Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі)

Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Іван Лушчыцкі
1955 год
Крыніца: Полымя, 1955, №8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І. ЛУШЧЫЦКІ

ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫЯ І ФІЛАСОФСКІЯ ІДЭІ ТВОРАЎ Ф. БАГУШЭВІЧА

Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840-1900 гг.) быў адным з выдатных прадстаўнікоў перадавой грамадскай і філасофскай думкі ў Беларусі апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя. Яго светапогляд фарміраваўся перш за ўсё пад уздзеяннем рэволюцыйнага сялянскага руху ў Расіі, пад магутным ідэйным уплывам рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў, перадавой рускай, украінскай і беларускай культуры.

У творах Багушэвіча знайшлі адлюстраванне сіла і слабасць сялянскага руху, моцныя і слабыя бакі рэволюцыйна-дэмакратычнай грамадскай і філасофскай думкі.

Творчасць паэта ахоплівае самае рознастайнае кола грамадска-палітычных, філасофскіх і соцыялагічных пытанняў.

Спынімся на разглядзе грамадска-палітычных і соцыялагічных ідэй, якія атрымалі асвятленне ў творах Багушэвіча.

Са старонак твораў Багушэвіча палае нянавісць да прыгонніцтва. І гэта адлюстроўвае сапраўдныя грамадскія адносіны ў беларускай парэформеннай вёсцы, аблытанай шматлікімі рэшткамі і перажыткамі прыгонніцтва. Перажыткі прыгоннага права, па вызначэнню В. І. Леніна, праяўляліся ў тым, што ў аграрнай земляробчай краіне, якой была царская Расія, земляробства было ў руках збяднелых сялян, якія вялі ўстарэлую, першабытную гаспадарку на старых прыгонных надзелах, урэзаных у карысць памешчыкаў у 1861 годзе. А, з другога боку, земляробства было ў руках памешчыкаў, якія ў цэнтральнай Расіі апрацоўвалі землі працай сялян, сялянскай сахой, сялянскім канём за «адрэзныя землі», за пакосы, за вадапоі і г. д.

Нягледзячы на буйныя рэшткі прыгонніцтва, у парэформеннай Расіі ішло хуткае развіццё капіталізма. Старая прыгонніцкая Расія падвяргалася глыбокім эканамічным пераўтварэнням. «Сяляне галадалі, пісаў Ленін, выміралі, разараліся, як ніколі раней, і ўцякалі ў гарады, кідаючы зямлю.

Узмоцнена будаваліся чыгункі, фабрыкі і заводы, дзякуючы «таннай працы» разароных сялян. У Расіі развіваўся буйны фінансавы капітал, буйны гандаль і прамысловасць»[1]. Грамадска-эканамічныя працэсы, што праходзілі ў парэформеннай Расіі і ў тым ліку ў Беларусі, знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Ф. Багушэвіча.

Фокусам усяго грамадскага жыцця ў той час была барацьба сялян з памешчыцкім землеўладаннем і іншымі рэшткамі прыгонніцтва. Моцнай асаблівасцю светапогляду паэта-мысліцеля было тое, што ён горача адгукнуўся сваёй творчасцю на істотныя пытанні часу, стаў у рады актыўных барацьбітоў супроць перажыткаў прыгонніцтва, за зямлю для сялянства.

Багушэвіч разумеў, што рэформа 1861 года, праведзеная зверху ў інтарэсах эксплаататараў, але без падтрымкі знізу, не магла аблегчыць становішча сялян. Ён бачыў, што рэформа замест аднаго ярма надзела на сялян новае, больш цяжкае ярмо. Надзвычай разросся самадзяржаўны чыноўніцкі апарат, які цяжкім грузам душыў працоўных.

Аўтар «Дудкі беларускай» пісаў, што нават праз трыццаць год пасля адмены прыгоннага права сялянам жывецца вельмі дрэнна — «не надта свабодна ў гэтай свабодзе». У беларускай вёсцы засталіся пасля рэформы буйныя рэшткі прыгонніцтва, бо рэформа не толькі пакінула некранутым памешчыцкае землеўладанне, але яшчэ больш умацавала яго, узваліўшы на плечы збяднелых сялян увесь цяжар павіннасцей у карысць прыгонніцкай дзяржавы. Пасля рэформы павялічылася колькасць паноў. Яны, як саранча, жэрлі прадукты сялянскай працы, прысвойвалі матэрыяльныя багацці, здабытыя рабочымі і сялянамі. Ярка і вобразна паказвае паэт такое становішча спраў у парэформеннай Беларусі ў паэме «Быў у чысцы».

А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў?!
Не надта свабодна ў гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З'езд міравы, прысуцтвы і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд![2]

Погляды Ф. Багушэвіча на рэформу 1861 года ў многім пераклікаюцца з поглядамі выдатнага беларускага рэволюцыянера-дэмакрата К. Каліноўскага, выкладзенымі ў «Мужыцкай праўдзе». Абодва яны лічаць, што рэформа не дала селяніну свабоды, што яна праведзена ўрадам у інтарэсах эксплаататараў-памешчыкаў і на шкоду сялянам. Каліноўскі і Багушэвіч звяртаюць увагу на той факт, што ў выніку рэформы значна вырасла колькасць прыгнятальнікаў.

Ідэйны ўплыў К. Каліноўскага на Ф. Багушэвіча моцна адчуваецца ў пастаноўцы паэтам і разуменні ім сялянскага пытання. Як і Каліноўскі, Багушэвіч ставіў сваім цэнтральным лозунгам барацьбу за інтарэсы народных мас і перш за ўсё — сялянства. Да гонару паэта-мысліцеля трэба адзначыць тое, што ў сваіх творах ён адлюстраваў найбольш істотную для яго часу класавую супроцьлегласць у вёсцы — супроцьлегласць паміж усім сялянствам і памешчыцкім класам. Адлюстроўваючы пераважна парэформенную, поўпрыгонніцкую беларускую вёску і яе асноўныя класы — сялян і памешчыкаў, Багушэвіч у той жа час асвятліў некаторыя істотныя рысы парэформеннага развіцця капіталізма ў Беларусі. Гэта развіццё характарызавалася тым, што «патрыярхальная вёска, якая ўчора толькі вызвалілася ад прыгоннага права, аддадзена была літаральна на паток і разграбленне капіталу і фіску. Старыя ўстоі сялянскай гаспадаркі і сялянскага жыцця, устоі, якія сапраўды трымаліся на працягу стагоддзяў, пайшлі на злом з незвычайнай хуткасцю»[3].

Ф. Багушэвіч у сваіх творах даў вобразы грабежнікаў працоўнага сялянства — арандатараў, купцоў, гандляроў, прапагандуючы ідэю нянавісці да гэтых крывасмокаў, якія здзекваліся над сялянствам горш нават, чым эксплататары-памешчыкі.

У вершы «Немец» паэт даў карціну пранікнення капіталізма ў памешчыцкае землеўладанне. Тут паказаны тыповыя прадстаўнікі капіталістычнага грамадства ў асобе прадпрыймальніка, арандатара, купца і гандляра. Усе яны прагныя да чужой працы, жывадзёры і ашуканцы.

Аўтар паказвае, як пранікненне капіталізма ў памешчыцкае землеўладанне разарае саміх памешчыкаў. Спачатку памешчык вымушаны быў прадаваць на корані лес. Прагны купец дзейнічае.

От ходзіць ён гэта, да ўсё дубы ліча,
Як трэба і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся ды дубы абмераў,
У восені выгнаў з тысячу сякераў.
Счысціў пушчу чыста, за пасякі ўзяўся,
Як кабан раз'еўся, ды як пан зазнаўся[4].

Потым памешчык здае ў арэнду маёнтак. Млын купляе прадпрыймальны немец, які нядаўна прыбыў з-за мяжы і прывёз з сабой толькі дзве скрыпкі. Нарэшце, памешчык канчаткова разараецца, прадае за бясцэнак маёнтак, а сам едзе за граніцу. Адлюстроўваючы рэалістычную карціну няўхільнага развіцця капіталізма, якое суправаджалася ўзмацненнем эксплаатацыі працоўных, паэт паказвае, як нядаўні гандляр становіцца купцом, які купляе сабе ў горадзе дом, заводзіць там шыкоўную абстаноўку. Учарашні млынар купляе маёнтак, становіцца буйным вясковым эксплаататарам-прадпрыймальнікам. Ён цяпер — пан яшчэ большы, а «мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы».

Тыповы вясковы гандляр, заправіла ва ўсіх эканамічных і грамадзянскіх справах у вёсцы дадзен паэтам у вершы пра шынкара. Да адкрыцця шынка гэта быў звычайны местачковы абывацель. Ашуканствам, незаконным продажам спіртных напіткаў ён хутка разбагацеў.

Гадкоў са тры пашынкарыў —
Бог яшчэ дзяцей прыдарыў.
Ён прыдбаў кароў з дзесятак,
Панастроіў хляўкоў, хатак,
Купіў коніка, павозку
І стаў панам на ўсю вёску,
У атласах, пры загарку,
Наняў сабе і кухарку[5].

Паэт у рэалістычным плане развівае асноўную ідэю твора аб тым, як капіталістычныя адносіны ўсё глыбей пранікаюць у жыццё і быт вёскі. Аўтар праўдзіва паказвае, што па меры росту багацця шынкара змяняюцца адносіны людзей да яго. Раней ён быў непрыкметным. Людзі праходзілі міма, не заўважаючы яго. Потым ён «стаў першым у хаце госцем». Раней ён першым кланяўся сустрэчнаму, «а цяпер ідучы міма, усякі шапку яму здыме».

Разбагацеўшы на чужой працы, шынкар стаў самай уплывовай асобай у вёсцы. У яго руках уся ўлада.

Тыповы беларускі магнат паўстае з верша «Не усім адна смерць». Гэта памешчык, які вымушаны ходам эканамічнага развіцця ўступіць на шлях капіталізма. Дадатковы прадукт, атрыманы ад эксплатацыі сялян, ён пераганяе ў чыстаган. Па словах паэта, у гэтага крывапіўца было так многа грошай, што, як бульбы ў склепе, ён не мог іх пералічыць.

Адначасова гэта быў тыповы памешчык-прыгоннік з усімі норавамі феадала. Кожнае сваё жаданне ён лічыў ледзь не святым, і чаго-б ні захацеў, людзі павінны былі рабіць — танцаваць, спяваць, іграць і нават плакаць.

У вершы «Аб замучаным дукаце» і «Эпіграме на магната Брублёўскага» аўтар нарысаваў канкрэтны і разам з тым абагулены вобраз буржуя з яго прагнасцю да грошай, крывадушшам і іншымі маральнымі заганамі.

Мілімончык наш Тадэўка,
Гад, на пацеры масцюк:
Як пачуе, дзе ёсць дзеўка,
Дык улезе, як пацук...
Як ён моліцца, то грэша,
Як смяецца — плачуць дзеці,
Як пабожыцца, то брэша,
Як салодкі — кепска будзе[6].

Вобраз прагнага дармаеда, паразіта стварае паэт у вершы «Хцівец і скарб на святога Яна». Заканчваецца гэты верш вывадам, што прагнасць нажыць грошы за кошт працоўных вядзе да пагібелі, праца-ж робіць чалавека высокародным.

Такім чынам, мы бачым, што паэт бязлітасна выкрываў як старых, так і новых эксплаататараў, як памешчыкаў, так прадстаўнікоў капіталізма, які хутка пранікаў у вёску.

Асабліва вялікую ўвагу аддае паэт барацьбе супроць царызма, які быў самым зацятым абаронцам прыгонніцтва. У большасці твораў Багушэвіча праводзіцца дэмакратычная ідэя, што самадзяржаўе — гэта цяжкія ланцугі прыгнёту, гэта аковы, якія стрымліваюць прагрэсіўнае развіццё грамадства, душаць усё перадавое.

Паэт лічыў, што ўся сістэма царызма, пачынаючы ад урадніка, земскага спраўніка, суддзі і канчаючы самім царом — гэта сістэма беззаконня і дзікага свавольства, сістэма казнакрадства і хабарніцтва, бюракратызма, прыгнёту і заняволення працоўных. Заслуга паэта ў тым, што ён адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў ад крытыкі асобных агіднасцей царызма ўзняўся да адмаўлення ўсяго самадзяржаўнага ладу. Гэта лепш за ўсё сведчыць, што паэт знаходзіўся на ўзроўні рэволюцыйна-дэмакратычных поглядаў свайго часу.

Ацэнка Ф. Багушэвічам самадзяржаўя ідэйна супадае з пазіцыяй Н. Дабралюбава, так выразна і поўна сфармуляванай у яго працах «Цёмнае царства», «Што такое абломаўшчына?» і іншых.

Сваю вострую сатыру паэт накіроўвае на барацьбу з беззаконнем, хабарніцтвам, цяганінай. У сатырычным вершы «Як праўду шукаюць» аўтар сцвярджае, што пры самадзяржаўі няма праўды, а ўсюды пануюць хлусня, ашуканства. Не прынесла праўды і рэформа 1861 года. Пасля яе жыццё працоўнага сялянства стала яшчэ больш цяжкім. Паэт гаворыць, што ў грамадстве, дзе дзяржава абараняе інтарэсы эксплаататараў, «простая праўда загінула ў свеце».

Вуснамі селяніна паэт расказвае аб бесчалавечнасці царскіх чыноўнікаў, цяганіне і хабарніцтве, якія прыносяць страшэнныя пакуты простаму чалавеку. Перад вачыма селяніна па шляху з вёскі ў Вільню ў адзін дзень адбываецца цэлы рад злачынстваў: забойства незнаёмага чалавека, пакража каня, гаспадар млына да поўсмерці зацкаваў ні ў чым невінаватую жанчыну, знаходзячы ў гэтым асалоду; па яго-ж віне праз разбураны мост у раку правальваецца карэта з пасажырамі, памешчык выплыў, а фурман патануў. Усе гэтыя злачынствы праходзяць беспакарана. Царскія чыноўнікі за хабар пакрывалі злачынцаў, а ні ў чым непавіннага селяніна доўга цягаюць па судах перш у якасці сведкі, а потым як абвінавачанага.

Выкрываючы судовую цяганіну, Багушэвіч абапіраўся на канкрэтныя шматлікія факты, якія мелі месца ў Беларусі. Тут судовыя справы сялян з памешчыкамі, асабліва па пытанні аб зямлі, разбіраліся доўгія гады і прытым, як правіла, вырашаліся ў карысць памешчыкаў.

Прывядзем толькі адзін прыклад з вялікай колькасці фактаў здзекаў у судах над сялянамі. Так, у часе размежавання зямель у сялян вёскі Мікіціна, Гродзенскай губерні, было адрэзана 107 дзесяцін зямлі ў карысць памешчыка Манюшкі. Пачалася шматгадовая судовая справа. У сваёй заяве ад 18 сакавіка 1871 года на імя начальніка Поўночна-Заходняга краю сяляне пішуць. што «міравы пасрэднік знаходзіцца на баку п. памешчыка Манюшкі, і хаця мы 26 разоў з'яўляліся ў Гродна - у канцылярыю да п. начальніка губерні, апрача бескарыснай перапіскі задавальнення не атрымалі»[7].

Паэт правільна робіць вывад, што ўся сістэма царскай адміністрацыйнай і судовай улады служыць інтарэсам пануючага класа эксплататараў. Беззаконне, бюракратызм і хабарніцтва царскіх чыноўнікаў абрабоўвалі да ніткі простага чалавека, які хацеў знайсці праўду. Так здарылася і героем верша «Як праўду шукаюць». Вось радкі, у якіх ярка раскрываецца трагедыя шукальніка праўды:

І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць,
У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць;
І што меў, то прадаў, пераеў,
Па судах агалеў, як шэсць раз пагарэў;
І ў казе адсядзеў нядзель шэсць,
За няяўку плаціў можа тройчы і штраф.
Як на тое-ж і праўда схавалася дзесь,
А, шукаўшы яе, і мне здарыўся траф[8]

У такім-жа духу напісаны і сатырычны твор «У судзе», дзе паэт высмейвае судовую справу царскай Расіі, паказваючы, што суд, пракуратура і адвакатура імперыі стаялі на абароне інтарэсаў памешчыкаў і капіталістаў. Герой верша «У судзе» Пятрок Пантурка за тое, што гнаў самагонку, па даносу акцызніка быў асуджаны да заняволення. Паэт характарызуе акцызніка як ашуканца, хабарніка, прыгнятальніка працоўных. Вось як паказвае паэт адносіны акцызніка да Пантуркі:

А акцызнік Яськоў браў з яго кубана[9]
Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана.
І акцызнік той быў, прысягаўся і ён.
Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,
Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,
Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла...
А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,
А таго ж не сказаў, як Пантурку даіў[10].

Багушэвіч вуснамі героя твора, селяніна, ад імя якога вядзецца апавяданне, трапна высмейвае ўвесь судова-пракурорскі апарат. Пракурор -гэта чэрствы, азвярэлы чыноўнік. Адсутнасць аргументаў і доказаў ён замяняе лаянкай «як скаціна раве». Намаганнямі пракурора і акцызніка селяніна Пантурку давялі да жабрацтва. За даўгі прадалі ўсю яго гаспадарку — дзве казы, сярмягу, калёсы, а самаго пасадзілі ў турму.

Рэзка крытыкуе паэт адвакатаў царскага суда. Замест таго, каб дапамагчы суду разабрацца ў акалічнасцях і ўстанавіць ступень сапраўднай віноўнасці, адвакат заблытаў справу.

У заключэнне верша «У судзе» паэт з горыччу піша, што ў царскай Расіі працоўны чалавек не быў гарантаваны ад таго, што без усялякай віны ён можа апынуцца ў турме. Гэтую-ж ідэю аб адсутнасці ва ўмовах самадзяржаўя недатыкальнасці асобы паэт больш глыбока раскрывае ў творы «Кепска будзе». Герой гэтага твора Аліндарка ўвасабляе ў сваім лёсе лёс беларускага сялянства, якое пакутвала ад соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Аліндарка-сумленны, мужны, свабодалюбівы чалавек. Ім радуецца айчым, які выгадаваў і выхаваў Аліндарку, даўшы прытулак круглай сіраціне. Але вось раптам Аліндарку западозрылі ў дэзерцірстве. У хату ўрываецца ўраднік і пачынае допыт:

«А лет сколькі?» - той пытае.
«Дваццаць, кажа, мусіць мае!»
«А зваць як?» - «Ды, Каліндарка!»
Ўраднік піша ўсё шпарка:
Як радзіўся, гдзе хрысціўся...
Пісаў, пісаў, ды паехаў![11]

Ні ў чым невінаватага, сумленнага Аліндарку збіваюць да поўсмерці, арыштоўваюць і кідаюць у турму. Няма межаў злачынствам царскіх чыноўнікаў-такі вывад робіць аўтар. Спроба Аліндаркі абараніцца ад пабояў асэсара выклікае ў паэта глыбокае спачуванне. Ён разумее, што на сілу трэба адказваць сілай. Аліндарку прад'яўляюць жахлівыя абвінавачванні як злачынцу.

А у марцы шлюць бумагу,
Каб дастаўлена брадзягу,
Супраціўніка уласці,
Улажэнне першай часці,
Што мянуецца «Ліндорам»
Ды шчэ б'ецца з асесорам.
Ды каб быў ў ланцуг закуты,
На нагах каб былі путы,
Праважацелі каб строгі,
Каб не сходзілі з дарогі[12].

У сатырычнай паэме «Кепска будзе» і ў палітычнай сатыры «У астрозе» паэт робіць глыбокія соцыяльна-палітычныя абагульненні. Памешчыцка-буржуазны лад, па думцы аўтара, гэта гнілая, змрочная турма, яма. Паэт прама называе турму «бацькавай хатай», г. зн. хатай цара-бацюхны. Паэт выхоўвае ў працоўных нянавісць да бясчынстваў царскіх улад. Ён прапагандуе ідэю аб тым, што свабода даражэй за ўсё на свеце. Цяжкае і гаротнае жыццё працоўных у эксплаататарскім грамадстве, дзе працоўны чалавек знаходзіцца быццам бы ў астрожным заняволенні.

А ў астрозе-ж няма волі,
Ні ў чым няма і ніколі!
У жалезе тыя дзверы,
Пры дзвярах стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так, як-бы яшчэ не сыты
Людскіх слёзаў, мукі, енку;
Не гавораць памаленьку,
А усё зыкам, а ўсё з лайкай,
А усё з боем, ўсё з нагайкай[13]

У сатырычным вершы «У астрозе» аўтар ускрывае злачыннасць усёй сістэмы царызма. Гэта ўбачыў і цэнзар, які праз восем год пасля смерці паэта ўзбуджаў супроць яго судовую справу. Пра верш «У астрозе» цэнзар пісаў: «Прыведзены верш узбуджае рэзкую і жорсткую варожасць не толькі да асобных прадстаўнікоў улады, але і наогул да ўсяго правячага класа, як яўна непрыгоднага і непатрэбнага і апіраючагася на законы... несправядлівыя і супроцьлеглыя інтарэсам сялянскай масы. Злачыннае дзеянне гэта прадугледжана п. 6, арт. 129 Крымінальнага Улажэння»[14].

У вобразе ўрадніка, гэтага тыповага прадстаўніка царскіх улад, нагадваючага чэхаўскага унтэра Прышыбеева, паэт выкрывае царскі дзяржаўны апарат.

Працоўны народ ненавідзеў ураднікаў і адначасова здзекліва высмейваў іх. Герой твора «У астрозе», селянін, якога асудзілі за тое, што ён незнарок вывернуў межавы слупок, прама выказвае да ўрадніка пачуццё пагарды і агіды.

Ураднік-жа піша, а я дык смяюся,
Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!»
Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк,
Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так?
Ці можа той кол толькі ёсць твой зямляк?
А можа вялікі якісь быў начал,
Ці спраўнік, ці большы яшчэ генерал?[15]

Асабліва гнеўна гучыць матыў пагарды працоўных сялян да чыноўнікаў у наступных радках:

Прыблуда! Схавайся, адкуль ты прыйшоў
У нас ужо досыць такіх прыбышоў.
І кожны згніе, бо як кол тут убіўся,
А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся!
А людзі рагочуць, зышоўшыся з хат,
Бо кожны ўтапіць-бы ўрадніка рад[16]

Накопленая стагоддзямі варожасць сялян да царскіх сатрапаў знаходзіць выхад у тым, што сяляне нярэдка распраўляліся з чыноўнікамі, ураднікамі. Пры падтрымцы прысутных герой верша «У астрозе» смела распраўляецца з ураднікам.

Я-ж біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў,
Урадніку тройчы як дам між вушоў!
Аж ён закрычаў: «Калавур, тут разбой!»
І зноў запісаў, ўзяў паперы з сабой,
Як сеў на каня, дый аж пыл закурэў,
Народ-жа са смеху увесь аж памлеў[17]

Па думцы сялян, ураднік - труцень, які жыве за кошт народа, а адсюль вывад, што трутняў трэба знішчаць.

Вельмі трапная характарыстыка ўрадніка і яго бясчынстваў дадзена ў словах сялян, калі яны адказвалі высокаму начальніку, за што адлупцавалі ўрадніка:

За тое, мы кажам, што надта ён ласы,
Што любе яешню, курэй і каўбасы;
Унадзіўся надта ён лазіць па хатах
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах:
Свіннёй гаспадарыць у нашым гародзе,
Праз дзверы улазе, праз вокны выходзе;
Ды надта цікавы, каторы што мае,
Не то што у свірны, ў кішэнь заглядае;
На полі слупкі-і да іх яму наўда,
Таго-ж не утаропе, гдзе крыўда, годзе праўда[18].

У вершы «У астрозе» ўзнімаюцца вельмі важныя соцыяльна-палітычныя пытанні, у тым ліку і аб характары законаў памешчыцка-буржуазнага ладу краіны.

Вядома, што рэформа 1861 года ўяўляла сабой крок па шляху ператварэння Расіі ў буржуазную манархію. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў законадаўстве. Земская і судовая рэформа 1864 года, гарадская рэформа 1870 года, ваенная рэформа 1874 года-такія мерапрыемствы па ператварэнню феадальнай манархіі ў буржуазную.

Асновы буржуазнага права і яго прынцып «роўнасці ўсіх перад законам» фармальна знайшлі свой адбітак у судовай рэформе 1864 года. Па гэтай рэформе ўводзіліся суд прысяжных засядацеляў, адвакатура і інстытут судовых следчых. Была рэарганізавана пракуратура. Судовыя справы вяліся на буржуазна-дэмакратычных асновах публічнасці, вуснасці і спрэчнасці працэсу. Разам з тым буржуазна-судовая рэформа захавала многія перажыткі саслоўнага феадальнага суда, у іх ліку сялянскія суды, суды для духоўных асоб і саслоўна-дваранскі склад судовых органаў.

Ф. Багушэвіч выкрывае крывадушнасць прынцыпу буржуазнага права «роўнасці усіх перад законам». Гэты прынцып на справе з'яўляецца здзекам над працоўнымі, мішурой, якая прыкрывае панаванне памешчыкаў і капіталістаў.

Адказваючы вуснамі героя верша «У астрозе» на бясчынствы ўлад, паэт ускрывае сапраўдны характар законаў царскай Расіі,

Зачыншчык-жа я, — або я той калок
Спаліў, а другіх я ў бунт увалок;
Дык мяне ў астрог той жа час запярці
І судзіць найстражэй па вялікай стацці!
Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца,
Ён з нашага брата і з праўды смяецца;
У законе-ж ўсе роўны-і пан і мужык,
А што-ж то ураднік за велькі індык?
Як ён каго трэсне, дык гэта нічога,
Яго-ж не даткні, так, як Юр'я святога![19]

На паперы запісана, што ў законе ўсе роўныя - і памешчык, і селянін, і капіталіст, і рабочы. На справе-ж законы царскай Расіі абаранялі інтарэсы эксплаататарскіх класаў.

У пастаноўцы і асвятленні гэтага пытання паэтам адчуваецца моцны ідэйны ўплыў рэволюцыянера-дэмакрата К. Каліноўскага. Паэт робіць правільнае абагульненне, сцвярджаючы, што царскія законы і інтарэсы працоўных, паняцці зусім супроцьлеглыя. Паміж імі такое-ж бяздонне, як паміж днём і ноччу:

Законы-ж, а думачкі нашага брата,
Як ноч, а то - дзень; гэта - будні, то- свята,
Вот гэтых законаў паняць я не мог,
За гэта ж цяпер я папаўся ў астрог[20].

Развіццё перадавой сялянскай грамадска-палітычнай думкі праходзіць у вострай барацьбе з дваранска-буржуазнай ідэалогіяй. Рэакцыйная ідэалогія эксплаататараў прымушала рабочых і сялян падначальвацца антынародным царскім законам. Ідэолагі эксплаататараў імкнуліся тэарэтычна абгрунтаваць класавую няроўнасць і эксплаатацыю чалавека чалавекам. Такім ідэолагам рэакцыі ў Беларусі быў сучаснік Багушэвіча А. Ельскі, які пісаў: «Сам бог узаконіў падзел людзей. Ні сілай, ні здароўем, ні ве кам, ні маёнткам, ні становішчам, ні ўласнасцю не будуць людзі роўнымі, бо гэта ўзаконіў сам бог»[21]

Багушэвіч змагаўся супроць падобных рэакцыйна-містычных выказванняў.

Такім чынам, можна бачыць, што паэт вёў непрымірымую барацьбу не супроць асобных парадкаў самадзяржаўя, а супроць усяго грамадскага і дзяржаўнага ладу. Ён змагаўся супроць царызма і рэштак прыгонніцтва. Гэтая барацьба стаіць у цэнтры яго твораў, у цэнтры яго грамадска-палітычных намераў. Так мог думаць і дзейнічаць толькі палымяны патрыёт, сялянскі дэмакрат, якім быў паэт Ф. Багушэвіч.

Многія творы Багушэвіча прысвечаны барацьбе супроць цемры і невуцтва, у якім знаходзіліся працоўныя масы Расіі. Вінаватымі ў гэтым паэт лічыў памешчыкаў і капіталістаў. Уся грамадская эканамічная абстаноўка таго часу параджала духоўнае заняволенне народных мас Беларусі, як і іншых народаў царскай Расіі. У такіх умовах не дзіўна, што беларускі селянін быў непісьменным. «І не дзіва - было-б дзіва, каб мужык, ды быў вучоны» - піша паэт. Ён бязлітасна высмейвае паклёпніцкія выдумкі прыслужнікаў самадзяржаўя ў тым, што сяляне быццам-бы ад прыроды разумова адсталыя. Багушэвіч ускрывае сапраўдную прычыну, чаму сяляне былі асуджаны на невуцтва. Селяніну трэба было працаваць на полі, здабываць кавалак хлеба. Цяжкая фізічная праца адбірала ўсе сілы, атупляла чалавека. З боллю ў сэрцы піша паэт пра мужыка:

Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, загараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся.
Ведама, мужык- хамула —
Ад навукі адвярнула![22]

Праблему асветы народа, значэнне асветы ў грамадскім жыцці і ролю інтэлігенцыі У гэтай справе Багушэвіч ставіць у вершы «Не цурайся». І ў гэтым вершы паэт паказвае, што навука служыць у царскай Расіі толькі багатым, толькі яны маюць сродкі і час, каб карыстацца здабыткамі культуры і навукі, што-ж датычыць простых людзей, сялян, то яны вымушаны займацца фізічнай працай. Яны, Як гаворыць Багушэвіч, «знаюць толькі загон ды саху, і жывуць, каб касіць ды араць».

Паэт робіць глыбокія абагульненні, паказваючы падзел буржуазнага грамадства на людзей разумовай і фізічнай працы, бачачы глыбокія супярэчнасці паміж імі. У вершы «Не цурайся» Багушэвіч з болем у сэрцы адзначае, што людзі разумовай працы пагардліва адносяцца да працоўных-людзей фізічнай працы, цураюцца іх. Багушэвіч-жа ўслаўляе іх працу, паэтызуе, паказвае іх чалавечную годнасць і высокароднасць, перавагу перад памешчыцкай і буржуазнай інтэлігенцыяй. Іменна працоўныя ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці. Як гаворыць паэт, селянін можа сваёй працай «свет карміць, гадаваць». Прысвячаючы сваю музу працоўнаму народу, паэт ад імя яго дакарае інтэлігенцыю, якая адарвалася ад народа, не бачыла яго бядот і пакут.

Каб умеў кіраваць я пяром, —
Я-бы ксёнжкі счыркаў, як папар,
Я-б аб тым, як мы сеем, аром,
І як косім, і жнем божы дар.
Можа-б ты прачытаў той грымзол[23]
І да працы набраў-бы ахвоты,
Шанаваў-бы мужыцкі мазоль,
Не чураўся б мужыцкай бядоты,
І падаў-бы руку мне, сляпому,
І давёў-бы мяне да дарогі;
Не блудзіў-бы і я сярод лому
І калючак, што раняць мне ногі![24]

У вершы «Не цурайся» паэт асвятляе рад грамадска-палітычных пытанняў і ў першую чаргу пытанне аб ролі навукі і літаратуры ў грамадскім жыцці. Літаратура, лічыў паэт, павінна служыць інтарэсам працоўнага народа, справе грамадскага развіцця, вызвалення працоўных ад эксплаататарскага прыгнёту. Багушэвіч ставіць пытанне аб стварэнні беларускай літаратуры для народа, якая-б услаўляла самаадданую працу людзей, выхоўвала да іх саміх любоў і павагу.

Адначасова паэт разглядае пытанне аб ролі інтэлігенцыі ў грамадскім развіцці, памылкова лічачы яе адзінай сілай, якая быццам можа вывесці сялянства на светлы шлях вызвалення ад царызма.

Паэт бачыў, што ў народзе расце ўсведамленне свайго прыгнечанага становішча. Само жыццё вучыла чалавека разуменню акружаючай абстаноўкі. Сваёй творчасцю Багушэвіч імкнуўся садзейнічаць абуджэнню свядомасці ў народных масах, распальванню у іх нянавісці да эксплаататараў.

Рост свядомасці працоўных, народную мудрасць беларускіх сялян паэт паказвае ў вершы «Воўк і авечка». У вобразе воўка ў авечай шкуры паэт разумее ліберала, абаронцу інтарэсаў эксплаататараў, які прыкідваецца добрадзеем працоўнага народа. Высмейваючы лібералаў за іх антынародныя справы і саладжавыя пропаведзі, паэт ад імя народа заяўляе:

Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыйдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, між вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я-ж па-воўчу не умею
Ні выць, ні есці, ні лгаць.
Дык скінь шкуру, дабрадзею,
Бо... зубкі відаць.
І авечка, хоць дурная,
А ваўка-ж пазнае![25]

Творы Багушэвіча адлюстроўвалі моцныя і слабыя бакі сялянскай барацьбы. Яны, з аднаго боку, паказваюць тую бязмежную нянавісць сялян да эксплаататарскага ладу, да памешчыкаў-прыгнятальнікаў, што накапілася стагоддзямі, а з другога - адсутнасць разумення шляхоў вызвалення ад прыгнёту. Сяляне гатовы на рашучае знішчэнне прыгнёту, яны хацелі-б стварыць справядлівае грамадства роўнапраўных грамадзян. Аднак паэт сам цьмяна ўяўляў шляхі стварэння будучага грамадства. Гаворачы пра такое грамадства, паэт выказвае пажаданне, «каб уся зямелька адну праўду мела». Далей такіх неакрэсленых і расплыўчатых палітычных ідэалаў паэт не ішоў.

Слабасцю светапогляду паэта было тое, што, змагаючыся за свабоду народа, паэт не разумеў, хто павінен быў узначаліць сялянскую барацьбу. Не даваў на гэтае пытанне адказу і сялянскі рух у Расіі і ў тым ліку ў Беларусі ў канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя.

Мы ведаем, што гэты час на арэну палітычнай барацьбы ўжо выступіў пролетарыят, самы рэволюцыйны і самы перадавы клас грамадства. Але да канца жыцця паэт не зразумеў гістарычнай ролі пролетарыята. Класавая абмежаванасць сялянскага дэмакрата да таго моцна адчуваецца, што паэт зусім упусціў са свайго поля зроку існаванне рабочага класа. Пры тым паэт пераацэньваў гістарычную місію сялянства, лічачы яго адзінай прагрэсіўнай сілай грамадства.

Погляды Багушэвіча на ролю сялянства і інтэлігенцыі ў гістарычным працэсе сугучны поглядам рускіх рэволюцыйных дэмакратаў. Вядома, што яны таксама пераўвялічвалі гістарычную ролю сялян і інтэлігенцыі.

Толькі марксізм-ленінізм змог даць ясны адказ, указаць шлях вызвалення працоўных ад эксплаататарскага гнёту. Грунтуючыся на рэальных выніках грамадскага развіцця, класікі марксізма-ленінізма паказалі, што сяляне ў сілу сваіх умоў жыцця не маглі самі давесці барацьбу да пераможнага канца, што гэтая барацьба будзе паспяховай толькі тады, калі ёй будзе кіраваць рабочы клас. Жыццё поўнасцю паказала вялікую сілу ідэі аб саюзе рабочага класа і сялянства, аб гегемоніі пролетарыята ў рэволюцыйнай барацьбе.

Разгледзім погляды Ф. Багушэвіча па нацыянальнаму пытанню. Нацыянальнае пытанне ў творах паэта ўзнімаецца заўсёды ў непарыўнай сувязі з пытаннем соцыяльным. Ускрываючы соцыяльны прыгнёт працоўных мас Беларусі, паэт адначасова стварае змрочную карціну нацыянальнага прыгнёту беларускага народа.

У парэформенны перыяд прадаўжаўся працэс складвання беларусаў у нацыю, росту іх нацыянальнай самасвядомасці нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У той час нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі, па вызначэнню В. І. Леніна, быў жывой і прагрэсіўнай з'явай. Тут адбываўся актыўны працэс абуджэння мас «да авалодання роднай мовай і яго літаратурай (а гэта неабходная умова і спадарожнік поўнага развіцця капіталізма, поўнага пранікнення абмену да апошняй сялянскай сям'і)»[26].

Як гаворыць В. І. Ленін, тады пад лозунгам «абароны бацькаўшчыны» разгортвалася нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народа, якая была тут «абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супроць прыгнятаючых нацый, супроць сярэдневякоўя»[27].

Барацьба Багушэвіча супроць нацыянальнага прыгнёту беларусаў з боку царызма, за іх нацыянальную свабоду мела прагрэсіўны характар, бо гэта была барацьба ў абарону дэмакратыі, роднай мовы і палітычнай свабоды беларускага народа. У духу рускага революцыйнага дэмакратызма паэт змагаўся за нацыянальную свабоду і права кожнага народа самому вызначаць свой лёс. Творчасць паэта прасякнута глыбокімі патрыятычнымі ідэямі. Сваімі творамі «Мая хата», «Праўда», «Думка», «Хмаркі», «Свая зямля» і іншымі паэт выхоўваў чытача ў духу нянавісці і нецярплівасці да ўсякага нацыянальнага прыгнёту, у духу развіцця нацыянальнай самасвядомасці і патрыятычных пачуццяў.

Імкненнем узняць нацыянальную самасвядомасць беларускага народа, знайсці яго сапраўднае месца ў сям'і славянскіх народаў і абараніць яго ад нацыянальнага прыгнёту прасякнута прадмова Багушэвіча да зборніка «Дудка беларуская». У гэтай прадмове паэт гаворыць, што беларусы з'яўляюцца асобнай нацыяй у сям'і братніх славянскіх нацый. Беларуская нацыя, нягледзячы на шматвяковы нацыянальны гнёт, захавала сваю нацыянальную мову, культуру. Аўтар «Дудкі беларускай» выступае супроць палітыкі дэнацыяналізацыі беларусаў, якую якую праводзіў царскі ўрад. Паэт заклікае чытачоў не забываць роднай беларускай мовы. У прадмове да «Дудкі беларускай» Багушэвіч гаворыць:

«Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, потым зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы: хто якую носе; ото-ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы»[28].

Як відаць з прыведзенай выпіскі, паэт лічыў нацыянальную мову ўмовай або адзнакай нацыі. Дастаткова народу страціць сваю нацыянальную мову, каб ён перастаў існаваць як нацыя. Каб нацыя расла і развівалася, неабходна свабода роднай мовы. Паэт разумее, што нацыянальная мова з'яўляецца формай духоўнай культуры. Ён вёў барацьбу супроць дваранска-буржуазнага нацыяналістычнага і шавіністычнага паклёпу на беларускую мову як быццам бы мову адсталую, некультурную, «мужыцкую».

Прыніжэнне і праследаванне беларускай мовы на працягу раду стагоддзяў спачатку з боку польскай шляхты, а потым царскіх шавіністычных чыноўнікаў садзейнічала ўкараненню памылковага погляду на родную мову і ў асяроддзі некаторай часткі беларускай інтэлігенцыі. Гэтыя заблуджэнні паэт ускрывае ў прадмове да з зборніка «Дудка беларуская». Сваю прадмову Багушэвіч пачынае наступным зваротам:

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова і толькі таго»[29]. І паэт гаворыць, што беларуская мова такая-ж роўнапраўная, як і мовы многіх іншых народаў. Ён выкрывае бязглуздыя выдумкі буржуазна-дваранскіх ідэолагаў, што быццам бы існуюць асобныя панская і сялянская мовы.

Паэт напамінае, што нават у далёкія, цяжкія для нашага народа часіны, калі Беларусь была ў складзе Літвы, беларускай мовай карысталіся не толькі народныя масы, але і пануючыя эксплаататарскія класы. «Чытаў я, піша Багушэвіч, — ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму назад пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як-бы во цяпер пісалася»[30].

Правільнае тлумачэнне гэтаму факту дае К. Крапіва. У дакладзе на пленуме праўлення ССП БССР ён гаварыў: «Своеасаблівы стан беларускай мовы ў часы Вялікага Літоўскага княства характарызуецца тым, што яна стала афіцыяльнай пісьмовай мовай. На ёй вялася дыпламатычная перапіска, пісаліся дзяржаўныя законы і грамадзянскія акты. Тлумачыцца гэта, відавочна, тым, што ў літоўцаў у той час яшчэ не было свае пісьменнасці.

Зразумела, што беларуская мова, як афіцыйная пісьмовая, не магла праследавацца з боку літоўскіх князёў. Стварыліся пэўныя ўмовы для развіцця беларускай пісьменнасці. Вось гэту акалічнасць буржуазныя нацыяналісты ўзвялі ў абсалют і сталі называць літоўскі перыяд у гісторыі Беларусі залатым векам. Ідэалізуючы мінулае беларускага народа ў супроцьлегласць сучаснаму, яны свядома ігнаравалі тую акалічнасць, што простаму народу, прыгоннаму сялянству, цалкам непісьменнаму, жылося ад гэтага ніколькі не лягчэй»[31].

У сілу таго, што царызм праследаваў і забараняў беларускую мову, больш чым васьмімільённы народ на працягу стагоддзяў быў пазбаўлены магчымасці мець сваю нацыянальную культуру.

Багушэвіч выкрывае агідную ролю беларускай касмапалітычнай феадальна-буржуазнай верхавінкі і некаторай часткі абслугоўваючай яе інтэлігенцыі, якія распаўсюджвалі пагарду да беларускай мовы. Беларускім арыстакратам у поўнай меры былі ўласцівы касмапалітычныя звычкі іх рускіх суродзічаў, так трапна ўскрытыя І. В. Сталіным у яго працы «Марксізм і пытанні мовазнаўства».

Касмапалітызм эксплататарскіх класаў Багушэвіч выкрывае і ў іншых сваіх творах. Так, у вершы «У астрозе» паэт словамі сялян выказвае нянавісць да тых, хто прадаваў іншаземцам радзіму, хто цураўся свайго, роднага.

Лгуць бабы, што біскупа вернуць ізноў,
Ці можа біць розгамі будуць паноў,
За тое, што немцам усё прадалі,
І надта пашмат што даўгоў завялі:
У банках усе аж па вушы сядзяць;
Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць...[32]

Зацятыя ворагі беларускага народа, «буржуазныя нацыяналісты Луцкевіч, Станжевіч і К°, фальсіфікуючы гісторыю, нахабна паклёпнічалі на Багушэвіча, абвінавачвалі яго у сепаратызме, у варожасці да Расіі. А. Цвікевіч прыпісваў паэту «культурны» сепаратызм. Верх агіднага паклёпу належыць ворагу беларускага народа А. Луцкевічу, які сцвярджаў, што быццам-бы Багушэвіч быў гарачым прыхільнікам аднаўлення Польшчы ў межах 1772 года, уключаючы туды і Беларусь. Выдуманую неіснуючую сімпатыю паэта да буржуазнай Польшчы Луцкевіч тлумачыць такой-жа выдуманай, неіснуючай антыпатыяй паэта да Расіі. Характэрна, што калі Цвікевіч абвінавачвае паэта за ідэю самастойнасці, сепаратызма, якой у творчасці паэта не існавала, то Луцкевіч сцвярджае, што Багушэвіч нават і не ўяўляў сабе самастойнасці Беларусі. Так паклёпнікі ў сваёй хлусні прыйшлі ў тупік супярэчнасці.

Толькі ў совецкіх умовах, дзе наш народ пад кіраўніцтвам Комуністычнай партыі даказаў, што ён з'яўляецца адзіным гаспадаром усяго лепшага, перадавога, адзіным спадчыннікам і распаўсюджвальнікам слаўных традыцый мінулага, дадзена правільная ацэнка і тлумачэнне творчасці Багушэвіча, спадчына якога ўваходзіць у скарбніцу лепшых здабыткаў беларускага народа.

Адстаяўшы творчасць Багушэвіча як ад беларускіх буржуазных нацыяналістаў, так і ад вялікадзяржаўных шавіністаў, наша літаратуразнаўства даказала, што паэт быў ворагам як польскіх, а таксама рускіх і беларускіх памешчыкаў і капіталістаў, ворагам усяго самадзяржаўя. Дарэмнымі былі намаганні буржуазных нацыяналістаў вытлумачыць барацьбу Багушэвіча супроць царызма як барацьбу супроць усяго рускага народа. Багушэвіч ніколі не атоесамляў царызм і рускі народ.

Патрыятызм, любоў да свайго народа спалучаліся ў паэта з павагай да іншых народаў. У прадмове да «Дудкі беларускай» ён пісаў: «Ці-ж ужо нам канешне толькі ў чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю».

Патрыятызм Багушэвіча быў сапраўдным, дзейсным патрыятызмам, да якога цалкам можна аднесці характарыстыку, дадзеную гэтаму высокароднаму пачуццю Н. А. Дабралюбавым: «Патрыятызм жывы, дзейсны іменна і адрозніваецца тым, што ён выключае ўсякую міжнародную Варожасць... Сапраўдны патрыятызм, як прыватнае праяўленне любві да чалавецтва, не ўжываецца з непрыязнасцю да асобных народнасцей»[33].

Барацьбе за свабоду і роўнапраўе беларускай мовы сярод моваў іншых народаў Багушэвіч прысвячае прадмову да зборніка «Смык беларускі» і верш «Праўда».

У гэтай прадмове паэт ухваляе пазіцыю па пытанню аб мове, выкладзеную ў зборніку «Дудка беларуская», зноў падкрэсліваючы, што няма ніякіх падстаў лічыць беларускую мову «мужыцкай». Беларуская мова можа і павінна стаць роўнапраўнай мовай сярод іншых нацыянальных моваў.

У гэтым плане вельмі цікавыя думкі паэта аб роднай мове, выкладзеныя ў вершы «Праўда»:

Ой, нашто-ж мне дана тая мая мова,
Як я не умею сказаць тое слова,
Каб яго пачулі, каб яго пазналі,
Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі;
Каб і разыйшлося то слова па свеце,
Як праменне сонца цёплага ў леце,
Каб на тое слова ды людцы зрадзелі.
Так як тыя дзеткі на святой нядзелі[34].

Такія выказванні паэта прасякнуты рэволюцыйным дэмакратызмам і патрыятызмам, які арганічна ўключае ў сябе любоў і павагу да іншых народаў.

Важнейшай задачай перадавой беларускай літаратуры паэт лічыў аб'еднанне працоўных розных нацыянальнасцей для барацьбы супроць агульнага ворага - самадзяржаўя. У вершы «Праўда» Багушэвіч

пісаў:

Каб-жа тое слова ды людцоў з'еднала,
Каб на тое слова ворагаў не стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся б доляй і хлеба шматамі;
А без таго слова я — нямы калека![35]

Як сугучны гэтыя думкі Багушэвіча вялікай веры ў братэрства народаў, якую выказваў у сваіх творах А. С. Пушкін, які марыў, што ў будучым «народы, распри позабыв, в великую семью соединятся».

Светлыя мары перадавых людзей Расіі ажыццявіліся ва ўмовах новай гістарычнай рэчаіснасці, ва ўмовах совецкага ладу, дзе ўсе народы, незалежна ад іх нацыянальнага паходжання, з'яўляюцца роўнапраўнымі суверэннымі, дзе дружба паміж народамі з'яўляецца вялікай рухаючай сілай грамадскага развіцця.

Цікава, што ў барацьбе за роўнапраўе беларускай мовы Багушэвіч прадпрымаў рад практычных мер. Звяртаючыся да сялян, ён гутарыў з імі па-беларуску. Ён запісваў трапныя словы, выразы і выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Ён меў намер выдаць беларускі слоўнік, але ажыццявіць гэта паэту не удалося. Захавалася сведчанне, што нават з польскім магнатам Чапскім, які пагардліва, па-нацыяналістычнаму адносіўся да беларускай мовы, Багушэвіч гутарыў па-беларуску. Адказваючы на зададзеныя Чапскім на польскай мове пытанні па-беларуску, Багушэвіч падкрэсліваў тым самым, што беларуская мова не горш іншых нацыянальных моваў, што на гэтай мове могуць гутарыць і сяляне, і інтэлігенты, і памешчыкі.

На сваёй роднай мове Багушэвіч стварыў рад выдатных рэалістычных твораў, якія залажылі аснову крытычнага рэалізма ў беларускай мастацкай літаратуры.

Натуральна, што Багушэвіч у сілу адсталасці грамадскіх адносін у Беларусі не мог узняцца да матэрыялістычнага разумення жыцця. Будучы далёкім ад марксізма, ён не мог даць навуковай трактоўкі соцыялагічных праблем і ў тым ліку нацыянальнага пытання. Апрача таго, на выказваннях паэта па нацыянальнаму пытанню ляжыць пячатка слабасці і класавай абмежаванасці. Нават у сваёй тэрміналогіі ён ніколі не карыстаецца словамі «нацыя», «нацыянальная мова», замяняючы іх словамі «народ», «народная мова».

У пытанні паходжання мовы Багушэвіч стаяў на ідэалістычных пазіцыях, заяўляючы, што «наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная, як і другім добрым людцам»[36].

Матэрыялістычная-ж тэорыя тлумачыць, што мова адносіцца да грамадскіх з'яў, якія дзейнічаюць за ўвесь час існавання грамадства. Мова нараджаецца з нараджэннем і развіццём грамадства. Яна памірае разам з смерцю грамадства. Таму мову і законы яе развіцця можна зразумець толькі ў тым выпадку, калі яна вывучаецца ў непарыўнай сувязі з гісторыяй грамадства, з гісторыяй народа, якому належыць вывучаемая мова і які з'яўляецца творцам і носьбітам гэтай мовы.

Абмежаванасцю светапогляду Багушэвіча можна вытлумачыць глыбока памылковую ацэнку ім гістарычнага мінулага Беларусі, дадзеную ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская». Разважанні паэта аб тым, што Беларусь была «ў сярэдзіне Літвы, як зерне ў гарэху» сведчыць аб тым, што ён быў не свабодны ад успрыняцця яўна памылковага сцверджання аб быццам-бы «залатым веку» беларускага народа у перыяд XIV—XVI стагоддзяў.

У сапраўднасці-ж перыяд XIV-XVIII стагоддзяў з'яўляецца найбольш змрочным перыядам у гістарычным развіцці Беларусі. «Народныя масы Беларусі на працягу 500 год цярпелі на сабе ўсё больш узрастаўшы прыгнёт не толькі беларускіх, але і літоўскіх і польскіх феадалаў-прыгоннікаў. Пры гэтым прыгнёт феадальны дапаўняўся і абцяжарваўся прыгнётам нацыянальным і рэлігійным.

... у часы Вялікага княства Літоўскага становішча сялянскіх мас Беларусі вельмі рэзка пагоршылася. Па гэтаму ўжо аднаму думка беларускіх нацыяналістаў аб тым, што пад уладай літоўскіх князёў бе ларускі народ перажываў «залаты век» сваёй гісторыі, з'яўляецца самым несум ленным скажэннем гістарычнай рэчаіснасці, здзекам над беларускім народам і яго гісторыяй»[37].

Пры ўсёй слабасці і абмежаванасці светапогляду Багушэвіч да канца свайго жыцця горача любіў свой народ і заставаўся верным яму.

Як і рускія рэвалюцыйныя дэмакраты, Багушэвіч ненавідзеў прыгонніцтва, вёў барацьбу супроць памешчыцкага землеўладання і самадзяржаўя, як самых буйных перажыткаў у эканамічнай і палітычнай галіне. Па-другое, Багушэвіч, як і рускія рэволюцыянеры-дэмакраты, страсна абараняў інтарэсы народных мас і перш за ўсё сялян. Па-трэцяе, паэт быў палымяным абаронцам асветы народных мас. Да яго ў поўнай меры можна аднесці ленінскую характарыстыку рускага асветніцтва. «Гэтыя тры рысы, — пісаў Ленін, — і складаюць сутнасць таго, што ў нас называюць «спадчынай 60-х гадоў», і важна падкрэсліць. што нічога народніцкага ў гэтай спадчыне няма. Ёсць нямала ў Расіі пісьменнікаў. якія па сваіх поглядах падыходзяць пад указаныя рысы і якія не мелі ніколі нічога агульнага з народніцтвам. Пры наяўнасці ў светапоглядзе пісьменніка ўказаных рыс, яго заўсёды і ўсе прызнаюць «захаваўшым традыцыі 60-х гадоў», зусім незалежна ад таго, як ён адносіцца да народніцтва»[38].

Сярод нашых літаратуразнаўцаў пануе думка, што Багушэвіч быў паэтам-дэмакратам. Гэтая ацэнка патрабуе ўдакладнення, што ён быў сялянскім революцыянерам-дэмакратам, паколькі паняцце паэтдэмакрат не дае яшчэ акрэсленага ўяўлення яго палітычных пазіцый, бо дэмакратызм, як вядома, бывае буржуазны, дробнабуржуазны або сялянскі і пролетарскі.

Творы Ф. Багушэвіча несумненна выконвалі рэволюцыйную ролю, бо яны выхоўва лі чытача ў духу барацьбы супроць царызма. Як мы ўжо адзначалі, революцыйны дух паэзіі Багушэвіча адчулі царскія чыноўнікі, узбудзіўшы супроць паэта судовую справу. У дакладзе ад 24 кастрычніка 1908 года (больш чым праз восем год пасля смерці паэта) Пецербургскі цэнзурны камітэт на імя пракурора судовай палаты даносіў, што агульная тэндэнцыя твораў абвінавачваемага накіравана на тое, каб паказаць беларускага селяніна пакутуючым ад прыгнёту царскіх улад і памешчыкаў. Цэнзар паведамляў, што творы паэта рэзпроціпастаўляюць бядняцкую частку насельніцтва класу багачоў і знарок унушаюць бедняку, што яго цяжкая праца ідзе на ўтрыманне прыгнятальнікаў з пануючага класа.

Даючы агляд зборніку Багушэвіча «Смык беларускі», цэнзурны камітэт пісаў, што тут «апяваюцца радасці і нягоды жыцця беларускага селяніна, а таксама апісваецца становішча паноў, як класа кіруючага, багатага, дармаеднага і прыгнятаючага земляроба-селяніна...

У прыведзеных вершах проціпастаўляюцца адзін аднаму два класы, з аднаго боку сялянская маса, прадстаўленая паднявольнай і прыгнечанай, з другога-ж — паны, паказаныя жорсткімі, маральна нізкімі і грубымі людзьмі, якія выступаюць у ролі камандуючага класа толькі для эксплаатацыі пакорнага народа і для дасягнення ўласнага добрабыту»[39].

Не выпадкова, што творы Багушэвіча нелегальна распаўсюджваліся і зачытваліся на рэволюцыйных сходках і ў студэнцкіх гуртках, а ў часе першай буржуазна-дэмакратычнай рэволюцыі ў Расіі на сходах і мітынгах, побач з чыткай рэволюцыйных пракламацый і адозваў, дэкламаваліся вершы Багушэвіча. Гэта з'яўляецца лепшым сведчаннем дзейснасці, рэволюцыйнасці яго паэзіі.

Спынімся на разглядзе філасофска-эстэтычных поглядаў Багушэвіча.

Гісторыя філасофіі і мастацкай літаратуры наглядна сведчыць, што філасофія і паэзія арганічна звязаны паміж сабой. Кожны пісьменнік мае пэўны светапогляд, г. зн. свае філасофска-эстэтычныя, соцыялагічныя і грамадска-палітычныя погляды. У свой час цікавую думку аб цеснай сувязі паэзіі і філасофіі выказаў вялікі рускі революцыянер-дэмакрат В. Г. Белінскі, які пісаў: «Паэт нашага часу з'яўляецца адначасова і мысліцелем... Паэзія і філасоф.я ужо не толькі не цураюцца адна адной, але няспынна падаюць адна другой руку, каб узаемна падтрымаць сябе, і нават часта да таго змешваюцца адна з адной, што іншы філасофскі твор перш за Усё назавеце вы паэтычным, а паэтычны філасофскім»[40].

Блізкасць філасофіі і паэзіі ў Расіі тлумачыцца яшчэ і спецыфікай грамадска-палітычнага жыцця ў краіне. Справа ў тым, што ва ўмовах самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу, дзе лютаваў цэнзурны тэрор, публіцыстыка, мастацкая літаратура і літаратурная крытыка была трыбунай прапаганды матэрыялістычнай філасофіі. Гэтым і тлумачыцца, чаму вялікія рускія рэволюцыйныя дэмакраты так актыўна працавалі ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі, знаходзячы тут арэну для барацьбы супроць прыгонніцтва.

Характарыстыка, дадзеная агентам III аддзялення Ф. Булгарыным В. Белінскаму як літаратурнаму бунтаўшчыку, які «за неіменнем месца бунтаваць на плошчах» бунтуе у часопісах, у поўнай меры можа быць аднесена і да іншых рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў.

Добра сказаў аб ролі рускай літаратуры ў развіцці філасофскай думкі А. М. Горкі: «У гісторыі развіцця літаратуры еўрапейскай наша юная літаратура ўяўляе сабой фенамен здзіўляючы... Ніхто ў Еўропе не ствараў такіх буйных, усім светам прызнаных кніг, ніхто не тварыў такіх дзівосных прыгажосцей пры такіх невераемна цяжкіх умовах... Наша літаратура — наша гордасць, лепшае, што створана намі як нацыяй. У ей уся наша філасофія, у ёй адлюстраваны вялікія парывы духу»[41].

Сказанае В. Г. Белінскім і М. Горкім аб ролі рускай літаратуры ў развіцці філасофскай думкі мае прамыя адносіны і да беларускай мастацкай літаратуры.

Сапраўды, беларуская паэтычная народная творчасць, публіцыстыка і мастацкая літаратура, асабліва творы Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны адыгралі велізарную ролю ў развіцці беларускай грамадска-палітычнай думкі.

У творах Ф. Багушэвіча асветлены грамадска-палітычныя пытанні, якія маюць вялікае філасофскае значэнне. З'яўляючыся паэтам-мысліцелем, ён глыбока асэнсоўваў і абагульняў з'явы рэчаіснасці.

У 1863 годзе Багушэвіч бунтаваў на плошчах, а потым — у літаратуры, г. зн. палымяна прапагандаваў сваёй паэзіяй ідэі свабодалюбства, ідэі нянавісці да тыраніі, прыгнёту, да ўсяго самадзяржаўнага ладу. Аснову грамадска-палітычных, соцыялагічных і філасофска-эстэтычных поглядаў Багушэвіча складалі яго рэволюцыйна-дэмакратычныя погляды.

Важнейшая асаблівасць філасофскіх поглядаў Багушэвіча, як і рускіх рэволюцыйных дэмакратаў, заключаецца ў тым, што ён разглядае філасофскія пытанні галоўным чынам з пункту гледжання іх значэння для грамадскага жыцця, для барацьбы супроць самадзяржаўя.

Творчасць Багушэвіча дае падставу зрабіць вывад, што ў вытлумачэнні з'яў прыроды ён быў стыхійным матэрыялістам. Ён разумеў і выказваў гэта ў сваіх творах, што знешні свет існуе незалежна ад чалавека і яго свядомасці. Іменна гэты натуральны вывад, які ляжыць у аснове філасофскага матэрыялізма, па думцы В. І. Леніна, уласцівы кожнаму здароваму чалавеку.

Матэрыялістычны светапогляд паэта яскрава праяўляецца ў яго атэізме. Матэрыялізм і атэізм у яго творчасці арганічна звязаны паміж сабой. У гэтых адносінах вельмі характэрнымі з'яўляюцца творы Багушэвіча «Бог не роўна дзеле», «Праўда», «Дурны мужык, як варона», «Як праўду шукаюць», «У судзе», «У астрозе», «Быў у чысцы», «Гора», «Не ўсім адна смерць» і іншыя.

Бог у прадстаўленні Багушэвіча не толькі не ўсемагутны, але і бяссільны. Ён — прычына ўсяго зла на зямлі. Бог і памешчык здзекуюцца над працоўным народам. Дарэмны спадзяванні на бога, гаворыць паэт. Колькі ні прасілі людзі бога дапамагчы ім знайсці праўду, але ўсе просьбы былі марнымі.

Прасіў бога ласкі: «Адвярні ты, божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ніяка стварэнне
Гэтай долі нашай да веку сканчэння!».
Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі[42].

У сваіх разважаннях пра бога і рэлігію Багушэвіч дасціпна высмейвае афіцыйную самадзяржаўна-прыгонніцкую рэлігійную ідэалогію, паказваючы, што эксплаататары выкарыстоўваюць імя бога для прыгнечання народа. Вось прыклад з верша паэта:

Ото-ж і завуць і мяне на той суд —
Вучыць шанаваць і начальства, і кнут,
І слуп, што гніець, стаючы ля дарог.
Бо начал, кнут і слуп-то даў бог![43]

Так разважае герой твора, трапіўшы без віны ў турму і зразумеўшы, што суд, турма, здзекі - усё гэта прыкрываецца імем бога.

У пытаннях адносін да рэлігіі Багушэвіч стаяў на пазіцыі рускіх рэволюцыйных дэмакратаў, якія разумелі, што царква і царкоўныя служкі з'яўляліся важнейшай ідэйнай зброяй самадзяржаўя і прыгонніцтва, апорай усялякай рэакцыі, душыцелямі свабоды, прагрэсу, культуры. Так Н. Г. Чэрнышэўскі, падкрэсліваючы класавую ролю рэлігіі як духоўнага сродку ашуканства народных мас, гаварыў, што мэта усялякай рэлігіі заключаецца ў прывучэнні галодных і раздзетых да думкі аб тым, што яны вечна павінны быць галоднымі і няшчаснымі. Рэлігія, сцвярджаў Чэрнышэўскі, адпавядае інтарэсам пануючых класаў, а царкоўнаслужыцелі заўсёды прапаведуюць народу такія рэлігійныя настаўленні, якія выгадны існуючым грамадскім і дзяржаўным парадкам.

Багушэвіч, таксама як і рускія рэволюцыйныя дэмакраты, ускрываў цесны саюз царквы з самадзяржаўем, памешчыкамі і буржуазіяй. Паэт гаварыў, што i народ пачынае разумець адзінства пазіцый царквы і самадзяржаўя. Адзін з герояў твора заяўляе: «Асэсар зганяе, здзірае і муча нас... а поп сабе такжа дзярэць з нас». Царква і яе служыцелі, суды і турмы, пасрэднікі і ўправы, сіноды і сенаты агульна прыгнятаюць і эксплаатуюць наРодныя масы. Гэтая думка акрэслена сфармулявана ў вершы «Як праўду шукаюць»:

Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сінод і сенаты,
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты[44].

Не выпадкова сінод, вышэйшую калегіяльную царкоўную ўстанову, паэт паставіў побач з сенатам, палатамі і ўправамі. Гэтым самым падкрэсліваецца, што царква, абагатвараючы царскую земную ўладу і прапаведуючы рэлігійныя настаўленні, адурманівала народ і дапамагала самадзяржаўю прыгнятаць яго. Не выпадкова таксама Багушэвіч у вершы «Не ўсім адна смерць» ставіць побач памешчыка і бога і заключае, што «пана баялісь, як бога». Так было таму, што ўладу памешчыка над селянінам царква прыкрывала і асвячала імем бога.

Побач з папом, прадстаўніком праваслаўнай царквы, паэт ставіў і служыцеляў каталіцызма, іудзейскай рэлігіі. Усе яны аб'едноўваліся сумесна, калі справа ішла аб абароне самадзяржаўя. Так, у вершы «У судзе» паэт паказвае, што на суд, дзе чынілі расправу над сялянамі, разам з чыноўнікамі і памешчыкамі прыйшлі і служыцелі культаў «быў тут ксёндз, быў тут і поп, нават рабін зайшоў».

Натуральна, што саюз самадзяржаўя і царквы падрываў уплыў апошняй сярод народных мас, садзейнічаў росту атэізма.

Следуючы слаўным традыцыям рускіх рэволюцыйных дэмакратаў, Багушэвіч падвяргаў рэзкай крытыцы рэлігійную мараль. Ён бачыў, што яна ў імкненні дагадзіць эксплаататарам прапаведуе цярплівасць і ўседараванне сваім ворагам, пакуты на зямлі і спадзяванні на райскае жыццё пасля смерці, нянавісць да людзей іншай веры. Усё гэта падпарадкоўвалася мэце, каб забіць у працоўных веру ў свабоду, веру свае сілы, у барацьбу.

Высмейваючы дагмат праваслаўнай царквы аб любві да ворагаў, гуманіст Багушэвіч сваімі творамі выхоўваў у чытачоў да іх нянавісць. Ён дасціпна характарызаваў царскага чыноўніка-ката і царкоўнаслужыцеля як суродзічаў.

Адным з дагматаў усялякай рэлігіі з'яўляецца вера ў бяссмерце душы, у тое, што сапраўднае шчасце для чалавека быццам-бы толькі можа прыйсці пасля смерці. Наперакор гэтым павучанням царквы Багушэвіч заклікаў сваіх чытачоў змагацца за паляпшэнне жыцця працоўных на зямлі.

Трэба ўлічваць цяжкасць і складанасць барацьбы ў той час з царкоўнікамі, з рэлігійным фанатызмам, які атручваў душы мільёнаў людзей. Таму, натуральна, Багушэвіч знаходзіў такія формы, якія-б, аднаго боку, ашукалі цэнзуру, не далі прычыну выклікаць прамых рэпрэсій, а, з другога — творы павінны былі паказаць чытачу злачынства папоў, ксяндзоў, рабінаў, сказаць, што за свае злачынствы яны павінны несці пакаранне. Таму зусім зразумела, што гэтыя пытанні паэт вырашае ў плане, як іх вырашае сам народ — у форме паданняў, алегорый, казак. Не выпадкова, што ў вершы «Быў у чысцы», напісаным на аснове народных паданняў, паэт стварае карціну страшэннага пакарання у пекле грэшнікаў. «З мужыкоў тут не надта, каб шмат, а ўсё больш дык багатых паноў», так вызначае аўтар склад насельнікаў пекла. Побач з генералам, памешчыкам, аканомам, станавым заслужаную адплату атрымлівае ксёндз.

Я-ж то думаў, што ксяндзоў тут няма,
Калі зірк! Аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.
А другі - дык вісіць, але як? —
Дык і стыдна мне вам гаварыць,
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць.
А тут баба яго так кляне,
Ды так лае з астатніх-жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я-б яго з свету даўно перавёў[45].

Выкрываючы распусту ксяндзоў і папоў, паэт таксама высмейваў і паказваў шкоднасць абрадаў хрышчэння дзяцей у халоднай вадзе, што часта было прычынай захворванняў і нават смерці.

Але Багушэвіч, бачачы і разумеючы шкоднасць рэлігіі, не разумеў сутнасці яе паходжання, сутнасці класавага яе характару. Тут таксама праявілася абмежаванасць светапогляду паэта.

У барацьбе з рэлігійна-містычнымі поглядамі на мараль, узмацняліся і акрэсліваліся погляды самаго паэта на гэтае пытанне. Багушэвіч, як і рускія рэволюцыйныя дэмакраты, адмаўляў існаванне вечных і нязменных маральных прынцыпаў, прыгодных для ўсіх часоў і народаў, для ўсіх класаў. Багушэвіч бачыў і сцвярджаў у сваіх творах, што кожны клас мае сваю мараль, якая абараняе яго класавыя інтарэсы. Так выводзіў паэт мараль сялянства, якая нараджалася і ўмацоўвалася ў барацьбе супроць прыгоннікаў. Маралі працоўных супроцьстаіць мараль эксплаататараў. Працоўны чалавек у маральных адносінах непараўнальна вышэй, сумленней, чым паны, дармаеды.

Калі паспрабаваць коратка сфармуляваць аснову маральных норм, прапагандуемых Багушэвічам, то яна зводзіцца да таго, што пытанні маралі асвятляюцца плане выхавання нянавісці да эксплаататараў і гарачай любві да чалавека працы. Ідэя працы з'яўляецца вядучай ідэяй этыкі і эстэтыкі паэта.

Мы ўжо адзначалі, што сялянскае пытанне ў творчасці паэта займала галоўнае месца. Аб чым бы ні пісаў ён, яго думкі заўсёды былі прывязаны да цяжкага жыцця заняволеных сялян, да іх барацьбы за паляпшэнне гэтага жыцця. У гэтым быў моцны бок светапогляду і творчасці Багушэвіча, якая адлюстроўвала патрабаванні грамадскага жыцця таго часу, перыяду пасля рэформы 1861 года, калі барацьба супроць рэштак прыгонніцтва і за революцыйнае пераўтварэнне рэчаіснасці сталі фокусам усёй перадавой грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Расіі.

Сялянскае пытанне, а таксама пытанне аб шляхах развіцця парэформеннай Расіі паскаралі размежаванне класавых сіл у краіне. Вакол гэтых праблем прадаўжалася барацьба рэволюцыйна-дэмакратычнай думкі супроць самадзяржаўна-прыгонніцкай і ліберальнай ідэалогіі.

Такі ж малюнак назіраем мы і ў Беларусі. Рэволюцыйна-дэмакратычны або сялянскі этап вызваленчай барацьбы на Беларусі, які ў асноўным супадаў з гэтым-жа этапам Расіі і працягваўся прыблізна з 1861 па 1895 год, характарызуецца тым, што сялянскае пытанне стаіць у цэнтры ўвагі мысліцеляў і грамадскіх дзеячаў гэтага часу. Гэта можна бачыць, калі аналізаваць дзейнасць і творчасць К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча.

Заслуга Багушэвіча ў тым, што ён адлюстроўвае ў сваіх творах рэалістычную карціну жыцця сялянства ў парэформеннай Беларусі, што ён напоўніў свае творы страсным голасам пратэсту супроць прыгонніцтва, светлай верай у лепшае жыццё працоўных. Паэт уславіў працу простага народа, які стварае матэрыяльныя багацці, пераўтварае прыроду, апрацоўвае зям лю і вырошчвае ўраджаі, будуе палацы, чыгункі.

Аднак у эксплаататарскім грамадстве матэрыяльныя багацці, створаныя рукамі працоўных, прысвайваюцца капіталістамі, памешчыкамі, самі-ж стваральнікі багаццяў асуджаны на беднасць, нястачу, невуцтва. Гэтымі ідэямі прасякнуты многія творы паэта і сярод іх выдзяляецца верш «Дурны мужык, як варона». Тут з вялікай сілай паказана трагедыя селяніна, які вымушаны ўсю вясну, лета і восень араць зямлю, сеяць, жаць, касіць, малаціць, а к пачатку зімы ўжо заставацца без хлеба. Ён павінен ісці на пошукі заробкаў, каб здабыць кавалак хлеба, каб дажыць да вясны:

Усю зіму возам цягне
Да вакзалу розна збожжа;
Ногі змерзнуць, сам засмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле вышаў жывы[46].

Працай селяніна збудаваны палацы, а сам ён жыве ў хацінцы на курыных ножках. Селянін пераўтварае прыроду, уласнымі рукамі асушае балоты і насаджае лес. Яго працай створаны тунелі, чыгункі. Але ўсім гэтым карыстаюцца паны, капіталісты, а сам творца павінен галадаць, пакутваць, гібець у беднасці.

Якой сілай гневу, нянавісці, асуджэння несправядлівага соцыяльнага ладу напоўнен рэфрэн верша «Дык крычыце-ж, біце у звоны: дурны мужык, як варона!» Тут Багушэвіч выкрывае памешчыцка-буржуазныя погляды на сялян, паклёпніцкія выдумкі аб быццам бы прыроднай няздольнасці селяніна.

Невырашальнасць супярэчнасцей паміж эксплаататарамі і эксплаатуемымі ў капіталістычным грамадстве, сканцэнтраванне ўсіх багаццяў на адным полюсе — у капіталістаў і памешчыкаў, а беднасці на другім — у рабочых і сялян паэт паказвае ў песні «Гора». Неадступна, няспынна гора праследуе бедняка. І што ён ні рабіў — кідаў гора ў раку, у агонь, прывязваў у лесе, закапваў у зямлі, але немагчыма было пазбавіцца ад гора. Нарэшце, ён вырашыў адвезці гора ў Амерыку: «Склаў я гора ў тарбіну, аж ў Амерыку завёз». Але і гэта не выратавала бедняка. Тут паэт перадаў гістарычную праўду, калі ў пошуках лепшага жыцця з Беларусі сяляне ехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, якую буржуазны друк на ўсе лады расхвальваў як краіну «райскага жыцця». Але ў гэтай краіне прыехаўшыя ў пошуках шчасця траплялі ў страшэннае ярмо здзекаў і эксплаатацыі. Матывы трагізму чалавека, які паехаў у Амерыку ў надзеі на лепшае жыццё, мы бачым і ў вершы «Думка».

Ідэямі сапраўднага гуманізма, што праявіўся ў гарачай любві да працоўнага селяніна і ў нянавісці да царскага самадзяржаўя прасякнуты радкі соцыяльна вострай беларускай песні «Чаго бяжыш, мужычок?», у якой паэт выкрывае важнейшыя заганы і язвы памешчыцка-буржуазнага ладу. Бедняку прыходзіцца цярпець голад, холад, здзекі, пакутваць у невуцтве і бяспраўі таму, што пры царызме няма праўды — «хтось праўду украў».

Высокароднымі ідэямі працы, пашаны працоўнага селяніна і нянавісці да самадзяржаўных сатрапаў напоўнен верш Багушэвіча «Скацінная апека». У гэтым вершы глыбока раскрываецца цынічная сут насць так званых законаў самадзяржаўя трагічнае становішча працоўнага чалавека, лёс якога ва ўмовах царызма быў горшым чым лёс жывёліны, Падумаць толькі, за тое, што селянін сцебануў сваю кабылу пугай, яго схапілі, збілі, кінулі ў турму, аграбілі да ніткі, а пакуль гаспадара трымалі ў турме, кабыла пад апекай здохла з голаду. Страшэнным дакорам у адрас усяго грамадска-палітычнага ладу самадзяржаўя і яго законаў гучаць заключныя радкі верша:

Але біць няможна! Мяне-ж, чалавека,
Збілі, як хацелі, і дабро мне гіне,
І няма апекі нада мной ніякай.
З гэтакай апекі і нас з'ядуць свінні,
Ці мусім зрабіцца куслівай сабакай[47].

Недвухсэнсоўна называе паэт царскіх сатрапаў свіннямі і недвухсэнсоўна прыходзіць да вываду, што для абароны ад гэтых свіней «мы мусім зрабіцца, куслівай сабакай».

Падобны вывад характэрны для многіх твораў паэта, калі ён не заклікае прама да барацьбы, а падводзіць чытача да разумення, што прыгнёту і здзеку неабходна рашуча супраціўляцца. Усё жывое, сцвярджае паэт, любіць свабоду, тым больш да свабоды павінен імкнуцца чалавек:

Як ужо ж скаціна тая,
Або гадзіна праклята,
І та цану волі знае,
Што-ж для нашага-то брата.
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны?[48]

Увасабляючы шматвяковыя думы беларускага народа аб свабодзе, аб гатоўнасці змагацца за яе, паэт вуснамі свайго героя ў вершы «Кепска будзе» заяўляе:

От, здаецца-б, і не еўшы
Быў-бы сыты на свабодзе,
Як той кролік у гародзе.
Тут, здаецца, і сканаў-бы,
За свабоду жыццё-б даў-бы![49]

У заключэнне разгледзім эстэтычныя погляды Ф. Багушэвіча. У паэта няма спецыяльных прац альбо артыкулаў, дзе ён выкладае сваю эстэтычную тэорыю. Самым аб'ектыўным і верным паказчыкам эстэтычных поглядаў паэта з'яўляецца яго творчасць.

Аналіз гэтай творчасці пацвярджае, што Ф. Багушэвіч падзяляў прынцыпы рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтычнай тэорыі.

Навуковай асновай рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі з'яўляўся філасофскі матэрыялізм, які прызнае пяршынства жыцця над мастацтвам. Задача мастацтва, у тым ліку і літаратуры, заключаецца ў тым, каб пры дапамозе мастацкіх вобразаў адлюстраваць жыццё. Пры гэтым літаратура, па думцы рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў, не можа абмежавацца толькі больш альбо менш поўным, адэкватным адлюстраваннем рэчаіснасці. Літаратура павінна служыць інтарэсам прагрэсу і пераўтварэння жыцця ў інтарэсах працоўных.

Даючы азначэнне прыгожага — «прыгожае ёсць жыццё», Н. Г. Чэрнышэўскі падкрэсліваў класавасць эстэтычных паняццяў: «Прыгожае тое, у чым бачым мы жыццё такім, якім павінна быць яно па нашых паняццях; прыгожы той прадмет, які выказвае сабе жыццё або нагадвае нам аб жыцці...» «Добрае жыццё», «жыццё, якім яно павінна быць» у простага народа, заключаецца ў тым, каб сытна есці, жыць у добрай хаце, спаць, колькі хочаш; але разам з тым, у паселяніна ў паняцці «жыццё» заўсёды заключаецца паняцце аб працы: жыць без працы нельга; ды і сумна было-б. Вынікам жыцця ў дастатку пры вялікай працы, якая не даходзіць, аднак, да ператамлення сіл, у маладога паселяніна або сельскай дзяўчыны будзе надзвычай свежы колер твару і румянец на ўсю шчаку — першая ўмова прыгажосці па простанародных паняццях. Працуючы многа, таму будучы моцнай станам, сельская дзяўчына пры сытнай ежы будзе даволі статнай — гэта таксама неабходная ўмова прыгажуні сельскай... Зусім іншая справа свецкая прыгажуня: ужо некалькі пакаленняў продкі яе жылі, не працуючы рукамі; пры бяздзейным жыцці крыві ільецца ў канечнасці мала; з кожным новым пакаленнем мускулы рук і ног слабеюць, косці робяцца танейшымі; неабходным вынікам усяго гэтага павінны быць маленькія ручкі і ножкі. Яны адзнака такога жыцця, якое адно і здаецца жыццём для вышэйшых класаў грамадства — жыцця без фізічнай працы»[50].

Матэрыялістычнае палажэнне рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, якое прызнае прымат жыцця, рэчаіснасці над літаратурай, падзяляў і Ф. Багушэвіч. Само жыццё штурхала, вучыла паэта разглядаць сваю творчасць у непасрэднай залежнасці ад акружаючай рэчаіснасці. Уся яго творчасць сведчыць, што яна грунтуецца на матэрыяльнай аснове.

Багушэвіч разумеў, што матывы яго творчасці залежаць ад умоў жыцця працоўных. У сваім вершы «Мая дудка», дзе раскрываюцца эстэтычныя погляды паэта, ён піша, што як ні імкнуўся прымусіць сябе весела іграць, нічога не атрымлівалася. «Каб-жа гора бог не даў, — я-б вясёла заспяваў» — гэтыя словы з верша раскрываюць сутнасць эстэтычных прынцыпаў паэта. Пры нястачы і горы няма месца вясёлым песням. Погляды і думкі працоўных, прыгнечаных, бяспраўных, звернуты да жалейкі, якая плача над доляй народнай і выклікае нянавісць да прыгнятальнікаў. Звяртаючыся да сваёй музы, паэт гаворыць: «Плач, як мае вочы, над народа доляй».

Багушэвіч быў прыхільнікам вялікіх прынцыпаў рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі - рэалізма, ідэйнасці, народнасці.

Грунтуючыся на рэалістычных традыцыях перадавой рускай і беларускай літаратуры і мастацкай народнай творчасці, Багушэвіч сваімі творамі трывала асноўвае крытычны рэалізм у беларускай мастац кай літаратуры. Творчасць паэта, яркая, насычаная грамадскай тэматыкай, гаворыць аб тым, што ён сваю паэзію ставіў на службу жыцця народа, прыгнечаных мас. Багушэвіч упершыню ў беларускай літаратуры глыбока і праўдзіва адлюстраваў найбольш тыповыя, істотныя бакі грамадскага жыцця. Яго паэзія прасякнута злабадзённай тэматыкай сучаснасці. Сваёй паэзіяй выкрываў грамадскае зло, высмейваў заганы прыгонніцкага дзяржаўнага ладу. Створаныя паэтам вобразы абаронцаў прыгонніцтва — памешчыкаў, ураднікаў, суддзяў, гандляроў-крывасмокаў выкрывалі самадзяржаўны лад як лад антынародны, злачынны. У той жа час вобразы працоўных сялян, якія былі поўны непрымірымасці да прыгонніцтва і гатовы да барацьбы за яго знішчэнне, сведчылі, што апрача буржуазна-памешчыцкай Беларусі была Беларусь іншая — дэмакратычная, блізкая да Расіі Чэрнышэўскага і Дабралюбава, Некрасава і Салтыкова-Шчэдрына.

Паэзія Багушэвіча глыбока ідэйная. Да яе поўнасцю можна аднесці словы Чэрнышэўскага аб тым, што паэзія павінна служыць тым ідэям, якімі рухаецца век, што яна павінна служыць справе гуманнасці і палепшанню чалавечага жыцця. Багушэвіч стварыў паэтычныя творы народныя па форме і зместу, напоўненыя вялікімі грамадскімі ідэямі і думкамі свайго часу, духам барацьбы за знішчэнне прыгнёту, пафасам услаўлення стваральнай працы простага чалавека і яго верай у свабоднае жыццё. Такіх твораў патрабаваў Ф. Багушэвіч і ад беларускіх пісьменнікаў. Зыходзячы з гэтых патрабаванняў, ён падвяргае рэзкай крытыцы раннія творы Дуніна-Марцынкевіча за іх ліберальна-дваранскую накіраванасць.

У прадмове да зборніка «Смык беларускі» Багушэвіч пісаў: «Здарывалася мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя, нават якогась пана Марцынкевіча, але ўсе, як-бы смеючыся з нашага брата пісаны; чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», гдзе Юрка надта дзівуецца i як-бы завідуе панам тым, каторыя, можа, і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучоныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды тое «Ігрышча», Няхай выбачае пан Юрка, але, дальбог, аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я тыкі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смеючыся з нашага цёмнага брата, напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і не відзе, і не знае! Ой, памыліўся!»[51]

Тут Багушэвіч крытыкуе ў першую чаргу такія раннія творы Дуніна-Марцынкевіча, як паэму «Гапон» (1855), «Вечарніцы» (1855), «Купалле» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857) і інш. У гэтых творах аўтар наперакор гістарычнай рэчаіснасці замазвае класавыя супярэчнасці паміж памешчыкамі і сялянамі, трактуючы ў ліберальна-дваранскім духу рад іншых грамадска-эканамічных адносін у дарэформеннай Расіі і Беларусі. Але Багушэвіч не ведаў такіх твораў Дуніна-Марцынкевіча, як «Пінская шляхта», «Залёты», «Вот свабоду дадуць скора», у якіх пад уплывам сялянскага вызваленчага руху аўтар падыходзіў да адлюстравання жыцця з рэалістычных пазіцый. Гэтыя творы былі апублікаваны пасля смерці Багушэвіча.

Варта сказаць, што свае шматгадовыя пошукі шляхоў вызвалення працоўных мас ад соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Багушэвіч атоесамляе з пошукамі гаючай вады. У вершы «Мая дудка» ён піша:

Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца[52].

У Багушэвіча рэалізм і ідэйнасць арганічна звязаны з народнасцю літаратуры. Паэт быў барацьбітом за сапраўдную народнасць літаратуры. Ён разумеў, што літаратура не можа быць «безнацыянальнай», касмапалітычнай. Развіццё літаратуры магчыма толькі ў нацыянальнай форме. У той жа час паэт марыў, каб голас нацыянальнай літаратуры быў пачуты іншымі народамі, каб яе чулі «па ўсёй зямлі, гдзе людзі жывуць».

Багушэвіч лічыў, што літаратура павінна ў першую чаргу адлюстроўваць жыццё простага народа, яго дэмакратычныя думы і імкненні. Ён сам змагаўся за стварэнне такой літаратуры.

Паэт цвёрда верыў, што беларускі народ створыць літаратуру, вартую яго гераічных спраў. Гэтая думка ясна выказана у прадмове да зборніка «Смык беларускі», дзе Багушэвіч гаварыў: «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа даробе, а там была «Дудка» вот і мы зробім музыку». А праз некалькі год ў адказ на гэтыя прарочыя словы паэтэса Цётка выпусціла зборнік рэволюцыйных вершаў «Скрыпка беларуская».

Надзеі паэта на стварэнне магутнай беларускай мастацкай літаратуры апраўдаліся. Слаўныя дэмакратычныя, свабодалюбівыя традыцыі, змагаром за якія выступаў Багушэвіч, прадоўжаны вялікай плеядай выдатных майстроў слова, памножаны і памнажаюцца ў новых гістарычных умовах.


  1. В. І. Ленін. Творы, т. 16, стар. 301.
  2. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 77.
  3. В. І. Ленін. Творы, т. 15, стар. 183.
  4. Ф. Багушэвіч. Дудка беларуская Мацея
    Бурачка. Выданне другое. Кракаў, 1896,
    стар. 28.
  5. Ф. Багушэвіч. Смык беларускі Сымона
    Рэўкі з-пад Барысава. Выданне другое.
    Пецербург, 1908, стар. 21.
  6. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 123.
  7. ЦДА Літоўскай ССР, КВГГ, справа № 1536, a. 5-6.
  8. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 34.
  9. Хабар
  10. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 35-36.
  11. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 65.
  12. Там-жа, стар. 69-70.
  13. Там-жа, стар. 67.
  14. Цытую па часопісу «Полымя» № 5, 1947 г., стар. 120.
  15. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 74.
  16. Там-жа.
  17. Там-жа.
  18. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 75.
  19. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 75-76.
  20. Там-жа, стар. 76.
  21. «Полымя» № 5, 1950, стар. 93.
  22. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы. Мінск,
    1952, стар. 30.
  23. Неразборчывая пісаніна.
  24. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 111
  25. Там-жа, стар. 40.
  26. В. І. Ленін. Творы, т. 23, стар. 27.
  27. В. І. Ленін. Творы, т. 23, стар. 28.
  28. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 26.
  29. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 25.
  30. Там-жа.
  31. К. Крапіва. Працы І. В. Сталіна ў галіне мовазнаўства і задачы беларускай совецкай літаратуры, Мінск, 1951, стар. 13.
  32. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск
    1952, стар. 74-75.
  33. Н. А. Дабралюбаў. Выбраныя філасофскія творы, т. II, 1946, стар. 407,
  34. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 43.
  35. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар 43.
  36. Там-жа, стар. 26.
  37. Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР, ч. 1, Мінск, 1948, стар. 14--15.
  38. В. І. Ленін. Творы, т. 2, стар. 472.
  39. «Полымя» № 5, 1947, стар. 122.
  40. В. Г. Белінскі. Поўны збор твораў, т. ХІІ, 1926, стар. 329.
  41. М. Горкі. Збор твораў, 1953, т. 24, стар. 64. Падкрэслена мной. — І. Л.
  42. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 44.
  43. Там-жа, стар. 76.
  44. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 32.
  45. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 79.
  46. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 31.
  47. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 102-103.
  48. Там-жа, стар. 67.
  49. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 70.
  50. Н. Г. Чэрнышэўскі. Эстэтычныя адносіны мастацтва да рэчаіснасці, Масква, 1948, стар. 10-11.
  51. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск, 1952, стар. 83.
  52. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 28.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.