тры ложкі, і я кінуўся на адно з іх. У мяне застаўся цьмяны ўспамінак, што Біль Сканлан падышоў ды сеў каля мяне.

— Слухай, Бо, гэтая чарка гарэлкі выратавала мне жыцьцё, — сказаў ён. — Але ўсё-такі дзе-ж гэта мы?

— Я ведаю ня болей, чым вы.

— Ну, што-ж, хай будзе, што будзе, — сказаў ён і лёг на сваё ложка. — Слухай, віно было добрае. Дзякуй богу, што наш абаронца цьвярозасьці, Вольстыт, ніколі ня быў тут.

Гэта былі апошнія словы, што я чуў, калі заснуў моцным сном, які толькі магу прыпомніць за ўсё жыцьцё.

Калі я прачнуўся, дык не адразу зразумеў, дзе я. Здарэньні папярэдняга дня былі падобны да нейкага кашмару, і я ня мог паверыць, што павінен прымаць іх як рачаіснасьць. Я зьбянтэжана разглядаў вялізны пусты пакой бяз вокан і з цёмнымі сьценамі, пазіраў на праменьчыкі дрыжаўшага чырвонаватага сьвятла, што біла з карнізаў на мэблю, і, урэшце, на два другія ложкі, на адным з якіх моцна хроп Маракот. Таксама было і на „Стратфордзе“. Гэта было занадта недарэчна, каб быць рачаіснасьцю, і толькі пасьля таго, як я абмацаў сваю коўдру і разгледзеў дзіўную тканіну матэрыі, зробленай з высушаных морскіх расьлін, я мог уявіць сабе непраўдападобны выпадак, што здарыўся з намі. Я ўсё яшчэ думаў аб ім, калі моцна зарагатаў Біль Сканлан, седзячы на сваім ложку.

— Добры дзень, Бо, — гукнуў ён.

— Вы, здаецца, у добрым настроі, — сказаў я даволі ўражліва. — Я ня бачу, каб у нас была прычына сьмяяцца.

— Ну, што-ж, я таксама быў у дрэнным настроі, як і вы, калі толькі прачнуўся, — адказаў ён. — Потым прышла ў галаву вельмі ўжо трапная думка, вось таму я і сьмяюся.

— Я і сам не ад таго, каб пасьмяяцца, — сказаў я. — Што-ж гэта за думка?

— Ды, вось, бачыце, Бо, я падумаў, вось было-б дзіўна, каб мы ўсе прывязалі сябе да гэтага дроту лота. Мне здаецца, што ў гэтых шкляных шапках мы добра маглі-б дыхаць. А калі-б Хові паглядзеў цераз борт, то ён убачыў-бы, як мы лезьлі-б грамадой з вады да яго. Ён падумаў-бы, што злавіў нас, як рыбу, на вудачку. Вось была-б камедыя.

Наш дружны сьмех разбудзіў профэсара, які сеў на ложка з такой-жа зьбянтэжанасьцю, якая перад тым была і ў мяне. Я забыўся на ўсе няпрыемнасьці, слухаў фразы Маракота, якія забаўлялі мяне, у якіх чаргавалася вялікая радасьць ад пэрспэктыў такога шырокага поля для выўчэньня, і вялікае гора, што ён ня можа спадзявацца калі-небудзь паведаміць навуковым таварышом аб дасягнутых ім выніках. Урэшце, ён зьвярнуўся да пільных патрэб данае хвіліны.

— Цяпер дзевяць гадзін, — сказаў ён, пазіраючы на свой гадзіньнік. На сваіх гадзіньніках мы ўсе ўбачылі той самы час, але нішто не паказвала нам, што гэта было: вечар ці раніца.

— Мы павінны весьці наш уласны каляндар, — сказаў Маракот, — мы спусьціліся трэцяга кастрычніка. Гэтага месца мы дасягнулі ў той-жа дзень вечарам. Як доўга спалі мы?

— Дапраўды, гэта мог быць і цэлы месяц, — сказаў Сканлан. — Я ня траціў памяці так моцна з таго самага часу, як Майкі Скот асіліў мяне на выпярэдніцтвах на заводзе.

Мы апрануліся і памыліся. Усё было каля нас. Але дзьверы ўсё-ткі былі замкнуты, і было ясна, што мы цяпер палоньнікі. Вэнтыляцыі, здаецца, ня было, а паветра было зусім чыстае. Мы дадумаліся, што гэта было дзякуючы таму руху паветра, якое адбывалася ў маленькіх шчылінах сьцяны. Тут быў і нейкі цэнтральны апал, бо, хоць і ня было відаць печы, але тэмпэратура была прыемна цёплая. Раптам я заўважыў кнопку на сьцяне і націснуў на яе. Гэта быў, як я і чакаў, званок, бо дзверы адразу адчыніліся і перад намі стаў маленькі цьмяны чалавек у жоўтай вопратцы. Ён з запытаньнем паглядзеў на нас вялікімі шэрымі, добрымі вачыма.

— Мы галодныя, — сказаў Маракот. — Ці можаце вы нам даць што-небудзь зьесьці?

Чалавек пакруціў галавою і ўсьміхнуўся. Відаць было, што ён нашых слоў не разумеў.

Сканлан паспрабаваў шчасьця на ўсіх амэрыканскіх мовах, але і гэта нічога не дало. Аднак, калі я разявіў рот і ткнуў у яго палец, наш чалавек энэргічна заківаў галавою і, завіхаючыся, пабег.

Праз дзесяць хвілін дзьверы адчыніліся і зьявіліся два жоўтых служкі, якія несьлі перад сабою маленькі столік. Лепей мы не маглі б паесьці і ў Бальтымор Отэлі. Тут была кава, гарачае малако булачкі, добрая рыбка і мёд. Цэлыя поўгадзіны мы былі надта занятыя, каб думаць, што мы елі або адкуль гэта ўсё дасталі нашы гаспадары. Пасьля сьнеданьня зноў зьявілася двое служак; яны вынесьлі столік і старанна зачынілі за сабой дзьверы.

— Я ужо ўвесь счарнеў і пасінеў ад таго, што ўсё шчыпаю сябе, — сказаў Сканлан. — Сон усё гэта, ці што іншае? Паслухайце, профэсар, вы прывезьлі нас сюды і, памойму, вы павінны і сказаць нам, што гэта ўсё павашаму?

Профэсар пакруціў галавою.

— І для мяне гэта нібы сон, але што за дзіўны сон! Якое апавяданьне для сьвету, калі-б толькі мы маглі перадаць яму.

— Адно зусім бясспрэчна, — сказаў я, — што ў легендзе пра Атлянтыду была праўда і што частка жыхароў Атлянтыды нейкім дзіўным чынам перажыла катастрофу.

— Ну, калі яны нават і перажылі катастрофу, — гукнуу Біль Сканлан, чухаючы сваю круглую патыліцу, — хай буду я пракляты, калі я магу зразумець, як яны маглі дастаць паветра, сьвежую ваду ды ўсё іншае. Можа гэты хлапчына з барадою, якога мы бачылі ўчора ўвечары, прыдзе нас наведаць, дык ён і раскажа нам.

— Як-жа гэта ён можа зрабіць, калі мы ды яны ня маем супольнай мовы.

— Што-ж, мы скарыстаем нашы ўласныя нагляданьні, — сказаў Маракот. — Адно я ўжо зразумеў: Я пазнаў гэта, калі за сьнеданьнем еў мёд. Гэта, бясспрэчна, быў сынтэтычны мёд, такі, які мы ўжо наўчыліся рабіць на зямлі. Але калі штучны мёд, то чаму ня штучная кава, ня мука. Молекулі элемэнтаў падобны да цэглы, і цэгліны гэтыя ляжаць вакол нас. Мы павінны толькі наўчыцца, як даставаць пэўныя цэгліны, — іншы раз толькі адну цэгліну, — для таго, каб зрабіць новую рэч. Цукар ператвараецца ў крухмаль або робіцца алькоголем — проста ператасоўкай цэгліны. Што-ж тасуе іх? Цяплыня. Электрычнасьць. Мабыць, яшчэ што іншае, пра што мы нічога ня ведаем. Некаторыя з іх тасуюцца самі, і рады ператвараецца ў волава або ўран ператвараецца ў рады без таго, каб мы дакраналіся да іх.

— Дык вы думаеце, што яны дасягнулі вялікіх посьпехаў у хэміі?

— Я пераконаны ў гэтым. Урэшце, няма такое цэгліны элемэнтаў, якая ня была-б у іх каля рук. Вадарод і тлен лёгка здабываюцца з морскай вады. У гэтых вялізных колькасьцях морскай расьліннасьці ёсьць азот і вуглярод, а ў морскіх адкладах ёсьць фосфар і кальцы. Чаго толькі нельга зрабіць пры ўменьні і адпаведных ведах.

Профэсар захапіўся чытаньнем лекцыі пра хэмію, калі адчыніліся дзьверы і, патаварыску вітаючы нас, зайшоў Мэнда. З ім прышоў і той самы пажылы чалавек, якога мы бачылі ўвечары. Мабыць, ён быў вядомы сваёю навукай, бо ён спрабаваў колькі разоў гаварыць з намі на розных мовах, але ўсіх іх мы не разумелі. Тады ён паціскаў плячыма і пачаў гаварыць з Мэнда, які штось загадаў апранутым у жоўтае служкам, што стаялі каля дзьвярэй. Яны зьніклі, але адразу-ж вярнуліся з дзіўным экранам, які трымаўся на двух слупох. Ён быў такі самы, як нашы кінематографічныя экраны, але быў заліты нейкай бліскучай матэрыяй, якая зьзяла і мігала пры сьвятле. Гэты экран паставілі каля сьцяны. Пажылы чалавек тады вельмі старанна вымерыў нагамі пэўную адлегласьць і адзначыў яе на падлозе. Стоячы на гэтым пункце, ён павярнуўся да Маракота і дакрануўся да яго твару, паказваючы на экран.

— Нічога тут не зразумееш, — сказаў Сканлан.

Маракот пакруціў галавою, каб паказаць, што ён зусім нічога не разумее. Таксама адчуваў сябе хвіліну і пажылы чалавек. Але ўсё-ткі яму прышла ў галаву нейкая думка і ён паказаў на сябе пальцам. Потым ён павярнуўся да экрану, уперыўся ў яго вачыма і, як відаць, накіраваў туды ўсю сваю ўвагу. Праз момант на экране перад намі зьявіўся яго адбітак. Потым ён паказаў на нас, і адразу наша маленькая група зьявілася на экране. Праўда, гэта было не асабліва падобна да нас. Сканлан быў падобны да сьмешнага кітайца, а Маракот — труп, але гэта, бясспрэчна, павінны былі быць мы, якімі нас бачылі вочы опэратара.

— Гэта адбітак уяўленьняў у мазгох, — гукнуў я.

— Правільна, — сказаў Маракот. — Гэта, зразумела, вельмі дзіўная вынаходка, але гэта толькi злучэньне тэлеопатыі і целабачаньня, аб якіх мы крыху чулі на зямлі.

— Я ніколі ня думаў, што дажыву да таго, што ўбачу сябе ў кінематографе, калі толькі гэты кітаец з тварам, як сыр, сапраўды, я, — сказаў Сканлан. — Паслухайце, калі-б мы маглі перадаць усе гэтыя навіны выдаўцу „Леджэра“, дык ён так раздабрэў-бы, што мне хапіла-б на ўсё жыцьцё. Тавар у нас ёсьць, калі-б мы толькi маглi яго пераслаць.

— У гэтым уся справа, — сказаў я. — Дапраўды, мы ўзрушылі-б увесь сьвет, калi-б толькi маглі вярнуцца назад. Але навошта ён мiргае нам.

— Стары хоча, каб вы паспрабавалі вашу сілу, профэсар.

Маракот стаў на паказанае месца і яго мазгі добра перадалі на экране малюнак яго ўласных уражаньняў. Мы бачылі малюнак Мэнда, і потым другое — „Стратфорда“, якім мы яго пакінулі.

І Мэнда i пажылы вучаны, убачыўшы карабель, абодва кіўнілі галавою (знак ухвалы), i Мэнда паказаў рукою, паказваючы сьпярша на нас, а потым на экран.

— Расказаць ім усё… вось якая ў яго думка, — гукнуў я.

— Яны хочуць зразумець з малюнкаў, хто мы і як мы сюды трапілі.

Маракот кіўнуў Мэнду, каб той паказаў, што ён зразумеў, ды пачаў паступова перадаваць малюнак нашае падарожы, але Мэнда падняў руку і спыніў яго. Па яго загаду служкі паднялі і панесьлі экран, і абодва атлянты паказалі нам, што трэба ісьці за імі.

Гэта быў вялізны будынак, і мы пераходзілі з калідору ў калідор, пакуль ня прышлі, урэшце, у вялікую залю накшталт аудыторыі. З аднаго боку быў шырокі экран такога самага роду, як той, што мы бачылі. Публікі было каля тысячы чалавек. Калі мы ўвайшлі, то пачуўся шэпт прывітаньняў. Гэта былі мужчыны і жанчыны рознага веку. Мужчыны былі цьмяныя і барадатыя, а маладыя жанчыны былі прыгожыя, пажылыя — поўныя павагі. У нас было мала часу, каб разглядаць іх, бо нас прывялі на месца ў першым радзе і потым паставілі Маракота проці экрану. Агні былі нейкім чынам патушаны і Маракоту паказалі, што час пачынаць.

Выканаў ён сваю ролю вельмі добра. Мы спачатку ўбачылі наш карабель. Вось ён плыве па Тэмзе. І публіка ўсхвалявана зашаптала, бачачы малюнак сучаснага гораду. Потым зьявілася карта, якая паказвала курс карабля. Потым паказалася сталёвая пасудзіна з усімі сваімі дапасаваньнямі. Мы зноў убачылі сябе, як спускаліся на край багны. Потым зьявіўся малюнак таго цмока, што затапіў нас.

— Маракс! Маракс! — закрычалі людзі, калі ўбачылі гэтую жывёлу. Відаць было, што яны наўчыліся пазнаваць і баяцца яе. Стала ціха, калі цмок пачаў абмацваць наш канат і пачуўся стогн жудасьці, калі парваўся дрот і мы паляцелі ў багну. Цэлы месяц тлумачэньняў не абмаляваў-бы так яскрава нашага становішча, як гэтая поўгадзіна бачанай вачыма перадачы.

Калі публіка паўставала з месцаў, то на нас пасыпаліся з усіх бакоў спачуваньні. Людзі тоўпіліся вакол нас, стукалі нас па сьпіне, — знак таго, што яны рады нам. Нас па чарзе пазнаёмілі з некаторымі правадырамі, але магутнасьць правадыроў была толькі ў іх мудрасьці, бо ўсе тут, здавалася, былі на аднэй і тэй самай соцыяльнай ступені і былі амаль аднолькава апрануты. Мужчыны насілі тунікі шафранавага колеру да кален, паясы і высокія боты з невядомага лускаватага пругкага матэрыялу, які, магчыма, быў скурай якогась морскага зьвера. Жанчыны былі надзіва прыгожа ўбраны ў клясычным стылі, і іх вопраткі мелі розны колер — ружовы, блакітны і зялёны. На іх было ўбраньне з пэрляў і чарапашынак, зьзяўшых рознымі колерамі. Шмат якія жанчыны былі такія прыгожыя, што ніякія земныя параўнаньні не падыходзілі да іх. Сярод іх была адна… але навошта ўводзіць мае асабістыя пачуцьці ў гэтае апавяданьне, прызначанае для ўсіх. Дазвольце мне толькі сказаць, што Мона — адзіная дачка Скарпа, аднаго з правадыроў народу, і што з першага дня спатканьня я прачытаў у яе цьмяных вачох вестку сымпатыі і спачуцьця, якія дайшлі да майго сэрца, як і мая ўдзячнасьць і захапленьне дайшлі, мабыць, да яе сэрца. Я цяпер ня буду болей гаварыць аб гэтай прыгожай жанчыне. Даволі таго, што ў маім жыцьці зьявіўся новы і моцны ўплыў. Калі я ўбачыў Маракота, які гаварыў на мігі з аднэй ветлівай асобай, тымчасам, як Сканлан у цэнтры групы вясёлых дзяўчат выражаў ім сваё захапленьне, я зразумеў, што мае падарожнікі таксама пачалі знаходзіць, што ў нашым трагічным становішчы быў і больш вясёлы бок. Калі памерлі для сьвету, то мы ў кожным разе, знайшлі другое жыцьцё, якое абяцала пэўную нагароду за страчанае намі.

Пазьней, на працягу гэтага дня Мэнда ды другія нашы новыя таварышы паказалі нам некаторыя часткі вялізнага будынку. Напластаваньнямі вякоў будова так асела ў морскае дно, што ў яе можна было ўваходзіць толькі праз страху, і з гэтага месца калідор ішоў уніз ды ўніз, пакуль даходзіў да роўню поля ў некалькіх сотнях футаў ніжэй памяшканьня, у якое ўваходзілі. У падлозе таксама былі ходы, і мы ўбачылі калідоры па ўсіх кірунках, якія ішлі ўніз, у нетры зямлі. Нам паказвалі тыя апараты, што рабілі паветра, з помпамі, якія разносілі паветра па ўсім будынку. Маракот са зьдзіўленьнем і захапленьнем зазначыў, што ня толькі тлен злучаўся з азотам, але што меншыя раторты давалі другія газы, якія маглі быць толькі аргонам, нэонам ды іншымі малавядомымі складніковымі часткамі атмосфэры, з якімі на зямлі мы толькі пачынаем знаёміцца. Дыстыліравальныя бакі для здабываньня сьвежай вады і вялізныя электрычныя ўстаноўкі былі другімі прадметамі нашай цікавасьці, але шмат якія машыны былі такія складаныя, што нам цяжка было прасачыць дэталі. Я толькі магу сказаць, што бачыў на ўласныя вочы і прабаваў уласным языком, што хэмічныя рэчы ў газаватым і вадкім выглядзе выліваліся ў розныя машыны, што на іх уплывалі цяплынёй, ціскам ды электрычнасьцю, і што мука, гарбата, кава або віно атрымліваліся ў якасьці продуктаў.

У часе агляду будынку, — наколькі нам яго паказвалі, — мы вельмі хутка дадумаліся да аднаго. Было ясна, што будаўнікі прадбачылі, што на будынак будзе дзейнічаць мора, і абарона проці напору вады была прадугледжана задоўга да таго, як край спусьціўся пад ваду. Канечна, было зусім зразумела, і гэта не патрабавала довадаў, што такія перасьцярогі не маглі быць прыняты ўжо пасьля катастрофы, і мы былі цяпер сьведкамі, што ўвесь вялізны будынак з самага пачатку быў пабудаваны з аднай думкай, каб быць моцным каўчэгам, дзе можна было-б схавацца. Вялізныя рэторты і саганы, у якіх вырабляліся паветра, яда, ачышчаная вада ды іншыя патрэбныя продукты, былі ўроблены ў сьцены і зьяўляліся, як відаць, часткамі гэтага орыгінальнага будынку. Тое самае было і з выходнымі каморамі, з сылікатнымі фыбрыкамі, дзе вырабляліся шкляныя каптуры, і з вялізнымі воднымі помпамі. Кожны з гэтых прадметаў быў зроблены здольнасьцю і прадбачаньнем гэтага дзіўнага народу далёкіх часоў, які, мяркуючы па тым, што нам удалося даведацца, крануў адной рукою цэнтральную Афрыку, а другою Эгіпэт, і таму пакінуў свае сьляды нават на гэтых краёх, калі яго ўласная зямля спусьцілася ў Атлянтыцкі акіян. Што-ж да гэтых людзей, іх пакаленьняў, дык мы прышлі да вываду, што яны, як відаць, вырадзіліся (а гэта зусім натуральна), і што ў большасьці выпадкаў яны застылі на месцы і толькі захавалі некаторыя веды і навуку сваіх дзядоў, ня маючы энергіі дадаць да гэтага што-небудзь сваё. Яны ўладалі дзіўнымі сіламі, і ўсё-ткі нам здавалася, што ў іх незразумелы недахват ініцыятывы і што яны нічога не дадалі да дзіўнай спадчыны, атрыманай імі. Я пераконаны, што Маракот, скарыстаўшы іх веды, хутка дасягнуў-бы большых вынікаў. Што-ж да Сканлана з яго кемкасьцю і здольнасьцю мэханіка, то ён заўсёды даваў парады, якія, відаць, здаваліся ім такімі самымі важнымі, як іх сілы — нам.

У часе нашага спуску ў акіян у кішэні Сканлана быў губны гармонік, і заўсёды радасьцю нашых гаспадароў было, калі ён граў на ім. Яны сядзелі вакол і з захапленьнем слухалі яго простыя песенькі, якраз таксама, як мы слухалі Моцарта.

Я ўжо сказаў, што ўвесь будынак мы не аглядалі і магу расказаць далейшае наконт гэтага. Быў адзін стары ад часу калідор, дзе мы заўсёды бачылі народ, але праваднікі ў часе нашай экскурсіі туды ніколі не заходзілі. Зусім натуральна, што мы гэтым зацікавіліся, і надумаліся неяк увечары скарыстаць выпадак і пайсьці туды. Мы зьбеглі з нашага пакою і пашлі ў невядомае месца ў такі час, калі вакол нас было мала людзей.

Калідор прывёў нас да высокіх дзьвярэй, нібы зробленых з масыўнага золата. Калі мы адчынілі дзьверы, то апынуліся ў вялізным пакоі. Усе сьцены былі размаляваны яркімі фарбамі і ўбраны нязвычайнымі малюнкамі ды статуямі страшных істот з вялікімі ўборамі на галаве, падобнымі да ўбораў нашых амэрыканскіх індэйцаў. У канцы гэтага вялізнага пакою сядзела адна аграмадная фігура, са скрыжаванымі, як у Буды, нагамі, але без таго лагоднага выразу, які відаць у спакойных абрысах Буды. Наадварот, гэта была істота гневу, з разяўленым ротам і сярдзітымі вачыма. Гэтыя вочы былі чырвоныя, і ўражаньне, што рабілі яны, павялічвалася двума электрычнымі агнямі, якія сьвяцілі праз іх. На каленях яе была вялікая цёмная печ, дзе было шмат попелу.

— Молах! — сказаў Маракот. — Молах або Ваал, — стары бог фінікійскае расы.

— Міласэрнае неба! — гукнуў я перад гэтымі ўспамінамі старое Картагі. — Не кажэце мне, што гэтыя добрыя людзі здольны прыносіць чалавечыя афяры.

— Паслухай, Бо, — спалохана сказаў Сканлан. — Спадзяюся, што яны гэта ўсё-ткі захоўваюць у сваёй сям’і. Мы зусім не жадаем, каб яны рабілі з намі тое самае.

— Не, не, мне здаецца, што яны ўжо наўчыліся, — сказаў я. — Няшчасьце наўчае людзей любіць другіх.

— Гэта зусім правільна, — сказаў Маракот, разглядаючы попел, — гэта стары бог, якога яны атрымалі ў спадчыну, але культ у іх, бясспрэчна, больш мяккі. Тут спалены хлеб і таму падобныя рэчы. Але, мабыць, быў час…

Нашыя разважаньні былі спынены сярдзітым голасам, і мы ўбачылі некалькі чалавек у жоўтых вопратках і высокіх шапках. Людзі гэтыя былі, як відаць, жрацамі царквы. Па іх тварах я зразумеў, што мы былі вельмі блізка каля таго, каб зрабіцца апошнімі афярамі Ваала, і адзін жрэц сапраўды дастаў з-за пояса нож. Са злосьцю і крыкам яны груба прагналі нас ад свайго сьвятога месца.

— Хай на іх ліха! — крычаў Сканлан, — я задушу гэтага галубка, калі ён будзе лезьці да мяне. Слухай, ты, не чапай маёй вопраткі.

З хвіліну я баяўся, што ў нас будзе, як казаў Сканлан „бурная хатняя гісторыя“ ў сьвятым месцы. Але нам усё-ткі ўдалося раззлаванага мэханіка бяз бойкі вярнуць у наш пакой. Па тым, як трымаў сабе Мэнда і другія нашы сябры, мы зразумелі, што аб нашым аглядзе ведаюць усе і што ім вельмі нездаволены.

Але быў яшчэ і другі аўтар, які нам паказвалі і які нам паказаў шмат чаго нечаканага, бо адкрыў марудны і не дасканалы метод для зносін між нашымі гаспадарамі ды намі. Гэта быў пакой пад царквою, бяз жаднага ўбранства. У канцы яго стаяў статуй з пажоўклай ад часу сланёвай косьці; гэта была жанчына з дзідай у руцэ і з савой на плячы.

Пільнаваў гэты пакой вельмі стары чалавек, і, ня гледзячы на яго век, нам было ясна, што ён належаў да зусім іншай расы-да больш прыгожага, буйнага тыпу, чым людзі царквы. У той час, як мы з Маракотам стаялі і пазіралі на статуй з сланёвай косьці, прыпамінаючы, дзе мы бачылі нешта падобнае, стары загаварыў з намі.

— Тэа, — сказаў ён, паказваючы на статуй.

— Сапраўды, — гукнуў я, — ён гаворыць пагрэцку.

— Тэа! Атэна! — сказаў стары.

Сумненьня не магло быць. „Багіня — Атэна“. Тут нельга было памыліцца. Маракот, дзіўныя мазгі якога ведалі сёе-тое з кожнай галіны чалавечых ведаў, адразу-ж пачаў пытаць яго на клясычнай грэцкай мове. Пытаньні Маракота, відаць, былі толькі часткай зразумелы, і яму адказалі на такой старажытнай мове, што яна была бадай зусім незразумелая. Усё-ткі Маракот здабыў некаторыя весткі і знайшоў пасярэдніка, праз якога мы маглі сяк-так гаварыць з гаспадарамі.

— Гэта важны доказ праўдападобнасьці легенд, — сказаў у гэты вечар Маракот сваім высокім ды прарэзьлівым голасам і тонам чалавека, які гаворыць у вялікай аудыторыі. — Заўсёды ёсьць фактычная аснова, нават калі яна з цягам часу скажаецца. Вы ведаеце, — або напэўна вы ня ведаеце („Вашая праўда“ — голас Сканлана), — што ў часе гібелі вялізнага вострава паміж старажытнымі грэкамі і атлянтамі была вайна. Пра гэта піша Солён у тым месцы, дзе ён кажа аб тым, што ён даведаўся ад жрацоў Саіса. Мы можам дапусьціць, што ў той час у руках атлянтаў былі грэцкія палонныя, што некаторыя з іх служылі пры царкве і што яны прынесьлі з сабою сваю ўласную рэлігію. Наколькі я мог зразумець, гэты чалавек — стары жрэц, якому гэты абавязак перайшоў у спадчыну, і, мабыць, калі мы даведаемся больш, то бліжэй пазнаёмімся з гэтым старажытным народам.

— Так, я лічу, што яны былі людзі кемкія, — сказаў Сканлан. — Памойму, калі ўжо вам патрэбен бог з вапны, то лепей, каб гэта была прыгожая жанчына, чым такі разбойнік з чырвонымі вачыма і з тушылкай для вугалёў на каленях.

— Ваша шчасьце, што яны ня могуць зразумець вашых поглядаў, — сказаў я. — Інакш вы маглі-б скончыць, як хрысьціянскі мучальнік.

— Пакуль я магу граць ім джас, мне няма чаго баяцца, — адказаў ён. — Мне здаецца, што яны цяпер прызвычаіліся да мяне і не маглі-б абыйсьціся без мяне.

Нашы гаспадары, даўшыя нам прытулак, былі добрымі людзьмі, і нам было добра, але былі і бываюць часы, калі ўсім сэрцам імкнешся да роднага страчанага краю. І вось перада мною паўставалі мілыя старыя сьцены Оксфорду або старажытныя вязы ды знаёмае поле для выпярэдніцтва ў Харвардзе. У тыя першыя дзянькі яны здаваліся мне такімі-ж далёкімі, як пэйзаж які-небудзь на месяцы, і толькі цяпер цьмяным і няясным вобразам пачынае сьпець у маёй душы надзея на тое, што яшчэ ўбачу я іх.

Частка чацвёртая

правіць

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ

Праз колькі дзён пасьля таго, як мы апынуліся на дне акіяну, нашы гаспадары, або людзі, у якіх мы былі ў колёніях, — мы часамі ня ведалі, як іх называюць, — запрасілі нас з сабою ў экспэдыцыю па дне акіяну.

З намі разам з павадыром Мэнда пашло шэсьць чалавек. Мы сышліся ў тое самае памяшканьне, куды нас спачатку ўвялі, і мы мелі цяпер магчымасьць разгледзець яго бліжэй. Гэта быў вялізны пакой, футаў па сто ў кожны бок, і яго нізкія сьцены ды столь пазелянелі ад морскіх расьлін і былі мокрыя ад вільгаці. Вакол усяго пакою было набіта шмат крукоў са знакамі, якія, на маю думку, былі нумарамі. На кожным кручку вісеў напоўпразрысты шкляны звон і пара батарэй для плячукоў, якія забясьпечвалі дыханьне. Падлога была з каменных плітак, на якіх ад часу парабіліся выбоіны. Гэта былі сьляды крокаў шмат пакаленьняў, і ў гэтых выбоінах застойвалася вада. Увесь пакой быў ярка асьветлены электрычнымі трубкамі Мура, якія віселі ўздоўж карнізу.

Нас увязалі ў шкляныя абалонкі і далі кожнаму моцны завостраны кій, зроблены з нейкага лёгкага мэталю. Потым Мэнда на мігі загадаў нам ухапіцца за парэнчы. Ён сам і яго прыяцелі далі нам прыклад. Прычына гэтай асьцярогі хутка стала нам зразумелай, бо, калі дзьверы паволі адчыніліся, морская вада лінула з такою сілаю, што мы захлябнуліся б, каб ня трымаліся. Вада шпарка паднялася вышэй роўню нашых галоў, і ціск, які мы адчувалі, спыніўся. Мэнда прывёў нас да дзьвярэй і праз хвіліну мы зноў апынуліся на дне акіяну, пакінуўшы за сабою адчыненыя да нашага прыходу дзьверы.

Аглядаючыся вакол у халодным, мільгаючым, празрыстым сьвятле, што асьвятляла морскую нізіну, мы маглі бачыць па ўсіх кірунках у кожным разе на чвэртку мілі. Але што нас зьдзівіла — гэта тое, што, як вокам скінуць, мы маглі бачыць вельмі яркі бліскучы сьвет. Туды і накіраваўся наш правадыр, а ўсе мы пашлі за ім. Мы ішлі паволі, перамагаючы ваду. З кожным крокам ногі нашы глыбака лезьлі ў мяккую твань. Хутка ўжо мы маглі пазнаць, што гэта быў за сьвет, зьвярнуўшы на сябе нашу ўвагу. Гэта была наша ўласная хатка, наш апошні напамінак пра жыцьцё на зямлі, асеўшая на купал вялікай будовы і ўсё яшчэ зьзяўшая сваімі агнямі. Хатка наша была на тры чвэрткі заліта вадою, але запалоненае паветра ахоўвала тую частку, дзе былі нашыя электрычныя ўстаноўкі. Сапраўды, было дзіўна пазіраць у сярэдзіну і бачыць знаёмую абстаноўку з нашымі канапамі і як раней разьвешанымі інструмантамі, тымчасам, як некалькі вялікіх рыб плавалі ў сярэдзіне, нібы піскары ў бутэльцы. Уся наша кампанія адзін за адным пралезла ў хатку праз адчынены люк, — Маракот, каб выратаваць сшытак з заўвагамі, які плаваў на паверхні вады, Сканлан і я, каб забраць тое-сёе з асабістай маемасьці. Мэнда таксама прышоў з двума таварышамі і з вялікім зьдзіўленьнем разглядаў вымяральнік глыбінь, тэрмомэтр ды іншыя інструманты, прымацаваныя да сьцяны. Тэрмомэтр мы зьнялі і ўзялі з сабою. Вучаным, можа, цікава даведацца, што сорак градусаў па Фарэнгейту зьяўляецца тэмпэратурай на самай вялікай морскай глыбіні, на якую калі-небудзь апускаўся чалавек і што яна вышэй, чым у верхнім морскім слоі, з прычыны хэмічнай цяплыні, якая ствараецца гніцьцём твані.

Выходзіць, што наша маленькая экспэдыцыі мела пэўную мэту, апрача тае, што нас павялі для моцыёну на дно акіяну. Мы здабывалі яду. Я бачыў, як нашы таварышы час-часам моцна стукалі ўніз сваімі вострымі кіямі, кожны раз дастаючы вялікую пляскатую рыбу, крыху падобную да цюрбо. Гэтай рыбы тут было шмат, але яна так хавалася ў твані, што патрэбна было спрактыкаванае вока, каб убачыць яе. Хутка ў кожнага з нізкарослых людзей вісела па дзьве тры такія рыбіны. Сканлан і я хутка скемілі сакрэт гэтай лоўлі і забілі кожны па дзьве рыбы, але Маракот хадзіў, бы зачараваны, захоплены дзівамі акіяну. Ён доўга і ўсхвалявана гаварыў нямаведама што, але гутарка, відаць, была для вока, дзякуючы артыкуляцыі ўсіх мускалаў яго твару.

Першым нашым уражаньнем была аднастайнасьць, але мы хутка ўбачылі, што шэрыя нізіны перасякаліся і былі зрэзаны плынямі морскіх глыбінь, якія цяклі па іх, нібы падводныя рэчкі. Гэтыя плыні, прабіваючы каналы ў мяккай твані, агалялі тыя пласты, што былі пад тваньню. Берагі плыняй былі з чырвонай гліны, якая зьяўляецца асноўным грунтам дна акіяну. Яны былі густа засыпаны чымсьці белым, што я спачатку палічыў за чарапашынкі, але што пры бліжэйшых дасьледзінах аказалася касьцямі кітоў і зубамі акул ды іншых морскіх жывёлін. Адзін з зубоў, які я падняў, быў каля пятнаццаці цаляй удаўжкі, і мы толькі маглі быць удзячны, што такая страшэнная жывёла жыла ў больш высокіх слаёх акіяну. Паводле слоў Маракота, зуб гэты належаў вялізарнаму сьмяртэльнаму Grampus'у ці Orca Gladiator'у. Гэта нагадоўвала нагляданьне Мітчэла Хэджса, што нават самыя страшныя акулы, якіх ён лавіў, мелі на целе сьлед, які сьведчыў, што яны сустракаліся з вялікімі і больш страшнымі істотамі, чым яны самі.

— Глыбіні акіяну маюць адну ўласьцівасьць, якая надоўга застаецца ў памяці. Як я ўжо казаў, на дне акіяну заўсёды халоднае сьвятло, якое паднімаецца ад павольнага фосфоравальнага гніцьця вялізных мас органічнай матэрыі. Але зьверху ўсё чорна, як ноч. Атрымліваецца ўражаньне хмурнага зімовага дня з цяжкай чорнай навальнічнай хмарай, што сьцелецца нізка над зямлёю. З гэтай чорнай хмары паволі падае сьнег беленькімі стужкамі, якія бліскаюць на цёмным фоне. Гэта чарапашынкі морскіх сьлімакоў і другіх маленькіх істот, якія жывуць і паміраюць у пяцімільным слаі вады, што аддзяляе нас ад паверхні. Хоць шмат якія з іх і распадаюцца па дарозе ды далучаюцца да тваністых соляй акіяну, рэшта-ж на працягу вякоў стварае асадак, які пахаваў пад сабою вялізны горад, у верхняй частцы якога мы цяпер жылі.

Пакінуўшы нашу апошнюю сувязь з зямлёй, мы пашлі ў падводную цемру, і хутка паказаліся зусім нечакана новыя ўмовы падводнага быту.

Перад намі зьявілася рухомая пляма. Пры нашым набліжэньні яна аказалася натаўпам людзей, з якіх кожны быў у шкляной абалонцы. Людзі гэтыя цягнулі за сабою вялізныя сані, нагружаныя вугалем. Гэта была цяжкая праца, і небаракі нагіналіся, напружваліся і цягнулі з усяе сілы вяроўку з акулавай скуры, быўшую для іх пастронкамі. Пры кожнай сябрыні быў адзін чалавек, які карыстаўся, як відаць, аўторытэтам, і нам было цікава ўбачыць, што правадыры і рабочыя былі, бясспрэчна, розных рас. Рабочыя былі высокія, белаватыя людзі з блакітнымі вачыма і магутным целам. Начальнікі-ж, як было сказана, былі цьмяныя і блізка да тыпу нэграў, прысадзістыя ды шырокаплечыя. Мы не маглі ў той момант ставіць пытаньні, датычныя гэтае таемнае акалічнасьці. Але ў мяне засталося ўражаньне, што адна раса была спакон-веку ў няволі ў другой расы, і Маракот трымаўся тэй думкі, што гэта маглі быць патомкі тых грэцкіх палонных, багіню якіх мы бачылі ў царкве.

Перш, чым мы прышлі да самай рудні, мы спаткалі некалькі груп гэтых людзей, і кожная з іх везла свой груз вугалю. У гэтым месцы дна былі зрыты адклады морскіх глыбінь і пясковыя ўтварэньні, быўшыя пад імі. Перад намі была вялізная капальня, якая складалася ўперамежку з пластоў гліны і вугалю. На розных роўнях гэтай вялізнай ямы відаць былі натоўпы рабочых. Яны адсякалі вугаль. Другія зьбіралі яго ды складалі ў кашы, пры дапамозе якіх вугаль паднімаўся ўгару. Уся рудня была такая вялікая, што мы не маглі бачыць другога боку аграмаднай капальні, якую столькі пакаленьняў рабочых капалі ў дне акіяну. Дык вось крыніца сілы, якая рухала ўсе электрычныя машыны Атлянтыды! Між іншым, цікава адзначыць, што імя старога гораду правільна захавалася ў легендах, бо калі мы яго сказалі Мэнда ды іншым, дык яны спачатку зьдзівіліся, што нам вядома гэтае імя, а потым пачалі ківаць галовамі, паказваючы, што разумеюць нас.

Прайшоўшы вялікую вугольную капальню, ці больш правільна, адхіліўшыся ад яе ўправа, мы падышлі да шэрагу нізкіх базальтавых скал. Паверхня іх была такая гладкая ды бліскучая, як у той дзень калі іх выштурхнула з нетраў зямлі. Верхавіны іх былі вышэй ад нас на некалькі сот футаў. У нізе гэтыя вульканічныя скалы былі ўбраны густымі джунглямі высокай морскай травы, якая расла з мас кораляў, што ўтварыліся ў старажытны час зямлі. Мы хадзілі нейкі час каля гэтай густой падводнай расьліннасьці. Прычым нашы падарожнікі стукалі па ёй сваімі кіямі, выганяючы для нашай пацехі нязвычайны падбор дзіўных рыб ды ракаў, а часам лавілі сёе-тое і сабе на яду. Так са здаваленьнем мы прайшлі ўжо мілю, а мо’ яшчэ больш, калі я ўбачыў, што Мэнда раптам спыніўся ды глянуў вакол. Твар яго выражаў зьдзіўленьне і трывогу.

Гэтыя мігі падводных людзей былі самі па сабе мовай, бо спадарожнікі Мэнды адразу зразумелі прычыны яго непакою, а потым і мы з жахам сьцямілі яе: — профэсар Маракот зьнік.

Ён, бясспрэчна, быў з намі каля вугальнай капальні і дайшоў да базальтавых скал. Немагчыма, каб ён абмінуў нас, а, значыць, ён, мабыць, блукае дзесьці каля джунгляў, ззаду нас. Хоць нашыя прыяцелі і спалохаліся, Сканлан ды я, ведаючы крыху бязуважлівасьць ды эксцэнтрычнасьць нашага профэсара, былі пэўны, што няма прычын палохацца і што мы хутка знойдзем яго за разглядам якога-небудзь морскага віду, зьвярнуўшага яго ўвагу на сябе. Мы ўсе пашлі назад, і толькі прайшлі сто ярдаў, як убачылі Маракота.

Ён бег, бег так жвава, як немагчыма бегчы для такога чалавека. Але і самы слабы чалавек можа бегчы, калі яго гоніць страх. Ён выцягнуў рукі, клічучы на дапамогу, падаў ды бег усё наперад. Ён меў падставу напружваць свае сілы, бо тры страшэнныя істоты даганялі яго. Гэта былі тыгравыя крабы ў чорную ды белую пасмы, кожны, прыблізна, памерам з ньюфаундлэндзкую сабаку. На шчасьце, яны самі ня вельмі шпарка рухаліся па мяккім морскім дне нейкім дзіўным бочным рухам, які наўрад ці быў шпарчэйшы за крокі спалоханага Маракота.

Але ўсё-ткі яны, мабыць, сваімі страшэннымі клюшнямі хутка нагналі-б Маракота, каб не падбеглі нашы прыяцелі. Яны кінуліся наперад са сваімі вострымі кіямі восьцямі, і Мэнда пасьвяціў электрычнай ліхтарняй, якую насіў на поясе, проста ў морды агідных жывёл. Тыя папаўзьлі ў джунглі і зьніклі. Наш таварыш сеў на каралевы камень і твар яго казаў, што ён зьнясілены гэтай прыгодай. Потым ён расказаў нам, што зайшоў у джунглі з надзеяй здабыць нешта, што здалося яму рэдкім узорам глыбокаводнай хімэры, і што наскочыў на гняздо гэтых заядлых тыгравых крабаў, якія адразу-ж кінуліся за ім. Толькі пасьля доўгага адпачынку Маракот мог зноў ісьці з намі.

Наступны пераход пасьля таго, як мы прайшлі базальтавыя скалы, вёў нас да нашае мэты. Шэрая нізіна наперадзе мела шмат узгоркаў і высокіх выступаў. Гэта казалася нам, што тут схаваны вялікі даўнейшы горад.

Ён увесь чыста быў у твані, як Геркулянум схаваны пад лявай, або Помпэя — пад попелам, калі-б людзі, царквы, што засталіся жывымі, не пракапалі-б туды ўваходу. Гэты ўваход быў падобны да траншэі, якая ідзе ўніз шырокай вуліцай з будынкамі па абодвых бакох. Сьцены будынкаў сям-там трэснулі і заваліліся, бо тут ня было тэй моцнай пабудовы, дзякуючы якой захавалася царква. Але ў сярэдзіне гэтых дамоў было тое самае, як і тады, калі здарылася катастрофа, хіба апрача таго, што рознастайныя дзівы мора, прыгожыя і рэдкія ў некаторых выпадках ды жахлівыя ў другіх, зьмянілі выгляд пакояў.

Нашы праваднікі не заахвочвалі нас разглядаць першыя пакоі, у якія мы ўвайшлі, але сьпяшаліся прайсьці з намі далей, пакуль мы не дайшлі да таго, што, бясспрэчна, было вялікай цэнтральнай крэпасьцю або палацам, вакол якога разьмясьціўся ўвесь горад. Слупы, колёны і вялізныя рэзьбяныя карнізы, фрызы ды лесьвіцы гэтай будовы выпераджалі ўсё бачанае мною калі-небудзь на зямлі. Бліжэй за ўсё, як мне здавалася, гэта будова была падобна да Карнацкай царквы ў Лускоры, у Эгіпце, і — дзіўна сказаць — убранства ды напалову сьцёртае рэзьбярства нагадвалі ў дэталях убранства вялікіх руін ля Нілу, і такія самыя, як лётос, былі капітэлі колён.

Дзіўным адчуваньнем было стаяць на мозаічнай мармуровай падлозе гэтых вялізных заляў, з вялізнымі статуямі, якія высока ўзьнімаліся з абодвых бакоў, і бачыць, як мы бачылі ў той дзень, вялізных срабрыстых вугроў, што віліся над нашымі галовамі, ды спалоханых рыб, якія шпарка ўцякалі па ўсіх кірунках ад сьвятла нашых ліхтарань.

Мы хадзілі з пакою ў пакой, адзначаючы ўсе прыметы раскошы, а часамі і таго сласнотнага шаленства, якое, як кажа няўмірушчая легенда, наклікала на гэты народ праклён. Адзін маленькі пакой быў убраны дзіўнымі інкрустацыямі з пэрлямутру, і нават цяпер яшчэ блішчэў апалавымі тонамі, калі сьвятло падала на іх. Рэзьбяная падлога з жоўтага мэталю і такое самае ложка былі кінуты ў кутку, і адчувалася, што тут мог быць калісь спальны пакой царыцы. Але цяпер каля ложка ляжаў агідны чорны сьлізень. Яго агіднае цела паднімалася і апушчалася ў павольным рытме і здавалася злым духам, які круціўся ў самым асяродку паганскага палацу. Я быў рады і, як даведаўся потым, рады былі і мае таварышы, калі нашы павадыры зноў павялі нас глянуць на зруйнаваны амфітэатр і потым на мол з маяком на беразе, што сьведчыла аб тым, што горад быў морскім портам. Хутка мы вышлі з гэтых злавесных месц і зноў апынуліся на знаёмай морскай раўніне.

Нашы прыгоды яшчэ ня зусім скончыліся, бо здарылася яшчэ адна, якая таксама ўсхвалявала нашых падарожнікаў, як і нас. Мы бадай прышлі дахаты, калі адзін з правадыроў з замяшаньнем паказаў угару. Глянуўшы туды, мы ўбачылі дзіўны малюнак. З густой цемры вады абмалявалася і шпарка пачала падаць уніз вялізная чорная фігура. Спачатку яна, здавалася, ня мела формы, але калі яна стала лепш відаць, то мы маглі разглядзець, што гэта труп вялікай рыбіны, якая лопнула так, што нутро яе цягнулася за ёю, калі яна падала. Бясспрэчна, што газы падтрымлівалі рыбу ў вышэйшых слаёх мора, пакуль іх ня вызваліў процэс гніцьця або напад акул, і тады не засталося нічога, апрача мёртвага цяжару, які цягнуў рыбу на дно.

У часе нашай пагулянкі мы ужо бачылі некалькі такіх вялізных шкілетаў, аб’едзеных рыбамі дашчэнту, але гэта істота, ня лічачы таго, што яна была выпатрашана, засталася такой, як і пры жыцьці. Нашы павадыры схапілі нас, думаючы адцягнуць з дарогі, куды падала рыбіна, але потым супакоіліся і сталі на месцы, бо ясна было, што рыбіна зваліцца збоку. Нашы шкляныя шлемы перашкодзілі нам пачуць гул, але ён, мабыць, быў страшны, калі гэтае вялізнае цела стукнулася аб дол акіяну, і мы ўбачылі, як глёбігерынавая твань паднялася ўгару, нібы гразь, калі ў яе зваліцца цяжкі камень. Гэта быў кашалёт, футаў семдзесят, і па ўсхваляваных ды вясёлых мігах падводных людзей я зразумеў, што яны добра скарыстаюць спэрмацэт і тлустасьць. Але цяпер мы пакінулі істоту і весела пашлі зноў пад портал даху і, урэшце, цэлыя, вызваленыя з шкляных каптуроў, апынуліся на пахілай падлозе ўваходнага памяшканьня.

Праз колькі дзён, — паводле нашага падліку часу, — пасьля таго, як нам трапіўся выпадак даць грамадзе кінематографічны малюнак нашых прыгод, мы прысутнічалі пры куды больш урачыстым і вялікасным відовішчы такога самага роду, якое паказала нам ясным і дзіўным спосабам мінулую гісторыю гэтага народу. Я думаю, што гэта было зроблена не для нас, бо мне здаецца, што здарэньні паказваліся часам для таго, каб захаваць іх у памяці, і што частка, на якую нас пусьцілі, была толькі гістарычным дадаткам да доўгае гістарычнае цырамоніі. Але што-б гэта ні было, я дакладна апішу ўсё, як гэта было. Нас прывялі ў тую самую вялізную залю, або тэатр, дзе профэсар Маракот адбіў на экране нашы ўласныя прыгоды. Тут была ўся грамада, і нам, як і ў першы раз, далі ганаровыя месцы перад самым экранам. Потым пасьля доўгай песьні, што была, мабыць, якім-небудзь патрыотычным гімнам, вельмі стары, сівы мужчына гісторык, а мо’ летапісец нацыі, пад воплескі наблізіўся да фокуснай адлегласьці і адбіў на шырокай паверхні перад сабою шераг малюнкаў, якія прадстаўлялі росквіт і заняпад яго народу. Я хацеў-бы мець магчымасьць перадаць вам жвавасьць і драматызм гэтых малюнкаў. Мае таварышы і я страцілі прадстаўленьне а часе і месцы, бо былі захоплены спагляданьнем, аудыторыя-ж была рашчулена так, што стагнала або плакала, калі перад ёй разьвіналася трагедыя, якая малявала гібель іх радзімы, зьнішчэньне іх расы.

У першай частцы малюнкаў мы ўбачылі старое сухазем’е ў яго славе, як захавалася аб ім памяць, перадаючыся ад бацькоў дзецям гэтымі гістарычнымі летапісямі. Нам паказалі цудоўны від краіны, вялізных абшараў, добра абводненай з разумна зробленай ірыгацыяй, з вялізнымі палямі, пышнымі садамі, чыстымі рэчкамі, лясістымі ўзгоркамі, ціхімі вазёрамі, перасечанымі прыгожымі гарамі. Краіна гэта была ўсыпана вёскамі, маёнткамі і прыгожымі прыватнымі будынкамі. Потым наша ўвага была перанесена на сталіцу — прыгожы і дзіўны горад на морскім беразе. У гавані было шмат галер, берагі закіданы таварамі, а ахоўвалася яна высокімі сьценамі ды равамі, усё ў самых вялізных памерах. Хаты цягнуліся ўглыб краіны на шмат міль, а ў цэнтры гораду быў замак ці крэпасьць, — такі шырокі ды высокі, што ён здаваўся нейкім стварэньнем сну. Потым нам паказалі твары людзей, што жылі ў залаты век, мудрых і паважных дзядоў і мужных ваенных, прыгожых і рослых жанчын, мілых дзяцей, — апотэос чалавечай расы.

Потым зьявіўся малюнак другога роду. Мы бачылі войны, заўсёды войны, войны на зямлі і на моры. Мы бачылі згалеўшыя і безабаронныя натоўпы, якіх тапталі, душылі вялізныя брычкі ці коньнікі, апранутыя ў панцыры. Мы бачылі горы багацьця, здабытага пераможнікамі, але, па меры таго, як павялічваліся багацьці, твары на экране рабіліся ўсё больш зьвярынымі ды чэрствымі. Усё ніжэй і ніжэй апушчаліся яны з пакаленьня ў пакаленьне. Мы бачылі разбэшчанасьць, моральнае выраджэньне і разумовы заняпад. Грубыя гульні, у якіх адны пакутвалі, а другія раскашавалі, замянілі былыя выпярэдніцтвы. Ня было больш ціхага і простага сямейнага жыцьця, ня было больш культуры. Мы бачылі людзей непакойных і пустых, якія кідаліся ад аднаго захапленьня да другога, вечна хапаліся за забавы, вечна не знаходзілі іх, усё думалі, што іх можна знайсьці ў якой-небудзь больш складанай і ненатуральнай форме. З аднаго боку зьявілася больш, чым багатая кляса, якая шукала толькі разбэшчанасьці, а з другога — больш чым бедныя людзі, усе функцыі якіх у жыцьці былі ў выкананьні жаданьня іхных гаспадароў, якія-б дурныя гэтыя жаданьні ні былі.

Але тут зноў зьявілася новая нота. Зьявіліся людзі, якія прабавалі павярнуць нацыю з яе дарогі зла і накіраваць яе зноў на лепшыя шляхі, якімі яна ганьбавала. Мы бачылі іх, гэтых сур’ёзных і старанных людзей. Яны пераконвалі народ, але мы бачылі і як з іх кпілі, і як іх зракаліся тыя, каго яны спрабавалі выратаваць. Галоўным чынам мы маглі бачыць, што проціў гэтых людзей ішлі жрацы Ваала, жрацы, якія дапусьцілі, каб знадворныя формы, бляск і цырамоніі заступілі месца духоўнага разьвіцьця. Але лепшыя людзі не палохаліся. Яны працавалі і далей, каб выратаваць народ, і твары іх набылі больш сур’ёзны выраз людзей, якія папераджаюць аб чымсьці страшным. З іх слухачоў мала хто добра зразумеў іх і быў напалоханы гэтым; другія-ж адварачваліся са сьмехам ўсё глыбей лезьлі ў сваё балота гразі. Урэшце, надышоў час, калі лепшыя людзі таксама адхінуліся, як людзі, што нічога болей ня могуць зрабіць, і пакінулі гэты народ на яго лёс.

Потым мы ўбачылі страшэнны малюнак. Быў адзін чалавек дзіўнай сілы, духу і цела, які нібы вёў за сабою другіх. Гэта ён прыцягнуў усю навуку свае краіны, — навуку, якая далёка выперадзіла ўсё, што ведаем мы, сучасныя людзі, — на справу пабудаваньня каўчэгу, у якім можна было-б выратавацца ад няшчасьця. Мы бачылі за працай мірыяды рабочых, тымчасам, як нядбайныя гаражане пазіралі на іх і забаўляліся такімі непатрэбнымі перасьцярогамі. Мы бачылі, як другія, відаць, спрачаліся з правадыром і казалі яму, што калі ў яго ёсьць небясьпека, то яму лягчэй выехаць у больш надзейную мясцовасьць. Ён адказаў, наколькі мы маглі зразумець, што ёсьць людзі, якія павінны быць выратаваны ў апошні момант і што з-за іх ён павінен застацца ў новым „храме бясьпечнасьці“. Пакуль-жа ён зьбіраў у ім тых, хто пашоў за ім, і ён трымаў іх там, бо сам ня ведаў дня і гадзіны. Таму, калі каўчэг быў гатовы і непранікальныя для вады дзьверы былі правераны, ён пачаў чакаць тэрміну разам з сям’ёй, прыяцелямі, пасьлядоўцамі і слугамі.

І час надышоў. Гэта было страшна нават на малюнку. Хто ведае, на што гэта было падобна сапраўды. Мы спачатку ўбачылі, як са спакойнага акіяну паднялася высачэзная гладкая вадзяная гара. Потым мы ўбачылі, як яна рухнула, панеслася ўсё далей і далей, усё больш шпарка, міля за міляй, вялізная, уся ў пене гара. Потым мы ўбачылі, як хваля стукнулася а бераг і затапіла горад, хаты-ж схіляліся перад ёю, нібы збожжа перад віхурай.

Мы бачылі, як людзі на стрэхах хат з жахам пазіралі на сваю сьмерць, з пакрыўленымі таварамі, з шырока расплюшчанымі вачыма, з пакрыўленымі ратамі, кусалі сабе рукі, бармочучы ў шаленстве жаху. Тыя-ж мужчыны і жанчыны, што зьдзекваліся з папярэджаньняў, цяпер прасілі неба аб ратунку, поўзаючы па зямлі або стоячы на каленях, і ў роспачы паднімалі рукі. Цяпер ужо ня было часу дасягнуць каўчэгу, які стаяў за горадам, але тысячы людзей кінуліся ў крэпасьць, што была на больш высокім месцы, і сьцены яе былі чорныя ад людзей. Але крэпасьць раптам пачала апушчацца, усё наўкол пачало апушчацца, вада заліла ўсе яміны і шчыліны зямлі, цэнтральны агонь зрабіў яе парай і самыя асновы краіны разьляцеліся ўсе ў розныя бакі. Горад пачаў апушчацца, усё апушчацца. Ад гэтага жаху мы і ўсе прысутныя крыкнулі. Мол разламаўся і зьнік. Высокі маяк зваліўся і схаваўся пад вадою. Некаторы час стрэхі былі падобны да каменных скал, але і яны хутка зьніклі. Крэпасьць адна засталася на паверхні, бы той цудоўны карабель, а потым і яна паляцела бокам у багну, убраная беспараднымі людзьмі.

Жудасная драма скончылася, мора было над усім сухазем’ем, мора, якое паказвала ў сваіх вірох усе абломкі трагедыі, кіданыя хвалямі туды і сюды. Трупы людзей і жывёл, крэслы, сталы, вопратка, капялюшы, пакункі з таварамі, — усё гэта скакала і круцілася ў адным вялізным віры. Мы бачылі, як усё гэта паволі зьнікала, і вялікая белая прастора, гладкая і бліскучая, нібы тое жывое срэбра, з цьмяным сонцам на кругавідзе, паказала нам магілу цэлай краіны.

Гісторыя была скончана. Мы не маглі прасіць яшчэ большага, раз нашы мазгі і выабражэньне маглі дапоўніць рэшту. Мы ў думках бачылі краіну, якая цяпер была дном Атлянтычнага акіяну, а зруйнаваны горад ляжаў побач з каўчэгам ратунку, дзе была сабрана жменька напалоханых людзей. І, урэшце, мы зразумелі, як гэтыя людзі жылі, як яны скарысталі розныя вынаходкі, якімі прадбачаньне і веды іх вялікага правадыра надарылі іх; як ён наўчыў іх, перш, чым памерці, усім сваім ведам, і 50 — 60 выжыўшых людзей разрасьліся ў вялізную грамаду, якая павінна была пракопваць сабе дарогу ў нетры зямлі, каб адваяваць сабе месца. Ніякая навуковая бібліотэка не магла даць нам больш ясных вестак, чым гэтыя малюнкі, і прывесьці нас да больш правільных вывадаў, чым тыя, якія мы маглі зрабіць па гэтых малюнках. Калі-небудзь у будучыне, як гэтая морская твань зробіцца вапнай, гэты вялізны горад зноў будзе выкінуты наверх якім-небудзь новым подыхам прыроды, і геолёгі будучыны, капаючыся ў сваёй здабычы, будуць даставаць ні каменчыкі і чарапашынкі, але рэшты зьніклай культуры і сьляды даўнейшай катастрофы.

Засталося нявырашаным толькі адно пытаньне, і гэта было — колькі прайшло часу з дня катастрофы. Профэсар Маракот знайшоў грубы спосаб зрабіць вылічэньне. Сярод мноства будынкаў каля вялізнага будынку быў вялізарны склеп, дзе хавалі правадыроў. Як у Эгіпце і Юкатане, тут прыняты звычай муміфіцыраваньня, і ў нішах сьцен было шмат радоў гэтых змрочных рэліквій мінулага. Мэнда з гонарам паказаў на наступную нішу ў сьцяне і даў нам зразумець, што яна была спэцыяльна зроблена для яго.

— Калі вы возьмеце сярэдні лік эўропэйскіх каралёў, — сказаў Маракот сваім профэсарскім тонам, — вы знойдзеце, што іх было каля пяці ў сталецьці. Мы можам прыняць той самы лік і тут. Нельга разьлічаць тут на навуковую дакладнасьць, але гэта дасьць нам прыблізнае ўяўленьне. Я палічыў муміі, іх чатырыста.

— Дык гэта выходзіць восем тысяч год?

— Так! І гэта некаторым чынам супадае з думкай Плятона. Катастрофа з Атлянтыдай, зразумела, адбылася раней, чым зьяўляюцца эгіпэцкія летапісы, а яны належаць да эпохі паміж шасьцю і сямю тысячамі год да нашага часу. Так, я думаю, магу сказаць, што нашы вочы бачылі трагедыю, якая адбылася ў кожным разе восем тысяч год таму назад. Але, зразумела, стварэньне такой цывілізацыі, сьляды якой мы бачылі, павінна было заняць шмат тысяч год. Такім чынам, — скончыў Маракот (вы ўжо самі мяркуйце а правільнасьці гэтага), — мы пашырылі кругавід устаноўленай гісторыі чалавецтва, як ніхто яшчэ гэтага не рабіў з таго часу, калі пачалася гісторыя народаў.

Мінуў месяц, паводле нашых вылічэньняў, з таго дня, як мы хадзілі ў горад, калі здарылася самае дзіўнае і нечаканае з усяго, што з намі здарылася. Мы ўжо думалі ў гэты час, што нас нічым ня зьдзівіш і што новае ўжо не магло зьдзівіць нас, але гэты выпадак выходзіць далёка за межы ўсяго, да чаго нас магло падрыхтаваць выабражэньне.

Сканлан прынёс нам вестку, што адбылося нешта важнае. Вы павінны прыняць пад увагу, што дагэтуль мы адчувалі сябе ў жалезным будынку да пэўнай ступені дома; што мы ведалі, дзе разьмешчаны агульныя пакоі для адпачынку і рэкрэацыйныя залі; што мы былі на концертах (музыка гэтых канцэртаў была вельмі дзіўная і складаная) і ў тэатрах, дзе незразумелыя словы выкладаліся вельмі жывымі і драматычнымі мігамі, і што мы самі складалі нібы частку гэтай грамады. Мы наведвалі розныя сем’і ў іх уласных прыватных пакоях, і наша жыцьцё, — я магу, у кожным разе, гаварыць за сябе, — ішло добра пры ўважлівых адносінах гэтых дзіўных людзей, а галоўным чынам — пры ўважлівасьці мілай маладой жанчыны, імя якой я сказаў вышэй. Мона была дачкою аднаго правадыра. Я знайшоў у яго сям’і цёплы і ласкавы прытулак, які стаяў куды вышэй адрозьненьнем нашых рас і мовы. Што да самай далікатнай з усіх моў, то я знайшоў, што паміж старой Атлянтыдай і сучаснай Амэрыкай ня было вялікай прасторы. Мне здаецца, тое, што спадабалася-б масачузэцкай дзяўчынцы з коледжу Брауна, спадабалася-б таксама і маёй каханцы пад хвалямі.

Але я павінен вярнуцца да таго факту, што Сканлан зайшоў у наш пакой з навінамі аб нейкім вялізным здарэньні.

— Паслухай, адзін з іх толькі што ўбег і ён да таго ўсхваляваны, што зусім забыўся скінуць свой шкляны каптур, і гаварыў некалькі хвілін перш, чым зразумеў, што ніхто ня можа яго пачуць. Потым пачалося ўсякае та-та-та наколькі ў яго хапіла духу, і яны ўсе бягуць цяпер за ім на тое месца, адкуль вылазяць. Я бягу ў ваду, напэўна там ёсьць што паглядзець.

Калі мы выбеглі, то ўбачылі, што ўсе нашыя сябры ўсхваляваны і бягуць па калідоры. Мы далучыліся да іх. Яны ў вадзе ішлі так шпарка, што нам было цяжка не адстаць ад іх, але яны несьлі з сабою электрычныя ліхтарні, і хоць мы і адсталі, але маглі ісьці за гэтым сьвятлом. Дарога, як і раней, ішла каля базальтавых скал. Далей мы апынуліся на няроўнай мясцовасьці сярод мноства скал і глыбокіх ям. Ісьці было цяжка. Вышаўшы з гэтага хаосу старажытнай лявы, мы вышлі на пахілую раўніну, і тут у самым цэнтры яе ляжаў прадмет. Як глянуў я на яго — у мяне захапіла дух.

Напалову ўлезшы ў твань, перад намі ляжаў вялізных памераў параход; ён ляжаў на баку, труба зламалася і вісела пад дзіўным кутком, а фок-мачта была адарвана. Уся-ж рэшта была некранута, і карабель здаваўся такім чыстым і сьвежым, нібы толькі што вышаў з доку. Мы падышлі да яго і апынуліся пад кармой. Можаце сабе ўявіць, як мы адчулі сябе, калі прачыталі надпіс: „Стратфорд, Лёндон“. Наш карабель пашоў за намі ў глыбіню Маракота.

Частка пятая

правіць

ЧАСТКА ПЯТАЯ

Зразумела, пасьля першага зьдзіўленьня ўся справа пачала здавацца не такой ужо незразумелай. Мы памяталі падзеньне баромэтру, памяталі, як спрактыкаваны норвэскі карабель пераплыў, памяталі чорную хмару на кругавідзе. Відаць, наляцеў нечаканы тураган нязвычайнай сілы і „Страдфорд“ перакуліўся.

Небарака капітан Хові, або тое, што ад яго засталося, усё яшчэ стаяў на сваім месцы ды трымаўся рукамі за парэнчы каманднага мосьціка. З караблём звалілася на дно толькі яго цела і цела трох качагараў машыннага аддзяленьня. Кожнага з іх пад нашым наглядам і закапалі ў твань, а наверх паклалі вянок морскіх кветак.

У той час, як мы былі заняты выкананьнем гэтага абавязку, маленькія людзі агледзелі карабель. Падняўшы галовы, мы ўбачылі іх усюль, нібы мышэй, якія абляпілі сыр. Іх хваляваньні і цікавасьць ясна паказалі нам, што гэта першы сучасны карабель, магчыма, што першы параход, які калі-небудзь зваліўся да іх. Яны адразу ўзяліся за працу: ламалі шкілет карабля і здымалі ўсё, што магло прыдацца ім. Гэта надта вялікая праца, наўрад ці скончаная і цяпер. Мы таксама рады былі зайсьці ў нашы каюты і ўзяць шмат чаго з вопраткі і кнігі, якія ня былі яшчэ зусім папсаваны.

Паміж рэчаў, знойдзеных на „Стратфордзе“, быў судовы журнал, які пісаў капітан да апошняга дня і дзе была запісана і наша катастрофа. Як дзіўна было чытаць гэта і ведаць, што капітан ужо няжывы.

Вось якім чынам мы атрымалі апошнюю вестку аб нашых таварышох.

Калі мы ішлі дахаты, з намі здарылася прыгода, якая паказала нам нечаканыя небясьпекі, якімі абкружаны гэтыя падводныя людзі. Мы зразумелі разам з тым, чаму лік гэтых людзей ня большы, чым быў раней, ня гледзячы на прайшоўшыя сталецьці. Разам з нявольнікамі грэкаў, можна лічыць, што агульны лік іх ня больш, як чатыры — пяць тысяч.

Мы сышлі па сходках і пашлі каля джунгляў. Тымчасам Мэнда ўсхвалявана паказаў наверх і пачаў энэргічна клікаць на мігі аднаго з нашых падарожнікаў, які быў на пэўнай адлегласьці ад нас на адкрытай раўніне. І адразу ён сам і акружаўшыя яго пабеглі ў кірунку да высокіх скал і пацягнулі нас за сабой.

Мы ўбачылі прычыну пярэпалаху толькі тады, калі апынуліся пад абаронай гэтых скал. У пэўнай адлегласьці над намі, але шпарка падаючы, плыла вялізная рыба вельмі дзіўнай формы. Нібы плыла наўзьдзіў казачная пярына, мяккая і пышная, з белай ніжняй часткай і доўгай чырвонай пасачкай, хістаньні якой і пасувалі яе ў вадзе. Здавалася, што ў яе ня было ні роту, ні вачэй, але яна хутка паказала свой вялікі спрыт. Член нашай кампаніі, што быў на адкрытай раўніне, пабег пад тую самую заслону, што і мы, але спазьніўся. Я ўбачыў, як страх скрывіў яго твар, калі ён зразумеў свой лёс. Страшная істота падала на яго, абвалакла яго з ўсіх бакоў, ляжала на ім і жахліва пульсавала. Нібы цела яе кідалася а каралевыя скалы і разьбівалася на кавалкі. Трагедыя адбывалася ў некалькіх ярдах ад нас і ўсё-ткі нашы падарожнікі былі так зьбянтэжаны нечаканасьцю ўсяго гэтага, што здавалася, страцілі ўсякую здольнасьць дзейнічаць.

Тут выскачыў наперад Сканлан, скокнуў на шырокую сьпіну жудаснай істоты, з прыгожымі чырвонымі цьмянымі плямамі і ўваткнуў востры канец свайго мэталёвага кія ў мяккую тканку яе цела.

Я кінуўся памагаць Сканлану і, урэшце, Маракот і ўсе іншыя рынуліся на страшыдла, якое паволі паплыло ўбок, пакідаючы за сабою ліпучы алеевы сьлед. Наша дапамога ўсё-ткі спазьнілася, бо цяжар вялізнай рыбы зламаў шкляны каптур атлянтыда і ён утапіўся. Гэта быў жалобны дзень, калі мы панесьлі яго цела назад, але гэта быў для нас таксама і дзень урачыстасьці, бо наша дамысьлівасьць вельмі павысіла нас у вачох нашых падарожнікаў.

Што-ж да дзіўнай рыбы, то профэсар Маракот запэўняў нас, што гэта быў узор рыбы-пакрыўкі, добра ўжо вядомы, але такога памеру, якога ён сам і ўявіць ня мог.

Кажу пра гэту істоту таму, што яна выпадкова ўнесла ў наша жыцьцё трагедыю, але я мог-бы напісаць, а мо’ і сапраўды напішу, цэлую кнігу пра дзіўнае жыцьцё, якое бачыў тут. У жыцьці морскіх глыбінь пераважаюць чырвоныя і чорныя фарбы, расьліннасьць-жа самага белага колеру, і валокны гэтых расьлін такія моцныя, што іх рэдка паднімалі наверх невадамі, так што навука прышла да выніку, што дно акіяну голае. Шмат якія з морскіх відаў неапісоўнай прыгожасьці, другія-ж такія страшныя, што падобны на здані, і такія небясьпечныя, што ў гэтым стасунку з імі ня можа сьпірацца ніякая земнаводная жывёліна. Я бачыў чорную рыбу футаў трыццаць удоўжкі з жахлівым джалам на хвасьце, адзін удар якога забіў-бы кожную жывёлу. Я бачыў яшчэ жывёлу, падобную да жабы, з пукатымі зялёнымі вачыма, якія проста ёсьць разьзяўленае горла з вялізным кіндзюком. Спатканьне з гэтай жывёлай — сьмерць, калі толькі няма пры сабе электрычнага ліхтара, якім адганяеш яе. Я бачыў сьляпога чырвонага вугра. Ён ляжыць сярод скал і забівае атрутай, якую выпускае з сябе. Я таксама бачыў вялізарнага морскага скорпіёна, аднаго з страшыдлаў глыбінь, і рыбу міксіну, якая жыве ў морскіх джунглях.

Аднойчы мне таксама пашчасьціла ўбачыць сапраўдную морскую зьмяю — істота, якая рэдка паказваецца чалавеку, бо жыве яна на самых вялікіх глыбінях і зьяўляецца на паверхні толькі, калі яе выжане з яе прытулку якая-небудзь падводная катастрофа. Дзьве морскія зьмеі мільганулі каля нас неяк, калі мы з Монай хадзілі сярод пучкоў лямэлярый. Істоты гэтыя былі вялізныя — футаў дзесяць увышкі і дзьвесьці ўдоўжкі, чорныя зьверху, срабрыста-белыя зьнізу, з высокай махрой на сьпіне і маленькімі вачыма. Вочы ня большыя, як у быка. Апісаньне гэтых і шмат якіх другіх падобных істот будзе знойдзена ў паперах профэсара Маракота, калі яны калі-небудзь трапяць у вашыя рукі.

* * *

Тыдзень бег за тыднем у нашым новым жыцьці. Жыцьцё гэта зрабілася вельмі прыемным, і мы пакрысе настолькі выўчылі старажытную, усімі забытую мову, каб мець магчымасьць хоць як-небудзь размаўляць з нашымі таварышамі. У гэтых людзей было даволі ўсяго і для вывучэньня, і для забавы, і Маракот ужо так апанаваў старажытнай хэміяй, што пераконвае, нібы можа зрабіць рэволюцыю ва ўсіх земных прадстаўленьнях, калі толькі яму ўдасца перадаць свае веды. Між іншым, атлянтыды ўмелі раскладаць атом, і хоць вызваленая энэргія меншая, чым думаюць нашы вучаныя, але яе ўсё-ткі даволі, каб забясьпячаць атлянтыдаў вялікім запасам сілы. Іх знаёмства з уласьцівасьцямі ды істотай этэру таксама далёка абмінае наша, і гэтая дзіўная перадача думак у малюнках, пры дапамозе якой мы расказалі ім нашу гісторыю, а яны нам сваю, зьяўляецца адбіткам у этэры, набыўшым потым матэрыяльныя формы.

І ўсё-ткі, наўпракі іх ведам, былі некаторыя галіны, зьвязаныя з сучасным жыцьцём навукі, на якія забыліся іхныя продкі.

Сканлану было дана права паказаць ім гэты факт. Ён цэлыя тыдні быў у нейкім хваляваньні, ледзь ня выдаў нейкі сакрэт, вельмі важны, і заўсёды сьмяяўся над сваімі ўласнымі думкамі. Мы толькі выпадкова бачылі яго за гэты час, бо ён быў вельмі заняты, і яго адзіным таварышом і даручным быў тлусты, вясёлы атлянтыд Бэрбрыкс, які загадваў некаторымі машынамі. Сканлан і Бэрбрыкс сталі вельмі блізкімі таварышамі, — хоць і гутарылі паміж сабою больш на мігі, — і заўсёды завіхаліся цяпер удваіх. Неяк вечарам да нас зайшоў надта вясёлы Сканлан.

— Слухайце, профэсар, — сказаў ён Маракоту. — У мяне ёсьць уласная вынаходка, якую я хачу перадаць гэтым людзям. Яны сёе-тое паказалі нам, і мне здаецца, што нам пара заплаціць за гэта. Як-бы гэта склікаць іх заўтра вечарам на прагляд.

— Джас ці Чарльстон? — запытаў я.

— Чарльстон — глупства. Пачакайце, пакуль самі ўбачыце. Дарагі мой, гэта нязвычайная штука… не, я не скажу больш ані слова. Толькі гэта і скажу. Я не асаромлю вас. У мяне ёсьць тавар і я хачу здаць яго.

У выніку ўся грамада сабралася назаўтра ўвечары ў знаёмай залі. Сканлан і Бэрбрыкс стаялі вясёлыя ад радасьці. То адзін з іх, то другі дакраналіся да кнопкі і тады… але, кажучы, як Сканлан:

— Аддаю яму справядлівасьць і зьдзівіў-жа ён нас!

„2. L. О. гаворыць, — гукаў голас. — Лёндон гаворыць Брытанскім выспам. Прараканьне пагоды. — Тут пачуўся звычайны выраз пра ціск і антыцыклёны. — Бюлетэнь апошніх навін. Яго вялікасьць кароль адкрыў сёньня раніцою новы флігель больніцы для дзяцей у Хамэрслуце…“ І так далей, і так далей, у звычайным парадку. Першы раз апынуліся мы зноў у Англіі рабочай будзеншчыны, якая мужна корпалася над штодзеннай працай у краіне, што схіліла сваю дужую сьпіну пад ваеннай завінавачанасьцю. Потым мы даведаліся пра чужаземныя навіны, спортыўныя навіны, стары сьвет гучэў усё аднэй і тэй самай аднастайнай нотай.

Нашы сябры атлянтыды слухалі зьдзіўленыя, але нічога не разумелі. Калі першым нумарам пасьля навін вайсковая оркестра грымнула марш з „Лёэнгрына“, у людзей вырваўся сапраўдны гук захапленьня, і сьмешна было бачыць, як кідаліся яны на сцэну, паднімалі заслону, заглядалі за экран, каб знайсьці крыніцу музыкі. Так, мы назаўсёды пакінулі сьлед аб сабе ў падводнай цывілізацыі:

— Не, васпан, — сказаў потым Сканлан. Я ня мог зрабіць перадатачную станцыю. У іх няма патрэбнага матэрыялу, а ў мяне не хапае для гэтага мазгоў. Але ў сябе дома я зрабіў уласную ўстаноўку і чую кожную станцыю Злучаных Штатаў. Мне здавалася сьмешным, што з усёй гэтай электрычнасьцю пад рукамі і з іх куды больш разьвітай шкляной вытворчасьцю, чым у нас, мы не маглі-б зрабіць што-небудзь, што прыняло-б хвалю этэру, а хваля напэўна ўжо прайшла-б праз ваду таксама лёгка, як і праз паветра. Бэрбрыкс ледзь не самлеў, калі мы прынялі першую перадачу, але цяпер ён зразумеў усё гэта, і мне здаецца, што гэтая ўстаноўка так і застанецца.

Сярод вынаходак хэмікаў Атлянтыды ёсьць газ, які ў дзевяць раз лягчэй за вадарод, і Маракот назваў гэты газ „лівігенам“. Яго практыка з гэтым газам надала нам думку пасылаць шкляныя кулі з весткамі пра наш лёс на паверхню акіяну.

— Я растлумачыў Мэндэ сваю думку, — сказаў ён. — Ён даў загад рабочым сылікатнага заводу, і праз дзень ці два кулі будуць гатовы.

— Але як-жа нам палажыць туды нашы весткі?

— Для газу пакінута маленькая дзірачка, праз яе мы можам праціснуць паперы. А гэтыя аматарырабочыя закаркуюць дзірачку. Я пэўны, што кулі выскачаць на паверхню мора, як толькі мы іх выпусьцім.

— І будуць плаваць цэлы год, незаўважаныя нікім.

— Гэта можа здарыцца. Але куля будзе адбіваць праменьні сонца. Гэта, бясспрэчна, зьверне на сябе ўвагу. Мы знаходзіліся на лініі параходных зносін паміж Эўропай ды Паўднёвай Амэрыкай. Я ня бачу прычыны, чаму ня знойдуць хоць адну кулю, калі пашлём некалькі.

— І вось, дарагі мой Тальбот, або вы другія, што чытаюць гэтае апавяданьне, якім чынам трапіў ён у вашы рукі.

Але за гэтым можа таіцца куды больш значны плян. Думка нарадзілася ў таленавітых мазгох амэрыканскага мэханіка.

— Скажыце-ж, сябры, — сказаў ён, калі мы сядзелі адны ў нашым пакоі, — нам тут унізе і добра жывецца, і яда добрая, і жанчыну тут знайшоў такую, што любая ў Філадэльфіі і двух пэнсаў перад ёю няварта, а ўсё-ткі бывае, — я адчуваю, што хацеў-бы яшчэ разок пабачыць зямлю.

— Мы ўсе, магчыма, адчуваем тое самае, — сказаў я, — але я ня бачу, як вы спадзяваліся-б зрабіць гэта.

— Слухайце! Калі гэтыя кулі з газам могуць вынесьці весткі пра нас, то, магчыма, яны вынесуць і нас. Ня думайце, што я жартую. Я ўсё гэта ўжо абдумаў. Хай мы злучым тры або чатыры кулі разам, каб нас добра магло падняць. Разумееце? Мы тады надзенем нашы шкляныя каптуры і прывяжам сябе да куль. Калі зазвоніць званок, мы адрываемся і ляцімо ўверх. Што можа спыніць нас паміж гэтым месцам і паверхняй мора? Акула, магчыма. Ну, акула — глупства. Мы праімчаліся б міма яе і яна нават ня ведала-б, што мы тут былі. Яна падумала-б, што гэта тры пошугі сьвятла, і нас-бы так несла, што мы там, урэшце, падскокнулі-б на пяцьдзесят футаў у паветра. Кажу вам, што хто ўбачыць, як мы вылецім, зашэпча пацеры.

Але, калі дапусьціць, што гэта магчыма, што-ж будзе далей?

— Ды кіньце вы думаць пра гэта далей. Трэба паспрабаваць шчасьця, а не — дык мы тут навекі заселі. Я першы адважуся зрабіць гэта.

— Я, зразумела, вельмі хачу вярнуцца, нават толькі для таго, каб расказаць аб нашых выніках навуковым таварыствам, — сказаў Маракот. — Толькі мая асабістая прысутнасьць можа прымусіць іх зразумець новыя веды, набытыя мною. Я за тое, каб паспрабараць, як і Сканлан.

Мабыць, бліскучыя вочы Моны мелі ўплыў на мяне, але я быў з трох найменш захопленым.

— Тое, што вы прапануеце, было-б зусім вар’яцтвам. Калі нас ніхто ня будзе чакаць на паверхні, то мы, бясспрэчна, будзем кружыцца па хвалях і загінем ад голаду ды смагі.

— Ды што-ж вы гаворыце, галубок, як-жа можа быць, каб хто-небудзь нас чакаў?

— Магчыма, нават і гэта можна было-б наладзіць, — сказаў Маракот. — Мы можам даць на адлегласьці мілі або дзьвёх дакладную даўжыню і шырыню нашага становішча.

— І яны спусьцілі б нам лесьвіцу, — сказаў я з нейкай гаркатой.

— Лесьвіца — глупства. Гаспадар мае рацыю. Слухайце, містэр Хэдлей, вы напішыце ў вашым пісьме, якое думаеце пасылаць сусьвету… — дапраўды. Я ўжо бачу радкі ў газэтах! — што мы на 27 паўночнай шырыні і на 28,14 заходняй даўжыні, ці якая там лічба будзе правільнай. Зразумелі? Потым вы скажаце, што тры самых важных у гісторыі чалавекі, вялікі чалавек навукі Маракот і малады зьбіральнік усялякіх страхаў Хэдлей і Боб Сканлан, самы важны мэханік і гонар Мэрыбэнка, усе крычма-крычаць і клічуць на дапамогу з дна мора. Вы сочыце за маёй думкай?

— Ну, што-ж далей?

— Ну, так тут, разумееце, іх чарга. Гэта нешта накшталт выклікаў, аб якім яны ня будуць маўчаць. Накшталт таго, як я чытаў пра Стэнлея, знайшоўшага Лівінгстона. Гэта ўжо іх справа будзе знайсьці спосаб дастаць нас або злавіць нас на тым канцы, калі мы толькі адважымся выбрацца адгэтуль.

— Мы самі можам прапанаваць ім спосаб, — сказаў профэсар. — Хай яны кінуць вымяральнік глыбінь у гэтыя воды, і мы знойдзем яго. Калі ён спусьціцца, мы можам прывязаць да яго вестку пра сябе і папрасіць іх памагчы нам.

— Вы сказалі разумныя словы, — гукнуў Боб Сканлан. — Зразумела, так трэба і зрабіць.

— А калі якая-небудзь жанчына захоча падзяліць з намі лёс, то чацьвярым таксама лёгка падняцца, як і траім, — сказаў Маракот, сьмяючыся з мяне.

— Ужо калі так, то пяцярым таксама лёгка падняцца, як і чацьвярым, — сказаў Сканлан. — Але вы ўсё ведаеце цяпер, містэр Хэдлей. Напішеце ўсё гэта і праз шэсьць месяцаў мы зноў будзем у Лёндон-Рывер.

І вось мы цяпер пасылаем нашы дзьве кулі ў ваду, якая для нас тое самае, што паветра для вас. Нашы дзьве маленькія лёгкія кулі вылецяць наверх. Ці страцяцца яны ў дарозе? Магчыма. А мо’ мы можам спадзявацца, што адна выб’ецца. Мы пакідаем гэта на міласьць лёсу. Калі нічога нельга зрабіць для нас, то хай-жа тыя, хто любіць нас, ведаюць што мы жывём шчасьліва. Калі, з другога боку, нашу прапанову можна выканаць і на дапамогу нам прыдуць грошы ды энэргія, мы далі вам спосаб, як гэта зрабіць. Пакуль-жа, бывайце, або да спатканьня.

* * *

Так скончылася апавяданьне, якое было ў шкляной кулі.

Гэтае апавяданьне мае ў сабе падзеі, якія адбыліся да тых часоў, калі куля была злоўлена.

Калі рукапіс быў ужо ў друку, прышоў і эпілёг — нечаканы і сэнсацыйны. Я кажу пра выратаваньне нашых адважных падарожнікаў паравой яхтай містэра Фэвэрджара і аб вестцы, прысланай бяздротавым тэлеграфам з гэтай яхты і прынятай кабельнай станцыяй выспаў Кап-дэ-Вэрдэ, якая толькі што перадала яе ў Эўропу і Амэрыку. Гэта паведамленьне было надрукавана містэрам Кіосборн, вядомым прадстаўніком „Аб’яднаньня друку“.

Выходзіць, што адразу за тым, яе першая вестка аб становішчы профэсара Маракота ды яго сяброў дасягнула Эўропы, у надзеі выратаваць іх, ціха і шпарка была організавана экспэдыцыя. Містэр Фэвэрджар даў гэтай экспэдыцыі сваю вядомую паравую яхту „Марыён“, на якой паехаў і сам. „Марыён“ вышла з Шэрбургу ў чэрвені, узяла ў Саўгемптоне на борт містэра Кіосборна ды кіно-опэратара і адразу-ж адплыла ў паласу акіяну, паказаную ў дакуманце Хэдлея. Паласа гэта была дасягнута 1-га ліпня.

Быў апушчаны дрот вымяральніка глыбінь, і яго паволі цягнулі па дне акіяну. На канцы гэтага дроту побач з цяжкім грузам была прычэплена бутэлька, у якой быў ліст. Вось ён.

„Ваша паведамленьне атрымана сьветам, і мы тут, каб памагчы вам. Мы пасылаем дублікат гэтага паведамленьня па бяздротавай перадачы ў надзеі, што яно дасягне вас. Мы паволі пройдзем паласу, у якой вы знаходзіцеся. Калі вы адвяжаце гэту бутэльку, дык, калі ласка, улажэце ў яе ваша ўласнае паведамленьне. Мы будзем рабіць так, як вы напішаце“.

Два дні „Марыён“ паволі плаваў узад і ўперад бяз жадных вынікаў. На трэці дзень паратавальную экспэдыцыю чакала вялікае здарэньне. З вады ў некалькіх стах ядрах ад яхты выскачыла невялікая бліскучая куля. Гэта быў шкляны вястун такога самага выгляду, які быў апісаны ў першым паведамленьні. Пасьля таго, як мы яго неяк разьбілі, прачыталі наступны ліст:

„Дзякуем, дарагія сябры. Мы высока цэнім вашу адданасьць і энэргію. Мы лёгка атрымліваем вашыя бяздротавыя паведамленьні і маем магчымасьць адказваць вам такім самым спосабам. Мы прабавалі схапіць ваш дрот, але плынь высока паднімае яго і яна адносіцца далей куды хутчэй, чым нават самыя шпаркія з нас могуць рухацца супроць вады. Мы мяркуем зрабіць нашу спробу а шостай гадзіне раніцы, што, паводле нашых вылічэньняў, будзе ў аўторак, пятага ліпеня. Мы будзем паднімацца па адным. Так кожная практычная парада, што вынікае з нашай практыкі, магла быць перадана па бяздротавым тэлеграфу тым, хто паднімецца пазьней. Яшчэ раз шчырае дзякуй. Маракот. Хэдлей. Сканлан“.

Цяпер нітка апавяданьня пераходзіць да містэра Кіосборна.

— Была дзіўная раніца, і цёмна-пурпуровае мора было гладкае, як возера. Прыгожы сіні небасхіл не парушаўся ніводнай хмаркай. Увесь экіпаж „Марыён“ з самай раніцы нарыхтаваўся і чакаў здарэньняў з самай напружанай цікавасьцю. Па меры набліжэньня вызначанай гадзіны мы хваляваліся. На сыгнальнай мачце пасадзілі наглядальніка, і роўна за пяць хвілін да шасьці гадзін мы пачулі яго крык і ўбачылі, што ён паказвае на ваду каля левага борта. Мы ўсе сабраліся на гэтым баку палубы і я ўзьлез на лодку, з якой мне добра было відаць. Скрозь спакойную ваду я ўбачыў нешта падобнае да срабрыстага пухіра, які паднімаўся з вялікай шпаркасьцю з глыбінь акіяну. Ён прарваў паверхню мора ярдах у двухстах ад карабля і падняўся высока ў паветра. Гэта была прыгожая, бліскучая куля каля трох футаў у дыямэтры. Яна паднялася надта высока і потым паляцела ад лёгкага ветрыку, як гэта было-б з дзіцячай паветранай куляй. Гэта было дзіўна, але мы і напалохаліся, бо можна было думаць, што куля адарвалася, і груз, які яна павінна была вынесьці наверх, застаўся ў моры. Адразу-ж мы паведамілі аб гэтым па тэлеграфу.

— Ваш вястун зьявіўся каля карабля. Да яго нічога ня было прывязана і ён паляцеў.

Адначасна мы спусьцілі лодку, каб быць гатовымі да ўсялякіх падзей.

Роўна ў шэсьць гадзін наш наглядальнік падаў зноў знак, і праз мінуту я ўбачыў другую срабрыстую кулю, якая выплывала з вады куды павальней, чым першая. Калі яна дасягнула паверхні мора то паплыла ў паветры, але груз яе падтрымліваў на вадзе. Груз гэты пры разглядзе аказаўся пакункам кніг, папер і розных прадметаў, запакаваных у рыб’ю скуру. Увесь мокры, ён быў падняты на палубу, і аб ім было паведамлена па бяздротаваму тэлеграфу. Мы нецярпліва чакалі наступнай кулі.

Яна ня прымусіла сябе доўга чакаць. Але ў гэты раз бліскучая куля паднялася высока ў паветра і пад ёю, на наша вялікае зьдзіўленьне, была падчэплена зграбная фігура жанчыны. На паветра яе падняла толькі шпаркасьць руху і, праз мінуту, мы падцягнулі яе да борту карабля. Скураны абруч быў моцна прывязаны да верхняй часткі шкляной кулі і ад яго ішлі даўгія рамяні, прывязаныя да шырокага скуранога пояса вакол прыгожай яе таліі. Верхняя частка яе цела была пакрыта дзіўным шкляным каптуром, падобным да ігрушы, — я называю гэта шклом, але гэта быў той самы пруткі матэрыял, як матэрыял і шкляной кулі. Гэты каптур быў бадай празрысты, са срэбнымі жылкамі на ім. У ім былі моцныя гнуткія прывязі каля пояса і на плячах, што рабіла яго зусім недасяжным для вады. У сярэдзіне-ж быў, як і апісана ў першым рукапісу Хэдлея, новы, але вельмі лёгкі і практычны хэмічны апарат для аднаўленьня паветра. Гэты дыхальны звон быў зьняты з некаторымі перашкодамі, і жанчыну паднялі на борт. Яна ляжала там самлелая, але яе правільнае дыханьне давала нам надзею, што яна хутка ачуняе ад шпаркае падарожы і перамены ціску.

Гэта, відаць, тая жанчына атлянтыдка, якая ўспамінаецца ў першай вестцы Хэдлея пад назвай Моны, і калі мы яе можам узяць за ўзор, то атлянтыды — сапраўды раса, вартая таго, каб вярнуць яе на зямлю. Жанчына — цьмяная, у яе прыгожыя, правільныя і шляхетныя абрысы твару, даўгія чорныя валасы і дзіўныя карыя вочы, якімі яна цяпер аглядае ўсё вакол з дзіўным непаразуменьнем. Чарапашынкі і парлы ўбіралі яе сьветлую туніку і заблыталіся ў яе цёмных валасох. Нельга было сабе ўявіць больш дасканалай наяды глыбінь. Гэта было само ажыцьцяўленьне таямніцы і чар мора. Мы бачылі, як прытомнасьць зноў вярнулася ў гэтыя прыгожыя вочы, потым яна, бы тая лань, схапілася, падбегла да борту карабля і гукнула:

— Сайрэс! Сайрэс!

Мы ужо супакоілі па радыётэлеграфу тых, хто яшчэ быў пад вадою. Цяпер яны пачалі зьяўляцца шпарка адзін за адным па чарзе. Паднімаліся на трыццаць або сорак футаў у паветра і потым падалі назад у мора, адкуль мы іх шпарка паднімалі на карабель. Усе трое былі няпрытомныя, а ў Сканлана з носу і вушэй цякла кроў. Але праз гадзіну ўсе ўжо маглі, калі і ня цьвёрда, але ўсё-ткі стаяць на нагах.

Мне здаецца, што першы рух кожнага з іх быў характарны.

Вясёлая кампанія павяла Сканлана ў бар, адкуль цяпер чуваць вясёлыя гукі, якія шкодзяць гэтаму апісаньню.

Профэсар Маракот схапіў скрутак папер, выцягнуў адну, сьпісаную выключна, наколькі я мог меркаваць, альгебраічнымі знакамі, ды зьнік унізе.

Сайрэс Хэдлей падбег да нязвычайнай дзяўчыны і, паводле апошніх вестак, падобна да таго, што з ёй не расстанецца.

Такое становішча спраў, і мы спадяземся, што наша слабое радыё данясе нашу вестку да станцыі Кап-дэ-Вэрдэ. Больш поўныя падрабязнасьці гэтай дзіўнай гісторыі, як і сьлед, раскажуць пазьней ужо самі адважныя падарожнікі.

Гістарычная спраўка

правіць

ГІСТАРЫЧНАЯ СПРАЎКА.

Паводле легенды старажытных грэкаў, на захад ад Гібральтару была зямля, якую яны называлі Атлянтыда. Асабліва падрабязна піша ў сваіх творах аб гэтай зямлі вядомы грэцкі філёзоф Плятон. Як піша ён, зямлю гэту засялялі атлянты. Яны славіліся апрацоўкай мэталяў, на якія іх край быў вельмі багаты. Морская дзяржава атлянтаў вяла захопную політыку, захапіла частку Афрыкі і Эўропы, і толькі Атэнам удалося адбіць атлянтаў. Атлянты вельмі ганарыліся сваёй сілай, таму, па загаду Зэўса, іх зямля была затоплена.

Пазьней, калі вынашлі Амэрыку, вучоныя прабавалі давесьці, што Атлянтыда і Амэрыка тое самае. Лічылі яны за Атлянтыду Канарскія выспы, і выспу Крыт, дзе ў другім тысячагодзьдзі да хрысьціянскай эры была высокая бронзавая культура морская дзяржава „міносаў“ (тытул крыцкіх цароў). Лічылі таксама за Атлянтыду і Заходнюю Афрыку.

За апошні час Шультэн і Натоліцкі вельмі пераканаўча даводзяць, што Атлянтыда — гэта старажытны Тартэс або Таршыш. Гэта быў самы буйны гандлёвы асяродак старажытнасьці. Знаходзіўся ён на высьпе ў вусьці р. Гвадалквівіра. Выспа да нашага часу зьнікла. Тартэс быў перадатачным пунктам у гандлі мэталямі паміж паўночна-зах. Эўропай і Міжзем’ем. Ён быў разбураны кортагененамі каля 530 году да хр. эры.

Геолёгічныя даныя не сьцьвярджаюць, што ў Атлянтычным акіяне было вялікае сухазем’е, але выспы маглі існаваць да апошняга часу, бо ўвесь гэты абсяг мае сьляды нядаўнага апусканьня. Паводле даных геолёгіі, існавалі вялікія абсягі сухазем’я, якія ў датрацічныя часы злучалі Бразылію з Афрыкай і Паўночную Амэрыку з Вялікабрытаніяй. Гэтае сухазем’е шмат якія вучоныя і называюць Атлянтыдай. Што сухазем’е ў паўночнай частцы Атлянтычнага акіяну было калісьці сьведчыць і тое, што наземная фаўна Паўночнай Эўропы і Паўночнай Амэрыкі мае шмат агульнага, і тое, што горныя хрыбты Англіі апускаюцца пад ровень мора і з тым самым характарам складак зьяўляюцца ў Паўночнай Амэрыцы. Гэтае сухазем’е існавала ў палеозойскую эру, у мэзозойскую эру, яно неаднакроць залівалася морам, а ў трацічны пэрыод яно паступова распалася і трапіла пад ровень мора.

Легенда аб Атлянтыдзе, аднак, ня тычыцца гэтага даўно зьніклага сухазем’я, а павінна быць аднесена да больш паўднёвых абсягаў, дзе магчыма дапусьціць шпаркія апусканьні сухазем’я. Аб іх сьведчаць і затопленыя рэчышчы, і няроўнае дно мора, і частыя ў гэтым абсягу вульканы.

Вось як аб гэтым піша сам Борхард у замежным часопісу: „Сонца яшчэ было нізка над кругавідам, але я выразна мог бачыць у мой бінокль пляскаты ўзгорак, акружаны вялікім колцам, парослы дзікімі кустамі. Праз дваццаць хвілін я стаяў ужо на ўзгорку. Бязумоўна, гэта было старажытнае паселішча, як можна было меркаваць па рэштках вялікай даўнейшай сьцяны. Кругом мяне ішла нізкая сьцяна. Але маё зьдзіўленьне было яшчэ большае, калі з вяршыні ўзгорку я разгледзеў другое большае кола, якое абнімала першае. Гэта былі, бязумоўна, вялізарныя концэнтрычныя кругі, аб якіх пісаў Плятон“.

І ў наступны дзень — ён зноў на тым самым узгорку разам з рэктарам бліжэйшага францускага коледжу. Рэктару добра вядомы вялізарныя колы равоў, і пастух-тубылец паведамляе ім назву ўзгорку: „Касфгалат“, што значыць — „водная крэпасьць“.

У Плятона тая самая назва ўзгорку. Што гэта — выпадковае супаданьне ці сапраўды захаваная старажытная назва, якая цяпер наўрад ці падышла-б, бо ўжо тысячалецьці вада не заходзіць у равы, з таго часу, як зямля зжавала і праглынула возера, каналы і прыстань. Але на гэтым узгорку ляжалі нязьлічоныя кавалкі даўнейшых пабудоў, статуй і рэчаў. Яны таксама сьведкі даўно мінулых часоў. Куды-б ні пашоў Борхард, ён скрозь на ўзгорку і вакол яго натыкаецца на важныя знаходкі. Зямля далёка вакол засеяна руінамі і рэшткамі старажытнага начыньня. Гэтыя рэшткі не маглі быць штучна сабраны тут нават за самы доўгі тэрмін часу і, бязумоўна, зьяўляюцца сьведкамі таго пэрыоду, калі мясцовасьць была густа заселена. Але таму, што ў гістарычныя часы ў гэтым райне ня было ніводнага паселішча, і нідзе не ўспамінаецца ні аб чым падобным, то шмат што гаворыць за тое, што Полю Борхарду ўдалося сапраўды знайсьці месца старажытнай Атлянтыды. Гэта — рэшткі бадай суцэльнага вялізарнага будынку, кругам на пяць кілёмэтраў.

І дасьлядоўца так канчае свой ліст: „Атлянтыда“ Плятона ня была казкай. Яго паведамленьне датычыла ня Паўднёвай Гішпаніі, але „мора Аталянаў“, „мора Трытонаў“, Дыодора, якое яшчэ цяпер называецца „Бар Аталя“ і прадстаўляе сабою бадай высахлае вазярко Джэрэт“.

Але заставалася яшчэ адно важнае пытаньне: ці прызнаюць французы, ва ўладаньнях якіх была зроблена вынаходка, правільнасьць яго. У Туніс прыехаў з Парыжу дырэктар Кіраўніцтва Археолёгічных вынаходак. Борхард паведаміў яму свае меркаваньні, якія паклаў у аснову вышуканьня, паказаў яму ўзгорак, колы, нязьлічоныя рэшткі і — вялікі момант надышоў: прафэсар Пуансо прызнаў бязумоўна вынаходку Борхарда і паведаміў у Бэрлін, што ў гэту восень можна будзе распачаць грунтоўныя раскопкі.

Бясспрэчна, Борхард знайшоў месца, дзе была калісь вялізная Атлянтыда. Мо’ нам удасца зноў убачыць Атлянтыду, як удалося ўбачыць аднаўленьне Геркулянуму і Помпэі.


  1. Драга — прылада, каб даставаць з дна мора жывёл і расьліны.
  2. Даго — славяне ці італьлянцы, якія жывуць на Канарскіх выспах і ня умеюць гаварыць паангельску.

Цана 45 кап.




  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.